top of page

П.І. Лявонава

 

«БЫВАЙ»

1999 ................................................

На гэтым уроку вучні пазнаёмяцца з вершам, напісаным будучым паэтам, а тады іх аднагодкам, чатырнаццацігадовым Аркадзем Куляшовым, які потым стаў класікам нашай літаратуры. Тым больш зразумелымі ім павінны быць адлюстраваныя ў творы перажыванні.

Гэты твор, якому сам А. Куляшоў у сталасці не надаваў асаблівага значэння, стаў незвычайнай з’явай мастацкага жыцця ў 1972 годзе, калі кампазітар І. Лучанок, праз 44 гады пасля напісання верша А. Куляшовым, стварыў цудоўную песню на яго словы. Як піша дачка паэта Валянціна Аркадзеўна, у 1986 годзе, адразу пасля чарнобыльскай трагедыі, эвакуіраваныя з Беларусі на Волгу дзеці цэлымі днямі «круцілі» ў сваім лагеры пласцінку з песняй «Алеся». Песня – адзінае, што змаглі яны ўзяць з сабой, яна была іх духоўнай апорай у цяжкія дні. Няхай і вучні пачнуць вывучэнне верша з праслухоўвання песні.

Важна заўважыць, што нездарма верш стаў песняй: ён вельмі меладычны. Вядома, што сам А. Куляшоў да 14 гадоў складаў вершы выключна ў спалучэнні з мелодыяй, «выспеўваў» іх.

Пасля гэтага варта пазнаёміць вучняў з гісторыяй стварэння верша, з вобразам Алесі ў творчасці паэта і з яго прататыпам гэтага вобраза. Вядома, што чатырнаццацігадовы паэт быў моцна закаханы, як і многія яго сябры, у шаснаццацігадовую стройную смуглявую дзяўчынку з вялікімі выразнымі вачамі – Аляксандру Карыткіну, якую Аркадзь Куляшоў называў Алесяй. Але дзяўчынка скончыла школу, паехала ў Ленінград на вучобу, стала настаўніцай, і жыццёвыя дарогі іх разышліся назаўсёды. А. Куляшоў вельмі цяжка перажываў расстанне, яшчэ ў чатырнаццаць гадоў ён напісаў цэлую паэму, якую прачытаў толькі малодшай сястры і адразу ж спаліў.

Алесі прысвечана многа вершаў А. Куляшова, яе вобраз ёсць у паэмах «Толькі ўперад» і «Далёка да акіяна». Алеся і паэт многа гадоў перапісваліся, але не сустракаліся. Толькі аднойчы, праз 23 гады, А. Куляшоў убачыў былую каханую, але вырашыў не падыходзіць да яе, бо вярнуць першае каханне немагчыма.

Які ж вобраз асвятляў усё жыццё паэта? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба яшчэ раз праслухаць верш у чытанні настаўніка, вызначыць, якімі эпітэтамі называе паэт каханую, як адпавядаюць малюнкі прыроды настрою паэта.

Вызначаючы настрой паэта як сумны, нават адчайны, вучні прапануюць радкі з прачытаных вершаў, якія маглі б «суцешыць» лірычнага героя: будзе зноў змярканне/ I будуць клёны ў сне / I першае спатканне / Прадоўжыцца ў мяне (Н.Гілевіч), «I не будзе канца ні вясне, ні іскрыстай расе, ні каханню» (У.Караткевіч) і інш.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Міхаіл Яніцкі

 

ТВОРЧАСЦЬ  АРКАДЗЯ  КУЛЯШОВА 

Ў  ПРАГРАМЕ  ВОСЬМАГА  КЛАСА

Дыяпазон творчасці народнага паэта Беларусі надзвычай шырокі, што і зразумела: каля паўстагоддзя шчыраваў ён на ніве беларускай паэзіі. А. Куляшоў – аўтар шматлікіх філасофскіх вершаў, баладаў, панарамных паэм, мастацкіх перакладаў. Васьмікласнікі толькі пачынаюць знаёміцца са складаным, непаўторным светам паэзіі А. Куляшова, калі не лічыць вывучэнне невялікага ўрыўка з яго гістарычнай паэмы «Хамуціус» у 6 класе.

