top of page

2018 ............

Т.М. Пучынская

 

МІЖПРАДМЕТНЫЯ СУВЯЗІ ПРЫ ВЫВУЧЭННІ

ТВОРЧАСЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА Ў ШКОЛЕ

 

У артыкуле разглядаецца сувязь паміж двума гуманітарнымі прадметамі школьнага курса – беларускай і рускай літаратурай. На прыкладзе вывучэння манаграфічнай тэмы «Аркадзь Куляшоў» даюцца рэкамендацыі па высвятленні гэтай сувязі, яе выкарыстанні з мэтай развіцця пазнавальных інтарэсаў, фарміравання цэласнага светапогляду вучняў. Патэнцыял апісаных метадычных прыёмаў дазваляе таксама спраектаваць даследчую дзейнасць старшакласнікаў у працэсе вывучэння літаратуры.

Сістэмны падыход да выкладання літаратуры ў старшых класах мае разнастайныя аспекты яго рэалізацыі, адзін з якіх міжпрадметныя сувязі. Актуальнасць іх выкарыстання падкрэсліваецца аўтарамі вучэбнай праграмы па беларускай літаратуры: «...мэтазгодна прадугледжваць рэалізацыю міжпрадметных сувязей перш за ўсё з такімі вучэбнымі прадметамі, як «Беларуская мова», «Руская літаратура», «Гісторыя Беларусі» [1, с. 16-17].

Міжпрадметныя сувязі, на думку А. І. Лугоўскага, звычайна рэалізуюцца праз вывучэнне ўзаемаўплыву беларускай і рускай літаратур, кантактных сувязей пісьменнікаў творчую дружбу літаратараў настаўніцтва [3, с. 203-206]. С. А. Зінін адзначае, што літаратурнае ўзаемадзеянне адбываецца на трох узроўнях мастацкай камунікацыі: мастацкіх універсалій, міжтэкставага мастацкага ўзаемадзеяння і гісторыка-біяграфічных сувязей [2]. Найбольш «кантактным» узроўнем мастацкай камунікацыі з’яўляюцца гісторыка-біяграфічныя сувязі. Вучні аналізуюць асобаснае ўзаемадзеянне паміж пісьменнікамі (знаёмства, перапіска, сяброўства, сустрэчы, супрацоўнцтва ў межах літаратурнага аб’яднання і інш.), параўноўваюць факты біяграфіі, знаёмяцца з гісторыка-літаратурным кантэкстам эпохі.

Творчасць А. Куляшова, што ўвайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, манаграфічна вывучаецца ў 10 класе. У адпаведнасці з праграмнымі патрабаваннямі (базавы ўзровень) старшакласнікі павінны засвоіць асобныя звесткі з жыцця і творчасці пісьменніка, прааналізаваць вершы «Мая Бесядзь», «Над брацкай магілай», «Я хаце абавязаны прапіскаю...», «На паўмільярдным кіламетры...», «Спакойнага шчасця не зычу нікому...». На павышаным узроўні дадаткова вывучаюцца вершаваны цыкл «Маналог» і паэма «Сцяг брыгады».

Рэалізаваць міжпрадметныя сувязі магчыма шляхам вывучэння літаратурнага ўзаемадзеяння А. Куляшова і А. Твардоўскага. Вядома, што пісьменнікаў звязвала шматгадовае сяброўства, яны належалі да аднаго пакалення, у свой час былі сведкамі такіх падзей, як калектывізацыя, Вялікая Айчынная вайна, шмат у чым аднолькава ўспрымалі тагачасную атмасферу жыцця. Для А. Куляшова творчасць рускага пісьменніка стала штуршком да пошуку ўласных шляхоў у літаратуры. Ц. Ліакумовіч адзначае, што «А. Куляшоў успрымаў Твардоўскага як найвыдатнейшага сучаснага паэта.., прызнаваўся, што захапляўся ім як асобаю і яго паэтычнай творчасцю, у якой працягнуліся вялікія традыцыі рускай класічнай паэзіі» [4, с. 187]. А. Куляшоў пісаў, што як паэт «ён абавязаны сваім нараджэннем паэме А. Твардоўскага «Краіна Муравія» [4, с. 185]. Адзін з найлепшых ліра-эпічных твораў «Варшаўскі шлях» прысвечаны памяці сябра А. Твардоўскага.

