top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

А. Майсеенка
ПАЭЗІЯ ВЯЛІКІХ АДКРЫЦЦЯЎ

 

Імя Аркадзя Куляшова – выдатнага песняра сучаснасці, народнага паэта Беларусі, вядома шырокаму чытачу. Для некалькіх пакаленняў савецкіх людзей яго паэзія стала духоўным набыткам, спадарожніцай жыцця. Ідэйна-мастацкая глыбіня, уменне паэта заўважыць у звычайным і будзённым філасофскі сэнс, узняцца да абагульненняў вялікага грамадската значэння – гэтыя якасці робяць творчасць Аркадзя Куляшова выдатнай з’явай ва ўсёй савецкай літаратуры.

За плячыма Аркадзя Аляксандравіча Куляшова вялікі жыццёвы і творчы шлях. Ён нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў мястэчку Самацеевічы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і вясковага настаўніка.

Цікавасць да мастацкай творчасці ў будучага паэта выявілася вельмі рана: з сямі гадоў ён пачынае пісаць вершы, а ў 1926 годзе ў клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік» быў надрукаваны яго першы верш «Ты мой брат». Займаючыся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме (1928–1930) і ў Мінскім педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага, А. Куляшоў удасканальваўся як паэт. Пачынаючы з 1927 года, яго вершы ўсё часцей з’яўляюцца на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў, а неўзабаве выходзіць першая кніга юнага паэта «Росквіт зямлі» (1930).

У літаратуру А. Куляшова прывяла любоў да паэзіі, жаданне паэтычным словам адгукнуцца на небывалыя па сваім размаху і сацыяльна-гістарычнаму значэнню пераўтварэнні, ад якіх залежала будучыня Савецкай краіны. Ажыццяўленне планаў першых пяцігодак, перабудова вёскі на новай, сацыялістычнай аснове – усё гэта стала тымі блізкімі і жыццёва важнымі для паэта падзеямі, якія цалкам захапілі яго.

А. Куляшоў уваходзіў у літаратуру як паэт новай, сацыялістычнай явы, пясняр роднага краю, абноўленага Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Ужо ў сваіх першых зборніках «Росквіт зямлі» (1930) «Па песню, па сонца» і «Медзі дождж» (1932) ён увасобіў дынамічны вобраз эпохі, маладосць роднай сацыялістычнай дзяржавы, рамантычны воблік свайго пакалення, якое ўступала ў жыццё, абуджанае рэвалюцыйнымі пераўтварэннямі. Ствараючы вобраз лірычнага героя – свайго аднагодка, праз свет яго пачуццяў і перажыванняў, праз яго жыццёвы вопыт, здабыты ў гады сацыялістычнага будаўніцтва, А. Куляшоў па-свойму выяўляе імкненні людзей, якія адчулі сябе гаспадарамі свайго лёсу і сваёй краіны. У такіх вершах, як «Першая сустрэча з трактарыстам Анісам», «На зямлі», «Сібір», «Па песню, па сонца» і інш., бачна тое новае, небывалае, што эпоха несла з сабою і што стварала яе непаўторнае аблічча. Раннія вершы А. Куляшова вылучаюцца радасным успрыманнем савецкай рэчаіснасці, узвышанай рамантыкай, услаўленнем і паэтызацыяй чалавека – героя натхнёнай працы.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page