top of page
добруш.png
добруш.png

дОБРУШ

2022

МЯНЕ АБВЯВАЕ ЗАВЕЯ

ПРАМЕННЫХ, БАРВОВЫХ ЛіСТОЎ,

НА РОДНАЙ ЗЯМЛІ МАЛАДЗЕЮ,

БЫ СКІНУЎ ДЗяСЯТАК ГАДОЎ.

                                                       ПАЎЛЮК ПРАНУЗА

У 2022 г. Дзень беларускага пісьменства адбыўся ў маляўнічым раённым гарадку Добруш, які знаходзіцца на поўдні нашай краіны, у Гомельскай вобласці. Нягледзячы на зусім невялікія памеры, Добруш падкупляе сваёй прыгажосцю. За незвычайную колькасць мастоў і мосцікаў, якія перакінуліся праз воды звілістай ракі Іпуць, што мудрагеліста пятляе праз увесь горад, яго называюць маленькай Венецыяй ці горадам трыццаці мастоў. А яшчэ Добруш вядомы як беларуская сталіца фарфора і паперы – фабрыкі па іх вырабу існуюць тут яшчэ з мінулых стагоддзяў. Дарэчы Добрушскі фарфоравы завод – адзіны вытворца фарфоравага посуду ў Беларусі.

Датай з’яўлення Добруша лічыцца 1560 г. – менавіта ў гэты час ён упершыню ўпамінаецца ў хроніках і летапісах ХVІ ст. як вёска Рэчыцкага павета Вялікага Княства Літоўскага, знакамітая сваімі рамеснікамі па вырабу якасных парусоў і канатаў. Тры бухты каната нават адлюстраваны на гербе горада.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Добруш увайшоў у склад Расійскай імперыі, да 1834 г. знаходзіўся ва ўласнасці графа П.А. Румянцава-Задунайскага, пазней князя І.Ф. Паскевіча. Менавіта самыя яркія старонкі гісторыі гэтага цудоўнага мястэчка звязаныя з княжацкім родам Паскевічаў, а дакладней – з адкрыццём у 1870 г. нашчадкамі князя фабрыкі па вытворчасці паперы. У 1872 г. выйшла першая прадукцыя, а ў далейшым фабрыка стала адной з самых вялізных у Расійскай імперыі – на той момант тут працавала каля 1000 чалавек. Двойчы яна брала ўдзел у расійскіх прамысловых выставах: у 1882 г. у Маскве і ў 1896 г. у Ніжнім Ноўгарадзе. За кошт фабрыкі ўтваралася і сацыяльная інфраструктура Добруша: адкрылася школа, бальніца, аптэка. У 1899 г. на рацэ Іпуць пры Добрушскай папяровай фабрыцы была пабудавана гідраэлектрастанцыя, якая стала першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1922 г. фабрыцы прысвоены тытул «Герой працы». У савецкі перыяд пра існаванне горада Добруша ведаў кожны беларускі школьнік. На задняй вокладцы амаль усіх сшыткаў значылася сакраментальнае: «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы».

Галоўныя славутасці Добруша, якія каларытна ўпісваюцца ў пейзажы, намаляваныя прыгожай ракой Іпуць, сыходзяць каранямі ў ХІХ ст. – час будаўніцтва галоўнага горадаўтваральнага прадпрыемства, а гісторыю горада ў літаральным сэнсе слова можна памацаць рукамі. Старадаўнія сцены будынкаў папяровай фабрыкі, складзеныя з чырвонай цэглы, выходзяць на цэнтральную вуліцу горада, якая носіць імя заснавальніка фабрыкі Ф.І. Паскевіча. Таксама ў гонар яго ў 2004 г. у цэнтры Добруша быў узведзены помнік.

Стварэнню папяровай фабрыкі менавіта тут, у горадзе на Іпуці, спрыялі дзве акалічнасці: лясныя багацці наваколля і немалы водны рэсурс. І таму зусім не дзіўна, што ў беларускай літаратуры самая «лясная» паэзія і проза – у пісьменніка з добрушскай вёскі Перарост Міколы Кусянкова. А колькі малюнкаў з дуброў, лясоў і пералескаў прыўнёс у мастацкую прозу сын лясніка з тых краёў – народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін!

Яшчэ адна з яркіх мясцовых славутасцяў Добрушскага раёна – манумент Дружбы, усталяваны на стыку межаў Беларусі, Расіі і Украіны. Памятны знак доўгія гады быў цэнтрам міжнароднага фестывалю «Славянскае адзінства». Унікальнае месца ў народзе душэўна завуць «Трыма сёстрамі».

Дваццаць дзявятае свята кнігі і чытача ў Добрушы прайшло маштабна і запамінальна. У першы дзень адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Добрушскія чытанні», падрыхтаваная сумесна Міністэрствам інфармацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ля мемарыяльнага комплексу «Памяць» разгарнулася ваенна-гістарычная канструкцыя «Баі за Добруш 1943 года. Партызанскі супраціў». Тут жа, ля мемарыяла, прэзентавалі ўнікальны сумесны праект Беларускага тэлеграфнага агенцтва і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – выставу «Лёсы, складзеныя ў трыкутнік», у аснове якой – асабістыя лісты ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Усім жадаючым прапанавалі самім напісаць ліст-трохвугольнік і адправіць яго па любым адрасе ў Беларусі і СНД. Такую магчымасць арганізавалі ў РУП «Белпошта» па ініцыятыве БЕЛТА.

Дарэчы, тэмы іншых сцэнічных пляцовак горада таксама былі прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Шырока ўзгадвалася і 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

На галоўнай сцэне, стылізванай пад архітэктурны сімвал Добрушчыны ХІХ стагоддзя – папяровую фабрыку, адбылося ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія».

Падчас свята гараджане і госці змаглі наведаць Фестываль кнігі і прэсы, дзе былі прадстаўлены чатыры тэматычныя павільёны. Адзін з іх – «Бацькаўшчына» – гэта сумесны праект Міністэрства інфармацыі і лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава. У другім павільёне – «Слова пісьменніка» – адбыліся прэзентацыі выданняў членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і дзяржаўных выдавецтваў. Павільён «Белдрук» прапанаваў экспазіцыі выдавецкіх дамоў «Беларусь сегодня» і «Звязда», а «Белкніга» – выставу-продаж літаратуры на любы густ.

Аматары літаратурнага мастацтва змаглі ацаніць «Дыяменты стагоддзя» на праекце ў гонар 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На праспекце Міра гасцей запрашалі ў літаратурны салон княгіні Ірыны Паскевіч. Салонныя гульні, віктарыны, конкурсы з гледачамі, тэатралізаваныя пастаноўкі – гэтыя і многія іншыя актыўнасці чакалі ўдзельнікаў свята практычна на кожным кроку. Да таго ж зрабіць памятны кадр прапанавалі ў фотазоне «Кабінет пісьменніка». Таксама масу фішак падрыхтавалі літаратурныя падворкі з прэзентацыямі яркіх праектаў бібліятэк рэгіёну.

На рамесных радах «Ад спадчыны да сучаснасці» можна было пабачыць унікальныя аўтэнтычныя вырабы.

Галоўнай падзеяй свята ў Добрушы стала адкрыццё помніка народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну, знакамітаму ўраджэнцу раёна. Засяроджаны на свеце сваіх герояў задумлівы чалавек з кнігай у руках – такім многія памятаюць літаратара. Дарэчы, каля бронзавай скульптуры класіка, якую ўстанавілі на праспекце Міра, адбылося спецыяльнае памятнае гашэнне брэндаванага канверта з маркай у гонар Дня беларускага пісьменства.

bottom of page