top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ТЭМАТЫКА ТВОРАЎ. РЭЦЭНЗІІ

"Працаваць за пісьменніцкім сталом нават з амаль бязважкім алоўкам у руцэ – рэч далёка не лёгкая. Толькі калі ты прапусціш праз уласнае сэрца тое, пра што пішаш, калі будзеш звязаны з тымі, для каго творыш, аднымі клопатамі, думкамі і пачуццямі – толькі тады твая літаратурная праца даставіць табе шчасце быць патрэбным людзям".

Аркадзь Куляшоў

2015 ....................

М. Шаладонаў

КАНЦЭПТЫ ПАМЯЦІ I АБАВЯЗКУ

Ў ВАЕННАЙ ЛІРЫЦЫ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

 

Вайна як праява зла і пакуль вечная спадарожніца чалавецтва існуе і функцыянуе ў свеце найперш таму, што ў грамадстве не стае сіл духу. Ва ўсіх сваіх праяўленнях яна ёсць параджэнне анігіляцыі, разарванасці чалавечых узаемасувязей, непамернага працэсу аб’ектывацыі ў стасунках паміж людзьмі. Ваяваць па-сапраўднаму магчыма толькі з аб’ектам, з тым, каго ты лічыш намнога ніжэйшым за сябе, істотай нікчэмнай, з якой мець узаемаадносіны не мае сэнсу. Вайна – гэта машына самазнішчэння як прайграўшых, так і пераможцаў.

Усё XX стагоддзе, як і наша сучасная рэчаіснасць, з’яўляецца выразным пацверджаннем гэтай трагічнай дадзенасці. Сублімацыя духу ў сацыяльным і грамадскім развіцці – з’ява вельмі складаная і цяжка ўлоўная. Сучасны прагрэс цывілізацыйных сіл не можа нам прадставіць аптымістычных прагнозаў у поглядзе на духоўнае і маральнае ўдасканаленне людзей, грамадскіх супольнасцей. Вайна па-ранейшаму застаецца амаль галоўным сродкам уладкавання тых ці іншых палітычных, нацыянальных, эканамічных і канфесіянальных канфліктаў, якія ўзнікаюць у той ці іншай «гарачай кропцы» свету.

Татальная пранізанасць чалавечай натуры і гісторыі энергетыкай барацьбы, эгаістычнай канкурэнцыі, культам сілы, уладай грошай выразна паказвае на тое, што людзі і зараз застаюцца ў асноўным раўнадушнымі да заваёў сіл духу, культуры, гуманізму і найбольш схільны давяраць толькі моцы духу сілы. Гэта, праўда, зусім не адмяняе таго, што і ў такія цяжкія моманты гісторыі, як вайна, рэвалюцыя, крызіс, людзі імкнуцца зрабіць прарывы ў царства свабоды, ісціны і праўды, сцвердзіць сябе сапраўднымі падзвіжнікамі свайго высокага боскага прызначэння на зямлі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

2014 ................

А.М. Ненадавец

ЧАС ВАЕННАГА ВЫПРАБАВАННЯ I СТАЛЕННЯ

Паэт, як нямногія, быў добра знаёмы з палітычнымі абставінамі, якія склаліся ў свеце на пачатку 1941-га года. Нездарма, ён у вершы «Паведамленне ТАСС» пісаў: «У раённай выцвіўшай газеце // Знайду // «Паведамленне ТАСС» // I ўспомню ўсё, чым жыў на свеце,..». Малады чалавек, вядома ж, не абасабляў сябе ад жыцця, як яму здавалася, квітнеючай і непераможнай савецкай краіны. Мары-летуценні перамагалі ўсё. Кожны будаваў планы на будучае, спадзяваўся толькі на самае лепшае. I таму, мабыць, такім непрадказальна-страшным, шакіруючым фактам стала нападзенне фашысцкай Германіі на СССР. Адразу, як цацачная хатка, рассыпаўся ілюзорны свет усёперамагаючага сяброўства паміж рознымі народамі, а той прыгожы і рознакаляровы свет ператварыўся ў шэры, змрочны свет Другой сусветнай...

