top of page

АФАРЫЗМЫ

Нікому не дазволіць

Прадаць, ні заняволіць

Ні ўнука, ані сына

Край любы, край адзіны.

(«Каменка»)

​

Кожны мае свой бор, родны бор на зямлі.

(«Маё сэрца ў бары»)

​

Гасяць, чуў я, пажары лясныя

Сустрэчным агнём...

(«Грозная пушча»)

​

Раны гояцца часам, а дружбаю – гора.

(«Грозная пушча»)

​

Стаўшы лапцем, трымайся, як лапаць, лапцей:

Разам з імі на печ, разам з імі ў музей.

(«Грозная пушча»)

​

Адвечны час з нябачных нам дарог

Глядзіць на нас, нібы на муравейнік:

Вось-вось, здаецца, возьме ў рукі венік

I вымеце, як смецце, за парог.

(«***Адвечны час з нябачных нам дарог...»)

​

Ад шчасця сэрца скача, як дзіця,

Ад бед яно, як млын, шуміць начамі,

Варочае цяжкімі камянямі,

Падлічваючы горычы жыцця.

(«***Ад шчасця сэрца скача, як дзіця...»)

​

Пакліч – былое адгукнецца

Жалейкаю за хваіной;

Скраніся – і важкой хадой

Наступнае ў паход кранецца.

Пяройдзе шлях у новы шлях,

Расстанне – ў новае спатканне,

Напеў жалейкі – ў труб гучанне,

Выток жыцця – ў жыцця працяг.

(«На паўмільярдным кіламетры»)

​

Любоў – не райскія сады,

Любоў – не дом падараваны,

Любоў – бяздомнік прапісаны

У верным сэрцы назаўжды.

(«***Чужой любві я не зайздрошчу...»)

​

Сцвярджае час: заўжды жыццю на змену

Прыходзіць смерць, для ўсіх – адзін закон.

(«***Сцвярджае час...»)

​

Мы славу параўноўваем з віном,

А забыццё глухое – з палыном.

Пакуль не лёг твой цень, твой дзень кароткі

З табою ў ложак вечнасці – труну.

П’ючы шумлівай славы хмель салодкі,

Не забывай пра горыч палыну.

(«***Мы славу параўноўваем з віном...»)

​

Не прыпыняйся, не жахайся слова!..

Хай адвячорак доўгім ценем лёг –

Магчыма немагчымая размова

Датуль, пакуль магчымы маналог.

(«***Не бачыўся я ўсё жыццё амаль...»)

​

Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам.

(«***Хваробу, што здароўе падкасіла...»)

​

Час – лекар болю, а яго шпіталь –

Без краю, без пачатку памяшканне.

(«Пра боль»)

​

Адзінства гартаваць людзей павінна.

(«Цунамі»)

​

Калі штурвал не слухае рукі,

Нялёгка кіравацца летуценнем.

(«Цунамі»)

​

Хто ў людскім свеце жыў ад нараджэння,

Без страт няўхільных не пакіне свет.

(«Цунамі»)

​

Для таго – і сталасць,

Для таго – і праца,

Для таго – трываласць,

Каб людзьмі застацца.

(«Далёка да акіяна»)

​

Дружба нас забудзе

Гвалтам ці самохаць,

Хоць і цяжка, людзі

Жыць на свеце могуць.

Нас любоў пакіне,

Горка, што паробіш, –

Чалавек не згіне,

Калі справа побач.

(«Далёка да акіяна»)

​

Дружба – рэч адказная.

(«Далёка да акіяна»)

​

Жыццё –

Шляхоў і рэк падабенства:

Рух падарожны

Распачынае

Юнацтва наша

З крыніц маленства

I ў акіян небыцця

Ўпадае.

(«Далёка да акіяна»)

​

У каго – як зорка век,

У каго – камета.

Чалавеку чалавек

Друг – не жарты гэта.

(«Далёка да акіяна»)

​

У пары дзіцячае,

Светлае пары,

На кругах адзначаных

Ёсць свае сябры.

(«Далёка да акіяна»)

​

Зямля для ўсіх, хто там,

Для ўсіх, хто тут, –

Адзіная сапраўднасць і бясспрэчнасць,

I ёй адной – іх вечнасць і нявечнасць...

(«Варшаўскі шлях»)

​

Мінецца ўсё: пустая слава, мода,

I застанецца толькі сэнс адзін

Тых слоў, каторым саладзей ад мёду

Банкетнага быў палявы палын.

(«Варшаўскі шлях»)

​

Не бойся слова гучнага – прарок! –

Прарок не Бога – праўды слых і зрок.

(«Варшаўскі шлях»)

​

Не вер, што свет шырок, ён думкам цесны.

Хай ісціны старэюць з году ў год,

Хай сэрца разрывае гук жалезны,

А ты за ўсё ў адказе, мой балесны,

За справу, за дзяржаву, за народ.

(«Варшаўскі шлях»)

​

​

​

Не падсумоўвай паквартальнай зводкаю

Таго, што вымяраецца радком.

