Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
А. Куляшоў
ВЯЛІКІ АБАВЯЗАК
1939 ............................................
Дзесяць дзён, якія беларускія пісьменнікі правялі ў Маскве, з’яўляюцца для кожнага з нас светлай падзеяй у жыцці. Надзвычай цёпла праходзілі вечары беларускай культуры, яны былі яркай дэманстрацыяй дружбы двух братніх народаў – рускага і беларускага.
У дні, калі нашу дэлегацыю гасцінна сустракала грамадскасць Масквы, новая падзея радасна ўскалыхнула сэрцы совецкіх літаратараў – урад узнагародзіў лепшых пісьменнікаў ордэнамі Совецкага Саюза.
Гэта абавязвае ўсіх нас працаваць больш і лепш на славу вялікага народа, на славу партыі Леніна – Сталіна.
Совецкія пісьменнікі гэты вялікі абавязак выканаюць.
Куляшоў, А. Вялікі абавязак / А. Куляшоў //
Літаратура і мастацтва. – 1939. – 9 лютага.
А. Куляшоў
ПАЭЗІЯ МАКСІМА ТАНКА
1939 ..................................
Гэта не крытычны артыкул, а толькі ўсяго першыя ўражанні, раптоўныя думкі, выкліканыя радасным знаёмствам з новым, непаўторным вобразам юнака, створанага паэзіяй Максіма Танка.
Хто ён такі, гэты юнак? Звычайны хлапец з вёскі Заходняй Беларусі, якому рана давялося адчуць сацыяльны і нацыянальны прыгнёт і пра ўсё гэта ярка і арыгінальна расказаць людзям. У мяне могуць спытаць: што свежага і арыгінальнага можна стварыць пасля вершаў Купалы і Коласа, якія так поўна і ярка выказалі сваёй паэзіяй усю крыўду і нядолю народа дваццаць, дваццаць пяць год таму назад у вельмі блізкіх умовах жыцця, ва ўмовах царскай Расіі? Так, умовы жыцця ў царскай Расіі і ў панскай Польшчы былі вельмі блізкія. Але... але ўсё ж такі жыццё ніколі само сябе не паўтарае. Дадзім слова паэту:
Цесна схіліўшыся, месіць старая
З жытняй мякінай ў дзяжы.
– Хоць бы да першых растопаў дажыць! –
Хворы на ложку ўздыхае.
А у кутку абразы цудатворцаў,
Даўна ад дыму сляпых.
Б’е ім паклоны за дождж, за снапы
Ноччу старая да сонца...
Мала змянілася, вёска мая ты!
Болей мо трохі лапцей.
Болей на плечах ў старых і ў дзяцей
Голага цела і латаў...
Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт у былой панскай Польшчы, у параўнанні з царскай Расіяй, дайшоў да гіпербалічных памераў. З беззямельнага сялянства Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны зганялі па тры скуры за дзень. Сістэма падаткаў і штрафаў дайшла да таго, што дзяржаве селянін плаціў штрафы за ўсё, нават за тое, што на страсе пуні вырасла сцябліна тытуню. За чытанне вершаў Коласа ці Купалы беларускі сялянскі хлапец павінен быў адседзець у турме ці зноў-такі плаціць штраф. I атрымалася так, што ўжо не адзінкі, а цэлыя сем’і, цэлыя вёскі ішлі ў турмы. Такая нечуваная нядоля – ужо не проста паўтор сацыяльнага і нацыянальнага гнёту былой царскай Расіі, а нешта большае.
У гэтым першая асаблівасць умоў, у якіх давялося жыць і тварыць маладому сялянскаму паэту Танку. Польскія паны як наймацней заціскалі ярмо сацыяльнага і нацыянальнага ўціску на шыі працоўных яшчэ і таму, што ў панскім сэрцы, побач з нікчэмна-смешным шляхецкім гонарам, вельмГ добра ўжываўся страх перад народам, перад немінучым народным паўстаннем. Баяцца ж было чаго! З панскай Польшчай межаваў Савецкі Саюз, у якім народы не зналі ні сацыяльнага, ні нацыянальнага ўціску, а ад прыгнечанага народа «крэсаў усходніх» цяжка было схаваць гэту праўду.