Па-рознаму паводзілі сябе тыя, хто ўчора яшчэ былі мірнымі людзьмі. Нават у вершах-агітках, у творах савецкага перыяду А. Куляшоў, тым не меней, выразна паказвае, што многія разгубіліся, спалохаліся, страцілі арыентацыю ў надзённых падзеях. А што заставалася рабіць, калі навокал вельмі хутка аказаліся ворагі, і ўсё перамянілася так, што нават не паспелі азірнуцца, а наша непераможная (па рэляцыях высокіх начальнікаў) армія паспешліва адкочвалася на ўсход. Вымушанасць сітуацыі заключалася ў тым, што зараз амаль што ўсе самастойна прымалі рашэнні, якія залежалі, найперш, ад уласнага сумлення. Тут кожны быў і камандзірам, і падначаленым. Самае важнае, што людзі сталі замкнутымі, бо выразна бачылі, як пачалі сябе паводзіць учарашнія «ўра-патрыёты». Таму і паэт сцісла паведамляў у сваёй аўтабіяграфіі: «24 чэрвеня 1941 года пакінуў разбураны фашысцкай бамбардзіроўкай, ахоплены пажарам Мінск. Пеша прайшоў горкі шлях ад Мінска да Оршы. Цягніком даехаў да Калініна, дзе добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. З Калініна быў пасланы ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам, а адтуль накіраваны на службу ў армейскую газету «Знамя Советов».

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

2009 .........................

Я.І. Клімуць

ПРАБЛЕМЫ ВАЙНЫ I МІРУ Ў ПАЭЗІІ

АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА 60–70-х гг.

Пасля рэзкага процістаяння перыяду «халоднай вайны» ў другой палове 50-х гг. быццам наступіў час усеагульнага паразумення. Аднак на самай справе гэты спакой быў ілюзорным. Неўзабаве свет зноў стаў на мяжу катастрофы ў так званы момант «Карыбскага крызісу». Тады хапіла ў кіраўнікоў дзвюх супердзяржаў вытрымкі і пошуку спосабу кампрамісу, які скончыўся вывазам савецкіх ракет з Кубы, а амерыканцы, у сваю чаргу, устрымаліся ад прамой ваеннай агрэсіі супраць гэтай краіны. Але ў свеце было неспакойна, вяліся лакальныя войны, напачатку 60-х гг. нарастала эскалацыя вайны ў В’етнаме, дзе зноў праявіла сябе агрэсіўная знешняя палітыка ЗША. Ва ўсіх войнах і канфліктах удзельнічалі і савецкія сілы, але грамадскасць пра тое не ведала, акрамя, хіба, паведамленняў пра савецкіх ваенных спецыялістаў, якія аказваюць дапамогу Паўночнаму В’етнаму па арганізацыі паветранай абароны. Пра сапраўдную місію тых спецыялістаў ніхто не мог нават здагадвацца. А паэты заўсёды чуйна адносіліся да такіх праблем, адпаведна на іх рэагавалі. Але для літаратуры ўжо недастаткова было адкрытай публіцыстычнасці 40-х гг., выяўленне ўсяго жыцця выходзіла на новыя віткі гістарычнага асэнсавання.

Апошняя злавесная вайна пакінула моцныя «зарубкі» ў памяці пакаленняў, што прайшлі праз яе. Яны пісалі пра тое. Але ўжо з адценнем новай трывогі, адчуваннем небяспекі, што пагражала чалавецтву. Ды і сама тая вайна згадваецца ўжо ў такім аспекце: мы перамаглі, але ці забяспечылі свет ад новых знішчэнняў? Таму і набывае праблема ярка акрэсленае філасофскае гучанне, у паэзіі ўсё больш адчуваецца клопат пра лёс Планеты і чалавека на ёй.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Я.І. Клімуць

ДРУГАЯ СУСВЕТНАЯ ВАЙНА Ў ПАЭЗІІ

АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА (ПАЭМЫ «ХЛОПЦЫ

АПОШНЯЙ ВАЙНЫ» І «ПРОСТЫЯ ЛЮДЗІ»)

2008 ...................

Традыцыйна ўсю мастацкую літаратуру, напісаную ў канцы 1939 – першай палове 1941 г., называюць даваеннай, але гэта далёка не так. У Еўропе і на Далёкім Усходзе бушавала вайна, да ўзнікнення якой спрычынілася і Краіна Саветаў сваёй тайна-абсурднай палітыкай экспарту рэвалюцыі ў сусветным маштабе. Праўда, гэтую па сутнасці агрэсіўную палітыку дзяржаўныя дзеячы шырока прыкрывалі густой дымавой завесай знешняй міралюбнасці. Ці ведалі пісьменнікі пра гэтую двухстандартную палітыку? Ці адчувалі яны фальш ва ўсіх тых дзеяннях? Адказаць на гэта сёння цяжка, бо сведчанняў пра тое мастакі, на жаль, не пакінулі.