У праграму для 8 класа ўключаны тры вершы паэта, якія адносяцца да розных перыядаў яго творчасці і адрозніваюцца па тэматыцы і жанравых асаблівасцях. Гэта балада ваеннага часу «Маці», верш аб прызначэнні паэта і паэзіі «Ёсць у паэта свой аблог цалінны...» і філасофскі верш «Сама зямля не вечна – час даводзіць...». У праграме называюцца таксама два вершы для дадатковага чытання – «Зямля» і «Мне сніўся сон: ты адляцела ў вечнасць...». Ёсць у праграме і мастацкі пераклад А. Куляшова паэмы амерыканскага пісьменніка Генры Лангфэла «Спеў аб Гаяваце». У сувязі з тэмай «Аркадзь Куляшоў» у падручніку змешчаны матэрыялы па развіцці вуснай мовы вучняў – выразнае чытанне твораў розных жанраў. Колькасць вершаў супадае з колькасцю адведзеных на вывучэнне тэмы гадзін, таму на кожны ўрок для вывучэння бярэцца адзін верш. Улічваючы ўсё вышэй сказанае, сістэма ўрокаў па тэме «Аркадзь Куляшоў» будзе такой:

 

Урок 1. Асоба паэта. Народная балада «Маці».

Урок 2. Касмічная тэма ў творчасці А. Куляшова. Верш «Сама зямля не вечна – час даводзіць...».

Урок 3. Верш «Ёсць у паэта свой аблог цалінны...». Праблема паэта і паэзіі ў творы.

Урок 4. Выразнае чытанне твораў розных жанраў.

 

УРОК 1: АСОБА ПАЭТА. НАРОДНАЯ БАЛАДА – «МАЦІ»

 

Каб пазнаёміць вучняў з асобай А. Куляшова і паспець прааналізаваць немалую па памерах баладу, настаўніку не абысціся без апераджальнага задання, якое даецца ўсяму класу. Праверку ведання ўступных матэрыялаў да тэмы «Аркадзь Куляшоў» – успамінаў дачкі паэта В. Куляшовай і ўрыўка з працы У. Гніламёдава «З пазіцый часу і вечнасці», змешчаных у падручніку, – можна правесці шляхам франтальнага апытання: 1. Што вы даведаліся пра дзяцінства паэта? Адкуль у А. Куляшова такая цікавасць і любоў да народнай песні? 2. Раскажыце пра пачатак літаратурнай дзейнасці паэта, які гэта быў час? Што паўплывала на развіццё паэтычных здольнасцяў А. Куляшова? 3. Раскажыце пра ўдзел паэта ў Вялікай Айчыннай вайне.

Пасля гутаркі настаўнік скіруе ўвагу на партрэт А. Куляшова. Вучням прапануецца паразважаць, ці адпавядае партрэт таму ўяўленню, што склалася ў падлеткаў пра гэтага чалавека. Трэба спадзявацца, што васьмікласнікі адзначаць задуменны погляд паэта, яго разумныя, добрыя і ў той жа час поўныя ўнутранага болю вочы, што сведчыць пра драматычны лёс паэта. Настаўнік дапоўніць звесткі пра асобу А. Куляшова, засяродзіўшы ўвагу вучняў на ўдзеле паэта ў Вялікай Айчыннай вайне.

Вайна застала А. Куляшова ў Хоцімску. Жонка з дзецьмі была ў доме адпачынку ў Пухавічах. Апынуўшыся ў Мінску, А. Куляшоў на свае вочы бачыў бамбёжкі, разбурэнні. Давялося пакінуць родны горад. Пешкі дабіраўся паэт па шашы да Оршы, зазнаўшы са шматлікімі землякамі горыч адступлення: налёты фашысцкай авіяцыі, бамбёжкі, трывогі перад невядомасцю. З Оршы цягніком дабраўся да Калініна, дзе добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Закончыўшы ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам, апынуўся ў армейскай газеце «Знамя Советов». Пісаў палымяныя вершы і паэмы. Для творчасці ваеннага часу характэрна цікавасць паэта да баладнага жанру. У 1943 годзе А. Куляшоў стварае баладу «Маці».

1999 ........................

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

1964 ................

