Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
ТВОРЧАСЦЬ
ТЭМАТЫКА ТВОРАЎ. РЭЦЭНЗІІ
ІНТЭРВ'Ю
НАРЫСЫ ЖЫЦЦЯ І ТВОРЧАСЦІ
ЛІТАРАТУРНА-
КРЫТЫЧНЫЯ АРТЫКУЛЫ
ГІСТОРЫЯ АДНАГО ТВОРА
ТЭМАТЫКА ТВОРАЎ. РЭЦЭНЗІІ
МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДЧЫКА
КУЛЯШОЎ-СЦЭНАРЫСТ
ВЫКАЗВАННІ ПРА КУЛЯШОВА
ПУБЛІЦЫСТЫКА
КУЛЯШОЎСКІЯ ЧЫТАННІ
"Працаваць за пісьменніцкім сталом нават з амаль бязважкім алоўкам у руцэ – рэч далёка не лёгкая. Толькі калі ты прапусціш праз уласнае сэрца тое, пра што пішаш, калі будзеш звязаны з тымі, для каго творыш, аднымі клопатамі, думкамі і пачуццямі – толькі тады твая літаратурная праца даставіць табе шчасце быць патрэбным людзям".
Аркадзь Куляшоў
Н.В. Заяц
ТЭМА ПАЭТА I ПАЭЗІІ Ў ЛІРЫЦЫ
А. КУЛЯШОВА I В. ЗУЁНКА
2004 .............................
Тэма мастака і мастацтва, паэта і яго прызначэння прыцягвала ўвагу майстроў слова ва ўсе часы. Шырокае ўвасабленне і шматбаковае асэнсаванне атрымала яна і ў лірыцы прадстаўнікоў розных паэтычных генерацый Аркадзя Куляшова і Васіля Зуёнка. Гуманістычны характар, агульначалавечая скіраванасць, маштабнасць мастацкага мыслення абодвух аўтараў тлумачаць пэўнае падабенства ў асэнсаванні названай тэмы:
1. Лёс мастака, паводле А. Куляшова і В. Зуёнка, неадлучны ад самых галоўных і вострых праблем сваёй эпохі. Франтавыя дарогі аднаго паэта, «абпаленае маленства» другога, клопат пра будучыню, небяспека новых трагедый нарадзілі ў творчасці пісьменнікаў вобразы песні-зброі, паэта-змагара. Яны займаюць цэнтральнае месца, напрыклад, у вершах «Размова з патомкам», «Пра вечнае пяро» А. Куляшова. Вобраз паэта-змагара – галоўны ў творы В. Зуёнка «Палыхаюць...». У больш познім вершы «Меў намеры стары Архімед...» В. Зуёнак прызнае: «Слоў ліхвяр – знай – яшчэ не змагар»: пісьменніку неабходныя словы, здольныя вытрымаць выпрабаванне часам, але знайсці іх нялёгка.
2. Адказнасць за кожнае слова стала літаратурным крэда для названых аўтараў і адным з лейтматываў іх творчасці. Спавядальны пафас многіх вершаў А. Куляшова 1960–70-х гг. («Ёсць у паэта свой аблог цалінны...», «Парада сабе самому», «Хуткасць», «Зайздрошчу я мастам...» і інш.) узмацняецца матывам пакаяння за «несапраўдныя» радкі, пад якімі паэт «прозвішчам падпісваўся сваім». В. Зуёнку не давялася адчуць такой ломкі ідэалаў, як старэйшаму калегу, але праблема мастакоўскага сумлення хвалявала яго заўсёды («Я хачу, каб народ мой мяне пачуў...», «Паэт памыляцца не можа ніяк...», «Як лёгка...» і інш.). Абодва паэты мараць, каб іх слова «трымала сувязь з часам і людзьмі» (А. Куляшоў), «каб яно праз вякі праляцела» (В. 3уёнак).
3. А. Куляшоў бачыць сэнс жыцця ў служэнні Паэзіі, у яго лірыцы часта сустракаецца вобраз напісаных крывёю, прапушчаных праз сэрца радкоў («Хваробу, што здароўе падкасіла...», «Чалавек юбілейнага ўзросту...», «Хуткасць» і інш.). Афарыстычныя куляшоўскія радкі «Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам» у поўнай меры характарызуюць і светапоглядную пазіцыю В. Зуёнка: за кожнае слова ён «плоціць крывёю», вывярае ісціну сэрцам («Люблю цікаваць...», «13.ХІ.92», «У грымотах ашалелых веку...» і інш.).
4. Творчасць паэтаў гуманістычна скіраваная: яе прызначэнне яны бачаць у служэнні людзям, мараць, па выразу А. Куляшова, «словам боль загаіць людскі, хаця б адзін» («Таварыш соснам, караедам вораг...»). У В. Зуёнка гэтае жаданне выяўляецца ў многіх вершах («Ля падвалін не вухкаў цяжка...», «Помнікаў шмат узвялі...» і інш.). У куляшоўскім разуменні паэзія – гэта яшчэ і лекі для самога творцы ад цяжкай хваробы – бяздзейнасці, палёгку ад якой прыносіць толькі верш: «шаснаццацірадкоўе, шаснаццаць кропель цудадзейных лек» («Я гіну ад бяздзейнасці не месяц...»).