Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
СЦЭНАРЫІ
"Я - АКІЯНУ ЖЫТНЯГА КАЛОССЕ"
Літаратурная вечарына (з электроннай прэзентацыяй)
(Гучыць беларуская музыка)
Ёсць у нашага земляка, паэта Міколы Мельнікава верш, прысвечаны аднаму з самых таленавітых паэтаў Магілёўшчыны. Паслухайце, калі ласка яго:
Мы – ў кожным слове Куляшова,
I ў сэрцах нашых – Куляшоў...
На зразумелай свету мове
Ён гаварыў і ў свет ішоў.
У словах – рэчак задумённасць,
А шчырасць дум – ад буйных ніў,
Дзе мовай матчынай натхнёны
Радкі славутыя расціў.
Iм Бесядзь не суседкай строгай –
Матуляй хроснаю была.
Сястрой названаю – дарога,
Што ў свет вялікі прывяла.
КУЛЯШОЎ Аркадзь Аляксандравіч...
Гэта, бясспрэчна, адзін з самых арыгінальных і шырокавядомых беларускіх паэтаў, лірык і філосаф, які з незвычайнай шчырасцю і глыбінёй выразіў ў сваёй творчасці час і разуменне суайчыннікаў, лёс цэлага пакалення, да якога належыў сам. Даўно скончыўся яго жыццёвы шлях, але заўсёды з намі яго творы, вечныя храніцелі яго душы. Яму прысвячаем мы сёння свой вечар.
У ХХ ст. адбылося шмат вялікіх падзей, якія ператварылі жыццё нашай краіны і карэнным чынам змянілі атмасферу чалавечых адносін і пачуццяў.
Новы час, новае пакаленне патрабавалі новага песняра. Бялінскі некалі пісаў: "Паэт, болей чым хто-небудзь другі, павінен быць сынам свайго часу". Такім паэтам свайго часу, свайго пакалення стаў для беларускага народа Аркадзь Куляшоў:
Мне кожны год, нібы жыццём другім,
Жыць у дваццаты век наш давялося...
Я – акіяну жытняга калоссе:
Мільёны лёсаў змешчаны ў маім,
Яшчэ да дна не вычарпаным лёсе.
Калі б трэба было назваць дзясятку лепшых беларускіх паэтаў ХХ ст., то ў яе пры любых абставінах безумоўна ўвайшоў бы Аркадзь Куляшоў. Жыццё народа было для Куляшова невычэрпнай тэмай, народная мудрасць – крыніцай яго паэзіі:
Ёсць у паэта свой аблог цалінны,
Некрануты прастор для баразён,
Дзе ён працуе з першае хвіліны
I да апошніх вечаровых дзён.
Ёсць думак прагавітае насенне
У жменю назбіранае з дарог...
...Ёсць сэрца маладое, без якога –
Без палкага, жывога пачуцця –
Няма ў яго нічога : ні аблога
Ні плённых дум, ні самаго жыцця;
I ёсць адказнасць перад строгім вершам,
Перад яго пачаткам і канцом –
Каб баразну, радком пачаўшы першым,
У сноп звязаць шаснаццатым радком.
Нарадзіўся Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў 6 лютага 1914 г. у мястэчку Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Бацька яго, Аляксандр Мікалаевіч, родам з Аршаншчыны, атрымаўшы званне настаўніка ў Багародску пад Масквой, вярнуўся настаўнічаць на Мсціслаўшчыну. Маці – Кацярына Фамінічна, паходзіла з Крычаўскага павета, здабыла званне настаўніцы ў Магілёве. Несумненна, на стаўленне духоўнай асобы будучага знакамітага паэта істотны ўплыў аказвалі яны. Бацька нядрэнна спяваў, нават некаторы час удзельнічаў у народным хоры. Была слыннай пявунняй і маці. Гэты песенны генетычны код не раз выяўляўся ў паэзіі А. Куляшова.
Звязаны лёс паэта з многімі мясцінамі Магілёўшчыны. Бываў Аркадзь Куляшоў і пад Чэрыкавам, на хутары Рэкта, "вотчыне" свайго дзеда Фамы Кузьміча Залесец-Ратабыльскага, героя руска-турэцкай вайны 1877–1878 гг. На той вайне Фама Кузьміч быў кантужаны, атрымаў узнагароду і хутар. Не аднойчы ў розныя часы бываў і ў вёсцы Дарагая, што пад Крычавам, у цёткі Соф’і Ратабыльскай.
У 1926 г., пасля несправядлівага абвінавачвання маці, бацькі паэта развяліся. Кацярына Фамінічна пераехала жыць і працаваць у Хоцімск, які стаў для паэта таксама малой радзімай, бацька – Аляксандр Мікалаевіч – у в. Кісялёўка Касцюковіцкага раёна.
Нягледзячы на трагічныя абставіны жыцця, Аркадзь вырашыў застацца адзін ў Саматэвічах да заканчэння сямігодкі.