Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
ВЁСКА САМАТЭВІЧЫ
НА РАДЗІМЕ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА
Сваю радзіму, мястэчка Саматэвічы, Аркадзь Куляшоў часцей за ўсё называў Саматэевічамі. У артыкуле «Мая Бесядзь» ён піша, што калісьці, дакладна ніхто не ведае, на ўзбярэжжы ракі Чарнавуткі пасяліліся некалькі сем’яў. То былі, можа, вандроўнікі якія, а мо і надзельнікі, што купілі ў пана кавалак зямлі. Ім гэтае месца спачатку не спадабалася, яны пакінулі яго і падаліся далей. А праз некаторы час вярнуліся.
Старажылы, заўважыўшы іх, сказалі:
– Вунь самыя тыя...
Адсюль, нібыта, і назва «Саматэвічы».
З гістарычных звестак:
У 1842 годзе ў Саматэвічах пабудавана праваслаўная Троіцкая царква.
У 1864 годзе адкрыта народнае вучылішча.
З 1867 года тут праводзіліся два кірмашы ў год. А. Куляшоў з свайго дзяцінства і юнацтва згадваў кірмаш на Іллю – 2 жніўня. Для яго гэта была падзея. На кірмаш з’язджаліся людзі нават з Чарнігаўшчыны і Браншчыны. Ішоў бойкі гандаль, а карчма гудзела ад гамонак і спеваў. Моладзі таксама было чым заняць сябе: апроч іншага, тут працавала карусель. Хвіліны, праведзеныя на каруселі, на ўсё жыццё зрабіліся для Аркадзя Куляшова сімвалам шчасця, бо, як і працэс творчасці, выклікалі адчуванне палёту. Гэты вобраз – сінонім шчасця – праходзіць праз усю творчасць паэта. Верш пад назвай «Карусель» быў напісаны ў лютым 1939 года. У ім адлюстраваны ўражанні лета 1938 года, якое юнак правёў на Хоцімшчыне, у Ялаўцы, і адкуль прыйшоў на кірмаш у Саматэвічы.
На гэтым кірмашы Аркадзь зноў сустрэўся з Алесяй, якая ўсё жыццё існавала ў яго паэтычным уяўленні як вобраз першага кахання. Верш «Карусель» А. Куляшоў пісаў напярэдадні свайго дваццаціпяцігоддзя. Самы росквіт жыцця! Пік замілавання да кожнай яго прывабнай дэталі. Вось некалькі строфаў гэтага верша:
Мы адны з ёй. З нашых – больш нікога.
Той жа рып гармоняў, бубнаў гром.
Тая ж з кірмаша пад гай дарога.
– Што ж, пайшлі?
– Пайшлі...
I мы ідзём.
Сем гадоў не бачыліся – раз,
Замуж выйшла,
Добра ладзіш з мужам;
Дзе ж ты, карусель? За ўсё адкружым,
Як усё кружылася за нас.
Добры дзень, знаёмыя мясціны,
Карусель,
Крылатая душа!..
Гай шумлівы, гоман кірмаша,
Печанага хлеба водар кмінны.
У1886 годзе ў Саматэвічах было 523 жыхары, 94 двары, праваслаўная царква, касцёл, валасное праўленне, школа, бальніца, вятрак, 6 крам, вінакурня.
1888 год, мястэчка Саматэвічы (яно ж Дзімітраўск) – уласнасць Дзімітрыя Станіслававіча Галынскага, цэнтр воласці. У мястэчку налічвалася 97 двароў, 744 жыхары, паштовае аддзяленне.
У1909 годзе ў Саматэвічах налічвалася 144 двары і 1006 жыхароў.
