top of page

МАГІЛЁЎСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ ІМЯ А.А. КУЛЯШОВА

212022 г. Магілёў, вул. Касманаўтаў, 1.

АПОШНЯЯ ПЕРАМОГА АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

(Да гісторыі прысваення імя народнага паэта Магілёўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту)

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова – маладая ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў для школы ўжо стагоддзе. Парадокс тлумачыцца тым, што выпускнікі ўстановы скончылі розныя па назве інстытуты і ўніверсітэты. У афіцыйных назвах інстытута, а потым і ўніверсітэта, як у люстэрку, адлюстраваны асаблівасці палітычных працэсаў і перамены, што адбываліся ў адукацыйнай палітыцы ў XX і XXI стст. За 100 гадоў дзейнасці нашай навучальнай установы яе назвы мяняліся дванаццаць разоў. Яна насіла чатыры розных ганаровых імёны. Але менавіта імя паэта Аркадзя Куляшова, нягледзячы на спробы прыбраць яго ў 1990 гг., замацавалася ў назве на доўгія гады. I для гэтага былі свае падставы.

Пачалася гісторыя ўстановы ў далёкім 1913 г., калі быў адкрыты Магілёўскі настаўніцкі інстытут. З нагоды трохсотгоддзя дынастыі Раманавых калектыў інстытута няўдала спрабаваў дабіцца прысваення навучальнай установе звання «РАМАНАЎСКІ». Далей інстытут паслядоўна называўся:

– Магілёўскі Педагагічны Інстытут (1918–1919),

– Магілёўскі Інстытут Народнай Адукацыі (1919–1921),

– Магілёўскі Практычны Інстытут Народнай Адукацыі (1921–1923 (?)),

– Магілёўскі Практычны Інстытут Народнай Адукацыі імя X Усерасійскага З’езда Саветаў (?–1923),

– Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут (1930–1932),

– Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М.М. Пакроўскага (1932–1936 (7–?)),

– Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут (1936 (7-?)–1940),

– Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя І.Д. Папаніна (1940–1953),

– Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут (1953–1978),

– Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А. Куляшова (1978–1997), [2, с. 15].

«Імя X Усерасійскага з’езду Саветаў» было першым і самым палітызаваным імем ў гісторыі нашай установы. З вышыні гістарычнай рэтраспектывы ўяўляецца, што галоўнай падставай для прыняцця рашэння аб наданні інстытуту гэтага імя стала тое, што з’езд ў снежні 1922 г. прызнаў своечасовым аб’яднанне савецкіх рэспублік у СССР. Але на з’ездзе была вызначана і шырокая праграма развіцця народнай адуканыі. Пратрымалася гэтае імя нядоўга, бо востры фінансавы, сацыяльна-эканамічны крызіс пасля Грамадзянскай вайны ў 1923 г. прывёў да закрыцця інстытута.

Адроджаны ў 1930 г. інстытут з 1933 па 1936 гг. насіў імя буйнога гісторыка-марксіста, савецкага дзяржаўнага, партыйнага і грамадскага дзеяча Міхаіла Мікалаевіча Пакроўскага. Але ў сярэдзіне 1930-х гг. «школа Пакроўскага» была абвешчана «базай шкоднікаў, шпіёнаў і тэрарыстаў». Ва ўмовах усеагульнай палітычнай істэрыі з 1937 г. імя былога лідэра савецкай гістарычнай навукі знікае з дакументаў інстытута.

У 1940 г. пры падрыхтоўцы да святкавання дзесяцігоддзя адраджэння інстытута ўзнікла ідэя надаць установе імя героя сацыялістычнага будаўніцтва, вядомага даследчыка Арктыкі, надзвычай папулярнай у тыя гады асобы Івана Дзмітрыевіча Папаніна. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР 23 чэрвеня 1940 г. падтрымаў ініцыятыву студэнтаў і супрацоўнікаў інстытута. Але ў пасляваенных дакументах імя знакамітага палярніка ў афіцыйнай перапісцы пазначалася ўсё радзей. У ходзе кампаніі па развянчанні «культу асобы» ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 11 верасня 1957 г. прадугледжваў перайменаванне абласцей, гарадоў, устаноў і арганізацый, «якім прысвоены імёны яшчэ жывых дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў». Хаця Папанін не належаў да ліку сталінскіх паплечнікаў, якія былі знятыя са сваіх пасад, яго імя стала ахвярай унутрыпартыйнай барацьбы.

