top of page

Творчасць Аркадзя Куляшова, выдатнага паслядоўніка і прадаўжальніка класічных традыцый Купалы, Коласа, Багдановіча, прызнанага майстра-наватара, вызначаецца глыбінёй зместу, страснасцю ў сцвярджэнні камуністычных ідэалаў, самабытнасцю мастацкага мыслення. З вышыні творчых дасягненняў паэта выразна бачыцца, наколькі быў паслядоўным і мэтанакіраваным увесь яго жыццёвы шлях.

Нарадзіўся Аркадзь Куляшоў 6 лютага 1914 года ў вёсцы Самацеевічы Магілёўскай вобласці ў сям’і школьнага настаўніка. Вучоба ў Мінскім педагагічным інстытуце, праца ў газеце «Чырвоная змена», на Беларускім радыё былі школай яго жыццёвага і грамадзянскага станаўлення. Разам з усім народам паэт прайшоў праз суровыя выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны, працуючы ў армейскім і партызанскім друку. У пасляваенны час паэт актыўна ўключыўся ў грамадска-палітычнае жыццё Савецкай Беларусі – працаваў галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», шмат сіл і натхнення аддаў развіццю беларускага кіно як галоўны рэдактар студыі «Беларусьфільм» і аўтар сцэнарыяў фільмаў, што сталі значнай вяхой у развіцці нацыянальнага кінамастацтва.

Першыя кнігі Аркадзя Куляшова, якія выйшлі ў перадваенныя гады, атрымалі шырокі грамадскі рэзананс і паставілі Куляшова ў шэраг лепшых паэтаў Савецкай Беларусі. Але з асаблівай сілай і паўнатой талент паэта праявіўся ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Яго ваенная лірыка, паэма «Сцяг брыгады», якія ўслаўлялі неўміручы подзвіг народа ў барацьбе з фашызмам, сталі выдатнай старонкай савецкай паэзіі.

Грамадзянская адухоўленасць, філасофская глыбіня і шырокі сацыяльна-тэматычны дыяпазон, высокія ідэйна-мастацкія якасці характарызуюць творчасць паэта ў пасляваенны час. Паэтычныя зборнікі Аркадзя Куляшова «Новая кніга», «Сасна і бяроза», «Хуткасць», паэмы «Грозная пушча», «Далёка ад акіяна», «Цунамі», «Варшаўскі шлях», «Хамуціус» сталі падзеямі ў беларускай і ўсёй савецкай літаратуры, у іх знайшлі адлюстраванне этапныя з’явы ў гісторыі народа і сучасным жыцці сацыялістычнага грамадства. Творы Аркадзя Куляшова перакладаліся на мовы народаў СССР і за мяжой.

Вялікі ўклад зрабіў Аркадзь Куляшоў і ў справу мастацкага перакладу, у развіццё і пашырэнне творчых сувязей з брацкімі літаратурамі. Бліскучым майстэрствам вызначаюцца яго пераклады «Яўгенія Анегіна» А. Пушкіна, лірыкі М. Лермантава, «Энеіды» I. Катлярэўскага, вершаў У. Маякоўскага, С. Ясеніна і многіх сучасных паэтаў брацкіх рэспублік.

За заслугі перад сацыялістычнай Радзімай Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.

Сваю літаратурную творчасць Аркадзь Куляшоў паспяхова спалучаў з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Ён з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР другога – дзевятага скліканняў, быў членам праўленняў Саюзаў пісьменнікаў СССР і БССР, старшынёй Рэспубліканскага камітэта абароны міру, членам рэдкалегій часопісаў «Новый мир», «Полымя».

Уся літаратурная і грамадская дзейнасць Аркадзя Аляксандравіча Куляшова, яго творчы подзвіг з’яўляюцца яскравым узорам служэння мастака народу, Камуністычнай партыі і Савецкай Радзіме. Творы яго назаўсёды ўвойдуць у гісторыю роднай літаратуры, а імя яго будзе вечна жыць у памяці народнай.

