Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
IN MEMORIAM
ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ
НАРОДНАГА ПАЭТА БЕЛАРУСІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА
аг. Новыя Саматэвічы (у будынку школы)
213684 Касцюковіцкі раён,
Магілёўская вобласць, Рэспубліка Беларусь
тэл. 8(02245)73 617, 8(02245)74 397
Аўторак – субота:
з 9.00 да 13.00
Выхадны:
нядзеля, панядзелак
У Касцюковіцкім раённым краязнаўчым музеі дзейнічаў мемарыяльны пакой А.А. Куляшова
НАРОДА СВАЙГО ПЯСНЯР
Адкрыццё ў краязнаўчым музеі мемарыяльнага пакоя А.А. Куляшова
Касцюковіцкая зямля вырасціла шмат таленавітых людзей. Ёсць сярод іх вядомыя ваеначальнікі, вучоныя, пісьменнікі. Ганаровае месца ў гэтай плеядзе належыць нашаму земляку, ураджэнцу вёскі Саматэвічы, народнаму паэту БССР Аркадзю Аляксандравічу Куляшову. Напісаныя ім творы па праву ўвайшлі ў залатую скарбніцу беларускай і ўсёй савецкай літаратуры. I сапраўды, не пакідае нас абыякавымі яго «Камсамольскі білет», глыбока западаюць у сэрца словы куляшоўскай «Алесі», прымушае задумацца над сэнсам жыцця, сваім месцы ў ім, над абавязкам служыць Радзіме сумленна знакаміты «Сцяг брыгады». Іх шмат, паэм, асобных вершаў, радкі якіх прасякнуты вялікай любоўю да свайго краю, людзей. На іх мы вучымся жыць, працаваць, любіць.
У Касцюковіцкім раёне глыбока шануюць памяць аб сваім земляку. Саматэвіцкая школа, у якой вучыўся Аркадзь Куляшоў, носіць яго імя. У краязнаўчым музеі ўстаноўлены бюст народнага паэта БССР.
А нядаўна ў музеі адбылося адкрыццё мемарыяльнага пакоя Аркадзя Аляксандравіча Куляшова. На ўрачыстасць былі запрошаны родныя паэта – сястра Надзея Аляксандраўна і дачка Валянціна Аркадзьеўна Куляшовы.
На мітынгу прысутнічалі народны пісьменнік БССР Васіль Быкаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, адказны сакратар Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР паэт Аляксей Пысін і паэт Анатоль Вярцінскі.
Мітынг адкрыў дырэктар музея У.Р. Ламінскі. Перарэзаў ганаровую стужку другі сакратар райкома партыі М.Ф. Вяршыла. Малодшы навуковы супрацоўнік музея Святлана Свірыдава пазнаёміла прысутных з экспанатамі мемарыяльнага пакоя А.А. Куляшова.
Васіль Быкаў, якому затым было прадастаўлена слова, адзначыў, што Касцюкоўшчына багата добрымі людзьмі. I Куляшоў сярод іх займае віднае месца. Паэзія яго – гэта ўсенародная з’ява. Усё, што створана паэтам, будзе доўга жыць. Моладзь павінна вучыцца ў Аркадзя Аляксандравіча. Самае галоўнае ў тым, каб душы землякоў былі заўсёды адкрыты для яго паэзіі.
Паэт Анатоль Вярцінскі расказаў аб супрацоўніцтве, садружнасці Аркадзя Куляшова з многімі паэтамі і пісьменнікамі саюзных рэспублік: Расулам Гамзатавым, Кайсынам Куліевым. Міхаілам Дудзіным. Творчасць беларускага паэта ў жыцці многіх з іх адыграла значную ролю. Так, Расул Гамзатаў адзначыў, што Аркадзь Куляшоў аказаў на яго вялікі ўплыў.
Зоркай першай велічыні назваў свайго земляка Аляксей Пысін, які таксама выступіў на ўрачыстым мітынгу.
Сястра Аркадзя Аляксандравіча Надзея Аляксандраўна сардэчна падзякавала ўсім тым, хто прыняў удзел у стварэнні мемарыяльнага пакоя яе брата – народнага паэта БССР А.А. Куляшова.
Блізкім і дарагім моладзі паэтам з’яўляецца Аркадзь Куляшоў. Яго верш «Камсамольскі білет» ведае кожны малады чалавек. Аб гэтым гаварыў на мітынгу першы сакратар райкома камсамола Мікалай Асіпенка. Ва ўрачыстай абстаноўцы ён уручыў камсамольскія білеты старшакласнікам СШ № 1 і СШ № 2. М. Асіпенка выказаў упэўненасць. што моладзь Касцюкоўшчыны заўсёды будзе браць прыклад са свайго земляка.
Ва ўрачыстым мітынгу, прысвечаным адкрыццю мемарыяльнага пакоя народнага паэта БССР Аркадзя Аляксандравіча Куляшова, прынялі ўдзел старшыня райвыканкома А.С. Сёмкін, сакратар райкома партыі Т.I. Гаўрыленка, загадчык аддзела прапаганды і агітацыі РК КПБ I.З. Драздоў, прадстаўнікі арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў горада, школьнікі.
Народа свайго пясняр: адкрыццё ў краязнаўчым музеі мемарыяльнага пакоя
А.А. Куляшова // Сцяг камунізму (Касцюковічы). – 1980. – 25 снежня.