Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
АБ ПРАЕКЦЕ
Народны паэт Беларусі Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў – адзіны паэт з Магілёўшчыны, удастоены гэтага высокага звання. Яго імя вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка па-за яе межамі. Куляшоўская паэзія ўжо даўно стала класікай, але яна – не толькі гісторыя беларускай літаратуры. Паэтамі такога маштабу і глыбіні як Куляшоў у кожную эпоху становяцца лічаныя адзінкі.
Як мысліцель ён абганяў свой час, і таму яго слова па-ранейшаму сугучна нам, яго нашчадкам. Толькі задумайцеся: яшчэ ў далёкім 1947 годзе, за паўтара дзесяцігоддзя да першага палёту чалавека ў космас ён напісаў на гэту тэму верш “Зямля”, што вельмі ўразіла беларускага касманаўта Пятра Клімука. Тут ёсць над чым падумаць і ёсць чаму здзівіцца, і ўсё ж, напэўна, здзіўляцца не варта: вялікі паэт – заўсёды прарок.
Наспеў час аддаць належнае нашаму славутаму земляку, творчасць якога істотна ўзбагачае скарбніцу нацыянальнай культуры, з’яўляецца важкім набыткам беларускай літаратуры.
У гонар ушанавання памяці выдатнага мастака слова Магілёўскай абласной бібліятэкай створаны віртуальны музей Аркадзя Куляшова «Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога», прысвечаны яго жыццю, яго творчасці, яго спадчыне, яго следу ў беларускім і сусветным мастацтве.
Праект складаецца з сямі раздзелаў, матэрыялы кожнага з якіх ахопліваюць розныя бакі шматграннай жыццёвай і творчай дзейнасці Аркадзя Куляшова, узнаўляюць малавядомыя факты і істотна дапаўняюць выкладзеную ў даведніках біяграфію паэта. Шматлікія звесткі падмацаваны ўспамінамі родных, сяброў і калег па пяру, тэкстамі выступленняў А. Куляшова, інтэрв’ю, лістамі, архіўнымі дакументамі і матэрыяламі, фотаздымкамі.
Грунтоўна разглядаецца літаратурная спадчына паэта і яго перакладчыцкая дзейнасць, даецца поўны спіс яго кніг, прыводзяцца тэксты асобных твораў, публіцыстычных артыкулаў, копіі рукапісаў і машынапісаў з аўтарскай праўкай, а таксама аўдыязапісы твораў у выкананні як самога аўтара, так і чытальнікаў.
Пакінутая выдатным мастаком слова духоўная спадчына з’яўляецца невычэрпнай крыніцай для яе асэнсавання, спасціжэння творчага майстэрства пісьменніка, для больш глыбокага ўсведамлення многіх гісторыка-літаратурных падзей ХХ стагоддзя, што падмацавана вялікай колькасцю навуковых прац даследчыкаў, літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій, змешчаных у раздзеле «Творчасць».
Карысныя матэрыялы ў дапамогу вывучэнню спадчыны А. Куляшова ў навучальных установах, арганізацыі святочных мерапрыемстваў з нагоды юбілеяў паэта змешчаны ў раздзеле «Куляшоў у школе». Як ушаноўваецца памяць пра Аркадзя Куляшова ў нашай краіне сведчыць раздзел «Іn memoriam».
На сённяшні дзень віртуальны музей Аркадзя Куляшова з’яўляецца адзіным значным праектам такога кшталту і маштабу ў Магілёўскай вобласці. Як выдатны мастак слова і сапраўдны патрыёт сваёй радзімы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Куляшоў заслугоўвае, каб напісанае ім было сабрана, даследавана і прадстаўлена грамадству яго землякамі ў найбольш поўным аб’ёме.
Час не ўладны над мастацтвам, нельга паставіць кропку ў летапісе жыцця Майстра і яго твораў. Творчасць Аркадзя Куляшова жыве і знаходзіць водгук у сэрцах людзей розных краін і эпох. Змяняюцца пакаленні, прыходзяць новыя даследчыкі, чытачы і прыхільнікі. Несумненна, куляшовазнаўства, пастаянна развіваючыся, заўсёды будзе «недапісанай старонкай» беларускай літаратуры, таму і віртуальны музей Аркадзя Куляшова будзе напаўняцца новымі матэрыяламі.
Ёсць у паэта свой аблог цалінны,
Некрануты прастор для баразён,
Дзе ён працуе з першае хвіліны
I да апошніх вечаровых дзён…
Пры стварэнні рэсурсу выкарыстаны дакументы з фонда ўстановы культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна», матэрыялы з свабодных крыніц інтэрнэт.
Выказваем шчырую падзяку дырэкцыі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ), Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ), Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (БДАКФФД) за дазвол выкарыстання ў праекце копій фондавых архіўных дакументаў.