П.М. Машэраў, I.Я. Палякоў, Ц.Я. Кісялёў, В.Ф. Шаура, А.Н. Аксёнаў, А.Т. Кузьмін, М.І. Лагір, У.Ф. Міцкевіч, У.А. Мікуліч, Я.П. Нікулкін, М.Н. Полазаў, А.А. Смірноў, В.С. Шавялуха, У.Е. Лабанок, К.М. Платонаў, Н.Л. Сняжкова, I.Ф. Якушаў, М.М. Зайцаў, Г.М. Маркаў, М.С. Ціханаў, К.М. Сіманаў, А.А. Суркоў, Ю.М. Верчанка, С.С. Нараўчатаў, С.А. Баруздзін, Д.М. Кугульцінаў, К.Ш. Куліеў, Р.Г. Гамзатаў, В.М. Кажэўнікаў, М.А. Дудзін, Я.I. Скурко (Максім Танк), Ю.I. Сураўцаў, I.П. Шамякін, А.Б. Чакоўскі, М.А. Барысевіч, В.В. Прышчэпчык, А.Л. Петрашкевіч, Р.П. Платонаў, Г.Г. Барташэвіч, С.М. Лукашэвіч, М.I. Дзялец, У.В. Мацвееў, Ю.М. Міхневіч, А.X. Асіпенка, К.К. Атраховіч (Кандрат Крапіва), П.У. Броўка, I.А. Брыль, Г.М. Бураўкін, В.У. Быкаў, А.I. Вярцінскі, Н.С. Гілевіч, В.В. Зуёнак, К.Ц. Кірэенка, Ц.В. Крысько (Васіль Вітка), М.П. Кругавых, А.М. Кулакоўскі, А.А. Лужанін-Каратай (Максім Лужанін), А.Я. Макаёнак, I.Я. Навуменка, П.Е. Панчанка, Н.Е. Пашкевіч, Б.I. Сачанка, I.Д. Сіпакоў, М.Г. Ткачоў, I.Г. Чыгрынаў.

1 Помнік на магіле паэта.png

Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Беларусі, Прэзідыум Вярхоўнага Савета і Савет Міністраў БССР з глыбокім жалем паведамляюць, што 4 лютага 1978 года раптоўна на 64-м годзе жыцця памёр Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў – народны паэт БССР, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР.

Беларуская, уся шматнацыянальная савецкая літаратура нанесла вялікую страту – 4 лютага 1978 года заўчасна памёр Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў. Перестала біцца сэрца вернага сына Камуністычнай партыі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, народнага паэта Беларусі, вядомага грамадскага дзеяча.

Памёр паэт, чыя творчасць і лёс былі непарыўна звязаны з лёсам Радзімы, усяго савецкага народа. Паўвекавы творчы шлях, пройдзены Аркадзем Аляксандравічам, увасобіў усё галоўнае, найбольш істотнае ў грамадскім і духоўным развіцці Савецкай краіны, у рэвалюцыйным абнаўленні свету.

У АПОШНІ ШЛЯХ

Засталася на стале недапісаная старонка, з абарванай раптам страфой, недачытаны рукапіс першай кнігі маладога аўтара, які так чакаў добрага слова ў дарогу вялікага і мудрага майстра. Памёр чалавек, які падарыў людзям вельмі многа натхнёных, выдатных радкоў, вучыў іх мужнасці і дабру, любві да роднага краю і адданасці высокім ідэалам.

У сэрцах мільёнаў людзей болем адазвалася гэта журботная вестка – не стала Аркадзя Аляксандравіча Куляшова – сапраўды народнага паэта, дастойнага прадаўжальніка класічных традыцый Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, надзвычай таленавітага мастака, чыя натхнёная ліра была поўная ўвагі і любові да чалавека.

Са школьных хрэстаматый прыходзіць да нас яго паэзія – пяшчотная і чыстая, страсная і баявая, па-філасофску глыбокая і надзвычай праўдзівая, шчырая. Ён належаў да таго слаўнага пакалення паэтаў, чый талент прайшоў выпрабаванне агнём Вялікай Айчыннай вайны, а ў мірныя гады раскрыўся ва ўсёй сваёй паўнаце і сіле.

Вершы А. Куляшова, прысвечаныя ваеннаму часу, яго выдатная паэма «Сцяг брыгады», якую Аляксандр Твардоўскі назваў «народнай паэмай», назаўсёды застануцца ў савецкай літаратуры як яркі прыклад праўдзівай, вялікай паэзіі, як прыклад высокага патрыятызму, вернасці свайму партыйнаму і грамадзянскаму абавязку. У іх мужнасць і гераізм савецкага чалавека, яго любоў да Радзімы, непахісная камуністычная ідэйнасць, глыбокая вера ў перамогу над фашызмам перададзены з незвычайнай мастацкай сілай і мастэрствам.

Жывым подыхам часу, грамадзянскім пафасам, страсцю чалавека – будаўніка новага грамадства – напоўнены яго пасляваенныя творы, што ўслаўляюць энтузіязм і гераічную працу народа, які ўзнімае гарады і вёскі з руін і попелу, будуе новае жыццё і змагаецца за мір і шчасце ўсіх людзей зямлі.

