top of page
сЛОНІМ хедер.png
22СЛОНІМ.png

СЛОНІМ

2019

У зелені – бель камяніц, касцёлаў.

Уецца Шчара, бліскаючы срэбрам.

Спыніўшыся на ўзгорках, навакола

Лясы стаяць, падпёршы купал неба.

Я вырас, захапляючыся тут

Высокім небам, Шчары ціхім звонам,

Агністым сонцам, лесам задумёным,

Мурамі і людзей жыццём штодзённым,

І сэрцам палюбіў я гэты кут –

Цябе, мой старадаўні родны Слонім.

 

                                                                          А. Лойка

У 2019 г. Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Слонім Гродзенскай вобласці – старадаўні цэнтр культурнага і духоўнага жыцця на беларускіх землях. Летапісныя назвы: Услонім, Васлонім, якія, магчыма, паходзілі ад слова «ўслон» – заслон, у значэнні фарпосту на важнай рачной магістралі.

У дні свята на цэнтральнай плошчы Слоніма ўрачыста адкрылі помнік легендарнаму Льву Сапегу – дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу, дыпламату і палітычнаму мысліцелю, аднаму са стваральнікаў Статутаў Вялікага Княства Літоўскага. У 1586 г. Сапега атрымаў у кіраванне Слонім. Дзякуючы яму ў 1591 г. гораду над Шчарай было падаравана магдэбургскае права, а таксама герб з выявай ільва, што трымае залатую стралу. У часы канцлера Слонім ператварыўся ў развіты цэнтр рамёстваў, гандлю, палітычнага жыцця – тут нярэдка праходзілі сустрэчы ўплывовых дзеячаў дзяржавы.

Сярод знакамітых славутасцей Слоніма і наваколля – канал Агінскага, заснаваны ў XVIII ст. гарадскім старастам і гетманам ВКЛ Міхалам Казімірам Агінскім, дзядзькам аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага. Сёння гэта маляўнічая артэрыя – цуд гідратэхнікі XVIII–XIX стст. нараўне з Аўгустоўскім каналам – адраджаецца як турыстычны аб’ект.

Дзякуючы Агінскаму, які быў не толькі палітыкам, але і пісьменнікам, кампазітарам, мецэнатам, у Слоніме з’явіўся тэатр, які і ў нашы дні застаецца цэнтрам культурнага жыцця горада.

Недалёка ад Слоніма знаходзіцца знакамітая духоўная святыня краіны – Свята-Успенскі Жыровіцкі праваслаўны мужчынскі манастыр, дзе захоўваецца цудатворны Жыровіцкі абраз Маці Божай.

bottom of page