У 1914 годзе тут нарадзіўся Аркадзь Куляшоў. Сёстры Галынскія пэўны час вучылі малога Аркадзя. Яны адыгралі значную ролю ў лёсе Куляшова, нават у біяграфіях продкаў Аркадзя Куляшова, прычым з абодвух бакоў, гэтае прозвішча сустракаецца неаднойчы. Мяркуйце самі, Кацярына Фамінічна Ратабыльская, маці паэта, нарадзілася ў вёсцы Галынка Магілёўскай губерні. Прадзеда Аркадзя Куляшова па бацькавай лініі, арганіста па прозвішчу Мільта, прывёз у Беларусь Галынскі. Сем’і Куляшовых і Галынскіх цесна сябравалі. Паэтавы бацькі былі музычна адоранымі людзьмі, мелі добрыя галасы і музычны слых. Аркадзь Куляшоў гаварыў так: «Mai маці не спявала толькі тады, калі вяла ўрокі ў школе». Маці спявала з сярпом у руцэ і падчас хатняй працы. Надыйшоў, праўда, момант, калі з жывым песенным майстэрствам стаў спаборнічаць грамафон, які падарылі настаўніцкай сям’і сёстры Галынскія. Яны з’яўляліся саматэвіцкімі памешчыцамі і мецэнаткамі мясцовага маштабу, якія дбалі пра культуру і адукацыю насельніцтва. Гэта дзякуючы ім Аркадзь пазнаёміўся з беларускім мастацкім словам, якое прабудзіла ў яго самыя светлыя пачуцці да радзімы, якія ён і адлюстраваў у сваіх творах. I ўсё сваё жыццё ў паэзіі ён працаваў з матчынай руплівасцю.
Гісторыя вёскі цесна пераплятаецца з біяграфіяй і творчасцю А.А. Куляшова, а інакш і нельга, бо паэт пакінуў яркую старонку ў яе гісторыі.
2019 ..........................
2019 .................................
СУВЯЗЬ З МАГІЛЁЎШЧЫНАЙ
Выток і рэк і шляхоў адзіны:
Ад непрыкметнае ручаіны
Паходзяць плыні рэк паўнаводных,
Шляхі – ад рэчышчаў пешаходных…
Жыццё – шляхоў і рэк падабенства:
Рух падарожны распачынае
Юнацтва наша з крыніц маленства…
Магілёўшчына – радзіма народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, з якой непарыўна звязана яго паэтычная творчасць.
На пачатку 1950-х, аналізуючы паэтычны феномен Куляшова, А. Твардоўскі ўвёў у духоўны ўжытак новае паняцце – "малая радзіма". Вытокі паэзіі Аркадзя Куляшова якраз там, на малой радзіме, – у Саматэвічах Касцюковіцкага раёна, што на Магілёўшчыне. А рэчку Бесядзь – яна працякае побач з мястэчкам – Куляшоў бачыў ракой свайго лёсу – чалавечага і творчага. Лес, што на даляглядзе, – гэта сасновы бор Цыкуны, апеты ў вершы "Маё сэрца ў бары":
Кожны мае свой бор
Родны бор на зямлі,
Бор, дзе мары
Як гордыя сосны раслі.
Дзе шугалі яны
ўпершыню над зямлёй
Пры начлежным агні
на паляне лясной,
Дзе будзіла зязюля іх,
рана, ледзь свет,
Дзе ў далёкі, за рэхам,
плылі яны свет…
Малая радзіма прыцягвала А. Куляшова стала. Пачуццё сувязі з краінай маленства і юнацтва было для яго чымсьці моцным і трывалым. Пра гэта красамоўна сведчыць лірыка Куляшова, нават даваенная, вершы, якія выйшлі з-пад пяра зусім яшчэ маладога паэта. Краю свайго маленства прысвяціў паэт цудоўныя радкі прадмовы да паэмы "Далёка да акіяна":
…Жыццём агораўшы век суровы,
Адбедаваўшы час навальнічны,
Людская памяць плысці гатова
Зваротным шляхам у край крынічны…
Да любай, шматпакутнай Магілёўшчыны звяртаецца паэт з наступнымі словамі сваёй аўтабіяграфічнай паэмы:
Край магілёўскі! З гармат Еўропы
Смерць засявала твой шнур жалезам
Ды не змагла – зараслі акопы,
А не дарогі, травой і лесам…
У газеце "Літаратура і мастацтва" ад 10 мая 1945 г. Аркадзь Куляшоў пісаў:
"У Хоцімску, мястэчку, дзе прайшлі дні майго маленства, сустрэў я радасную вестку аб перамозе. Тут жа, амаль чатыры гады таму назад, пачуў я страшную навіну аб вераломным нападзе гітлераўскай Германіі на нашу Радзіму.