Салдат і паэт, верны абавязку жыцця і таленту, Аркадзь Куляшоў застанецца ў нашай паэзіі зоркай першай велічыні, а імя яго будзе сагрэта шчырай любоўю і ўдзячнасцю мільёнаў усё новых і новых чытачоў.

У жалобным убранні Дом літаратара, дзе ўстаноўлена труна з целам нябожчыка. З самай раніцы 7 лютага ішлі сюды тысячы людзей, каб развітацца з Аркадзем Аляксандравічам Куляшовым, каб у тужлівым маўчанні ўшанаваць яго светлую памяць. У людскім патоку – школьнікі і студэнты, рабочыя і будаўнікі, пісьменнікі і вучоныя, воіны Савецкай Арміі. Да пастамента, на якім стаіць труна з целам народнага паэта, кладуцца жывыя кветкі, вянкі ад ЦК КПБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і Савета Міністраў рэспублікі, Белсаўпрофа, ЦК ЛКСМБ, Саюзаў пісьменнікаў СССР і БССР, міністэрстваў і ведамстваў, прадпрыемстваў і будоўляў, грамадскіх і творчых арганізацый.

Гучаць жалобныя мелодыі. Кожныя дзве мінуты змяняецца ганаровая варта ля труны. Журботную вахту нясуць члены праўленняў Саюзаў пісьменнікаў СССР і БССР, прадстаўнікі партыйных, савецкіх, прафсаюзных і камсамольскіх органаў, творчай інтэлігенцыі, землякі паэта.

У ганаровую варту становяцца таварышы П.М. Машэраў, I.Я. Палякоў, Ц.Я. Кісялёў, А.Н. Аксёнаў, А.Т. Кузьмін, У.А. Мікуліч, У.Ф. Міцкевіч, М.Н. Полазаў, В.С. Шавялуха, I.Ф. Якушаў, К.М. Платонаў, намеснікі Старшыні Савета Міністраў БССР I.М. Глазкоў, П.Л. Коханаў, Л.I. Хітрун, сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Л.П. Чагіна.

 

Пачынаецца грамадзянская паніхіда. Жалобны мітынг адкрывае першы намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР У.Ф. Міцкевіч:

– З пачуццём глыбокага смутку мы праводзім сёння ў апошні шлях вернага сына Камуністычнай партыі, народнага паэта Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, дэпутата Вярхоўнага Савета рэспублікі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова, – гаворыць ён. – Няўмольная смерць вырвала з нашых радоў выдатнага паэта, чыё жыццё і творчасць былі непарыўна звязаны з лёсам нашай сацыялістычнай Айчыны. Аб гэтай страце смуткуе беларускі народ і ўся шматнацыянальная савецкая літаратура.

Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў адносіцца да тых мастакоў слова, якія складаюць гордасць беларускага народа.

Яго жыццёвы шлях – гэта шлях чалавека, які выйшаў з народа, і, акрылены ідэямі Вялікага Кастрычніка, дасягнуў вышынь мастацкай культуры.

Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Самацеевічы Магілёўскай вобласці ў сям’і школьнага настаўніка. Вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце. Працаваў у газеце «Чырвоная змена», на Беларускім радыё. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Аляксандравіч ідзе па франтавых дарогах, супрацоўнічае ў армейскім друку. Вайна стала для паэта школай чалавечай мужнасці і грамадзянскай загартоўкі. У першыя пасляваенныя гады А.А. Куляшоў працуе галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», затым галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм».

Ярка і самабытна пачаў паэт свой творчы шлях. Першыя ж кнігі паставілі яго ў рады лепшых майстроў слова Савецкай Беларусі. Асабліва хвалюючымі старонкамі ў паэзіі Куляшова з’яўляюцца творы, напісаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Паэма «Сцяг брыгады», створаная непасрэдна на фронце, стала выдатнай з’явай усёй савецкай літаратуры.

Натхнёна і плённа працаваў паэт да апошняга дня свайго жыцця. Прасякнутая ідэямі гуманізму і інтэрнацыяналізму творчасць Аркадзя Куляшова заваявала сэрцы чытачоў не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Яго творы гучаць амаль на ўсіх мовах народаў Савецкага Саюза, на мовах многіх краін свету.

