Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
ЁН ІХ НА ПОДЗВІГ ЗВАЎ...
Вялікая Айчынная вайна ў жыцці і творчасці Аркадзя Куляшова
2019 ...........
З душой жняі, з рукамі каваля,
Каб уздыхнула радасна Зямля,
Iшоў з байцом жывым і нежывым
I плакаў па вялікім свеце тым
За кожнага
I з кожным, з кожным,
Кожным….
…
Здаралася і хлусіў ён для смеху,
Ды не маніў ніколі для маны.
Не раз, стаіўшы плач зямлі сірочай,
Ён іх на подзвіг зваў сваёй
Прарочай,
Чарнарабочай кнігай…
У 2019 г. спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, нашага земляка, ураджэнца Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Гэта значная падзея як для нас, яго землякоў, так і ў маштабах усёй краіны. Лірык і філосаф, які з незвычайнай шчырасцю і цеплынёй выказаў у сваёй творчасці лёс цэлага пакалення, да якога належаў і сам. Аркадзь Куляшоў – паэт-інтэрнацыяналіст, пісьменнік, які з першага дня сваёй творчай працы, заявіў пра сябе як мастак, здольны пачуць увесь свет. Многія творы, у тым ліку створаныя ў няпростых умовах ваеннага ліхалецця, сталі класікай айчыннай грамадзянскай лірыкі, увайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры.
Гады Вялікай Айчыннай вайны – яркі перыяд у творчасці народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Па сіле ўздзеяння на чытача творы Куляшова, напісаныя ў той час, лічацца наймацнейшымі з напісаных паэтамі-франтавікамі, бо грунтуюцца на канкрэтных рэаліях, асабістым ваенным вопыце. Драматычныя, нават трагічныя – як і час, у які яны ствараліся, – яны валодалі велізарнай духапад’ёмнасцю, яны гаварылі кожнаму сэрцу, што такое Радзіма, свабода, родны краявід і матчына мова, з чым жыць і як змагацца.
У 2019 г. наша краіна адзначае 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, свой вялікі ўнёсак у якое зрабіў і Аркадзь Куляшоў, сведка і непасрэдны ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
На палях Беларусі адбываліся крывавыя бітвы, шматгадовы плён стваральнай працы яе насельніцтва бязлітасна знішчаўся захопнікамі, чорны дым пажарышчаў пакрыў мірныя гарады і сёлы акупіраванай ворагам тэрыторыі. Цяжкія, нябачаныя ахвяры нёс мужны і працавіты народ. З бяспрыкладным гераізмам сыны вялікай краіны адстойвалі чэсць і свабоду сваёй бацькаўшчыны, адначасова вырашаючы на палях бітваў лёс усяго чалавецтва. Зямля роднай Беларусі, сыходзячы крывёю, у пажарышчах і шыбеніцах, апынулася пад пятаю ненавіснага ворага.
У аўтабіяграфіі паэт засведчыў: «24 чэрвеня 1941 года пакінуў я разбураны фашысцкай бамбардзіроўкай, ахоплены пажарам Мінск». Аднак вядома, вайна пачалася 22 чэрвеня. Дзе ў той дзень знаходзіўся малады творца? Як павёў сябе Куляшоў-ваеннаабавязаны, Куляшоў – паэт і грамадзянін?
Страшную звестку пра пачатак вайны паэт пачуў у Хоцімску, калі знаходзіўся ў бацькоў. Яго сям’я – жонка і двое дзяцей – была ў Пухавіцкім доме адпачынку. У гэты самы дзень – 22 чэрвеня – паэт пайшоў у Хоцімскі райком партыі. Адтуль на спадарожнай машыне даехаў да станцыі, а потым цягніком адправіўся ў Мінск, дзе на свае вочы бачыў, як гарэў дом, у якім яны калісьці жылі разам з Таўбіным і Астапенкам. Свой ваенкамат паэт ужо не застаў, з жонкай і дзецьмі ў Мінску ўбачыцца таксама не давялося: яны паехалі ў Хоцімск. Пазней, з першага ліста Аксаны Фёдараўны, А. Куляшоў даведаўся, што размінуўся з роднымі ў дарозе. На адной са станцый у час прыпынку сустрэчных цягнікоў Куляшовы маглі спаткацца, але пяцігадовая дачушка пісьменніка заўважыла бацьку ў акне вагона толькі тады, калі цягнік крануўся. Дзяўчынка на ўвесь голас закрычала: «Мама, тата паехаў!». Аднак што-небудзь зрабіць ужо было позна.
Менавіта таму эмацыйны маналог у пачатку паэмы А. Куляшова «Сцяг брыгады» ў многім узяты з жыцця. Тут усё злілося ў адно: і рэальнае ўражанне ад дзіцячых цацак у пустой кватэры, і пачуцці, выкліканыя лістом, дасланым жонкай, і, безумоўна, тымі трагічнымі відовішчамі, якія давялося бачыць, ідучы па шашы Мінск–Орша ў пошуках ваенкамата ці ваеннай часці, дзе можна было б стаць на ваенны ўлік, прызвацца ў дзеючую армію.
Адступленне нашых войск, жорсткія налёты фашысцкай авіяцыі, незлічоныя людскія ахвяры – усё гэта не толькі ўразіла душу паэта сваім трагізмам і нечаканасцю, але ў многім разышлося з тымі ўяўленнямі аб будучай вайне, што склаліся ў свядомасці савецкага чалавека, і жахлівыя малюнкі якой з той ці іншай ступенню верагоднасці спрабаваў паказаць у даваенных творах і сам А. Куляшоў. Праўда вайны аказалася непараўнаўча больш суровай і балючай…
З вялікімі цяжкасцямі Куляшоў з групай таварышаў дабраўся да Віцебска, а адтуль цягніком да Калініна, дзе быў залічаны ў рады Чырвонай Арміі. У другой палове ліпеня Куляшова накіравалі ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам.