Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
ТВОРЧАСЦЬ
ГІСТОРЫЯ АДНАГО ТВОРА
Валянціна Куляшова
АЛЕСЯ

«Алеся» загучала на пачатку сямідзесятых і імгненна стала шлягерам.
Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,
Палынны жаль тугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінаю нанесеныя раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не змог. –
неслася над прастораю адусюль, уражваючы слухача не толькі прыгажосцю мелодыі, але і незвычайнай чысцінёй і пяшчотнасцю паэтычнага слова. Аўтару яго, чалавеку амаль «юбілейнага ўзросту», пачалі тэлефанаваць сябры – аматары паэзіі. Пасля традыцыйных для самой сітуацыі слоў захаплення нязменна надыходзіла чарга такое заўвагі:
– Я не думаў, што ты такі малады душой!
– Добра ж ты ведаеш маю паэзію... – гучала ў адказ, з чым суразмоўнік, не адчуваючы іроніі, спяшаўся пагадзіцца, пакуль аднойчы аўтар не ўдакладніў:
– Шчыра кажучы, я напісаў гэты верш чатырнаццацігадовым...
У заключным эпізодзе дакументальнага фільма пра Аркадзя Куляшова, які здымаўся пры жыцці паэта, ёсць такія кадры: герой яго паволі ўзыходзіць на курган, стаіць там і з гэтай вышыні ўглядаецца ўдалячынь, туды, дзе каласіцца жытнёвая ніва і хлопец з дзяўчынай, узяўшыся за рукі, знікаюць у яе хвалях.
Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая,
Чаму так горка, не магу я зразумець? –
гучала майска-чэрвеньскімі днямі 1986 г. над плёсамі Акі, аднаго з прытокаў Волгі, нагадваючы дзецям размешчанага тут экстраардынарнага лагера ўтульныя берагі іх родных Прыпяці, Сожа, Дняпра...
Гісторыю пра беларускіх дзяцей Чарнобыля, якія запойна круцяць у сваім эвакалагеры кружэлку з запісам куляшоўска-лучанкоўска-песняроўскай «Алесі», мне тады ж у Маскве расказалі карэспандэнты «Литературной газеты», дадаўшы, што песня – адзінае, што тыя захапілі з сабой у дарогу. Глыбінны сэнс гэтай з’явы, такой непадуладнай прагматычным меркаванням, мне доўгі час не ўдавалася расшыфраваць, нягледзячы на тое, што падобных перажыванняў не пазбегла і я сама, хоць схапіла тады (па дадзеных на 15 мая) не 60 і болей, як, напрыклад, жыхары Гомельшчыны, а ўсяго толькі 17 тых радыяцыйных адзінак, якія паказваў прыбор, падобны да паходнага міні-тэлескопа...
Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст
ВЯРТАННЕ АЛЕСІ
«Каханне нараджае паэта, і калі няма гэтага кахання, яго варта выдумаць», – сказаў аднойчы Аркадзь Куляшоў.
Яму не трэба было нічога прыдумваць. Было вялікае і чыстае каханне. У 14-гадовым хлапчуку прабудзіла гэтыя пачуцці дзяўчына Алеся Карыткіна.
Аркадзь Куляшоў пранёс свае пачуцці праз усё жыццё. Пра Алесю ён гаварыў неаднаразова ў многіх вершах, у паэмах «Толькі ўперад», «Далёка да акіяна». Аднак, першы твор, прысвечаны каханай, – «Бывай...» – стаў, сапраўды, легендарным. У 1972 годзе кампазітар Ігар Лучанок напісаў музыку на гэты верш, і песня «Алеся» гучыць па сённяшні дзень у выкананні ансамбля «Песняры»:
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся,
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
Пасля школы Аляксандра Карыткіна (потым Белазорава) паехала ў Ленінград. Там скончыла педагагічны інстытут і ўсё жыццё працавала настаўніцай. Прайшло колькі часу... У 1938 годзе яны пачалі весці перапіску.
Аркадзь Аляксандравіч вельмі цаніў думкі і водгукі Алесі, педагога-філолага, наконт яго вершаў, таму пасылаў свае творы ёй...
Калі ў 1978 годзе 4 лютага Аркадзя Куляшова не стала, Аляксандра Васільеўна напісала ліст да яго маці:
«Дорогая Екатерина Фоминична!
Примите моё самое искреннее и глубочайшее соболезнование по случаю кончины Вашего сына Аркадия Александровича.
Всем сердцем разделяю Ваше горькое горе, Вашу скорбь и печаль. Был он верным другом всех добрых людей, был он поэтом нашего времени, а память о нем будет светлой и вечной!»
