top of page
Копыль хедер.png
24 копыль.png

каПЫЛЬ

2021

Капыль, Капыль! Маё мястэчка,

Вялікай Міншчыны куток!

Мне міла ўсё тваё: і рэчка,

І хаты, нівы і гаёк…

Вакол яго снуе далінай

Шнурок вясёлы раўчука,

Якога нам, бы матка сына,

Спакон вякоў дала рака.

                                                       Цішка Гартны

XXVІІІ Дзень беларускага пісьменства прайшоў у адным з самых старажытных гарадоў Беларусі – Капылі, размешчаным на паўднёвай мяжы Мінскай вобласці, у акружэнні старадаўніх курганоў.

Першая пісьмовая згадка пра яго датуецца 1006 г. – тады ён згадваўся сярод гарадоў, якія ўвайшлі ў склад Тураўскай епіскапіі. Але ўсё ж больш вядомым фактам з’яўляецца згадка Капыля ў Валынска-Галіцкім летапісе ў 1274 г. у сувязі з вайной паміж Галіцкім князем і вялікім князем Літоўскім.

У пачатку ХIV ст. горад увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. З 1395 г. стаў валоданнем аднаго з сыноў вялікага князя літоўскага Альгерда – Уладзіміра, чый сын Аляксандр, за якім замацавалася імя Алелька, паклаў пачатак дынастыі князёў Алелькавічаў, якія на два стагоддзі абралі Капыль сваёй рэзідэнцыяй. Пасля смерці ў 1612 г. апошняй прадстаўніцы роду Алелькавічаў – князёўны Соф’і, горад перайшоў у валоданне вядомага роду Радзівілаў. Пры іх у 1652 г. Капыль атрымаў Магдэбургскае права, герб і пячатку, а таксама дазвол на будаўніцтва ратушы і арганізацыю кірмашоў. У горад сталі з’язджацца купцы і рамеснікі, дзейнічала некалькі мануфактур – шавецкая, шапачная, ганчарная, горад развіваўся і рос. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Капыль стаў часткай Слуцкага павета Расійскай імперыі, аднак, статус Капыля неўзабаве быў паніжаны і ён стаў мястэчкам.

Капыль, як і шэраг іншых беларускіх мястэчкаў, захоўвае старонкі старажытнай гісторыі і мноства славутасцяў, што цікавіць вандроўцаў, археолагаў, краязнаўцаў і простых грамадзян з усяго свету.

Сярод такіх знакавых аб’ектаў увагу прыцягвае Замкавая гара, размешчаная ля зліцця рэк Каменкі і Мажы і якая валодае наймацнейшай энергетыкай. Велізарнае ўзвышэнне з’яўляецца сведкам Ледніковага перыяду на тэрыторыі Беларусі, якое было ўзмоцнена людзьмі для яго непрыступнасці перад ворагамі. Археолагі лічаць, што раней тут знаходзілася старажытнае гарадзішча, а ў XIV ст. быў пабудаваны драўляны замак са сценамі, валамі, вежамі і бастыёнамі. Адразу за ім знаходзіўся гарадскі пасад, месца размяшчэння цяперашняга горада. Замак існаваў яшчэ ў XVI ст. У 1503 г. атрад крымскіх татараў пад правадырствам Баты-Гірэя захапіў пасад у Капылі і аблажыў замак. План замка захоўваецца ў Ваенна-гістарычным архіве ў Маскве і па нейкай прычыне носіць назву «татарская крэпасць».

У выніку археалагічных раскопак акрамя слядоў славянскіх плямёнаў дрыгавічоў на Замкавай гары былі знойдзены некаторыя прадметы, уласцівыя варагам (вікінгам), што пацвярджае – праз Капыль праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Там, каля пагорка, усталяваны памятны валун. Каля Замкавай гары знаходзіцца жыватворная крыніца здароўя – ключ «Крынічка».

Сярод таямнічых і загадкавых славутасцяў Капыля варта адзначыць шматлікія капыльскія курганы, якія захаваліся да нашага часу з IX–X стст., а таксама ўнікальныя старажытныя могілкі, на тэрыторыі горада іх адразу тры – хрысціянскія, татарскія і габрэйскія. Дзякуючы ім у горад кожны год прыязджаюць замежныя турысты, якія шукаюць свае карані і магілы сваіх продкаў.

