top of page

БІЯГРАФІЯ

КУЛЯШОЎ АРКАДЗЬ

 

Куляшоў Аркадзь Аляксандравіч [псеўд.: Амсціслаўцы (з Ю. Таўбіным), Арк. Дуда, Аркадзь Дуда, Аркадзь Жытнёвы, Апанас Казарлюга, Язэп Качкін (з З. Астапенкам і Ю. Таўбіным), Мсціслаўцы (з З. Астапенкам і Ю. Таўбіным); крыпт.: А.К. і Ю.Т. (з Ю. Таўбіным); 24.1 (6.2.).1914, мяст. Саматэвічы Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ., цяпер Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. – 4.2.1978, Нясвіж, пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках], паэт, перакладчык. Член СП Беларусі з 1934. Народны паэт Беларусі (1968). Заслужаны работнік культуры Украінскай ССР (1973). Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (1946 – за паэму «Сцяг брыгады», 1949 – за паэму «Новае рэчышча»). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1970 – за пераклады паэзіі М. Лермантава, паэм «Энеіда» І. Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Г. Лангфела). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968 – за паэмы «Грозная пушча», «Толькі ўперад», «Песня аб слаўным паходзе» і вершы ў перыёдыцы).

 

З сям’і вясковых настаўнікаў. Бацька, Аляксандр Мікалаевіч, у маладосці некаторы час жыў у Маскве, дзе спяваў у народнай оперы. Пявунняй была і маці, Кацярына Фамінічна Ратабыльская. Іх схільнасць да спеваў, музыкі слова перадаліся А. Куляшову, што было немалаважным у станаўленні яго як паэта. Бацькі да пенсіі працавалі настаўнікамі ў родных мясцінах. У час вайны знаходзіліся на часова акупіраванай тэрыторыі ў г.п. Хоцімск. Бацька на працягу 6 тыдняў працаваў у камендатуры, куды быў завочна абраны насельніцтвам. Пасля арышту гестапа знаходзіўся ў канцлагерах Германіі. Памёр ён у 1977 (дарэчы, сын перажыў яго толькі на 3 месяцы), маці – у 1988.

3 1921 А. Куляшоў вучыўся ў Саматэвіцкай сямігодцы, пасля сканчэння якой у 1928 паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. Там склалася ў той час група таленавітых пачынаючых пісьменнікаў, сярод якіх вылучаліся З. Астапенка і Ю. Таўбін, падавала надзеі Г. Сапрыка. Сяброўства з імі дабратворна ўплывала на развіццё паэтычнага таленту А. Куляшова. У 1930 ён пераехаў у Мінск, дзе працягваў вучобу на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута (1931–33). З’яўляўся членам БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», на Беларускім радыё (1934– 36), быў літкансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР (1936–37, разам з К. Чорным).

А. Куляшоў часта наведваў родныя мясціны, што давала яму дадатковы стымул для творчасці. Вайна застала А. Куляшова ў чарговым адпачынку на Хоцімшчыне. Калі вярнуўся ў Мінск, сям’і ўжо не застаў. 24 чэрвеня пакінуў ахоплены пажарам горад, быў скіраваны ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам. З ліпеня 1941 у армейскай газеце «Знамя Советов». Вялікай папулярнасцю карысталіся яго вершы і гумарыстычная нізка пра байца Аляксея Пятрова, напісаныя на рускай мове разам з І. Чэкіным. Напісаў «баявы гімн» 11 арміі, «Песня нашага злучэння» (музыка М. Смузікава). Са снежня 1943 і да вызвалення Беларусі А. Куляшоў працаваў у Беларускім штабе партызанскага руху.

У 1945–46 – рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Гэта быў адказны перыяд у развіцці беларускай літаратуры, калі рабіліся першыя спробы пераглядзець вульгарызатарскія ацэнкі асобных мастацкіх твораў. Працяглы час А. Куляшоў знаходзіўся на творчай рабоце. У 1958–67 працаваў начальнікам сцэнарнага аддзела, потым галоўным рэдактарам на кінастудыі «Беларусьфільм». Напісаў (сумесна з А. Кучарам) сцэнарый фільма «Чырвонае лісце», які атрымаў высокую ацэнку гледачоў і кіназнаўцаў. У сааўтарстве з М. Лужаніным стварыў сцэнарыі кінафільмаў «Першыя выпрабаванні» (паводле трылогіі Я. Коласа «На ростанях») і «Запомні гэты дзень» (аб Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі). З 1967 ён зноў на творчай рабоце. З 1974 персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння.

А. Куляшоў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, многімі медалямі. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 2–9 склікання. Яго імя прысвоена Магілёўскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту, дзе перыядычна (з 1984), адзін раз у 5 гадоў, праводзяцца рэспубліканскія Куляшоўскія чытанні, а таксама Саматэвіцкай сярэдняй школе Касцюковіцкага р-на, адной са школ у Мінску, вуліцам у Мінску і Касцюковічах. У Мінску на доме № 7 па вул. Я. Купалы, дзе жыў паэт апошнія гады, устаноўлена мемарыяльная дошка, на магіле – помнік работы І. Міско і І. Мурамцава. 3 1979 за лепшыя паэтычныя і драматычныя творы прысуджаецца прэмія імя А. Куляшова Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пра А. Куляшова створаны дакументальны фільм «Край крынічны» (1972).

