top of page
Иваново хедер.png
21 ІВАНАВА.png

ІВАНАВА

2018

Сквозь меня течет твоя вода –

Соль земли, небес бездонных высь.

Ясельда, ты слышишь, Я-сель-да,

Как течет, течет по капле жизнь.

 

                                                              А. Мазько

Юбілейны дваццаць пяты Дзень беларускага пісьменства ў 2018 г. праходзіў у старажытным горадзе Іванава – самым сэрцы Заходняга Палесся, дзе Беларусь мяжуе з Украінай. Яго гісторыя пачынаецца з XV ст. У тыя часы на месцы сучаснага горада знаходзілася вёска Порхава. У 1423 г., як апавядаюць летапісныя крыніцы, князь Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Вітаўт падарыў населены пункт кафедральнаму сабору ў Луцку. А ў 1465-м біскуп Ян Ласковіч, жадаючы ўвекавечыць сваё імя, перайменаваў яго ў Янаў. Са зменай статусу Янаў набыў шэраг прывілеяў: так, жыхары горада вызваляліся ад падаткаў, адмянялася забарона на лоўлю рыбы і давалася права на варэнне піва, якое славілася далёка за межамі Янава. У 1497 г. горад атрымаў права на правядзенне трох штогадовых кірмашоў. На працягу сваёй гісторыі Янаў належаў літоўскім князям, польскім каралям, а таксама родам Шуйскіх, Ажэшкі і Дмукоўскіх.

Недалёка ад Іванава знаходзіцца вёска Моталь. Гэты населены пункт калісьці быў вядомы ва ўсёй Усходняй Еўропе ўнікальнымі вырабамі мясцовых рамеснікаў. Сюды на кірмашы прыязджалі купцы нават з суседніх краін, а мотальскія гандляры вазілі свае тавары і ў больш далёкія краі. Дзякуючы будучай каралеве Рэчы Паспалітай Боне Сфорце ў 1533 г. Моталь атрымаў магдэбургскае права – каралеўскую грамату, якая дазваляла мясцовае самакіраванне. У Мотале да нашых дзён захаваўся дом, дзе з’явіўся на свет першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман.

Выхадцам Іванаўскага раёна з’яўляецца і Напалеон Орда – знакаміты мастак, музыка і кампазітар. Цяпер у Варацэвічах, дзе некалі знаходзіўся яго радавы маёнтак, створаны музейны комплекс.

А вёска Дастоева – былы маёнтак тых самых Дастаеўскіх, род якіх падараваў свету вялікага пісьменніка. У населеным пункце ўсталяваны помнік Фёдару Дастаеўскаму.

Далёка за межамі Брэсцкай вобласці вядомы ўнікальны музей народнай медыцыны, а таксама геадэзічныя знакі Дугі Струвэ, якая рашэннем ЮНЭСКА ўключана ў спіс міжнароднай спадчыны.

Захаваліся тут і помнікі драўлянага дойлідства: Мікалаеўская царква ў Дружылавічах, Петрапаўлаўская – у Махро, Параскевы Пятніцы – у Опалі. І гэта далёка не поўны пералік унікальных пабудоў, асобныя з якіх калісьці былі зроблены палескімі майстрамі без адзінага цвіка.

Пад час свята ў Іванаве адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака «Янава слова», прысвечанага юбілейнаму Дню беларускага пісьменства. У кампазіцыі знака выкарыстаны сонечны гадзіннік, цэнтральным элементам з’яўляецца замацаванае ў мармуровай чашы пяро – сімвал рукапісаў, ад якіх бяруць пачатак друкаваныя тэксты.

bottom of page