Аляксандр Трыфанавіч, у сваю чаргу, з любоўю адносіўся «да Беларусі, беларускай літаратуры і беларускай мовы, якая ўзнікла ў душы на аснове блізкага геаграфічнага суседства...» [4, с. 187]. Н. Твардоўская прыводзіць цікавыя факты пра дзядулю А. Твардоўскага, ураджэнца Беларусі [5, с. 180-185], якія дазваляюць глыбей зразумець сувязь паэта з беларускай зямлёй. А. Твардоўскі, які нарадзіўся і пэўны час жыў на Смаленшчыне, побач з Беларуссю, быў знаёмы з творчасцю Я. Купалы і Я. Коласа. Ён цаніў сяброўства з А. Куляшовым, падкрэсліваў значнасць яго паэзіі, асабліва ўважліва аднёсся да «Новай кнігі», прысвяціўшы ёй артыкул «Зрелость таланта».

 

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

К.А. Ермаковіч

 

АДЗІНСТВА СУРОВАЙ ПРАЎДЫ I ГУМАНІЗМУ

Ў ПАКАЗЕ НАРОДНАГА ПОДЗВІГУ: ВЫВУЧЭННЕ

ТВОРЧАСЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА Ў ШКОЛЕ

 

2014 ............

Знаёмства вучняў з творчай спадчынай Аркадзя Куляшова ў працэсе літаратурнага навучання адбываецца двойчы: у VIII і X класах. Калі васьмікласнікі чытаюць верш «Бывай» як адзін з узораў інтымнай лірыкі, то старшакласнікі засяроджваюць увагу на жыццёвым і творчым шляху паэта, больш дэталёва знаёмяцца з паэтычнай спадчынай. Вучэбнай праграмай па беларускай літаратуры прадугледжваецца вывучэнне такіх твораў, як «Мая Бесядзь», «Над брацкай магілай», «Спакойнага шчасця не зычу нікому...», «Я хаце абавязаны прапіскаю...», а таксама вершаваны цыкл «Маналог» (для самастойнага чытання прапануюцца яшчэ 2-3 вершы, «Ліст з палону», раздзелы на выбар настаўніка з паэмы «Сцяг брыгады»). Такі падбор твораў дазваляе ажыццявіць знаёмства з тэматычным дыяпазонам паэзіі А. Куляшова на розных этапах яго творчасці. Сістэма ўрокаў, разлічаная на тры гадзіны, мае самую цесную прывязку да розных перыядаў паэзіі пісьменніка. Дзесяцікласнікі вывучаюць творчасць А. Куляшова ў раздзеле «Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны». Зразумела, што гэта патрабуе большай заглыбленасці пры аналізе твораў ваеннай тэматыкі. Падобная засяроджанасць дасць магчымасць убачыць творчасць А. Куляшова ў кантэксце нацыянальнай прозы і паэзіі гадоў Вялікай Айчыннай вайны, бо адначасова ідзе засваенне твораў гэтага перыяду П. Броўкі, М. Танка, К. Чорнага.

Для школьнікаў XXI стагоддзя тэма Вялікай Айчыннай вайны стала тэмай гістарычнага мінулага. Вельмі важна акрэсліць час і ваенныя абставіны, у якіх апынулася Беларусь і беларусы ў 1942 годзе. Магчыма, варта даць філасофскае тлумачэнне, што ёсць адметнасці трагедыі смерці ў мірны і ваенны час (калі няма магчымасці пахаваць памерлых адпаведна хрысціянскім звычаям і абрадам, у час вайны хаваюць там, дзе людзі загінулі, хаваюць нярэдка ў брацкіх магілах). Таму істотна стварэнне эмацыйнага фону, на якім адбудзецца знаёмства з баладным вершам «Над брацкай магілай». Да месца можа быць выкарыстана музыка, жывапісныя палотны беларускіх мастакоў. Адзначым і той момант, што аўтар не падмяняе назвы вёсак, дае магчымасць чытачам лепш уявіць, «адчуць» сапраўдную гісторыю і лёс сваіх продкаў. Наўрад ці можа скласціся нейкае ўражанне, выклікаць эмоцыі, суперажыванне ўжо звычайны пералік незнаёмых імёнаў, назваў, «сухіх» лічбаў. Сёння час патрабуе магчымасці «памацаць», убачыць, паслухаць. Таму калі ўзяць геаграфічную карту і знайсці на ёй рускія вёскі Старая Руса, Лажыны, параўнаць тую мясцовасць з родным беларускім краем, то аналіз балады атрымаецца больш паглыбленым. Сёння мы ведаем асобныя краіны Расію, Беларусь, Украіну... I (маладому пакаленню) падаецца, што так было заўсёды. Аднак нашы бацькі, дзяды помняць адну магутную краіну – Савецкі Саюз. Таму і становіцца відавочным падабенства беларускіх і рускіх населеных пунктаў, не выклікае пытанняў, чаму за вёскай Лажыны «магіла ёсць брацкая ў лузе», дзе «хлапцы беларускія чэсна галовы злажылі» [1, с. 63].

