Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
ВОЛАТ БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ
Успаміны Міхася Ласоўскага
1979 ....................................
Вечарам нечакана атрымаў тэлеграму з Мінска і запрашэнне з Касцюковіч прыняць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных адкрыццю ў краязнаўчым музеі бюста народнага паэта Беларусі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова.
У дарозе чамусьці адразу ўспомніліся словы беларускага паэта Ніла Гілевіча, што, «калі на гістарычнай карце беларускай літаратуры правесці прамую па самых высокіх паэтычных вяршынях, то яна пройдзе так: Багушэвіч – Багдановіч – Колас – Купала – Куляшоў. Куляшову, як і кожнаму з яго вялікіх папярэднікаў, было суджана лёсам рушыць далей паэтычнае развіццё нацыі, узняць нацыянальны паэтычны геній на якасна новую ступень». А далей Ніл Гілевіч робіць вывад, што Аркадзь Куляшоў, бясспрэчна, – самая буйная постаць, самая значная велічыня сярод тых, чыя творчасць істотна рассунула духоўныя і мастацкія гарызонты беларускай паэзіі.
Пад уражаннем сказанага ясней бачыш і разумееш, якога паэта ў асобе Аркадзя Куляшова, якога волата творчага руху дала нам, беларусам, і ўсяму свету наша магілёўская зямля.
Пачатак знаёмства з паэтам
Чародкамі паплылі ўспаміны. Дажджлівым лістападаўскім вечарам 1948 года я рашыў пагартаць у салдацкай бібліятэцы вераснёўскі нумар часопіса «Новый мир». У далёкіх гарах Закаўказзя, удалечыні ад родных мясцін, мяне раптам скаланула, бліскавічна ўзрушылі пявучасцю радкі:
«Есть станция такая –
Коммунары.
Есть станция родная – Коммунары...».
З асалодай чытаў радкі і вымаўляў іх, як самае запаветнае:
«Стихом угнаться трудно за экспрессом,
А милый край
Шумит знакомым лесом.
Глаза всё зорче, всё острее слух,
Вперед. вперед...
Захватывает дух...».
Ад захаплення я, здаецца, быў на сёмым небе. Доўгі час гэты нумар часопіса насіў у сваім вайсковым мяшку і на ўсё жыццё запомніў пятую старонку гэтага часопіса, дзе быў надрукаваны верш, які заўсёды чытаў і перачытваў у вольныя хвіліны. Тады ўпершыню даведаўся пра аўтара верша, Аркадзя Куляшова, як свайго блізкага земляка. А ўжо затым пазнаёміўся са старонак часопіса «Новый мир» з паэмамі «Новае рэчышча» і «Простыя людзі».
Атрымалася так, што мая першая сустрэча з паэзіяй Куляшова была на рускай мове, з дапамогай перакладчыкаў Якава Хелемскага і Міхаіла Ісакоўскага. На рускай мове я чытаў і суровы летапіс вайны, паэму «Сцяг брыгады», знаходзячыся ў шпіталі пасля ранення на фронце ў канцы 1944 года ў невялікім літоўскім горадзе Седа. Але ў той час я яшчэ не ведаў, што аўтар – блізкі зямляк.
Помніцца добра мне і такі выпадак. У жніўні 1944 года я прыбыў на фронт у адну з гвардзейскіх дывізій 1-га Прыбалтыйскага фронта. Пасля жорсткага бою з ушанаваннем хавалі загінуўшых герояў. I калі прагучэў развітальны салют, хтосьці з байцоў-беларусаў стаў чытаць радкі:
«Мы сяброў засыпаем зямлёй –
Ленінградцы, татары, узбекі.
Мы клянёмся варожай крывёй
Напаіць беларускія рэкі».
Бура гневу радкоў верша «Над брацкай магілай», своеасаблівага рэквіема, клікала нас ненавідзець і помсціць лютаму ворагу.
Пасля вяртання ў родны край з вялікай асалодай чытаю і перачытваю паэтычныя радкі, напісаныя паэтам-земляком аб родных мясцінах, без граніц захапляюся хараством напісанага.