Чалавек вялікага абаяння, шырокай душы і цэласнай маральнай натуры Аркадзь Куляшоў быў прызнаным аўтарытэтам сярод усіх, хто яго ведаў, хто з ім сустракаўся. Вузы творчай і чалавечай дружбы звязвалі яго з выдатнымі прадстаўнікамі рускай літаратуры, з цудоўнымі майстрамі паэзіі брацкіх народаў нашай краіны.

Шматграннай была грамадская дзейнасць Аркадзя Куляшова. Ён з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, быў членам праўленняў Саюзаў пісьменнікаў СССР і БССР, старшынёй Рэспубліканскага камітэта абароны міру, членам рэдкалегій часопісаў «Новый мир» і «Полымя».

За вялікія заслугі перед Радзімай Аркадзь Куляшоў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі. Творчасць паэта адзначана Дзяржаўнымі прэміямі СССР і БССР, прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. Яму прысуджана ганаровае званне заслужанага работніка культуры Украіны.

Цэнтральны Камітэт Кампартыі Беларусі, Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР і Савет Міністраў Беларускай ССР разам з усім беларускім народам глыбока смуткуюць у сувязі з заўчаснай смерцю Аркадзя Аляксандравіча Куляшова і выказваюць глыбокае спачуванне яго родным і блізкім.

Бывай, наш дарагі Аркадзь Аляксандравіч! Твой светлы вобраз назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах, у памяці нашага народа, сказаў у заключэнне У.Ф. Міцкевіч.

 

Слова атрымлівае старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, народны паэт Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы Максім Танк:

– Бязлітасная смерць вырвала з нашых радоў аднаго з выдатнейшых паэтаў сучаснай беларускай і ўсёй савецкай літаратуры Аркадзя Аляксандравіча Куляшова, – гаворыць ён. – Цяжка паверыць у трагічны змест гэтых слоў, якія невымоўным горам адклікаюцца ў сэрцах усіх яго шматлікіх сяброў, з якімі ён жыў, працаваў, дзяліўся сваімі думамі і надзеямі, у суровыя гады вайны разам прайшоў па палаючых агнём франтавых дарогах, і ў сэрцах тых, каго хвалюе яго глыбокая, праўдзівая і жыццесцвярджальная паэзія.

Мы ведалі, што ён быў цяжка хворы. Але ўсім нам хацелася верыць, што дарога яго жыцця яшчэ працягнецца за новыя далі і небасхілы гадоў. I ён, насуперак смяротнай пагрозе, да апошніх дзён не адкладваў свайго пяра і ствараў непадуладныя ёй і часу такія выдатныя творы, як «Новае рэчышча», «Дом № 24», «Простыя людзі», «Грозная пушча», «Цунамі», «Хамуціус» і многія іншыя, якія побач з яго ранейшымі, такімі ўжо стаўшымі класічнымі творамі, як «Сцяг брыгады», «Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет», назаўсёды ўвайшлі ў скарбніцу ўсёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры.

Развіваючы народныя рэвалюцыйныя традыцыі Купалы, Коласа, Багдановіча, творчасць Куляшова садзейнічала выхаду нашай літаратуры ў шырокі свет. Цяжка пераацаніць яго значэнне ва ўмацаванні дружбы паміж нашымі брацкімі народамі, у стварэнні вобраза героя нашага часу – камуніста.

Шмат у нас засталося спраў, якія без яго цяжэй нам будзе вырашаць. I тое, што ён не паспеў напісаць, з’яўляецца беззваротнай стратай, бо Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў належаў да тых самабытных і непаўторных майстроў, якіх ніхто не заступіць. Але тое, што ён стварыў, з’яўляецца трывалым укладам у нашу культуру і ставіць паэта ў адзін рад з тымі, чые імёны на пераклічцы мы называем першымі, бо яны працягваюць далей несці эстафету жыцця ў будучыню.

 

Выступае сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, Герой Сацыялістычнай Працы Канстанцін Сіманаў.

– Ад імя пісьменнікаў Масквы, ад імя ўсіх літаратараў нашай краіны, – сказаў ён, – дазвольце выказаць найглыбейшае спачуванне блізкім Аркадзя Аляксандравіча, нашым братам – беларускім пісьменнікам, усяму беларускаму народу ў іх вялікім, непазбыўным горы.

У многіх дамах нашай неабсяжнай краіны горкім болем адклікнулася вестка аб смерці выдатнага паэта, таму што вершы яго, сагрэтыя клопатамі аб чалавеку, аб дабры і міры, былі і застаюцца блізкімі і дарагімі любому з нас.