Засяродзім увагу на выразе «чэсна галовы злажылі». Для франтавіка А. Куляшова маральнай каштоўнасцю бачылася тое, што хлопцы не памерлі, а чэсна галовы злажылі. Вучні ўжо знаёмыя з чэснасцю ў адбыванні абавязку герояў А. Гаруна (вершы «Праводзіны», «Чалавечая кроў»), М. Гарэцкага (апавяданне «Літоўскі хутарок», запіскі «На імперыялістычнай вайне»). Здаецца, было важным нават смерць годна сустрэць: памерці хай сабе і не вядомым героем, але і не здраднікам; памерці, абараняючы свой край ад ворага, а не забіваючы людзей дзеля нейкай выгоды. Лірычны герой балады памятае пра свой абавязак. Гэтае паняцце аўтар расшыфроўвае шматаспектна.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

М.С. Малатоўнік

 

ПРЫЁМЫ АРГАНІЗАЦЫІ МІЖПРАДМЕТНАЙ

ПАЗНАВАЛЬНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ Ў ПРАЦЭСЕ

ВЫВУЧЭННЯ ТВОРЧАСЦІ А. КУЛЯШОВА

2009 ............

Мэты і задачы фарміравання грамадзянскай культуры ў поўнай меры могуць быць рэалізаваны на змесце беларускай літаратуры як вучэбнага прадмета. Гэты працэс прадугледжвае ўвагу да прыкмет мастацкага часу ў творы, карцін жыцця і рэчаіснасці (у тым ліку карцін прыроды), масавых сцэн, на аснове чаго фарміруецца ўсведамленне мастацкай канцэпцыі айчыннай гісторыі, асэнсаванне нацыянальнага характару як эстэтычнай з’явы; вобраза героя як сінтэзу канкрэтна гістарычнага, канкрэтна нацыянальнага і агульначалавечага.

«З’яўляючыся самастойным і спецыфічным прадметам, літаратура не ізалявана ад іншых дысцыплін, а цесна звязана з імі, асабліва з дысцыплінамі эстэтычнага і грамадазнаўчага цыклаў». Міжпрадметныя сувязі – гэта «педагагічная катэгорыя для абазначэння сінтэзуючых, інтэгратыўных адносін паміж аб’ектамі, з’явамі і працэсамі рэальнай рэчаіснасці, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў змесце, формах і метадах вучэбна-выхаваўчага працэсу і выконваюць адукацыйную, развіваючую і выхаваўчую функцыі ў іх арганічным адзінстве».

Тэорыя міжпрадметных сувязей утрымлівае наступныя прыёмы іх ажыццяўлення: папярэдняе паўтарэнне ведаў, пытанняў светапогляднага характару, апорных гістарычных фактаў ці фактаў развіцця культуры; выкарыстанне праблемных пытанняў і пазнавальных задач міжпрадметнага зместу; падрыхтоўка дакладаў, рэфератаў, якія патрабуюць выражэння ацэначных меркаванняў, выяўлення ўласнай маральна-эстэтычнай і ідэйна-палітычнай пазіцыі; правядзенне дыскусій, дыспутаў па праблемах, што маюць на ўвазе сінтэз ведаў з шэрагу прадметаў.

