top of page

IN MEMORIAM

ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ
НАРОДНАГА ПАЭТА БЕЛАРУСІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

аг. Новыя Саматэвічы (у будынку школы)

213684 Касцюковіцкі раён,

Магілёўская вобласць, Рэспубліка Беларусь

тэл. 8(02245)73 617, 8(02245)74 397

Аўторак – субота:

з 9.00 да 13.00

Выхадны:

нядзеля, панядзелак

1984.jpg

У 1984 г. напярэдадні святкавання 70-годдзя з дня нараджэння паэта на яго радзіме ў в. Саматэвічы Касцюковіцкага раёна заснаваны Літаратурны музей Аркадзя Куляшова як філіял Касцюковіцкага раённага краязнаўчага музея. Да гэтага прыклалі намаганні яго паплечнікі па пяру, землякі, настаўнікі, вучні Саматэвіцкай школы, якая насіла яго імя, а таксама родныя і блізкія паэта.

Аснову экспазіцыі склалі прадметы з выстаўкі 1978 г., прысвечанай А. Куляшову, і рэчы з мемарыяльнага пакоя паэта, адкрытага ў 1980 г. у Касцюковіцкім краязнаўчым музеі. Размяшчаўся ў трох пакоях драўлянай хаты.

Праз два гады ў музеі амаль не стала наведвальнікаў – пасля Чарнобыльскай катастрофы ў «зону» ездзілі неахвотна. У 1990 г. быў зусім закрыты, экспанаты перададзены раённаму краязнаўчаму музею.

ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ НАРОДНАГА ПАЭТА

Народны паэт Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Аркадзь Куляшоў – паэт рэдкага таленту, высокай культуры. Без яго творчых набыткаў немагчыма ўявіць не толькі беларускую, але і ўсю шматнацыяналыіую савецкую паэзію.

I дзе б ён ні быў – настаўнічаў у палескай вёсцы, ці стаяў насмерць перад нямецкімі полчышчамі пад Масквой, ездзіў за мяжу, ці рэдагаваў сталічны часопіс, ён заўсёды помніў свае Саматэвічы, яму заўсёды былі дарагімі родныя палі, рака Бесядзь, бярозавыя гаі, якія натхнялі яго, занялі месца ў творчасці народнага песняра.

I вось тут, на радзіме паэта, у вёсцы Саматэвічы, напярэдадні святкавання 70-годдзя з дня нараджэння майстра слова, у цагляным будынку былой сярэдняй школы адбылося ўрачыстае адкрыццё літаратурнага музея А. Куляшова.

З самага ранку тут пачалі збірацца людзі. I не толькі жыхары раёна, а і з іншых мясцін, дзе добра ведаюць творчасць паэта і шануюць аб ім памяць. Ад праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі прыбыла на ўрачыстасці група вядомых дзеячоў культуры на чале з сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Іванам Гаўрылавічам Чыгрынавым.

Палова дванаццатай. Урачыстасці адкрывае першы сакратар раённага камітэта партыі Беларусі П.П. Міхуноў.

– Паважаныя госці! Сёння ўсе мы сабраліся тут на зямлі, якая дала пуцёўку ў вялікае жыццё, вялікую паэзію слаўнаму нашаму земляку, народнаму паэту Беларусі Аркадзю Куляшову. І сёння, напярэдадні яго 70-годдзя з дня нараджэння, мы адкрываем літаратурны музей Аркадзя Аляксандравіча Куляшова.

Слова прадастаўляецца сакратару праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Івану Гаўрылавічу Чыгрынаву:

– Наша група пісьменнікаў прыехала на святкаванне 70-й гадавіны з дня нараджэння Аркадзя Куляшова сюды, на яго Радзіму, у вёску Саматэвічы. І нам вельмі прыемна, што землякі Аркадзя Аляксандравіча адкрываюць у гэты дзень музей. Я хачу выказаць падзяку кіраўнікам раёна, партыйным і савецкім органам, усім, хто ўшаноўвае і беражэ светлую памяць нашага вялікага пісьменніка, вядомага не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце.

Адна за другой гучаць прамовы. У іх выступаючыя гавораць пра дасягненні ў развіцці савецкай паэзіі, творчасць Аркадзя Куляшова, пра значэнне створанага літаратурнага музея, які павінен адкрыцца.

I вось наступае ўрачыстая хвіліна. Чырвоную стужку разразае Пётр Пятровіч Міхуноў. Потым ён разам з I.Г. Чыгрынавым здымаюць накідку з шыльды і адкрываецца надпіс: «Літаратурны музей народнага паэта Беларусі А. Куляшова».

Першымі наведвальнікамі створанага музея былі пісьменнікі-таварышы па пяру выдатнага паэта, прадстаўнікі партыйных і савецкіх органаў і вучні Саматэвіцкай сярэдняй школы імя А. Куляшова. Першую экскурсію правёў дырэктар Касцюковіцкага краязнаўчага музея У.Р. Ламінскі.

Наведвальнікі азнаёміліся з творамі паэта розных гадоў, рукапісамі, часткай асабістай бібліятэкі Аркадзя Куляшова. Тут жа бюст паэта, створаны і падораны землякам А. Куляшова народным мастаком БССР З.I. Азгурам, бурка джыгіта, падораная нашаму выдатнаму земляку ў час правядзення ў Мінску вечара, прысвечанага 60-годдзю Аркадзя Куляшова, народным паэтам Кабардзіна-Балкарыі Кайсынам Куліевым і іншыя экспанаты. Усяго іх у музеі сабрана звыш пяцісот.

На адкрыцці музея прысутнічалі: В.Ф. Кастэнка – загадчыца аддзела прапаганды і агітацыі Магілёўскага абкома партыі, Г.С. Зотаў – загадчык сектара друку, тэлебачання і радыёвяшчання абкома КПБ, А.Д. Раманаў – рэдактар часопіса «Вожык», I.А. Аношкін – сакратар абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменнікі: П.С. Васілеўскі, Л.К. Левановіч, А.В. Вольскі, У.М. Скарынкін, В.I. Атрашкевіч – загадчык кафедры беларускай літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута імя А. Куляшова, В.I. Ермаловіч – член Беларускага тэатральнага таварыства, выкладчык Магілёўскага культасветвучылішча, работнікі раённага камітэта КПБ, райвыканкома, сельскага Савета.

Літаратурны музей народнага паэта // Сцяг камунізму (Касцюковічы). – 1984. – 9 лютага.

bottom of page