Усё ж драматызм часу паэтам удалося перадаць. Праўда, пафас быў аднабаковым. Услед за афіцыйнай палітыкай усе парушэнні міжнародных правоў дзяржавай трактаваліся як змушаныя. Не выключэнне ў гэтым аспекце і паэзія Аркадзя Куляшова. На першы план вылучаліся пафас гераізму і ахвярнасці. Гэта выразна прагучала ў вершы «Ранак»: «Выходжу я ў разведку – // Рашучы заўтра бой...». У трагічнай сітуацыі герой звяргаецца да ранку: «У родную краіну // Дарогі перайнач. // А я? А я загіну. // А ты? // А ты не плач». I гэта не абстракцыя: былі ахвяры паходу ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. Яшчэ больш падстаў давала для такога трагічнага і адначасова патрыятычнага пафасу ганебная фінска-савецкая ваенная кампанія, у выніку якой Савецкі Саюз быў выключаны з Лігі Нацый, як, дарэчы, і Германія, што пазней трагічна адбілася на лёсе савецкіх ваеннапалонных. Таму можна лічыць, што Куляшоў у паэме «Хлопцы апошняй вайны» здолеў перадаць драматызм падзей сучаснасці і спрагназаваць будучыню. У яго ўяўленні яна была даволі трагічнай, але ўвогуле толькі для салдата-агрэсара. Гэта ён павінен быў загінуць ад кулі або снарада, калі паквапіцца на нашу тэрыторыю. Але аб’екгыўнасць адлюстравання павінна была прымусіць паэта сказаць і пра немінучасць ахвяр і з боку абаронцаў.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

2005 ............

С.В. Агароднікава

СТЫЛІСТЫЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ПАТРЫЯТЫЧНАЙ

ЛІРЫКІ А. КУЛЯШОВА (НА ПРЫКЛАДЗЕ АНАЛІЗУ

ТВОРАЎ «МАЦІ» I «ЛІСТ 3 ПАЛОНУ»)

Паэзія А. Куляшова ў пачатку 40-х гадоў ужо набыла свае асноўныя якасна-самабытныя рысы. Яе сталасць вызначалася глыбінёй і значнасцю ідэйнай праблематыкі, той высокай творчай культурай, якая абумовіла далейшыя поспехі пісьменніка ў вогненныя гады Вялікай Айчыннай вайны.

У баладзе А. Куляшова «Маці» (1943 г.) знайшла яскравае мастацкае ўвасабленне героіка барацьбы савецкага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Старадаўні фальклорны матыў своеасабліва падпарадкаваны тут раскрыццю вялікай патрыятычнай ідэі:

На бітву крывавую сына праводзіўшы з хаты,

На шчасце і ўдачу пасеяла маці зярняты,

Калі дачакаецца маці з тых зерняў усходу,

Сын прыйдзе з паходу,

Са славаю прыйдзе з паходу

Але цудадзейныя зярняты падаюць на «закляты камень» і дарэмныя ўсе надзеі маці на зварот сына. Таямніцу «шчарбатага камня» раскрывае «знаёмая дарога»:

...З-за Буга яго

Закацілі і кінулі ў поле,

Каб сына свайго

Не даждалася маці ніколі.

Не ўзыйдуць зярняты ні ўвосень на ім, ні вясною,

Пакуль ён не стане зямлёю,

Закляты табою.

У шырокім сэнсе алегарычны вобраз маці, якая ўласнай крывёю заклінае камень, атаясамліваецца тут з невычэрпнасцю народнага духу, з велічнай самаахвярнасцю і патрыятызмам роднага народа, у больш вузкім з сілай пачуццяў, трагічным хараством мацярынскага сэрца, якое пранесла праз агонь вайны ўсю выпакутаваную радасць любві, усю бязмежную горыч незваротных страт.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

2002 ............

Я.І. Клімуць

БАЛАДА «МАЦІ» А. КУЛЯШОВА Ў ФАЛЬКЛОРНЫМ

I ЛІТАРАТУРНЫМ КАНТЭКСЦЕ

Жанр балады ў гісторыі беларускага прыгожага пісьменства мае багатыя традыцыі. Вытокі яго ў фальклоры, дзе і склалася ўся тэматычная разнастайнасць. Вучоныя адносяць беларускую фальклорную баладу да заходнеславянскай акругі, вылучаючы ў асобны геаграфічны пояс. Менавіта на аснове фальклорнай развівалася і літаратурная балада ў XIX стагоддзі, калі самім часам быў запатрабаваны рамантычны герой з яго вялікай самаахвярнасцю. Таму Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот, Тамаш Зан, Адам Міцкевіч і інш. спынялі ўвагу на фальклорных сюжэтах міфалагічнага, казачнага і легендарнага характару, каб пацвердзіць выключнасць падзеяў і велічнасць, драматызм характараў герояў. У другой палове XIX стагоддзя ў творчасці В.І. Дуніна-Марцінкевіча і асабліва Ф. Багушэвіча заўважаюцца істотныя змены. У адпаведнасці з вызначэннем тыпу творчасці і задачамі часу была ўжо іншая арыентацыя: яны выбіралі больш карагодныя і навелістычныя сюжэты.

