Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
БІЯГРАФІЯ
Не для славы і не за ордэн,
А для народа, і ў гонар яго
Мае песні і маё слова,
I жыцця вірунак майго…
Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў (06.02.1914–04.02.1978) – народны паэт Беларусі, перакладчык, літаратурны крытык, публіцыст, кінасцэнарыст, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся на Магілёўшчыне, працаваў у газеце «Чырвоная змена», на беларускім радыё, галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», галоўным рэдактарам на кінастудыі «Беларусьфільм».
Друкавацца пачаў з 1926 г., першы паэтычны зборнік «Росквіт зямлі» выйшаў у 1930 г. Паэт пакінуў багатую творчую спадчыну глыбокага маральна-этычнага і эстэтычнага зместу. А. Куляшоў з таго пакалення, якому давялося жыць у часы складаных гісторыка-палітычных падзей і перамен: некалькі маштабных войнаў (Першая сусветная, грамадзянская, Другая сусветная), нараджэння і развіцця першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы, асваення космасу чалавекам.
Напісанае А. Куляшовым – мастацкі летапіс цэлай эпохі. Яго паэзія прысвечана найбольш значным падзеям часу, людзям, прыродзе Беларусі, народнаму подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне. Паэма «Сцяг брыгады» стала дасягненнем савецкай паэзіі, А. Твардоўскі назваў яе «народнай паэмай». Вершы «Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет», «Балада пра чатырох заложнікаў» – узор патрыятычнай лірыкі. Творы А. Куляшова ўключаны ў праграмы агульнаадукацыйнай школы, вышэйшых навучальных устаноў, перакладзены больш як на 33 мовы свету.
А. Куляшоў з'яўляецца сааўтарам сцэнарыяў мастацкіх фільмаў «Чырвонае лісце», «Запомнім гэты дзень» і «Першыя выпрабаванні» па матывах трылогіі Я. Коласа «На ростанях». У яго перакладах на беларускую мову выйшла шмат твораў рускай, украінскай і замежнай класічнай паэзіі, у т.л. паэма «Яўгеній Анегін» А. Пушкіна, «Мцыры», «Дэман» М. Лермантава, «Выбранае» С. Ясеніна.
Народны паэт вёў актыўную грамадскую дзейнасць. З 1947 па 1978 г. быў Дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 2–9 скліканняў, працяглы перыяд з'яўляўся старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, удзельнічаў у Сусветнай канферэнцыі моладзі ў Лондане, у рабоце ХVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. А. Куляшоў уваходзіў у склад прэзідыума Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, Праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, Праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР. З'яўляўся членам Пушкінскай камісіі пры Аддзяленні літаратуры АН СССР, старшынёй каміссіі па літаратурнай спадчыне П. Галавача.
Узнагароджаны дзвюма Дзяржаўнымі прэміямі СССР за паэмы «Сцяг брыгады» і «Новае рэчышча», Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы за пераклады вершаў і паэм, прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі, двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і многімі іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі.
Імя Аркадзя Аляксандравіча Куляшова нададзена Магілёўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, школам у Мінску і Саматэвічах. Яго імя носяць вуліцы ў Мінску, Магілёве і Касцюковічах; у сталіцы, на доме № 7 па вуліцы Янкі Купалы, дзе жыў паэт, усталявана мемарыяльная дошка. З 1979 г. Саюзам пісьменнікаў Беларусі прысуджаецца Літаратурная прэмія імя А. Куляшова. На радзіме паэта – у Саматэвічах – створаны Літаратурны музей А. Куляшова.
Лёс народнага паэта Беларусі моцна знітаваны з лёсам свайго народа, што пацвярджаў і сам пісьменнік:
Я – акіяну жытняга калоссе:
Мільёны лёсаў змешчаны ў маім.
Жыць і працаваць «дзеля шчасця і міру на зямлі» – нязменнае крэда Куляшова-творцы і грамадзяніна. Паэт-франтавік быў цвёрда перакананы, што «толькі сумеснымі намаганнямі можна выратаваць самае каштоўнае для чалавецтва – жыццё». Гэтую думку ён на поўны голас выказаў у многіх сваіх выступленнях і мастацкіх творах, у прыватнасці паэме «Цунамі». Сказанае пісьменнікам па-ранейшаму гучыць актуальна і ў ХХІ стагоддзі.