Сувязь з мовай, гісторыяй, філасофіяй, этыкай і творамі сумежных мастацтваў (жывапісам, графікай, скульптурай, тэатрам, кіно і музыкай) павышае эфектыўнасць урокаў літаратуры і дапамагае данесці да вучняў аб’ём ведаў па прадмеце. Выкарыстанне міжпрадметных сувязей у працэсе вывучэння літаратуры дазваляе рыхтаваць інфармаваных, гуманных і сацыяльна актыўных грамадзян, узбагачаючы іх ведамі, інтэлектуальнымі навыкамі і навыкамі ўдзелу ў жыцці грамадства, г.зн. выконвае грамадзянскую місію. Практычнае ажыццяўленне сувязей гісторыі і літаратуры пры вывучэнні эпічных твораў магчыма праз такія прыёмы, як складанне «слоўніка эпохі», даследаванне ролі гістарычнай даты ў мастацкім творы, прыцягненне дакументальнага матэрыялу гістарычнага значэння на ўроках літаратуры, падрыхтоўка гістарычнага каментарыя да вывучаемага твора, узнаўленне карцін эпохі шляхам славеснага малявання.

На ўроках па вывучэнні лірычных твораў А. Куляшова («Мая Бесядзь», «Над брацкай магілай», «Спакойнага шчасця не зычу нікому...», «Я хаце абавязаны прапіскаю...», «Маналог» у 10-м класе можна выкарыстаць наступныя прыёмы арганізацыі міжпрадметных сувязей: гістарычны каментарый, выяўленне прымет «мастацкага часу», рэальнай і «мастацкай» геаграфіі, а таксама «стылістычны эксперымент», «спадарожнае навучанне», работа з партрэтам, напісанне сачынення па карціне, падбор музычнага суправаджэння, праца з тэарэтычным паняццем, розныя віды параўнання (з папярэднімі варыянтамі, з перакладамі, з празаічным творам), супастаўленне апісання падзеі з яе рэальньм зместам, моўна-выяўленчых і жывапісных сродкаў.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

2006 ................

М.І. Мішчанчук

 

АСАБЛІВАСЦІ ВЫВУЧЭННЯ СПАДЧЫНЬІ

А. КУЛЯШОВА Ў СТАРШЫХ КЛАСАХ

АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЙ ШКОЛЫ

Вывучэнне літаратуры ў школе – з’ява шматгранная і шматступенная, якая пачынаецца з агульнага знаёмства з прыгожым, з адчування яго непадобнасці на рэальнае жыццё, з чуцця слова да паступовага асэнсавання яго праз цэласнае ўспрыманне асобных твораў у сярэдніх класах (V–VIII). На заключным этапе навучання базавай школы (IX–X класы) і асабліва ў XI–XII класах, калі працэс пазнання паглыбляецца, мастацтва слова вывучаецца на павышаным і профільным узроўні, у гісторыка-храналагічным плане, як непарыўны працэс. I перашкодзіць менавіта такому навучанню літаратуры не павінны неспрыяльныя ўмовы, нават тое, што замест 4-х (даўняя рэтраспекцыя) і 3-х (бліжэйшы час) гадзін на тыдзень цяпер на гэтую высакародную місію адводзіцца ўсяго паўтары гадзіны.

Пакінем па-за ўвагай маральна-этычны (нават грамадзянскі) аспект праблемы і навучання па кавалачках, кароткіх пераказах зместу твораў, у выніку чаго вучань ператворыцца ў жабрака духу, у абмежаваную, меркантыльную асобу. Возьмем аспект іншы: як вывучаць хоць бы лірыку ў старшых класах: па асобных творах вынятках з кантэксту ўсяе творчасці мастака, што прывядзе да мазаічнага (лоскутного па-руску) разумення літаратуры, ці па значна большых «кавалках» мастацкага тэксту: па цыклах вершаў і паэм, па кнігах паэзіі. Думаецца, другі шлях у дадзеным выпадку больш прыймальны. Менавіта ў такім выпадку вучні атрымліваюць сістэмныя, цэласныя веды і гісторыка-літаратурныя, і тэарэтычныя. Ускладняюцца перад імі задачы. З’яўляюцца праблемы, што патрабуюць намагання не толькі эмацыянальнага, але і разумова-інтэлектуальнага. Бо не сакрэт, што ў апошнія гады многія выхаванцы школы лічаць літаратуру найлягчэйшай дысцыплінай, не ўсведамляюць, якой пазнавальна-выхаваўчай, этыка-культуралагічнай сілай яна валодае.