У 1978 г. калектыў педінстытута рыхтаваўся адсвяткаваць сваё шасцідзесяцігоддзе. Да таго часу адлік гісторыі інстытута вёўся ўжо не з 1930, а з 1918 г. Трэба адзначыць, што ў тыя часы гісторыю устаноў, прадпрыемстваў імкнуліся весці ад рэвалюцыйнага 1917 г. Таму 1918 год – дату пераўтварэння настаўніцкага інстытута ў педагагічны, лічылі датай нараджэння ўстановы. Пры падрыхтоўцы да юбілею быў адкрыты музей гісторыі інстытута, а вось пытанне аб наданні яму новага ганаровага імя ў калектыве не абмяркоўвалася. Па сведчанні тагачаснага рэктара інстытута Я.П. Кудрашова рашэнне аб наданні навучальнай установе імя Аркадзя Куляшова было «прынята зверху», без абмеркавання ў працоўным калектыве.

Вывучэнне архіўных дакументаў паказала, што сапраўды, як гэта ні дзіўна выглядае сёння, у 1977–1978 гг. магчымасць перайменавання не разглядалася ні на саветах ВНУ, ні на партсходах, ні на пасяджэннях партыйнага камітэта інстытута. На апошніх, дарэчы, вельмі падрабязна абмяркоўваліся іншыя юбілейныя пытанні: 26 студзеня 1977 г. былі зацверджаны мерапрыемствы Магілёўскага педагагічнага інстытута па «падрыхтоўцы і прыстойнай сустрэчы» 60-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, 14 красавіка абмяркоўвалася пытанне аб святкаванні Дня міжнароднай салідарнасці працоўных 1 Мая, 6 кастрычніка – аб святкаванні 60-годдзя вялікага Кастрычніка. У 1978 г. абмяркоўваліся падобныя пытанні: 9 сакавіка аб правядзенні камуністычнага суботніка, прысвечанага 108 гадавіне з дня нараджэння У.І. Леніна, 23 сакавіка – зацвярджэнне мерапрыемстваў партыйнай арганізацыі Магілёўскага педінстытута па абмеркаванні праекта Канстытуцыі БССР, 22 чэрвеня – мерапрыемствы па прыстойнай сустрэчы 60-годдзя БССР і Кампартыі Беларусі, ну і, безумоўна, чарговыя пытанні аб святкаванні першамайскіх і кастрычніцкіх святаў. [3, л. 12, 14–22, 60, 135; 4, л. 35; 5, л. 26, 41, 62, 154; 6, л. 59]. Як бачна, галоўным ў партыйнай рабоце было ідэйна-палітычнае выхаванне студэнтаў.

Толькі 30 жніўня 1978 г. партыйны камітэт інстытута пастанавіў хадайнічаць перад бюро Кастрычніцкага РК КПБ г. Магілёва аб узнагароджанні выкладчыкаў Магілёўскага педагагічнага інстытута ў сувязі з 60-годдзем інстытута. Рэктара Я.П. Кудрашова вылучылі на званне «Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР», два супрацоўнікі прадстаўляліся да ўзнагароды «Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР», шасцёра – Магілёўскага абкома КПБ і аблвыканкома, тры – Магілёўскага гаркома КПБ і гарвыканкома, тры – Кастрычніцкага райкома КПБ і райвыканкома г. Магілёва, тры – значком «Выдатнік народнай адукацыі». Найбольшая колькасць – 11 выкладчыкаў прадстаўлялася да «Ганаровай Граматы Міністэрства асветы БССР». [5, л. 128, 132]. Але пытанне аб прысваенні інстытуту ганаровага імені зноўку не разглядалася. Не абмяркоўвалася яно і на пасяджэнні мясцкама 31 жніўня, на якім быў разгледжаны план мерапрыемстваў «аб прыстойнай сустрэчы» 60-годдзя БССР і КПБ [8, л. 6].

Нягледзячы на адсутнасць ініцыятывы з боку калектыву, у 1978 г. Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут зноў атрымаў ганаровае імя. 8 верасня 1978 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову № 272 «Аб увекавечанні памяці народнага паэта Беларусі А.А. Куляшова». Яна прадпісвала прысвоіць імя паэта Аркадзя Куляшова (1914–1978) Магілёўскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту і Саматэвіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. З гэтага часу педінстытут афіцыйна пачаў называцца «Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А. Куляшова».