Знакавым аб’ектам Капыля, безумоўна, з’яўляецца Спаса-Узнясенская царква, пабудаваная з каменя і цэглы ў выглядзе даўгаватага крыжа ў 1866 г. Аж да 1937 г. храм быў засяроджваннем рэлігійнага жыцця Капыля, пасля забойства яго святара айца Уладзіміра і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны набажэнствы не праводзіліся. У пасляваенны час у храме размяшчаўся клуб, спартыўная зала і нават будаўнічы цэх, толькі ў 1989 г. храм зноў стаў выкарыстоўвацца па прызначэнні.

Немагчыма не звярнуць увагу на шматлікія каменныя будынкі, якія прыкметна вылучаюцца ў горадзе на фоне тыповых дамоў. Гэта прыклад забудовы, якая захавалася з пачатку XX ст., – «Капыльскае прадмесце». Менавіта такімі будынкамі пасля моцнага пажару 1905 г. была забудавана цэнтральная частка Капыля вакол рынкавай плошчы. Сёння гэтыя будынкі афарбаваны ў яркія колеры, у іх размяшчаюцца крамы і жылыя дамы.

Нямала цікавых помнікаў гісторыі захавалася і ў ваколіцах Капыля: класічны мураваны палац – помнік архітэктуры ХIХ ст. у в. Грозава, храм Святой Жываначальнай Тройцы ў в. Целядавічы (XVIII ст. – адзін з найстарэйшых драўляных храмаў у Беларусі ў неарускім стылі), сляды сядзібы Э. Вайніловіча і магілы яго продкаў у в. Савічы.

Капыльшчына таксама вядомая на ўсю Беларусь унікальным народным абрадам «Калядныя цары», які занесены ў Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Сам абрад праводзіцца на Шчадрэц (у ноч з 13 на 14 студзеня) у самай вялікай вёсцы Беларусі – Семежава. Маладыя юнакі («цары») і дзяўчаты, апранутыя ў белыя штаны і кашулі з чырвонымі семежаўскімі паясамі, у высокіх шапках з рознакаляровымі стужкамі, калядуюць па хатах і разыгрываюць частку п’есы «Цар Максіміліян».

Капыльскі раён – радзіма цэлай плеяды беларускіх пісьменнікаў, рускага крытыка, публіцыста, выдаўца першай кнігі Сяргея Ясеніна «Радуница» Льва Клейнбарта, кампазітара Адама Русака, а гісторыя самога Капыля звязана з дзейнасцю многіх вядомых культурных і палітычных дзеячаў Беларусі. Сярод іх – Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч), які тут, у сябе на радзіме, у 1910–1911 гг. выдаваў літаратурна-грамадскія рукапісныя часопісы «Зара» і «Голас». У гэты ж час у горадзе выступала трупа Ігната Буйніцкага – заснавальніка першага прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатра.

Галоўнае інтэлектуальнае свята краіны праходзіла ў Копылі пад дэвізам «Слова нас аб’ядноўвае». Арганізатары ператварылі горад у глабальную інтэрактыўную пляцоўку. Адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Цішке Гартнаму і ўнікальнай Алеі пісьменнікаў з інтэрактыўнымі лаўкамі. Скульптурную кампазіцыю – наватарскі праект Беларускага саюза мастакоў – уладкавалі ў скверы ў цэнтры Капыля. Тут усталявалі 17 інтэрактыўных лавак у выглядзе літар з інфармацыяй пра пісьменнікаў, якія нарадзіліся і працавалі ў Капыльскім раёне. Усяго больш за 50 імёнаў і прозвішчаў, сярод якіх Адам Бабарэка, Алесь Бельскі, Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Анатоль Астрэйка, Адам Русак, Алесь Адамовіч. Для кожнага аб'екта зроблены унікальны QR-код, адсканаваўшы які, можна атрымаць доступ да біяграфіі пісьменніка і пазнаёміцца з яго творамі.

bottom of page