Колькі дарог давялося схадзіць за час гэтай вайны, колькі гора і слёз людскіх пабачыць! Я пабываў на Валдайскіх вышынях і ў Крэстцах, і пад Старай Русай. I ўсюды вобраз мілай бацькаўшчыны над ціхай Бесяддзю быў са мной.
I вось дзень перамогі напаткаў мяне ў мясцінах майго маленства.
Шмат чаго змянілася за гэты час, шмат дарагога страчана, навокал руіны – сляды агіднай работы ворага. Але зноў па крысе ачуньвае наша зямля пад сонцам перамогі. Чуваць удары сякеры, цеслі, і араты старанна ўздымае здзервянелую за час вайны зямлю…
Няхай жыве наша перамога!
Няхай жыве аднаўленне жыцця на прасторах мілай савецкай бацькаўшчыны!".
Аркадзь Куляшоў усё жыццё быў узорам сыноўскай любові і павагі да бацькоў. Сваю прэмію 1946 г. за паэму "Сцяг брыгады" паэт пусціў на тое, каб пабудаваць дом бацькам замест спаленага немцамі, у той час як грошы не былі лішнімі ў яго сям'і, якая толькі пачынала абжывацца ў новай кватэры, да таго ж чакала папаўнення. Неўзабаве бацькі А. Куляшова пераехалі ў новы дом, а будачка – маленькі часовы дамок – засталася стаяць у глыбіні саду як напамін бяды, а на будучае – сховішча для паэта. Тут любіў працаваць Куляшоў, калі пасля вайны прыязджаў у Хоцімск адведаць бацькоў. Тут была напісана паэма "Новае рэчышча" і шэраг вершаў.
У 1948 г. Аркадзь Куляшоў гаварыў:
"Я вельмі люблю прыроду Магілёўшчыны, якая з дзяцінства пакінула вялікае ўражанне ў маёй памяці і ў сэрцы. Амаль кожны год да Айчыннай вайны і пасля вайны ў летні час я выязджаў у Касцюковіцкі і Хоцімскі раёны. Вынікам гэтых паездак з'явілася мая паэма аб калгасным жыцці "У зялёнай дуброве", а таксама два вялікія цыклы вершаў.
Я і ў далейшым мяркую трымаць жывую сувязь з прыродай і людзьмі Магілёўшчыны, якая цяпер залечвае цяжкія раны вайны і ідзе ўперад у адбудове сельскай гаспадаркі і прамысловасці, людзі якой самааддана працуюць на карысць нашай вялікай Савецкай Радзімы.
Ад усёй душы жадаю ім поспехаў у гэтай пачэснай справе".
Калі ў творчасці выпадала паўза і здароўе дазваляла вырвацца на радзіму, А. Куляшоў з захапленнем кідаўся ў вір кантактаў: ён гутарыў з роднымі, аднавяскоўцамі, з любімым настаўнікам, з саматэвіцкімі трактарыстамі і елавецкімі пастухамі. У вершы "Вуліца Маскоўская" ён піша:
Пакланіўшыся вясне і маю,
Кліч зязюлі ўчуўшы з-за ракі,
Кожны год
У вёску ад'язджаю,
Падышаць, чым дышуць землякі.
Стан здароўя, абставіны жыцця і магілёўскае бездарожжа прывялі да таго, што з 1954 г. А. Куляшоў не быў на радзіме. Адведзіны ўзнавіліся толькі ў 1972-м, калі дачцэ Куляшова Валянціне ўдалося ўгаварыць бацьку адважыцца на вандроўку.
