top of page

БІЯГРАФІЯ

КУЛЯШОЎ АРКАДЗЬ АЛЯКСАНДРАВІЧ

 

Куляшоў Аркадзь Аляксандравіч (06.02.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці – 04.02.1978), беларускі паэт. Народны паэт Беларусі (1968). Заслужаны работнік культуры Украіны (1973).

Вучыўся ў Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце (1931–33). Працаваў у газеце «Чырвоная змена», на Беларускім радыё (1934–36), літаратурным кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936–37). У 1941–43 у армейскай газеце «Знамя Советов», потым у Беларускім штабе партызанскага руху. У 1945–46 – рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958–67 – начальнік сцэнарнага аддзела, галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм».

Друкаваўся з 1926. Першыя зборнікі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сацыяльнымі перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэтычным эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармалістычных перакосаў і штучнасці.

У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) – узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў народна-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939–40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы.

Барацьбе народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (напісана ў 1942; Дзяржаўная прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драматычнымі падзеямі пачатковага перыяду вайны, сурова-велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваенных гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзве напісаны ў 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваенных выпрабаваннях, раскрываюць моц народнага духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць.

У пасляваеннай лірыцы мацнеюць публіцыстычныя матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзяржаўная прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэвалюцыйная паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Заходняй Беларусі. Зборнік «Новая кніга» (у перакладзе на рускую мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навукова-тэхнічных уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зборніках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970–71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філасофскае вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гістарычны шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце.

Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А. Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія Куляшова паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца як індывідуальны духоўны, творчы пошук. Драматычная паэма «Хамуціус» (1975) – пра лёс і подзвіг К. Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль Куляшова вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей.

Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», напісана ў 1935–51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (музыка Г. Вагнера). Куляшоў – сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А. Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я. Коласа, 2 серыі, 1960–61, з М. Лужаніным).

Выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі. На беларускую мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, С. Ясеніна, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф’ева, А. Малышкі, М. Рыльскага, М. Нагнібеды, К. Куліева і інш.

Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1968). Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы (1970) за пераклады вершаў і паэм М. Лермантава, «Энеіды» І. Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г. Лангфела.

Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ўніверсітэту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літаратурная прэмія імя А. Куляшова Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літаратурны музей Куляшова.

 

В.Л. Бечык

 

Куляшоў Аркадзь Аляксандравіч //

Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. /

галоўны рэдактар Г. П. Пашкоў. — Мінск. — 1999. — Т. 9. — С. 17—18.

bottom of page