top of page
Полацк.png
1.png

Полацк

1994, 2003, 2017

Блестят церквушки белой купола –

Мой уголок, до мелочей знакомый,

И здесь, Двиной и памятью влекомый,

Я навсегда, куда б дорога не вела…

 

                                                              Н. Гальперович

Полацк – самы старажытны горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых гарадоў усіх славян. Менавіта ў гэтым горадзе зараджалася, усталёўвалася і мацнела наша дзяржаўнасць, адсюль ідуць першавытокі нашай нацыянальнай культуры, і менавіта таму Полацк першым прымаў свята беларускага пісьменства і друку ў 1994 г., а потым яшчэ двойчы.

За сваю гісторыю горад перажыў уварванні вікінгаў, паспяхова змагаўся супраць крыжаносцаў, не раз быў акупаваны войскамі розных заваёўнікаў, аднак зноў аднаўляў сваю незалежнасць. У X–XIII стст. горад быў цэнтрам Полацкага княства, з’яўляўся адным з асяродкаў хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях.

Полацк – патрыярх зямлі беларускай – сустракае дзівоснай панарамай Заходняй Дзвіны: па рацэ як быццам плыве белакаменная Сафія. Тут урачыста прымалі паслоў, аб’яўлялі вайну і мір, трымалі дзяржаўную казну і рэлігійныя святыні. У сценах Сафійскага сабора цяпер музей і канцэртная зала, дзе можна атрымаць асалоду ад выдатнага гучання аргана.

У горадзе дзейнічае рэдкі музей – музей кнігадрукавання. На думку нашых навукоўцаў, менавіта ў Полацку знаходзіцца цэнтр Еўропы, які адзначаны ўнікальным знакам, а Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр прыцягвае ўвагу светлым абліччам беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай. Тут, у манастыры, знаходзіцца рака з мошчамі прападобнай – нябеснай заступніцы Белай Русі

Старадаўнія вуліцы Полацка памятаюць гукі крокаў легендарна вядомага полацкага князя Усяслава Чарадзея, дойліда Іаана, майстра-ювеліра Лазара Богшы, першадрукара Францыска Скарыны, які выдаў на царкоўна-славянскай мове ў беларускай рэдакцыі 23 кнігі «Бібліі», Сімяона Полацкага, царкоўнага дзеяча, літаратара і педагога, ды многіх іншых выдатных дзеячоў беларускай гісторыі і культуры.

Пад час свята ў 2003 г. у Полацку адкрылі помнік вялікаму асветніку Сімяону Полацкаму і ўсталявалі абсалютна ўнікальную і вельмі незвычайную скульптуру – помнік літары «Ў». Ён адзіны ў сваім родзе, бо акрамя беларускай мовы больш ні ў адной мове свету гэтая літара не сустракаецца. Паколькі гэты знак алфавіту з’яўляецца адметнай прыкметай беларускай мовы, з часам ён стаў сімвалам цэлай краіны, бо адлюстроўвае непаўторнасць гістарычнага і культурнага шляху народа.

А ў 2017 г. недалёка ад Сафійскага сабора ўрачыста адкрылі памятны знак «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці». Скульптура ўвасабляе сабой з аднаго боку калыску, з якой пачынаецца жыццёвы шлях, а з другога – ладдзю, што плыве з мінулага ў будучыню па хвалях часу. На шчытах, злучаных у адзіную звязку, знаходзяцца партрэты знакамітых гістарычных асоб – ад першага полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды да легендарнага Усяслава Чарадзея і вялікай асветніцы Еўфрасінні Полацкай. На адваротным баку размешчаны ключавыя падзеі станаўлення нашай дзяржаўнасці.

bottom of page