top of page

ВЫСТУПЛЕННІ

7 сакавіка 1942 г. Аркадзь Куляшоў выступаў на хвалі 41,5 метра па радыёстанцыі «Савецкая Беларусь!» са зваротам-прызывам «Чакай нас, Беларусь!». Сказаныя Куляшовым словы напоўнены пякучым болем за родную зямлю, нясцерпнай нянавісцю да лютага ворага, вялікай верай у здольнасць свайго народа не скарыцца фашысцкім бандытам, надзеяй на хуткае вызваленне:

 

«Да цябе, беларускі народ, да цябе, наша родная зямля, імкнуцца нашы сэрцы. Віцебскія прасторы, магілёўскія лясы і пушчы, мінскія вуліцы і плошчы, мы ідзём да вас разам з Чырвонай Арміяй, гонячы чорныя гітлераўскія орды з роднай Савецкай зямлі.

Новае вялікае шчасце вызвалення хутка асвеціць твае вёскі і гарады. Зноў заквітнееш ты, наш любы край, залечыш свае раны пасля цяжкіх пакут і нядолі.

Чакай нас, Беларусь! Гані са сваёй зямлі крывавых нямецкіх акупантаў, што забіваюць тваіх малых дзяцей, што гвалцяць тваіх дачок і катуюць тваіх сыноў. Гані памешчыкаў, якіх Гітлер хоча пасадзіць на тваёй зямлі. Ніколі беларус не будзе рабом нямецкіх князёў і баронаў.

Блізкі час твайго вызвалення, Беларусь!».

Прамова А.А. Куляшова на Беларускай рэспубліканскай
канферэнцыі прыхільнікаў міру

 

5-6 верасня 1951 г.

 

Таварышы! Мы сабраліся сюды, каб выказаць волю беларускага народа, яго імкненне да міру, яго адзінадушную падтрымку Звароту Сусветнага Совета Міру аб падпісанні Пакта Міру паміж пяццю вялікімі дзяржавамі.

Беларускі народ пад кіраўніцтвам комуністычнай партыі і мудрага правадыра працоўных усяго свету таварыша Сталіна, пры брацкай дапамозе рускага народа і другіх народаў Совецкага Саюза, паспяхова адбудоўвае зруйнаваную вайной гаспадарку. Дастаткова зірнуць на заводы-гіганты, якія ўзняліся ў Мінску, дастаткова прайсціся па новых бульварах, плошчах і вуліцах Мінска, каб зразумець, чаму мы так горача падтрымліваем ідэю міру.

Увесь совецкі народ, залячыўшы раны вайны, гіганцкімі крокамі ідзе наперад, да комунізма. Гулам працы пачынаецца кожны наш дзень на Волзе, на Дняпры, у Сярэдняй Азіі, у Сталінградзе, у Мінску – ва ўсёй нашай краіне.

У той час, калі совецкія людзі распрацоўваюць і змагаюцца за ажыццяўленне планаў новых грандыёзных будоўляў, там, за акіянам, распрацоўваюцца зусім іншыя планы – планы крывавай вайны, знішчэння людзей, заваявання ўсяго свету амерыканскімі міліярдэрамі. Аднак гэтым канібальскім планам не суджана збыцца. Народы свету бяруць справу міру ў свае рукі.

 

Што-ж? Калі зноўку банкіры

Навяжуць нам войны,

Простыя людзі адкажуць –

Як след ім, спакойна.

Простыя людзі адкажуць –

На сушы, на моры...

Пазалязаюць ад кары

Падпальшчыкі ў норы,

Iм, паўцякаўшым у норы,

Падземныя ходы,

Так тады скажуць,

За карак схапіўшы,

Народы:

– Вы сябе звалі, паны,

Грамадзянамі свету,

Што-ж, грамадзяне,

Вылазьце з нары на планету!

Страцілі сілу

Жыхарскія вашы паперы,

Вы не прапісаны болей

На гэтай кватэры.

Ваша кватэра ў магіле цяпер,

Пад зямлёю,

З надпісам вечным –

Пракляццем народаў – над ёю.

Так яно будзе.

Вось гэтак адкажуць мільёны –

Простыя людзі ўсіх нацый:

Міроны і Джоны.

Шчасце здабудуць

Сабе назаўсёды – так будзе! –

Гордасць і слава зямлі нашай –

Простыя людзі.

Хай-жа ад сэрца да сэрца

Iдзе маё слова...

За акіянам крычаць

Аб вайне ўжо нанова.

Капіталісты хацелі-б

Злачыннай рукою

Простых людзей

Зноў засыпаць акопнай зямлёю.

У сваіх марах

Кватэрай уласнай планету

Бачаць яны, а сябе –

Грамадзянамі свету.

Бачаць яны сябе

Свету ўсяго ўладарамі,

Простых людзей-жа –

Навечна сваімі рабамі.

Што-ж? Я скажу ім:

Мы выйшлі з дзіцячага ўзросту –

Простых людзей

Заняволіць сягоння не проста!

Простыя людзі стварылі

Дзяржаву на ўсходзе,

Сталі на сталыя ногі

Ў семнаццатым годзе.

3 радаснай працы сваёй

I адзеты і сыты,

Сеюць і жнуць для сябе,

А не для Уол-стрыта.

Крочаць наперад,

Вялікай узняты ідэяй,

Стаўшы для ўсіх заняволеных

Светлай надзеяй.

Хай-жа ад сэрца да сэрца

Iдзе маё слова...

За акіянам крычаць

Аб вайне ўжо нанова.

№ ML00540

№ ML00884-002

bottom of page