Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
ЛІСТЫ
Ліст
Аркадзя Куляшова
Пятру Глебку
12 ліпеня 1932 г.
Паважаны сакратар рэдакцыі Пятро Глебка!
Пішу гэты лісцік якраз скончыўшы напісаннем вянок лірыкі ў 400 радкоў для вашага паважанага часопісу «…»1. Як там у Вас справы з назвай?2 Можа, ужо скора выйдзе № 1? Прасіў бы я Вас, Пятро Глебка. каб вы дазналіся праз Аляхновіча3 ці можа праз Шэкінку, як з маім «Аманалам» – асобны зборнік? Рупіць ён мне дужа, але пісаць другі ліст лянуюся.
Не ў далёкім часе думаю прыступіць да напісання другога вянка лірыкі.
Жывецца мне, каб вам так (сплю, ем, купаюся, загараю, суніцы адышлі, цяпер хаджу па грыбы).
Перадайце прывітанні ўсім добрым людцам, як то: Таўбіну, Чорнаму, Скрыгану, Хадыку, Галавачу, Кучару, Штапоркіну, Азгуру і інш.
Мой адрас: БССР
п/аддз. Гайдукоўка, Касцюковіцкі р.
Аркадзю Алесеву Куляшову.
Чакаю адказу
Аркадзь
Р. S. У Хадыкі прашу прабачэння, за што, ён ведае сам.
Ар.
_____________________
1 Пропуск у тэксце.
2 Відаць, гутарка ідзе пра часопіс «Полымя», які ў 1932 годзе
пачаў выходзіць пад назвай «Полымя рэвалюцыі».
3 Мікола Аляхновіч (1903–1959), крытык.
Ліст
Аркадзя Куляшова
Пятру Глебку
12 жніўня 1932 г.
М. Хоцімск
Дарагі сакратар шматпаважанага журнала,
які яшчэ не мае сталае назвы.
Добры дзень!
Як цень ад хмаркі ў светлы жнівеньскі дзень лягла на маё светлае і маладое чало вестка ваша: часопіс назвы не мае!
Як малады лось, учуўшы неўтрапенне дарог, пазнае на некалькі дзесяткаў вёрст уперад, што свежая трава папалена неміласэрным сонцам, што новая яшчэ не выбілася, што крыніцы высахлі, а новыя яшчэ не б’юць ключамі з-пад карэнняў маркотных дрэў, так і я адчуваю на паўтысячы вёрст вандравання, што часопісь яшчэ не набіралася. Крыніцы карысных сокаў не цякуць па светлых жылах Міркіна1 і Фалевіча і што яны напэўна не падпішуць мне чэкі. Няма на свеце нічога немагчымага апрача, можа, аднаго – абкружыць сябе ўвагай авансаў у мясцовых умовах Выдавецтва! Як вы думаеце?
Усе мае ўспрыйманні пахаў, водараў кажуць: невясёлы краявід, чычыкаўскі!
Так: я згадваю, як я хадзіў па шэрых блішчастых сходках на трэці па-верх дому, які стаіць на рагу Савецкай і Камсамольскай2, хадзіў з цвёрдай надзеяй кожны дзень, бачыў святыя лічнасці машыністак, бачыў вечна ўдумлівы ці вечна радасны зірк Глаўбуха (ці мала я чаго бачыў), але... але чэк не так лёгка было прыкмеціць, як самаздаволеную ўсмешку на абвесненым твары карэктаршы ці мастачкі!
Але ружовую паперу з адпаведным надпісам не так лёгка можна было лавіць – куды спрытнейшая справа разбіць сабе лоб, напрыклад, аб лоб Таўбіна, калі той выбягае ад Міркіна (з вялікай і дарэмнай надзеяй), а ты з тым жа самым толькі яшчэ бяжыш туды!
Выбачайце мне, сакратар, але тут я павінен адарваць на хвіліну вашу ўвагу – у мяне вялікі наплыў самых лепшых пачуццяў і я хачу ў лісце да вас прысвяціць некалькі светлых радкоў нашаму вялікаму дыктатару.
Таварыш Некрашэвіч3! Дарагі Таварыш Некрашэвіч, змілуйцеся! Зусім скора, неўзабаве, я прыйду і буду стаяць над вашым сталом. Што я вам магу сказаць, што я магу патрабаваць ад вас – нічога, я буду толькі стаяць і маўчаць! Я хачу, каб вы адчулі, каб вы зміласцівіліся! Я на цэлую тысячу вёрст бачу вашае строгае аблічча! Я на тысячу вёрст бачу вастрыё вашае асадкі і адрозніваю колер вашага атраманту! У вас своеасаблівы непаўторны атрамант! Я нідзе ні ў кога не бачыў падобнага атраманту! А калі вы ў дадатак да ўсяго падпісваеце чэк, у вас своеасаблівы непаўторны гэст!
У вас надзвычайная пячатка, таварыш Некрашэвіч! Вы за буднямі вашымі, мусіць, ніколі не прымячалі, якія тоненькія, далікатныя рысачкі выгравіраваны на вашай пячатцы! Якое ўсеўладнае скляпенне літар на ёй! Якія рысачкі, ах якія рысачкі! Колькі раз я назіраў за імі! Яны мне нагадваюць тоненькія сіненькія жылкі, па якіх павінна сачыцца самая чыстая кроў! Так, па тых жылачках цячэ кроў майго бацькі, маткі, кроў маёй першай каханкі, вы не палохайцеся, але мне здаецца, па тых жылках цячэ нават мая кроў! Даволі, даволі, Аркадзь Куляшоў, ты ж знаеш сам, што ўсеўладны дыктатар не паслухаецца цябе, ён на ўсе твае самыя лепшыя імкненні скажа толькі адно слова, і яно заб’е цябе! Ён скажа, што вы пішаце тут, т. Куляшоў, гэта ж недарэчна, гэта ж адно «мастацтва для мастацтва»!
Вось. Чакайце мяне, сакратар часопісу, я скора буду. Ваш супрацоўнік
Ар. Куляшоў
_____________________
1 Старшы бухгалтар Беларускага дзяржаўнага выдавецтва.
2 Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі.
3 Дырэктар Беларускага дзяржаўнага выдавецтва.