Таксама ўсталявалася цесная перапіска з супрацоўнікамі Касцюковіцкага краязнаўчага музея і музея А. Куляшова ў Саматэвічах.
10 лістапада 1984 года ад Аляксандры Белазоравай прыйшоў чарговы ліст. Яна пісала:
«Самое главное пусть ваш музей будет живым памятником поэту А. Кулешову, пусть всегда звучат в нем стихи поэта, а читают их и слушают и взрослые, и дети, потомки, к которым обращался поэт:
Песня мая пехацінцам увайшла у твой дом,
Ты ёй даруй і глыбокія шрамы, і раны,
Знай, што і ім ты сваім абавязан жыццём.
Для нас, современников поэта, он был нашей гордостью, нашим полномочным представителем и в настоящем, и в будущем».
Алеся перажыла Аркадзя Куляшова ўсяго на 7 год, памерла ў г. Роўна ў 1985 годзе.
У апошнім сваім лісце ў Касцюковічы яна паведамляла: «Высылаю вам три книги с автографом Аркадия Кулешова. Он не забывал меня и в стихах, и в жизни, особенно в последние годы: старость любит вспоминать. Мне кажется, что этим книгам место только в музее поэта».
Рыгор Бярозкін
ЛЁС АДНАГО ВЕРША
У 1926 годзе ў клімавіцкай газеце «Наш працаўнік» быў змешчаны першы верш дванаццацігадовага Аркадзя Куляшова. Праз чатыры гады выходзіць першы зборнік паэта «Росквіт зямлі».
Дзіўна, але факт: у гэтым невялічкім зборніку не знайшло свайго адлюстравання амаль нічога з таго, што складала рэальную біяграфію шаснаццацігадовага паэта на пераходзе з маленства ў маладосць, яго знаёмствы, сустрэчы, радасці, засмучэнні і г. д. Гэтыя вершы нічога нам не расказалі пра тое, што мы дазналіся параўнаўча нядаўна з аўтабіяграфічнай паэмы Куляшова «Далёка ад акіяна»: пра першае каханне, пра ранняе натхненне, што наведала хлопца, і пра верных сяброў, якія хутка разгледзелі ў маладзейшым не абы-які талент і рупліва яго падтрымалі.
Зрэшты, дзіўнага тут няшмат. Разбіраючы першыя зборнікі Яраслава Смелякова, крытык Ст. Расадзін піша так: «Юнацтва не ўспамінае не таму, што яму няма чаго ўспамінаць. У яго таксама ёсць мінулае – дзяцінства. Але дзіцячыя ўспаміны ажываюць значна пазней, у сталасці і ў старасці. Для юнацтва яны –патэнцыяльны капітал, у яго яшчэ няма патрэбы распараджацца, успамінаць, падводзіць вынікі».
А яшчэ і такая рэч. Тое, што мы называем унутраным светам паэта, не абавязкова супадае сваімі параметрамі з яго, паэта, рэальнай біяграфіяй. Унутраны свет шырэйшы за біяграфію, бо ў яго ўваходзіць не толькі асабіста перажытае паэтам, а і тое, што ён уведаў і ўявіў.
Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст
Людміла Хрышчановіч
БЯСКОНЦА ДАРАГАЯ І РОДНАЯ
У нашым сямейным альбоме захоўваецца фотаздымак, які да сям’і нашай не мае аніякага дачынення. На адвароце яго напісана: «Л.В. Хрищенович на память о знакомстве с Алесей». Ніжэй – подпіс і дата: 11.5.84 г.
Гэта фота той самай Алесі, якой Аркадзь Куляшоў прысвяціў ці не самы знакаміты свой верш. Алесі, цёплыя пачуцці да якой ён пранёс праз усё жыццё. Як жа трапіў гэты здымак у наш альбом?
У 1980-я гады Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук рыхтаваў выданне збору твораў Аркадзя Куляшова, у які павінна была ўвайсці эпісталярная спадчына паэта. Збор гэтай спадчыны даручылі мне, тады малодшаму навуковаму супрацоўніку аддзела тэксталогіі і выданняў. Падчас работы даводзілася сустракацца з многімі пісьменнікамі, з людзьмі, якія добра ведалі паэта ці сябравалі з ім. Але ніводная не ўразіла мяне так моцна і не запомнілася так добра, як сустрэча ў Роўна з сяброўкай дзіцячых і юнацкіх гадоў Аркадзя Куляшова Аляксандрай Васільеўнай Карыткінай (па мужу Белазоравай). Сустрэча гэта адбылася 10 мая 1984 года.