(«Парада сабе самому»)

​

Лепш падаць і ўставаць з нялёгкай ношаю,

Чым злёгку папіхаць яе рукой.

(«Мой новы год»)

​

Свет будзе пець, смяяцца, слёзы ліць

Датуль, пакуль на свеце людзям жыць.

(«Хуткасць»)

​

Ах, людзі, людзі, каб наперад зналі

Вы шлях, крывёй паліты і слязьмі,

То не пакутвалі б і не кахалі,

Не плакалі і не былі б людзьмі.

(«Хамуціус»)

​

Для рызыкоўных спраў

Разумная не шкодзіць засцярога.

(«Хамуціус»)

​

Мужык і пан. Пан і мужык.

Не ў слове

Хаваецца іх сутнасць, а ў аснове,

З якой яны, як з плесені грыбы,

Растуць... Дзе ўладары, там – і рабы.

(«Хамуціус»)

​

Гадзіннік мой – не сонца, што ў зеніце,

Гадзіннік мой – не сэрца, што ў грудзях.

Сваім дакладным часам на арбіце

Сама зямля мой вымярае шлях.

(«***Гадзіннік мой – не сонца, што ў зеніце...»)

​

I час ляціць! – для ўсіх абмежаваны

Хваробаю, нястачаю, вайной.

(«Варшаўскі шлях»)

​

Па-рознаму адлегласць паміж стартам

I фінішам нам адмярае час.

(«***Устоіць той, хто варт...»)

​

Час – лекар болю, боль жывая рана,

Дзіця, не ўтаймаванае нічым:

Ні вечнай калыханкай акіяна,

Ні вечнасці надвор’ем штармавым.

(«Пра боль»)

​

Халодная ўвага не вартая ўвагі.

(«***Спакойнага шчасця не зычу нікому...»)

​

Выток і рэк і шляхоў адзіны:

Ад непрыкметнае ручаіны

Паходзяць плыні рэк паўнаводных,

Шляхі – ад рэчышчаў пешаходных.

(«Далёка да акіяна»)

​

Аднак саюз мужчынскі – не каханне,

Дзе трэці лішні пакідае двух.

(«***Мой маналог, як палымяны конь...»)

​

Калі каханне абвянчае

Жаданай згодай маладых,

Свайго сумлення не хавае

Яно ад позіркаў чужых.

А звяжа шлюбам маладая

Сябе з нялюбым і старым,

Свайго сумлення не схавае

Яна за прозвішчам чужым.

(«***Калі каханне абвянчае...»)

​

Сноп апошні залатога жыта

Застаецца ў памяці палос.

(«***Сноп апошні залатога жыта...»)

​

Ёсць у паэта свой аблог цалінны,

Некрануты прастор для баразён,

Дзе ён працуе з першае хвіліны

I да апошніх вечаровых дзён.

(«***Ёсць у паэта свой аблог цалінны...»)

​

Срэбра ззяе раскошай,

I сыта яно і адзета,

Толькі бедна натхненнем –

Адзіным багаццем паэта.

(«***На пасадзе цяжкой…»)

​

Казырнуў не яму, а партфелю.

(«Грозная пушча»

​

Ты згасіш сонца, час, але не згіне

Наш род людскі – каманда карабля, –

Ён мачтавыя сосны не пакіне,

Пакуль ім будзе палубай зямля.

(«***Ты згасіш сонца, час, але не згіне...»)

​

Пакуль у целе чуецца душа,

Не веру я ў таемны сэнс другога

Яе жыцця.

(«Варшаўскі шлях»)

​

Людское сумленне за грошы

Купілі – прыстойны тавар.

Цяпер яно беднасці можа

З пагардаю глянуць у твар,

Зрабіцца паважным, вяльможным,

Пашану і славу набыць...

Адно яно толькі не можа –

Сумленнем някупленым быць.

(«***Людское сумленне за грошы…»)

​

Злучыліся: з дарогамі дарога,

З лістамі дрэва, са слязою пыл,

I ў сэрцы тым, дзе ўсёй зямлі трывога,

У тры разы прыбавілася сіл.

(«***Мой маналог, як палымяны конь...»)

​

Толькі ўперад і ўперад,

Ні кроку назад!

(«Толькі ўперад»)

​

Няма шляхоў да самазахавання,

Няма дарог да светазабыцця

У час ліхі ўзаемапалявання

Сіл супрацьлеглых: смерці і жыцця.

(«Цунамі»)

​

Пяройдзе шлях у новы шлях,

Расстанне – ў новае спатканне,

Напеў жалейкі – ў труб гучанне,

Выток жыцця – ў жыцця працяг.

(«На паўмільярдным кіламетры»)

​

Спакойнага шчасця не зычу нікому:

Навошта грымотам маланка без грому,

Навошта ручай без пякучае смагі,

Халодная ўвага не вартая ўвагі,

Жаданні, што прагныя крылы згарнулі,

Зязюля без лесу і лес без зязюлі?

(«***Спакойнага шчасця не зычу нікому...»)

bottom of page