Калектыў даведаўся аб зменах ад выконваючага абавязкі рэктара М.А. Аўласевіча, які 13 верасня 1978 г. на пасяджэнні Савета інстытута у пункце «рознае» зачытаў пастанову Савета Міністраў БССР. «ПАСТАНАВІЛІ: Рознае. Прыняць да ведама і выканання Пастанову Савета Міністраў БССР ад 8.IX.1978 гады № 272 аб прысваенні імя А.А. Куляшова Магілёўскаму педагагічнаму інстытуту». [7, л. 40].

Вось так сціпла, без пампезных урачыстых мерапрыемстваў педінстытуту прысвоілі імя Аркадзя Куляшова. Трэба прызнаць, што з пункту гледжання савецкай ідэалогіі і практыкі падставы для надання новага імя педагагічнаму інстытуту былі амаль бездакорныя: Аркадзь Куляшоў – народны паэт БССР, беларус, ураджэнец Магілёўшчыны, савецкі патрыёт, які да таго ж пазбег рэпрэсій і меў практычна ідэальную біяграфію.

Нарадзіўся будучы паэт 6 лютага 1914 г. у вёсцы Саматэвічы ў сям’і настаўнікаў. У 1931– 1933 гг. вучыўся на літаратурным факультэце Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута. Пасля працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1934), на Беларускім радыё (1934–1936), літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР (1936–1937), на фронце – у армейскай газеце «Знамя Советов» (1941–1943), у Беларускім штабе партызанскага руху (1943–1945). Пасля вайны быў рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», начальнікам сцэнарнага аддзела, галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм». Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, многімі медалямі.

У другой палове 1930-х гг. А. Куляшоў напісаў шэраг твораў пра маладое пакаленне савецкіх людзей, шчырых у сваім імкненні аддаць сілы Бацькаўшчыне, верных у сяброўстве. Ва ўмовах франтавога жыцця за кароткі час паэт здолеў напісаць выдатныя мастацкія творы, якія паказваюць духоўны свет людзей у ваенных выпрабаваннях, раскрываюць моц народнага духу. Яго паэзія, як лічаць адмыслоўцы, – гэта ўсхваляваны маналог пра людзей, якія ва ўпартым змаганні з варожымі абставінамі застаюцца непераможнымі духам. Стыль паэта вызначаўся рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязяў. Плённа займаўся наш зямляк і перакладчыцкай дзейнасцю як класікаў, так і сучасных для яго аўтараў.

З часу прысваення імя Куляшова развіццё інстытута паскорылася. У сярэдзіне 1980 гг. інстытут тройчы становіцца пераможцам Усесаюзнага спаборніцтва сярод педагагічных ВНУ. У 1980 г. у інстытуце былі створаны факультэты дашкольнага выхавання (цяпер – педагогікі і псіхалогіі дзяцінства), пачатковай ваеннай падрыхтоўкі і фізічнага выхавання, у 1990 – біялагічны (цяпер – прыродазнаўства), у 1997 – факультэт давузаўскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі. У снежні 1991 г., пасля шматгадовага перапынку, зноў была адкрыта аспірантура. Развіццё навучальнай установы ў 1980–1990-я гг. лагічна прывяло да пераўтварэння 30 чэрвеня 1997 г. Магілёўскага педагагічнага інстытута ва ўніверсітэт.

Пры падрыхтоўцы да рэарганізацыі на Савеце інстытута 6 чэрвеня абмяркоўвалася пытанне аб назве будучага ўніверсітэта. Рэктар інстытута прафесар М.А. Аўласевіч паведаміў, што паступілі дзве прапановы: «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова» і «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт». Дэкан філалагічнага факультэта, член саюза пісьменнікаў Я.І. Клімуць выступіў за захаванне ў назве ўніверсітэта імя Куляшова і зазначыў, што ў нашым рэгіёне «няма больш вядомага чалавека». Прарэктар па навуцы М.В. Машчанка нагадаў, што «ў Заходняй Еўропе і Амерыцы ўніверсітэты не маюць назваў у гонар некага». Рэктар абагульніў усе прапановы і сказаў, што «Куляшоў – гэта не проста паэт. Ён філосаф. Адмяняць яго імя ў назве навучальнай установы – неэтычна, імя трэба захаваць.» У выніку галасавання (39 галасоў «за», 4 устрымаліся) Савет інстытута зацвердзіў назву «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова» [1, л. 367].