Дабралася я ў Роўна познім вечарам. Без цяжкасцей адшукала патрэбны дом на вуліцы Бялінскага. Дзверы адчыніла маладая сімпатычная жанчына, як потым высветлілася, Кацярына Мікалаеўна Белазорава, дачка Аляксандры Васільеўны. А потым выйшла пажылая кабета невялікага росту, сціпла апранутая, з гладка зачасанымі і сабранымі на патыліцы чорнымі валасамі. «Мы вас чакалі», – ціха сказала яна і падала руку. Гэта была Алеся.
Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст
Варлен Бечык
«АБУДЖАНАЯ СЭРЦАМ, ДАРАГАЯ...»
Быў май – як заўсёды, цудоўны і непаўторны. I ў гэты час, у слаўную пару, калі ўсе салаўі на свеце спяваюць, здаецца, толькі аб каханні, калі ўсе зоркі кароткай маёвай ночы вядуць размову з душой і абуджаюць у ёй нейкае салодка-трывожнае хваляванне, у душы маладога хлопца нарадзіліся пяшчотныя, авеяныя светлай самотай радкі:
Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая,
Бывай, пялёсткамі развеяная квець, –
Тваё, чарнявае, юнацтва дагарае
I слоў заранкавая, сонечная медзь...
Зялёным вечарам ліхое развітанне,
Апошнім вечарам чаромхі мілай пах...
Назаўтра ў шэрані праплакала світанне,
Туман на ростанях скаціўся, ў травы паў...
Пачуццё было сапраўднае, вострае, і яно прарвалася праз абалонку выпадковасцей і лірычных штампаў, узнялося над душэўнай і творчай няспеласцю, хоць Аркадзю Куляшову, аўтару верша, было тады ўсяго чатырнаццаць гадоў. Яно вылілася ў словы і вобразы, што з юнай непасрэднасцю выявілі гэтае чыста юначае ўспрыняцце жыцця – ранішняй свежасці, вясновай квецені і сонечнай радасці. Праўда перажывання і яго паэтычная значнасць, мабыць, і былі якраз у тым, што смуткоўны «змрочны» сум разлукі так цудоўна азораны тут жыццёвым святлом і так нязмушана зліты з жывым сненнем прыроды – з зялёным вечарам, пахам чаромхі і туманом, які «на ростанях скаціўся, ў травы паў...».
Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст
М. Мішчанчук
АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ У ПАЧАТКУ ДАРОГІ:
НАЗІРАННІ НАД АСОБНЫМІ ТВОРАМІ
Малады паэт, якому толькі-толькі споўнілася 14 гадоў (мы ж ведаем, што ён нарадзіўся ў Касцюковіцкім раёне на Магілёўшчыне) у 1928 г. напісаў прачулы, поўны юнацкай цнатлівасці і летуценнасці, а таксама непрыхаванай журботнасці верш пра каханне «Бывай». Як магло такое здарыцца, што выдатны верш, у якім раскрываюцца перыпетыі складанага перажывання, напісаў такі маладзён? Няўжо ў яго быў вялікі вопыт у каханні? Ці каханне – гэта прыродны, як і талент, з дзяцінства, дар? Мне на чатыры гады больш. Я сама зведала боль расстання і боль (ужо радасны) сустрэч пасля доўгіх сварак і звадак, але ніколі не пісала б так, як напісаў маладзенькі падлетак Аркадзь Куляшоў. А ўсё, мне думаецца, атрымалася цудоўна і па-крыштальнаму чыста ў творы таму, што было хоць і ранняе, але СВЕТЛАЕ, ГАРМАНІЧНАЕ КАХАННЕ паміж маладымі людзьмі. Таму і развітвацца так цяжка. І дараваць немагчыма.
Тэма верша – вечная. Каханне было, ёсць і будзе. Каханне ў стане перамагчы нават смерць. Пачытаем у сувязі з гэтым горкаўскую паэму «Дзяўчына і смерць», караткевічаўскую аповесць «Ладдзя Роспачы» (хто не чытаў – многа-многа згубіў). Успомнім, што Каханне, пераможнае над усім – разбурэннем, хаосам, смерцю, здрадай, – хацеў паказаць спачатку ў сваёй трылогіі «Блуканне па пакутах» Аляксей Талстой. Гэта пазней ён перасатварыў ранейшую думку, расцягнуў апавяданне, расставіў герояў па розныя бакі барыкадаў барацьбы. А была ж такая цікавая задума! I, на жаль, не рэалізавалася. Каханне можа ўсё. Смерць – не ўсё. Каханне прыручвае звера, дзікуна (купалаўскага Машэку!), сіла – не ўсё і не ўсіх.
