top of page
РОГАЧЕВ хедер.png
20РОГАЧЕВ.png

РАГАЧОЎ

2016

Даўно мяне не бачыла адрына,

Дзе я калісьці дзічкі ў кут хаваў,

І пыл на вулках, мяккіх, як пярына,

Ног змораных даўно не цалаваў.

І вось ізноў трава знаёмых вулак

І за Дняпром сівым абрыс сяла:

Збароў, дзе некалі мая матуля

Вясковаю настаўніцай была.

У дальні свет шырокія дарогі,

Асін трапюткіх нечаканы ўздых,

Дзядамі узараныя разлогі,

Калыска і прыстанак вечны іх.

 

                                                    У. Караткевіч

Першая згадка пра Рагачоў у Іпацьеўскім летапісе адносіцца да 1142 г., які і лічыцца годам заснавання горада. Існуе некалькі версій паходжання яго назвы. Паводле адной з іх, яна ўтворана ад старажытналітоўскага слова «Рогас», што ў перакладзе азначае «святое месца, алтар».

У перыяд міжусобных войнаў горад знаходзіўся ў складзе Чарнігаўскага, Тураўскага і Кіеўскага княстваў, а з XIII ст. увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У XVI ст. горад перайшоў ва ўладанні вялікага князя Жыгімонта I, які падарыў Рагачоў і ўсё Пінскае княства сваёй жонцы – каралеве Боне Сфорцы. Менавіта пры ёй у горадзе быў пабудаваны замак, які, на жаль, не захаваўся да нашых дзён. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Рагачоў увайшоў у склад Расійскай імперыі, а ў 1781 г. самой Кацярынай II гораду быў дадзены герб – чорны рог барана на залатым фоне.

Асабліва ганарацца жыхары Рагачова сваімі велічнымі храмамі. Сярод іх – дзіўны неагатычны касцёл Святога Антонія Падуанскага і Сабор Аляксандра Неўскага.

У Рагачоўскім раёне нарадзіліся народны пісьменнік Беларусі Андрэй Макаёнак, адсюль пачынаўся жыццёвы шлях народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова. Цесна звязаны з Рагачовам жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча. «Тут цягне жыць і кахаці, тут добра так, як нідзе, у старасвецкай хаце, у дзедаўскім родным гняздзе», – пісаў класік беларускай літаратуры пра дом у Рагачове, фактычна на беразе Дняпра, дзе ён працаваў над сваімі лепшымі творамі, у тым ліку над знакамітым раманам «Каласы пад сярпом тваім». «Гняздо» стаіць і сёння, у ім жыве дух пісьменніка. І, каб захаваць памяць, улады і жыхары горада мараць арганізаваць у ім музей. А калі атрымаецца, то цэлую арт-пляцоўку.

bottom of page