top of page
БЕЛЫНИЧИ хедер.png
23БЯЛЫНІЧЫ.png

БЯЛЫНІЧЫ

2020

Беланоч… Пракосамі-радамі

Вуліцы ляглі на сенажаць –

Новымі вышыннымі дамамі

Ўдалячынь Бялынічы глядзяць.

Не, не свецяць белыя тут ночы,

Хоць над Друццю – малаком туман.

Вечнае святло струменяць вочы

Шчырых землякоў – бялынічан.

                                                       В. Дзеравяшка

Наступнай сталіцай фестывалю нацыянальнага слова ў 2020 г. сталі Бялынічы – старажытны «горад белых начэй», радзіма вядомых творчых асоб, «паклоннае месца» хрысціян Беларусі і свету.

Чалавечыя паселішчы прысутнічалі на тэрыторыі Бялыніч яшчэ ў эпоху мезаліту. Гэтыя землі аблюбавалі сабе для жыцця плямёны дрыгавічоў. У эпоху феадальнай раздробленасці Еўропы тут спаборнічалі князі за перадзел меж паміж сабой. Пасёлак уваходзіў то ў склад Полацкага, то ў склад Друцкага княстваў.

Бялынічы як вёска вядомыя з 1577 г., тады яны называліся Белагарадок. А вось чаму назва Бялынічы замацавалася за населеным пунктам, існуе шмат версій. Паводле адной з іх, паселішча заснаваў яшчэ ў ХІ ст. славянін Белына і засяліў зямлю сваімі нашчадкамі – белынычанамі. Згодна з іншай, заззяла ў ХІІІ ст. ікона Божай Маці, напоўніўшы цудоўным святлом ноч (Бялынічы – «белыя ночы»). Ва ўсялякім разе, на новым, прынятым у 2002 г. гербе мястэчка намалявана Божая Маці з Немаўлём, у залатой рызе.

Стагоддзі таму горад над Друццю знаходзіўся пад апекай канцлера Льва Сапегі – дзяржаўнага і ваеннага дзеяча, дыпламата і палітычнага мысліцеля, аднаго са стваральнікаў Статута Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ён, адзіны з цэлага шэрагу ўладальнікаў, зрабіў Бялынічы буйным рэлігійным цэнтрам, за што іх называлі мясцовым Чэнстаховам (галоўнае месца паломніцтва і духоўная сталіца Польшчы). Леў Сапега пабудаваў тут манастыр і касцёл кармелітаў з багатай гаспадаркай, мелася нават друкарня і гравёрная майстэрня, а таксама падарыў ікону, якая пазней стала называцца цудатворнай іконай Божай маці Бялыніцкай. Яна была каранавана Папам Рымскім і шанавалася трыма канфесіямі: католікамі, уніятамі і праваслаўнымі. На паклон да абраза народ сцякаўся з усёй Беларусі.

У першай палове XVIII ст. манастыр і касцёл згарэлі, і у 1761 г. быў закладзены мураваны касцёл, які быў такі вялікі, што ўмяшчаў тры тысячы чалавек. Калісьці яго маляваў знакаміты беларуска-польскі мастак Напалеон Орда. Каля кляштара кармелітаў жыў нунцый Папы Рымскага, які дараваў цяжкія грахі незалежна ад веравызнання – да яго звярталіся і католікі, і ўніяты, і праваслаўныя.

Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага касцёл быў зачынены і перададзены праваслаўнаму духавенству. Тут адкрылі праваслаўны манастыр, слава пра які грукатала далёка за межамі Беларусі аж да 1917 г. Пасля рэвалюцыі храм зачынілі, ператварылі яго ў клуб, а пасля ў склад. Касцёл прастаяў да 80-х гадоў мінулага стагоддзя, перажыў Другую сусветную вайну, нягледзячы на тое, што тут ішлі баі. Узвышаючыся над Бялынічамі, яго было відаць з усіх бакоў. Але пасля святыня была ўзарвана. Абраз жа захоўваўся ў Магілёве, але падчас Другой сусветнай вайны, разам з крыжом Еўфрасінні Полацкай, бясследна знік.

У 1990 г., побач з тым месцам, дзе стаяў касцёл, была пабудавана праваслаўная царква ў Наўгародскім-Суздальскім стылі. Яе асвяцілі ў гонар абраза Божай маці Бялыніцкай, там жа сёння знаходзіцца і адна з копій іконы.

Удзячныя нашчадкі захоўваюць памяць пра Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулю – беларускага мастака, выхадца з фальварка Крынкі. Яго карціны вядомыя далёка за мяжой і знаходзяцца ў буйных музеях сусветнага значэння.

Бялынічы – малая радзіма беларускага празаіка Янкі Шарахоўскага і пісьменніцы Наталлі Батраковай.

Святкаванне Дня пісьменства ў Бялынічах стартавала з адкрыцця скульптурнай кампазіцыі «З’ява іконы». Гранітны анёл упрыгожыў плошчу каля царквы ў гонар іконы Божай Маці Бялыніцкай. Памер каменнага анёла – тры на два метры. Вага гранітнай скульптуры – каля двух з паловай тон. Яшчэ 75 кг важыць бронзавы абраз, які трымае анёл. Аўтар кампазіцыі – Аляксандр Мінько.

Яшчэ адной грандыёзнай падзеяй свята стала адкрыццё музея Бялыніцкага-Бірулі. Раней музей размяшчаўся ў былым будынку кінатэатра, які прыстасавалі пад музейныя экспазіцыі. Пасля рамонту раённы музей павялічыў сваю плошчу амаль у два разы. Яшчэ адна навінка – зала духоўнасці. Цэнтральным экспанатам стала фрэска «Нясенне крыжа», або «Узыходжанне на Галгофу», якую яшчэ ў канцы 70-х гадоў мастак-рэстаўратар Юрый Маліноўскі разам з калегамі выратавалі з разбуранага кляштара кармелітаў у Бялынічах. Пазней ён займаўся кансервацыяй і рэстаўрацыяй твора мастацтва, ён жа размяшчаў фрэску ў абноўленым музеі.

bottom of page