Шмат чаго зрабіў паэт для сваіх землякоў, шмат каму дапамог. Пры падтрымцы Аркадзя Куляшова ўдалося пабудаваць памяшканне для сельскай бібліятэкі ў вёсцы Трасціно Хоцімскага раёна, а ў 1972 г., наведваючы бацькоў у Хоцімску, паэт завітаў у гэтую бібліятэку і падараваў чытачам дзве новыя кнігі з аўтографамі.
У 1977 г., у час апошняга спаткання з роднымі мясцінамі, А. Куляшоў звярнуўся да дырэктара краязнаўчага музея ў Касцюковічах з просьбай не дазволіць знішчыць ліпавую алею, па якой ён у дзяцінстве і юнацтве хадзіў у школу. "Мне б хацелася, каб гэтыя ліпы засталіся, – гаварыў паэт хвалюючыся, – яны мяне памятаюць…".
Памятаюць ліпы, памятае старасвецкі парк, старажытная царква, бацькоўская хата, помняць родныя Саматэевічы, рака дзяцінства Бесядзь, вячыстыя дубы на высокім яе беразе.
Усё гэта, нятленнае, Куляшову хацелася зберагчы, а можа, нават перадаць нашчадкам як памяць пра яго час і тых, хто жыў побач, як і пра тых, хто жыў на гэтай зямлі спрадвеку.
Выконваючы наказ паэта, дырэктар Касцюковіцкага краязнаўчага музея У.Р. Ламінскі доўга змагаўся за алею, але яе ўсё-такі знішчылі, калі пашыралі дарогу.
А. Куляшоў уславіў бацькоўскі край, сваю родную Бесядзь, якая дзякуючы паэту стала вядомай ракой. На вялікі жаль, тая самая Бесядзь, у старыцах якой раслі белыя лілеі і ў затоках якой хлопцы лавілі ракаў, сёння прыкметна абмялела. Не чуваць на мурожных берагах людской гамонкі, як не чуваць яе і на вуліцах Саматэвічаў, прысыпаных чарнобыльскім попелам… Нічога не засталося і ад некалі вялікай, ладнай бацькоўскай хаты А. Куляшова – колішняй прыдарожнай карчмы, якую паэт часта наведваў, марыў адбудаваць яе… Пасля адсялення жыхароў вёскі ў Новыя Саматэвічы, сяліба згарэла.
Хату, аб каторай я
Памяць берагу,
Я з самой гісторыяй
Параўнаць магу,
З дробнаю дзяржаваю,
Дзе няпэўны лад,
Дзе за гучнай славаю
Крочыць заняпад…
А. Куляшоў прадчуваў трагічны лёс сваёй радзімы і нават замацаваў гэтае сваё бачанне ў вершах "Попел" і "Карусель" з перадсмяротнай нізцы вершаў, без якіх яго творчасць не была б завершанай:
Дзе ж вы, дзе, майго дзяцінства коні,
Паскакалі без мяне куды вы?
Больш не чутна за спіной пагоні…
Дзе спынілі вы свой бег імклівы?
………..
Ухапіцца б мне рукой за грыву,
На сядло б ускочыць мне з разгону
I ляцець пад музыку імкліва,
I кружыцца б гэтак – аж да скону.
Каб плылі ў вачах гарачна плямы –
I нічога больш ужо не трэба!
Ты ляціш над полем, над лясамі
I над гарадамі – проста ў неба.
Проста ў неба, што яшчэ не знае
Наслання, якое гібель сее.
Толькі старажытныя, былыя,
Нібы жыта, зоры палавеюць.
(з верша "Карусель")
"Мае сувязі з Хоцімшчынай не такія ўжо малыя, і я ўдзячны сваёй роднай зямлі і яе людзям, якія да гэтага часу з'яўляюцца светлай крыніцай майго сэрца і памяці".
А. Куляшоў