Балада XX стагоддзя развівалася ў тым жа рэчышчы, але стан грамадства і гістарычна-канкрэтныя ўмовы патрабавалі новых падыходаў да фальклорных сюжэтаў. У перыяд уздыму адраджэнскага руху, з абуджэннем нацыянальнай самасвядомасці неабходныя былі ўзоры самаахвярнасці і вернасці роднаму краю. Гэта асабліва характэрна для вершаў баладнага тыпу Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Багдановіча і іншых паэтаў, якія вырасталі пад магутным уплывам традыцый гэтых карыфеяў мастацкага слова. Такім чынам, нягледзячы на ўсе перашкоды і супярэчнасці папярэдняга перыяду, да сярэдзіны XX стагоддзя склалася самабытная беларуская літаратурная балада.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

В.У. Ярац

СТРУКТУРА ВАЕННЫХ БАЛАД А. КУЛЯШОВА

1979 .................

Надзвычай своеасабліва і плённа развіваецца ў ваенны час беларуская балада, якая дазваляе гаварыць аб сапраўднай сталасці гэтага жанру нашай паэзіі, аб тым, наколькі моцным з’явілася яго ўздзеянне на ўвесь тагачасны савецкі ліра-эпас, аб тым, як у сённяшняй творчасці паэтаў праламляюцца традыцыі папярэдняга этапа – этапа значных ідэйна-мастацкіх заваёў. Побач з Я. Купалам і пасля яго смерці ствараюць свае выдатныя балады ваеннай пары А. Куляшоў, П. Броўка, П. Панчанка, М. Танк, А. Вялюгін, З. Астапенка, А. Бялевіч, А. Зарыцкі.

Большасць тэарэтыкаў і практыкаў верша схільны лічыць баладай твор лірычнага роду «з напружаным, незвычайным сюжэтам», у аснове якога «пераважаюць учынкі, паводзіны людзей у выключныя моманты іх жыцця, што вымагаюцца найцяжэйшымі абставінамі і сітуацыямі, калі чалавек выяўляе ўсю сваю сілу волі і перамагае як герой».

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

1961 .........................

М.М. Грынчык

ТВОРЧАСЦЬ А. КУЛЯШОВА

Ў ГАДЫ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

Яшчэ ў даваенныя гады творчасць А. Куляшова набыла свае асноўныя якасна-самабытныя рысы. Яе сталасць вызначалася не толькі глыбінёй і значнаcцю ідэйнай праблематыкі, але і той арыгінальнай паэтычнай культурай, якая арганічна спалучала ў сабе лепшыя нацыянальна-беларускія (літаратурныя і фальклорныя) традыцыі з наватарскай сутнасцю новага творчага метаду савецкай літаратуры – метаду сацыялістычнага рэалізму.

Паэзія А. Куляшова ваенных гадоў – важны этап у творчым росце пісьменніка, яркая старонка ў развіцці ўсёй тагачаснай беларускай літаратуры.

Падзеі першых дзён вайны засталі паэта ў Мінску. Адступленне нашых войск, жорсткія налёты фашысцкай авіяцыі, незлічоныя людскія ахвяры па вуліцах палаючай сталіцы Беларусі – усё гэта не толькі ўразіла душу паэта сваім трагізмам і нечаканасцю, але ў многім разышлося з тымі ўяўленнямі аб будучай вайне, што склаліся ў свядомасці савецкага чалавека і жахлівыя малюнкі якой з той ці іншай ступенню верагоднасці спрабаваў паказаць і сам А. Куляшоў («Ранак», «Бацька», «Хлопцы апошняй вайны» і інш.). Праўда, вайна аказалася непараўнаўча больш суровай і балючай...

Аднак сумныя навіны першага ваеннага лета 1941 года не маглі зламаць маральнай стойкасці савецкіх людзей, не прывялі да разгубленасці ці панікі. Наадварот, усведамленне ўсёй сур’ёзнасці становішча яшчэ больш згуртоўвала масы на барацьбу з фашысцкай навалай, павышала іх грамадзянскую адказнасць за лёс сацыялістычнай Радзімы і з’явілася невычэрпнай крыніцай народнага гераізму.

Суровыя выпрабаванні выпалі і на долю беларускіх пісьменнікаў, якія з першых дзён вайны актыўна ўключыліся ва ўсенародную барацьбу. Паэтычны запавет У. Маякоўскага «прыраўняць пяро да штыка» набываў у гэтых умовах асаблівы сэнс і значэнне.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page