ТВОРЧАСЦЬ

КУЛЯШОЎСКІЯ ЧЫТАННІ

М.В. Абабурка

 

ІДЫЯМАТЫЧНЫЯ ВЫРАЗЫ Ў ТВОРАХ А. КУЛЯШОВА

Адразу зазначым, што пад тэрмін «ідыяматычныя выразы» падводзім усё тое, што зараз з’яўляецца аб’ектам вывучэння такіх навук, як фразеалогія і афарыстыка (у самым шырокім сэнсе гэтых тэрмінаў).

Ідыяматыка як раздзел мовазнаўства на сучасным этапе вывучае толькі ідыёмы – складаныя паводле структуры адзінствы з цэласным (непадзельным) семантычным зместам. Паводле «Слоўніка лінгвістычных тэрмінаў» П.У. Сцяцко і інш. (Мн., 1990. – С. 62), ідыяматыкай называецца і сукупнасць ідыём той ці іншай мовы.

У кнізе А.А. Крывіцкага, А.Я. Міхневіча і А.І. Падлужнага «Белорусский язык для говорящих по-русски» (Мн., 1990. – С. 325) адзначаецца: «Лексіка-граматычныя і гісторыка-культурныя асаблівасці канкрэтнай мовы ў сваёй сукупнасці абумоўліваюць тую ўласцівасць гукавога і пісьмовага маўлення..., якую можна назваць ідыяматычнасцю». Адзначаная спецыфіка беларускай мовы ў данай крыніцы паказваецца праз аналіз перакладу на рускую мову ўрыўкаў з аповесці К. Чорнага «Лявон Бушмар», а таксама праз іншыя прыклады-ілюстрацыі.

Нам імпануе і адно з азначэнняў тэрміна «фразеалогія», зробленае А.С. Аксамітавым у «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 5. С. 416): «Сукупнасць характэрных спосабаў выражэння, уласцівых асобнаму аўтару, пэўнай сацыяльнай групе людзей або літаратурнаму кірунку».

Такім чынам, ідыяматызмы, або ідыяматычныя выразы, паняцце вельмі шырокае, якое найперш убірае ў сябе паняцці «прыказкі», «фраземы», «выслоўі», «афарызмы» і інш.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

У.С. Дзянісаў

 

ЭПІТЭТ У КУЛЯШОЎСКІМ РАДКУ

Аркадзь Куляшоў надзвычай тонка адчуваў і разумеў роднае слова. Гэта яскрава праяўляецца ва ўжыванні паэтам мастацкіх азначэнняў. Куляшоўскія эпітэты з’яўляюцца ўзорам дакладнасці, ёмістасці, выразнасці, трапнасці і непаўторнасці выкарыстання вобразнага слова. Адным толькі эпітэтам аўтар можа падкрэсліць у прадмеце, з’яве найбольш адметнае, характэрнае, выклікаць эмацыянальныя адносіны да гэтых прадметаў і з’яў, ацаніць іх. Пры дапамозе эпітэтаў аўтар здольны намаляваць паўнакроўны вобраз, раскрыць характар героя, выказаць сваё асабістае разуменне аб’ектыўнай рэчаіснасці.

Эпітэты ў творах А. Куляшова не аднародныя паводле саставу, семантычных уласцівасцей, генетычнай прыкметы і функцыянальнай ролі.

Паводле саставу выдзяляюцца адзіночныя эпітэты і складаныя (падвойныя і айфенізаваныя). Эпітэт – слова – самы эканомны і выразны сродак мовы мастацкай літаратуры. У адной лексічнай адзінцы выражаецца змест цэлага выказвання. У ролі эпітэтаў у паэтычных творах А. Куляшова ўжываюцца часцей за ўсё прыметнікі: чырвоны ранак, яркая раса, звонкія кроплі, тэрмін суровы, неабдымная зямля. Выкарыстанне паэтам прыметнікаў-эпітэтаў тлумачыцца тым, што прыметнік дапамагае аўтару падкрэсліць самыя істотныя прыметы прадметаў і з’яў і, апрача таго, выражае іх эмацыянальна-экспрэсіўную ацэнку. Напрыклад: вораг закляты, чорны сон, баявы пошук,, вясёлыя руні, звонкія словы, страта цяжкая, ласка шчырая. Большасць прыметнікаў маюць вялікую колькасць блізкіх паводле значэння (сінанімічных) форм. Таму паэт ўжывае той эпітэт, выбар якога часта залежыць ад сэнсавых і моўна-стылістычных асаблівасцей кантэксту. Так, напрыклад, да назоўніка вада аўтар падае эпітэт сіняя (а не празрыстая, чыстая, светлая, крынічная); да слова зямля далучае эпітэт цёплая (а не ласкавая, мяккая, сонная, трапяткая):

 

Пойдуць яны да ракі пад вечар,

Будуць пад сіняй ныраць вадой,

На цёплай зямлі ляжаць,

Як на печы,

I толькі яшчэ ў снах бачыць бой.