Пасля атрымання статуса ўніверсітэта наша навучальная ўстанова, якая доўгі час была поліпедагагічнай, пачала падрыхтоўку спецыялістаў не толькі для школы, а і для іншых галін народнай гаспадаркі. Сёння ўніверсітэт з’яўляецца буйнейшай навучальнай установай г. Магілёва і працягвае развівацца. Пры ўніверсітэце дзейнічае інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Тут працуе звыш 450 штатных выкладчыкаў, з якіх каля 200 маюць навуковыя ступені і званні, навучаецца больш за сем тысяч студэнтаў.

Імёны і назвы нашай навучальнай установы адлюстроўваюць тыя каласальныя змены, якія наша навучальная ўстанова перажыла разам з беларускім грамадствам за стагоддзе сваёй гісторыі. У адрозненне ад імёнаў «Раманаўскі», «X Усерасійскага З’езду Саветаў», гісторыка Пакроўскага і географа і біёлага Папаніна імя паэта Куляшова замацавалася ў назве на дзесяцігоддзі. Як нам уяўляецца, верагодна прычынай замацавання імя паэта стала тое, што сярод усіх яно было найменш палітызаваным. Як часта бывала ў гісторыі, імёны палітыкаў і чыноўнікаў паступова забываюцца, а калі застаюцца, то дзякуючы імёнам творцаў, дзеячаў культуры, у эпоху якіх ім пашчасціла дзейнічаць.

 

Спіс выкарыстаных крыніц

1.       Архіў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Пратаколы Магілёўскага дзяржаўнага інстытута імя А. А. Куляшова за 1996/97 нав. год.

2.       Гісторыя Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1913–1940 гг.): дакументы і матэрыялы / аўт.-склад.: А. Р. Агееў, К. М. Бандарэнка, В. П. Клімковіч; пад агульн. рэд. К. М. Бандарэнкі. – Магілёў, 2008. – 216 с.

3.       Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Магілёўскай вобласці (ДАГАМВ). – Фонд 93. – Воп. 1. – Спр. 64.

4.       ДАГАМВ. – Спр. 65.

5.       ДАГАМВ. – Спр. 66.

6.       ДАГАМВ. – Спр. 67.

7.       Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. – Фонд 927. – Воп. 1. – Спр. 708.

8.       ДАМВ. – Воп. 5. – Спр. 21.

Агееў, А. Р. Апошняя перамога Аркадзя Куляшова (Да гісторыі прысваення імя народнага паэта Магілёўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту) / А. Р. Агееў // Актуальные проблемы современной филологии и преподавания филологических дисциплин : сборник научных статей Международной научно-практической конференции, посвященной 100-летию МГУ им. А. А. Кулешова, 15–16 мая 2013 г., г. Могилев / редколлегия: Е. Н. Грушецкая и др. ; МГУ имени А. А. Кулешова. – Могилев, 2013. – С. 6–9.

КАБИНЕТ «ЛИТЕРАТУРНАЯ МОГИЛЕВЩИНА»

Кабинет Литературная Могилевщина

Кабинет «Литературная Могилевщина» действует с 1995 г. Создан на научной базе филологического факультета (ныне историко-филологический факультет). Основой фондов стал личный архив декана факультета, кандидата филологических наук, доцента, члена Союза писателей Я.И. Климутя.

При посещении комнаты студенты могут познакомиться с литературным наследием нашего края, его творческими традициями; представить роль, которую играла и играет Могилевская земля в развитии белорусской литературы.

Посетителей впечатлит коллекция личных вещей известных писателей и поэтов, подлинники рукописей, уникальные исторические документы. Возможно, для некоторых откроются новые страницы из прошлого нашего родного края, они узнают имена писателей и поэтов, неизвестных им, а об известных узнают много нового и интересного.

Центральное место в экспозиции занимает раздел, посвященный судьбе уроженца Могилевской области народного поэта Беларуси Аркадия Александровича Кулешова, чье имя стало знаковым для университета. Представленные документы и фотоматериалы позволяют составить целостную картину жизни и творчества поэта, осознать его выдающуюся роль и место в белорусской литературе, истории и культуре.

bottom of page