Першыя вершы А. Куляшоў пісаў на рускай мове з шасцігадовага ўзросту. У 1926 у Клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік» з’явіўся ў друку яго верш на беларускай мове «Ты мой брат» (будучы паэт вучыўся тады ў шостым класе Саматэвіцкай сямігодкі). У наступныя гады яго творы змяшчаліся ў часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Полымя», газеце «Чырвоная змена», а ў 1930 Белдзяржвыдавецтва выпусціла першы зборнік яго вершаў «Росквіт зямлі». Творчасць А. Куляшова 20–30-х гадоў мае некалькі выразных этапаў, якія сведчаць пра інтэнсіўнасць фарміравання і развіцця асобы паэта. Спачатку поруч з вучнёўскімі, крыху дэкларацыйнымі вершамі сустракаліся і такія, што сведчылі пра «напружанае асваенне паэтычнай культуры, засяроджанасць і інтэнсіўнасць унутранай працы душы» (В. Бечык). Першы этап творчасці А. Куляшова завяршыўся зборнікам вершаў «Медзі дождж» і паэмай «Аманал». Я. Колас пісаў, што паэт «ідзе нейкім новым, сваім шляхам, шукае новых сродкаў для рэалізацыі сваіх творчых замыслаў». Цыкл вершаў «Сонечнае заўтра», паэмы «Аманал», «Гарбун» («Антон Шандабыла») неслі ў сабе значны філасофска-эстэтычны патэнцыял для далейшага росту паэта. Крытыкі і калегі адзінадушна прызнавалі поспех А. Куляшова, але яго самога напісанае не задавальняла. Таму, паводле слоў паэта, ён усё часцей і часцей звяртаўся да крыніц народнай творчасці, да твораў Я. Купалы і Я. Коласа, Пушкіна і Някрасава.

 Штуршком для новых пошукаў паслужыла з’яўленне паэмы А. Твардоўскага «Краіна Муравія». 3 таго часу ўзмацнілася і сяброўства паэтаў. Канец трыццатых гадоў – сапраўдны ўзлёт творчасці А. Куляшова. Паэтычны цыкл «Юнацкі свет», іншыя вершы і паэмы сведчылі аб завяршэнні фарміравання яго творчай індывідуальнасці. У час вайны А. Куляшоў стварыў шэраг балад і паэму «Сцяг брыгады», якія адразу сталі класікай. У іх сканцэнтраваны пачуцці людзей у адказны для Радзімы час, раскрыта глыбокая сутнасць душы чалавека, яго самаахвярнасць. «Сцяг брыгады» – гэта рэквіем усім тым, што засталіся невядомымі на палях бітвы ад Брэста да Масквы, услаўленне высакароднасці і велічы чалавека, які ўстаў на абарону Айчыны.

Паэзія А. Куляшова пасляваеннага дзесяцігоддзя развівалася ў рэчышчы тагачаснага літаратурнага працэсу, але і тады яна вызначалася інтэлектуалізмам, які разам з палкім грамадзянскім пафасам выдзяляў яе з агульнага патоку. А. Куляшову належала першынство ў выяўленні адчуванняў чалавека, які вяртаецца на Зямлю пасля касмічнага палёту. Вершы яго станавіліся ўсеахопнымі, напаўняліся грамадскай думкай і ў той жа час былі канкрэтнымі. «Новая кніга» А. Куляшова – гэта выхад ўсёй беларускай паэзіі на вышэйшыя рубяжы.

У 60–70-я гады яшчэ больш узрасла філасафічнасць яго паэзіі. Праблемы вайны і міру, існавання чалавецтва, захавання планеты ад глабальнага знішчэння, недапушчальнасць парушэння норм жыцця характэрны, напрыклад, для філасофскіх твораў «Цунамі», «Маналог». У паэме «Варшаўскі шлях» праз асэнсаванне жыццёвага і творчага шляху паэта А. Твардоўскага па-майстэрску паказана атмасфера грамадскага жыцця, роля асобы паэта ў грамадстве. Драматычная паэма «Хамуціус» уваскрашала вобраз рэвалюцыянера-дэмакрата Кастуся Каліноўскага, пацвярджала пераемнасць гістарычных падзей, паядноўвала наша мінулае з сучаснасцю.

Вядомы А. Куляшоў і як перакладчык. Яшчэ ў 1930-я гады ён узнавіў на беларускай мове асобныя творы А. Пушкіна. Пазней перакладаў творы М. Лермантава, паэмы «Энеіда» І. Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Г. Лангфела і інш. Выступаў ён з крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі. Творы А. Куляшова перакладаліся на многія замежныя мовы. На словы паэта кампазітары (І. Лучанок, І. Любан, А. Фляркоўскі і інш.) напісалі музыку. Надзвычай папулярнымі сталі песні «Алеся», «Згадай усё...».

А.С. Гурская, Я.І. Клімуць.

 

Аркадзь Куляшоў : біяграфія //

Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. /

пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса. — Мінск. — 1994. — Т. 3. — С. 459—460.

bottom of page