(«Хлопцы апошняй вайны»)

 

Для падвойных эпітэтаў характэрна прадуктыўнасць, аказіянальнасць, нечаканасць: шматлюднае зборышча, стогалосы натоўп, красамоўная сведка, хлопчык светлагаловы, ярка-новая зорка, бязмежна-вячысты акіян. Такія трапныя эпітэты можна знайсці толькі пры ўдумлівым, грунтоўным вывучэнні матэрыяльнага свету. На вачах у чытача адбываецца як бы змешанне двух колераў і, такім чынам, атрымліваецца трэці колер, нечаканы, свежы. Так праяўляецца асаблівасць індывідуальна-аўтарскага успрымання аб’ектыўнай рэчаіснасці.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

В.В. Жыбуль

 

РАННЯЯ ТВОРЧАСЦЬ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА I ФУТУРЫЗМ

Юнацтва Аркадзя Куляшова прыпала якраз на той перыяд, калі ў беларускай літаратуры вяліся актыўныя пошукі новых для яе сродкаў выразнасці. Пры гэтым паэты арыентаваліся пераважна на культурныя здабыткі суседніх літаратур – галоўным чынам, рускай. І на фоне пануючага накірунку – сацрэалізму – у розных аўтараў у большай ці меншай ступені прасочваліся элементы мадэрнісцкай, у тым ліку, футурыстычнай, паэтыкі. У А. Куляшова гэта выявілася ў шэрагу вершаў са зборнікаў «Па песьню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (абодва – 1932), а таксама ў паэме «Аманал» (нап. у 1931–32 гг.).

У некаторых ранніх вершах А. Куляшова сілаба-тоніка чаргуецца з чыстай тонікай, рыфмаваныя радкі – з нерыфмаванымі (напр., верш «Па песню, па сонца!»), тыпова рэалістычныя дэталі – з адцягненай сімволікай, часам сустракаецца выразная алітэрацыя («Поўны, як светлыя сонцы суніц…»), сям-там побач з вобразамі традыцыйнай пейзажнай лірыкі ўжываюцца празаізмы, тэхнічныя тэрміны (нізка «Сонечнае заўтра»).

У вершы «За зоры, за сонца, за месік, за смех...» (у першай рэдакцыі – «За зоры, за месік, за ветравы сьмех...») бачым такі вобраз: «А зоры? / З іх сочыцца пена і пот / І кроў ад драцінак калючых, / А зоры ўрываюцца праз Перакоп / У першых палках рэвалюцыі». Спалучэнне касмічнага (зоры) і зніжана-заземленага, не надта эстэтычнага (пена, пот, кроў) характэрна і для рускага футурызму. Падобныя прыклады знаходзім у паэзіі Давіда Бурлюка: «Небо – труп»!! не больше! /... / Звезды – черви – (гнойная живая) сыпь!!».

Аднак вобразнасць такога кшталту выконвала ў паэтаў абсалютна розныя функцыі: калі ў Бурлюка яна была сродкам выклікаць шок у чытача, расхістаць «адрахлелыя» эстэтычныя ідэалы мінулага, то ў Куляшова заніжаная вобразнасць з’яўляецца сродкам выражэння ідэяў сацыяльнага пераўтварэння грамадства: паэт спрабуе «паставіць» зоркі на службу тагачасным рэвалюцыйным ідэалам. Аналізуючы ролю Д. Бурлюка ў развіцці рускай паэзіі, В. Альфонсаў адзначае вольны ці нявольны ўплыў ягоных антыэстэтычных пасажаў на творчасць У. Маякоўскага, Б. Пастэрнака, В. Мандэльштама!!». Не выключна, што Куляшоў засвоіў такі тып вобразнасці Бурлюка праз пасрэдніцтва У. Маякоўскага, з творчасцю якога ён быў знаёмы лепей.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Я.І. Клімуць

 

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ: СТАНАЎЛЕННЕ ТВОРЧАЙ АСОБЫ

Калі ў час вайны Аркадзь Куляшоў у няпоўныя трыццаць гадоў раптам выйшаў у вядучыя паэты часу, многія палічылі, ды і пазней сцвярджалі, што паэт адразу стаў класікам беларускай літаратуры. Што стаў – гэта адназначна! Але які да гэтага быў у яго шлях? Што яму прыйшлося перажыць і пераасэнсаваць у творчай працы за 14 гадоў?

Па сведчанні маці паэта Кацярыны Фамінічны Ратабыльскай, а таксама на аснове звестак, атрыманых ад самога паэта, выкладзеных у кнізе «Лясному рэху праўду раскажу...» В. Куляшовай, складаць вершы ён пачаў вельмі рана.

Рыфмаванне пачалося яшчэ ў дашкольным узросце пад уздзеяннем рускай песеннай традыцыі (бацькі-настаўнікі цудоўна спявалі), а таксама вершаў Пушкіна і Лермантава, якія маці чытала малому перад сном. З тых першых практыкаванняў у сталым узросце Аркадзь Куляшоў прыпомніў чатырохрадкоўе:

 

По морю лодочка несется,

А в ней красавица сидит.