У Куляшова Каханне ў вершы ценькае (ёсць такое жамчужнае, брыльянтавае слоўца ў беларускай мове). Нейкае празрыстае, крохкае. Падзьмуў вецер трывогі – і яно рассыпалася. I ці склеяцца яго асколкі, што як часцінкі-слязінкі караляў рассыпаліся па майскай траве, па ходжаных-пераходжаных палявых сцежках? Відаць, не. Як і ў Багдановічавым «Рамансе». Там таксама застаўся толькі лёгкі цень ад былых сустрэч ды зорка ў небе – высокім-высокім, недасяжным.
Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст
Людмила Рублевская
КАРУСЕЛЬ ДЛЯ АЛЕСИ
Пайшла, ніколі ужо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
Кто не знает этой прекрасной белорусской песни! Сколько родителей назвали своих дочерей Алесями под впечатлением ее вдохновенных строк!
А знаете ли вы, что автор стихотворения «Бывай...», на которое написал музыку Игорь Лученок, – четырнадцатилетний мальчик?
Звали его – Аркадий Кулешов.
Мы зачастую воспринимаем классиков исключительно в «забронзовевшем» виде. Забывая, что каждый из них когда-то был юн и дерзок, и вообще нет поэта «без биографии».
Хотя в школьном учебнике жизнеописание выглядит так «гладко» и логично...
Аркадий Кулешов родился в деревне Самотевичи Костюковичского района в семье сельских учителей. То есть понятно, что ребенок, в отличие от многих сверстников, мог приобщиться к мировой культуре. В доме были хорошие книги, появилась возможность слушать граммофон – вообще чудо для деревни того времени. Как пишет дочь Аркадия Кулешова, известный литературовед Валентина Кулешова: «У пару Аркадзева дзяцінства тут яшчэ панавала цёплая атмасфера гнязда, заснаванага на каханні. Да таго ж гэта было гняздо сельскай інтэлігенцыі, якое яшчэ жыло тым, што вось-вось павінна было адысці ў нябыт, – набыткамі рускай, пераважна дваранскай, культуры XIX – пачатку XX ст.».
К тому же родители будущего поэта были музыкально одаренными людьми – отец в молодости несколько лет жил в Москве и пел в народной опере. Так что маленький Аркадий мог позволить себе иногда отказаться исполнять крестьянскую работу: «Я лянуюся...». И мать понимала – смотреть на облака время от времени так же необходимо, как и выбирать картофель.
Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст
Я.І. Клімуць
АД ЮНАЦКАЙ УЗНЁСЛАСЦІ ДА ФІЛАСОФСКАГА АСЭНСАВАННЯ
(параўнальны аналіз дзвюх рэдакцый верша А. Куляшова «Бывай...»)
У артыкуле разглядаецца сутнасць супадзенняў і адрозненняў
у дзвюх рэдакцыях верша А. Куляшова «Бывай...»
У літаратуразнаўстве трывала замацаваўся міф, што Аркадзь Куляшоў адразу пачаў пісаць амаль акадэмічна. I спасылкі рабіліся ў асноўным на зборнік «Росквіт зямлі», які сапраўды тады для шаснаццацігадовага юнака атрымаўся па-мастацку даволі салідным. Але многія даследчыкі не звярталі ўвагі на рэдактара зборніка, які сутнасна вырашаў яго змест, прапаноўваў скарачаць расцягнутыя вершы да двух-трох строф, што, здаецца, Куляшоў і рабіў, калі меркаваць па першых публікацыях і зборніку «Росквіт зямлі». А, можа, М. Чарот рабіў гэта самамэтна, правіў і крэжыў куляшоўскія радкі. А, можа, А. Куляшоў улічваў і заўвагі сваіх крыху старэйшых сяброў З. Астапенкі і Ю. Таўбіна. А. Куляшоў калі верыць звесткам В. Бечыка, страшэнна быў абураны рэдактарскай расправай над гэтым зборнікам, адкуль былі павыкідваны ўсе лірычныя вершы, а пакінутыя толькі самага грамадзянскага гучання ў адпаведнасці з тагачасным светаўспрыманнем рэдактара. Так гэта было, ці не так, сёння даказаць ужо немагчыма. Але ёсць мажлівасць паглядзець на твор розных рэдакцый паэта з сучасных пазіцый літаратуразнаўства.
Ідэнтычнасць радка, адпаведнасць строф, шматлікія выяўленчыя сродкі могуць цікавіць літаратуразнаўцаў пастаянна. I каб добра вывучыць раннюю паэзію А. Куляшова, ці не трэба раней вырашыць задаўніную праблему выдання Акадэмічнага збору твораў Аркадзя Куляшова. Гэта дало б добрыя падставы для напісання капітальнай працы пра творчасць Аркадзя Куляшова, няхай сабе кшталту аб’ёмнай манаграфіі ў расейцаў пра Уладзіміра Маякоўскага.