ГЛЫБОКАЕ хедер.png
17ГЛЫБОКАЕ.png

гЛЫБОКАЕ

2012

Тут паверу ў сябе і надзею,

Што мінуцца благія часы.

Толькі тут я душой маладзею,

Дзе анёлаў чутны галасы.

 

                                            А. Жыгуноў

Упершыню мястэчка згадваецца ў 1414 г. у Метрыцы ВКЛ. Калісьці тут быў пабудаваны замак, мелася развітая гарадская інфраструктура. У канцы XVI ст. быў заснаваны кальвінскі сабор, бібліятэка і школа, у XVIІ ст. – касцёл Святога Мікалая, комплекс кляштара кармелітаў з касцёлам Успення Багародзіцы, у XVIІІ ст. – корпус манастыра базыльянаў, Троіцкі касцёл.

У манастыры кармелітаў некалі начаваў сам Напалеон Банапарт. І гэта гістарычны факт. Падчас вайны 1812 года з ліпеня па снежань Глыбокае было занята французскімі войскамі, тут былі створаны этапны пункт, буйныя харчовыя склады. Імператар Францыі правёў у горадзе шэсць дзён. Паводле легенды, Напалеон быў так захоплены прыгажосцю тутэйшага храма, што нават параўноўваў яго з Саборам Парыжскай Божай Маці, кажучы, што будзь яго воля, ён паставіў бы іх побач.

Хоць многае было знішчана падчас войнаў і пажараў, гісторыка-культурная спадчына Глыбоччыны ўражвае і сёння: тут захавалася больш за 60 помнікаў архітэктуры, сярод якіх 17 храмаў і чатыры помніка рэспубліканскага значэння, маюцца курганы.

Побач з горадам знаходзіцца ўнікальны дэндрарыум. Ён быў закладзены ў 1967 г. і па прыгажосці і багацці флоры сёння саступае толькі Мінскаму Батанічнаму саду: тут сабрана каля 500 відаў раслін усіх кантынентаў. У межах горада размешчана некалькі азёр, таму мясцовыя жыхары ганарліва называюць  свой горад   «Беларускай Венецыяй».  А адно з азёр – возера Глыбокае – дало назву гораду.

На Глыбоччыне свята берагуць і памнажаюць спадчыну, якую пакінулі вялікія асветнікі зямлі беларускай. Іх вядомыя землякі: Ігнат Буйніцкі – заснавальнік нацыянальнага беларускага тэатра; Тадэвуш Даленга-Мастовіч – беларуска-польскі пісьменнік, сцэнарыст, кінарэжысёр; Язэп Драздовіч – мастак, археолаг, жывапісец, паэт; Вацлаў Ластоўскі – акадэмік, палітык, гісторык, літаратар, кіраўнік першага беларускага ўрада.

Глыбоччына дала свету таксама Паўла Сухога і Паліну Мядзёлку.

У 2012 г., калі ў Беларусі адзначаўся Год кнігі, праграма Дня пісьменства ў г. Глыбокае атрымала сімвалічную назву – «Прысвячэнне Году кнігі», а само свята дало яскравы доказ: хоць свет усё больш становіцца лічбавым, перанасычаным інфармацыяй, менавіта друкаванае слова, кніга была і застаецца правадніком найбагатай духоўнай культуры чалавецтва, непарыўнай сувяззю пакаленняў.