А. Царанкоў

 

ВЫВУЧЭННЕ  ТВОРЧАСЦІ  А. КУЛЯШОВА 

Ў  VIII  КЛАСЕ

 

На паведамленне кароткіх біяграфічных звестак пра А. Куляшова, на чытанне ў класе і аналіз яго вершаў «Камсамольскі білет» і «Плыла, цалавалася хмара з зямлёю» праграмай прадугледжваюцца дзве вучэбныя гадзіны. У сувязі з чытаннем і разборам названых вышэй твораў патрабуецца паўтарыць вядомыя вучням звесткі аб выяўленчых сродках паэтычнай мовы (эпітэт, параўнанне, увасабленне, метафара). Апрача таго, у якасці дадатковага матэрыялу вучням рэкамендуецца самастойна прачытаць вершы паэта «Жывы Ленін» і «Колас».

Найбольш мэтазгодна вучэбны час выкарыстаць наступным чынам: першы ўрок адводзіцца на знаёмства з кароткімі біяграфічнымі звесткамі, чытанне і разбор верша «Плыла, цалавалася хмара з зямлёю»; другі ўрок будзе прысвечаны вершу «Камсамольскі білет».

Чытанню ў класе і аналізу твораў такіх пісьменнікаў, як М. Лынькоў, К. Крапіва і іншыя, звычайна папярэднічаў расказ настаўніка аб іх жыццёвым і творчым шляху (кароткія біяграфічныя звесткі). Гэта абумоўлівалася тым, што творы іх вялікія па памеру і на вывучэнне іх адводзіцца значная колькасць вучэбнага часу. Вершы ж А. Куляшова невялікія, і работа над імі не патрабуе такога парадку, якога мы прытрымліваліся пры вывучэнні творчасці названых вышэй пісьменнікаў.

Зусім лагічна таму, каб на першым уроку настаўнік паведаміў толькі частку звестак аб жыцці і літаратурнай дзейнасці паэта, давёўшы біяграфічнае апавяданне да часоў Вялікай Айчыннай вайны. Урок мэтазгодна закончыць чытаннем і разборам верша «Плыла, цалавалася хмара з зямлёю», напісанага ў 1940 годзе.

На наступным уроку вучні атрымаюць кароткія звесткі аб жыцці і творчасці А. Куляшова ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пазнаёмяцца з вершам «Камсамольскі білет» і з літаратурна-грамадскай дзейнасцю, паэта ў наш час.

 

* * *

У настаўніка пакуль што няма колькі-небудзь шырокага нарыса аб жыццёвым шляху А. Куляшова. Біяграфія яго да гэтага часу яшчэ не даследавана і не напісана літаратуразнаўцамі. Ды і сам паэт не стварыў больш-менш падрабязнай аўтабіяграфіі. Аднак, апрача матэрыялу, змешчанага ў хрэстаматыі, настаўнік мае магчымасць для паведамлення вучням кароткіх звестак аб жыццёвым шляху А. Куляшова выкарыстаць невялікую аўтабіяграфію паэта з кнігі «Пяцьдзесят чатыры дарогі».

Літаратуразнаўцы зусім правільна сцвярджаюць, што аўтабіяграфія паэта – у яго вершах. Настаўнік не павінен забываць пра гэты важны рэзерв, з якога можна чэрпаць матэрыялы аб жыцці А. Куляшова. Сапраўды, у творах паэта ярка адлюстраваны яго жыццёвы шлях, побач з паэтычнай карцінай жыцця, думак і настрояў народа. Апрача таго, вершы А. Куляшова, якія раскрываюць яго лірычны роздум на розных этапах жыцця, дапамогуць вучням уявіць вобраз паэта як чалавека.

У VIII класе вучні ўпершыню знаёмяцца з творамі А. Куляшова, і таму настаўніку амаль няма магчымасці абаперціся на якія-небудзь творы паэта, вядомыя вучням з папярэдніх класаў. З гэтай прычыны знаёмства з біяграфіяй А. Куляшова мэтазгодна пачаць не з успамінаў вучняў аб вядомых ім творах паэта (хоць, вядома, у класе заўсёды могуць знайсціся вучні, знаёмыя з тым або іншым творам А. Куляшова), а з чытання якога небудзь лірычнага верша, у якім адлюстраваны яго асабістыя думкі і настроі, звязаныя з пэўным этапам жыццёвага шляху.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page