


мІР
2002
Мірскі замак – замак дарог.
Праз стагоддзі сябе збярог.
Шмат за век свой чаго пачулі
Ваяўнічыя машыкулі.
Зацярушваліся байніцы
Камянямі – траплялі кулі…
Э. Акулін
У 2002 г. свята пераехала ў Мір – месца паломніцтва турыстаў, якое ўпрыгожвае самы старажытны замак, што захаваўся на тэрыторыі Беларусі і ўвайшоў у Спіс помнікаў сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.
Першыя пісьмовыя згадкі пра Мір адносяцца да канца XIV ст. – часу, калі крыжакі, якія прайшлі праз Ліду і Навагрудак, спалілі яго. У канцы XVI – пачатку XVII ст. замак у Міры абнеслі землянымі валамі і ператварылі яго ў крэпасць, трапіць у якую было магчыма толькі праз вароты. Мірскі замак стаў першым прыватнаўласніцкім замкам на землях Беларусі. З 1568 г. ён належаў князям Радзівілам, у XIX ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім.
Гарадок быў надзвычай шматнацыянальным, і гэта добра прасочваецца дзякуючы розным рэлігійным будынкам, што размяшчаліся вакол Рыначнай плошчы – драўляная мячэць (не захавалася), двор сінагогі, ешыбот, Траецкая царква, касцёл Святога Miкалая. У наш час назва невялікага мястэчка Мір шырока вядомая за межамі Беларусі.
У Міры Уладзіслаў Сыракомля напісаў свой верш «Паштальён» на падставе пачутай гісторыі. Пераклад твора на рускую мову паэтам Л. Трэфалевым стаў папулярнай у Расіі народнай песняй:
Когда я на почте служил ямщиком,
Был молод, имел я силенку,
И крепко же, братцы, в селенье одном
Любил я в ту пору девчонку…
Землякі жыхароў Міра – пісьменнікі і паэты Янка Брыль, Вольга Іпатава, Уладзімір Калеснік.
У святочны Дзень беларускага пісьменства ля сцен Мірскага замка адбыўся рыцарскі турнір, у гарадскім скверы шумеў «Мірскі кірмаш», прайшло свята дзіцячай кнігі і прэсы.