Успамінаючы Вялікую Айчынную вайну, суровыя франтавыя будні, я не магу забыць, з якім натхненнем і захапленнем чыталася байцамі выдатная паэма Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады». Несумненна яна стаяла тады для нас побач з «Васілём Цёркіным» А. Твардоўскага.

Аркадзь Аляксандравіч належыў да тых скромных і працавітых людзей, якія застаюцца такімі ўсё жыццё. Сёння мы яшчэ магчыма не ўсведамляем ва ўсёй паўнаце, што мы страцілі аднаго з самых вялікіх паэтаў нашай краіны, гэта прыйдзе пазней. Але мы ўпэўнены, што паэзія Аркадзя Куляшова будзе жыць у сэрцах мільёнаў людзей, бо сапраўдная паэзія неўміручая.

 

Ад землякоў паэта слова развітання гаворыць дырэктар Самацеевіцкай сярэдняй школы Касцюковіцкага раёна Л.М. Белянінаў.

– Мы, землякі паэта, ганарымся тым, што Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў нарадзіўся і вырас на нашай зямлі, – сказаў ён. – Глыбока паважалі яго як чулага чалавека, чалавека высокага партыйнага абавязку. Па-бацькоўску клапаціўся ён аб падрастаючым пакаленні, быў вялікім сябрам вучняў роднай Самацеевіцкай школы. Паэт жыва цікавіўся іх жыццём і вучобай, пакінуў у падарунак школьнай бібліятэцы свае творы. Нягледзячы на вялікую занятасць літаратурнай і грамадскай дзейнасцю, А.А. Куляшоў знаходзіў час, каб наведаць родныя мясціны, сустрэцца з рабочымі нашага саўгаса, вучнямі. I тыя адказвалі яму бязмежнай любоўю і павагай.

Творы паэта заўсёды будуць для нас маяком, які асвятляе жыццёвыя дарогі.

 

– Жыццё паэта не бывае лёгкім, як не бывае простым яго час, – сказаў у сваім выступленні сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў РСФСР, народны паэт Калмыцкай АССР Давід Кугульцінаў. – Жыццё паэта вымяраецца не толькі цяперашнім часам, якому ён служыць, яно вымяраецца будучыняй. Не толькі нам, яго сучаснікам, але і нашчадкам належыць творчасць Аркадзя Куляшова.

 

Паэзія Аркадзя Куляшова эаўсёды была блізкая сэрцу рабочага і хлебароба, сказаў наладчык Мінскага маторнага завода Н.С. Падвойскі. Народная па свайму ладу, яна ўвабрала ў сябе найбольш значныя падзеі часу, у ёй б’ецца пульс народнага жыцця.

 

Выступае сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Украінскай ССР, Герой Савецкага Саюза Юрый Збанацкі.

 

– Смуткам поўніцца сёння ўкраінская зямля, гаворыць ён, таму што Аркадзь Куляшоў быў любімым сынам і майго народа. Ён узбагаціў нашу паэзію веданнем душы народа, яго традыцый, яго гераічнай гісторыі.

А. Куляшоў практычна стварыў беларускі варыянт «Энеіды» I. Катлярэўскага, з велізарным талентам і беражна перанёсшы на родную глебу прыгажосць і мудрасць шэдэўра сусветнай літаратуры.

 

Перад мікрафонам студэнтка Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага Ганна Пашкевіч.

– Мы вучыліся па кнігах Аркадзя Куляшова і на яго палымянай біяграфіі быць мужнымі, адданымі Радзіме, ісці «толькі ўперад», – сказала яна. – Ён адкрываў нам свет, адкрываў жыццё, ва ўсёй іх велічы і прыгажосці, ва ўсім іх гераічным змесце. I мы, будучыя настаўнікі, панясём яго думкі і песні, каб перадаць іх новым пакаленням.

 

Мітынг закончаны. Жалобны картэж па Ленінскаму праспекту накіроўваецца на могілкі. Тут, ля магілы, слова развітання сказаў паэт Ніл Гілевіч. Пад гукі жалобнай мелодыі труна з целам А.А. Куляшова беражна апускаецца ў магілу. Узгорачак свежай зямлі пакрываюць вянкі і букеты жывых кветак.

БЕЛТА.

РАЗВІТАЛЬНЫЯ СЛОВЫ СЯБРОЎ

Хелемский.png
Гаврилкин.png
Кулиев.png
Кугультинов.png
Граховский.png
Сіпакоў.png

ЯНКА
СІПАКОЎ



 

bottom of page