Она в той лодке бьётся,

На милого глядит.

 

Выразна адчуваецца тут матыў папулярных тады рамансаў.

А вось яшчэ адна згадка ў той жа кнізе В. Куляшовай. Знаходзячыся на мясцовасці былой сядзібы ў Саматэвічах, бацька сказаў: «Калі мне споўнілася восем гадоў, я прачытаў… паэму Лермантава «Мцыры». Яна зрабіла на мяне такое ўражанне, што я сказаў сабе: «Годзе лайдачыць! Час брацца за работу!». Свет лермантаўскай паэзіі клікаў у рамантычныя далі, бударажыў фантазію хлапчука. Ён яшчэ інтуітыўна, але ўжо адчуваў у сабе сілы напісаць нешта падобнае. I пісаў. Нават склаў рукапісны збор твораў Куляшова-Няшчаснага. Сшытак не захаваўся. I з напісанага сам паэт нічога больш не згадваў. Тым не менш гэта сведчыла пра інтэнсіўны духоўны рост школьніка. Такім чынам, першыя ўплывовыя фактары для станаўлення асобы ў самыя ўражлівыя дзіцячыя гады былі не з нацыянальнай культуры. Мясцовая народна-песенная творчасць ўспрымалася хутчэй за ўсё як натуральнае жыццё.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Я.І. Клімуць

 

ВЫРАЗНАСЦЬ I АДМЫСЛОВАСЦЬ ПАЭТЫЧНАГА СЛОВА АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

Паэзія Аркадзя Куляшова цесна звязана з жыццём народа, гісторыяй, культурай і духоўнасцю. Паэт мае свае словы, свае сродкі і спосабы выражэння паэтычнай думкі, умее бачыць свет, вылучаць істотнае, што яго натхняе і прымушае не толькі пісаць, але і перажываць разам са сваім героем, умее аформіць патэнцыяльную сілу слова і надаць традыцыйным сродкам славеснасці яркую вобразнасць і адмысловасць. Праз паэтычныя радкі можна ўявіць, як:

 

Начы і дня адбіўшы чаргаванне

На месцы не стаяць мацерыкі –

Па іх жывым і сонечным экране

Бягуць дарог і рэчак ручнікі.

 

Выразнасць паэтычных радкоў ствараецца найперш умелым падборам моўна-выяўленчых сродкаў. Але асаблівасць творчай манеры А. Куляшова ў тым, што паэт карыстаецца звыклымі словамі і, умела спалучаючы іх у кантэксце, дасягае высокай вобразнасці і выразнасці. Паэт шырока выкарыстоўвае агульнаўжывальную, тэрміналагічную, прафесійную лексіку. Ён смела звяртаецца да народнай мовы, часта аддае перавагу матчынаму слову, якое з’яўляецца больш трапным, адмысловым:

 

Я не збягу, пазбаўлены нагляду,

Не перастану ланцугом грымець,

Штодзень хадзіць на шпацыр па раскладу,

Галадаваць і ў карцэры калець.

 

У мове паэтычных твораў ёсць формы, словы і выразы, якія можна аднесці да аўтарскіх утварэнняў:

Ад кнігі апошняй сваёй, для якой

Асеннія скібы ўздымаю,

Я, цудаздабытчык краіны лясной,

Дзівос веснавых не чакаю.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Л.А. Новикова

 

ЛЕКСИЧЕСКАЯ ИНТЕРФЕРЕНЦИЯ В ПОЭЗИИ А. КУЛЕШОВА

Функциональный и системный аспекты в изучении художественного билингвизма не существуют изолированно друг от друга. Во всех определениях интерференции отмечается объединение этих двух аспектов. Понятие интерференции по-разному рассматривается в лингвистической литературе. Имеется широкое и узкое понимание этого явления. «При широком понимании к интерференции относятся все виды и типы взаимодействия и сближения языков (взаимовлияние, контактирование, слияние, смешение языков и т.п.), при узком – переносе норм родного языка на другой язык в процессе речи». (Гируцкий А. А. Белорусско-русский художественный билингвизм: типология и история, языковые процессы. – Минск : «Университетское», 1990. – С. 55).

Лексическая интерференция при узком ее понимании рассматривается нами как функционально не обусловленное употребление белорусизмов в художественной речи на русском языке. Следовательно, функциональные белорусизмы не относятся к фактам интерференции.

В поэзии А. Кулешова представлены различные типы лексической интерференции: собственно-лексический, лексико-семантический и лексико-стилистический. Собственно-лексические интерферемы (языковые единицы, «возникающие в результате взаимодействия двух языковых систем на различных уровнях»). (Там же, с. 150) – это лексемы белорусского языка, которые могут сохраняться в русском тексте в неизменной форме.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст