Быхов хедер.png
18Быхов.png

бЫХАЎ

2013

О, колькі хвалюючых тут успамінаў

Нашэпчуць бярозы і гай нашуміць,

І сэрца заб’ецца трывожна і дзіўна

І першым каханнем душа загарыць.

Цудоўная музыка ўсюды, здаецца:

У подыхах ветру, у роздуме траў.

Пяшчотай і радасцю кратае сэрца,

Як быццам бы казку мне хто нагадаў.

 

                                                                      Л. Рындзіна

Быхаў вядомы з 1370 г. як уладанне князя Вялікага Княства Літоўскага Свідрыгайлы. У другой палове XVI ст. Хадкевічы заснавалі ў ім майстэрню, у якой выраблялі шротавыя гарматы, разнастайныя марціры і іншае ўзбраенне.

На высокім беразе Дняпра ў XVII ст. быў пабудаваны замак, які захаваўся да нашых дзён. Пасля таго, як Быхаў абнеслі вялізнымі 800-мятровымі землянымі валамі з бастыёнамі і ровам, ён увогуле стаў непрыступным горадам. У гады Паўночнай вайны на працягу сямі з лішнім гадоў у горадзе знаходзіўся рускі гарнізон. Пры адступленні былі прыведзены ў непрыгоднасць брамы, узарваны бастыёны. Праз некаторы час Сапегі аднавілі ўмацаванні, артылерыйскі парк зноўку папоўніўся новымі прыладамі.

Яшчэ ў нядаўняй гісторыі Быхаў заставаўся закрытым. Тут знаходзіўся другі па стратэгічным значэнні ва ўсім Савецкім Саюзе ваенны аэрадром. Гэта паўплывала на рэльеф горада, тут няма высокіх збудаванняў, але славутых нямала.

У Быхаве да нашых дзён захавалася Быхаўская сінагога, помнік архітэктуры барока пачатку XVII ст., вельмі падобная на сапраўдную крэпасць з вежай. Уяўляе цікавасць Траецкая царква XIX ст., упрыгожаная высокай трох’яруснай званіцай. Гэта яркі помнік драўлянага дойлідства.

З навакольных славутасцей Быхава – фамільная сядзіба знакамітага роду Талстых у вёсцы Грудзінаўка, пабудаваная на рубяжы XVIIІ–XIX стст. Першым уладальнікам загараднай рэзідэнцыі быў граф Дзмітрый Талстой, магілёўскі губернатар з 1812 па 1820 год. Радавы маёнтак цудам захаваўся ў сельскай глушы і, нягледзячы на запушчаны стан унікальнага помніка палацава-паркавага мастацтва, ён да гэтага часу дзівіць сваёй прыгажосцю. Некалі тут была аранжарэя і вінакурня, прадукцыя якой мела папулярнасць у Італіі.

За некалькі кіламетраў ад Быхава знаходзіцца вёска Баркалабава – культавае месца пакланення не толькі мясцовых жыхароў. Святой захавальніцай быхаўскай зямлі з’яўляецца адна з самых шаноўных ікон ва Усходняй Беларусі – ікона Баркалабаўскай Божай Маці. Гэта адзін з нешматлікіх цудатворных абразоў, які захаваўся ў арыгінале і знаходзіцца ў Баркалабаўскім Спаса-Узнясенскім жаночым манастыры.

У пачатку XVII ст. тут быў створаны Баркулабаўскі летапіс – выдатны помнік беларускай гістарычна-мемуарнай літаратуры, які захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве. Аўтарам лічыцца праваслаўны святар Фёдар Піліпавіч Магілявец. Хроніка факталагічна тлумачыць розныя падзеі і з’явы з 1545 па 1608 гг., змяшчае шмат цікавай інфармацыі па гісторыі Магілёва.

Упершыню летапіс быў надрукаваны ў 1877 г., а ў 2013 г. рукапісны твор забранзавеў у цэнтры Быхава – падчас свята адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай Баркулабаўскаму летапісу. Таксама ў рамках Дня беларускай пісьменнасці адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання летапісу з перакладам арыгінала і каментарыямі даследчыкаў для разумення сучасным чытачом і закладзена Алея сталіц Дня беларускага пісьменства.