top of page
Смаргонь хедер.png
14СМАРГОНЬ.png

СМАРГОНЬ

2009

А лёс цябе і песціў, і лагодзіў,

Хоць над табой не раз гуляў агонь.

Стаіш пад небам цэлых пяць стагоддзяў,

Любімая, цудоўная Смаргонь.

 

                                                                                 М. Дукса

Смаргонь вядома з пачатку XVI ст. як прыватнаўласніцкае мястэчка. Першая пісьмовая згадка звязана з імем Юрыя Іванавіча Зяновіча. Ён адкрыў пры смаргонскім храме школу і сабраў вялікую бібліятэку (канец XV – пачатак XVI ст.).

Маючы дастаткова багатую гісторыю, Смаргонь, тым не менш, не мае практычна ніякіх гістарычных славутасцяў. Яна праславілася знакамітай папяровай мануфактурай XVI ст., а таксама цэнтрам прадпрыемстваў гарбарнай і швейнай прамысловасці ў XIX – пачатку XX ст. Сярод помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны горада – кальвінскі збор і капліца.

Аднак ёсць два цікавых факта, якія тычацца непасрэдна Смаргоні. Так, у XVII ст. Радзівілы заснавалі тут школу дрэсіроўкі мядзведзяў – «Смаргонскую акадэмію». У перыяд росквіту ў «акадэміі» дрэсіравалі да 10 мядзведзяў. Навучанне іх працягвалася каля шасці гадоў і праводзілася ў некалькі этапаў. Спачатку маладых медзведзянятаў вучылі «танчыць», для чаго змяшчалі ў спецыяльную клетку, металічнае дно якой падагравалася. Прызвычаіўшы іх стаяць на задніх лапах і пераступаць з адной лапы на іншую пад гукі бубна і ражка, пераходзілі да наступнага этапу дрэсіроўкі: змагацца, кланяцца. Увесну павадыры разам з вучонымі мядзведзямі адпраўляліся на заробкі па кірмашах Рэчы Паспалітай, Расіі, Венгрыі, Германіі. Увосень вярталіся назад у Смаргонь. Аж да 30-х гадоў XX ст. на тэрыторыі Беларусі бадзяжных цыган з мядзведзем называлі «смаргонскі настаўнік з вучнем».

А яшчэ Смаргонь лічыцца радзімай абаранкаў. Упершыню пра гэты факт згадвае Вільям Пахлёбкін у сваіх кулінарных кнігах: «...Родина баранок – город Сморгонь в Беларуси, где из заварного (обварного) теста впервые начали делать узкие жгутики и выпекать из них обваранки (изделия из обваренного теста)…». У XIX ст. смаргонскія абаранкі атрымалі шырокую вядомасць у Беларусі і за яе межамі.

У гісторыі Смаргоні нямала старонак, якія распавядаюць пра жыццё заснавальніка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. Ключавой падзеяй Дня беларускага пісьменства ў 2009 г. стала адкрыццё помніка пісьменніку.

Сёння ў раёне працуе Літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, дзе жыў творца. Мясцовыя брэнды таксама – замак-крэпасць у Крэва, пабудаваны ў пачатку XIV ст. князем Гедымінам, музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, дзе быў створаны славуты паланэз «Развітанне з Радзімай», і касцёл Божай Маці ў Солах.

bottom of page