top of page
Орша хедер.png
5Орша.png

оРША

1998

Яна не блішчыць красою,

А ў сэрца навек запала

З паркам сваім змарнелым,

З сваёй Кабыляцкай гарой,

З лянівай сястрой Аршыцай,

Што летам бруіцца памалу

Ў шырокі, як песня наша,

Магутны, сівы Дняпро…

 

                                     У. Караткевіч

Гістарычна Орша – адзін з памежных фарпостаў Полацкага княства. Менавіта тут праходзілі славутыя перамовы Усяслава Чарадзея з кіеўскімі князямі, калі апошнія парушылі дамоўленасці і ўзялі полацкага князя ў палон. У 1812 г. у Оршы было знойдзена Аршанскае Евангелле, рукапісны помнік канца XII – пачатку XIII ст.

Найважнейшым укладам у гісторыю кнігадрукавання з’яўляецца праца на аршаншчыне асветніка XVII ст. і найбуйнейшага кнігадрукара свайго часу – Спірыдона Собаля, ураджэнца г. Магілёва. Заснаваная ім пад Оршай друкарня пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання. У друкарні выйшла 20 кніг навукова-асветніцкага, маральна-павучальнага і рэлігійнага зместу на старабеларускай мове, сярод якіх «Буквар» – першы друкаваны падручнік, выдадзены на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 1631 г.

Усталяванне памятнай дошкі на сцяне будынка Куцеінскага Богаяўленскага манастыра ў гонар кнігадрукара Спірыдона Собаля стала адной з галоўных падзей свята беларускага пісьменства ў 1998 г.

Яркім і запамінальным мерапрыемствам святочнага дня было адкрыццё Рагвалодава каменя – копіі ўнікальнага ў гісторыі беларускага пісьменства помніка (на валуне памерам 3х4,5 метра, які знайшлі недалёка ад Оршы, выбілі традыцыйны для «Рагвалодавых камянёў» тэкст – зварот да Бога з просьбай аб дапамозе).

Праславіў горад і Уладзімір Караткевіч, які тут нарадзіўся, а потым некаторы час настаўнічаў. Караткевіч прысвяціў малой радзіме верш «Орша»:

 

Як толькі цёмнаю ноччу

Вочы свае закрываю,

Адразу я Оршу бачу

З яе няяркай красой…

Таму і люблю я Оршу

Першым вялікім каханнем,

Якое не знікне, пэўна,

Нават з маім жыццём».

bottom of page