Аркадзь Куляшоў выдатны паэт, класік нацыянальнай літаратуры. Менавіта ён адрадзіў і ўзняў на недасяжную для многіх у канцы 50-х – 60-я гады вышыню паэзію, лірыку найперш, надаў ёй адзнакі філасафічнасці, строгага аналітызму, дасягнуў гармоніі думкі і пачуцця ў сваіх выдатных творах. Лепшае, найбольш значнае ў яго паэзіі палягае ў «Новай кнізе», годна прадставіць якую вучням на заключным этапе навучання ў школе гэта значыцца адкрыць ім сапраўднага Паэта, які належыць і нам, беларусам, і ўсім жыхарам планеты Зямля.

Абмяжуемся некалькімі меркаваннямі, перш чым даць цэласны аналіз выдатнай кнігі, што стаіць на ўзроўні шэдэўраў філасофскай лірыкі, створаных Я. Баратынскім, М. Багдановічам, Э. М. Рыльке, П. Нерудам, Э. Межалайцісам, Л. Мартынавам, К. Куліевым, М. Забалоцкім, В. Шэфнерам і іншымі аўтарамі.

Для вывучэння трэба выбіраць кнігі (ці цыклы вершаў) вызначальныя, да якіх сцягваюцца ідэйна-сэнсавыя лініі астатніх, якія ўпісваюцца ў кантэкст той ці іншай эпохі многімі гранямі. «Новая кніга» адпавядае гэтаму патрабаванню і стваралася ў перыяд гуманізацыі жыцця, узвелічэння чалавека ў мастацтве, яго выхаду ў Космас, надае прыярытэт агульначалавечым, вечным каштоўнасцям.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

2001 ................

М.І. Мішчанчук

 

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ. З АЎТАБІЯГРАФІІ

Нарадзіўся я 6 лютага 1914 года на Магілёўшчыне ў мястэчку Самацеевічы, Касцюковіцкага раёна.

Мой бацька і маці – вясковыя настаўнікі.

Цікавіцца вершамі і спрабаваць пісаць іх сам пачаў з сямі год, а ў 1926 годзе ў клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік» быў надрукаваны мой першы верш на беларускай мове. У наступным годзе некалькі маіх вершаў з’явілася ў абласной газеце «Магілёўскі селянін» і адзін –  у «Чырвоным сейбіце» – літаратурным дадатку да рэспубліканскай газеты «Беларуская вёска».

У 1928 годзе, пасля заканчэння Самацеевіцкай сямігодкі, я працягваў вучобу ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме. У тыя гады Мсціслаў быў своеасаблівым цэнтрам пачынаючых паэтаў і празаікаў, якія групаваліся вакол студыі «Маладняка» – самай масавай тагачаснай літаратурнай арганізацыі ў Беларусь. Тут я пазнаёміўся з таленавітымі пачынаючымі паэтамі Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам, вершы якіх ужо друкаваліся тады ў цэнтральных газетах і часопісах. (...)

<...>

З 1931 па 1933 год вучуся на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута. Займаючыся ў інстытуце, не парываю сувязі з вёскай, летнія канікулы праводжу ў родных мясцінах, на калгасных станах, сярод нядаўніх сяброў маленства – трактарыстаў, брыгадзіраў, звеннявых. З трапятлівай цікавасцю сачу за новым жыццём вёскі, за тымі пераўтварэннямі, якія з году ў год усё выразней і выразней зменьваюць яе былы воблік. Пішу аб усім гэтым па гарачых слядах у манеры, вельмі блізкай да манеры тагачасных паэтаў-канструктывістаў. Цьмяна адчуваю, што атрымліваюцца нататкі, дарожныя нарысы, а не вершы.

Нягледзячы на тое, што кніга за кнігай выходзяць з друку зборнікі маіх вершаў і паэм – «Па песню, па сонца», «Аманал» (1932), «Медзі дождж» (1933), «Гарбун» (1935), – напісанае не задавальняе мяне. Разумею, што дрэнна, павярхоўна ведаю жыццё, а пра тое, што ведаю, пяю, як кажуць, не ўласцівым для мяне голасам. Усё часцей і часцей звяртаюся да крыніц народнай творчасці, да твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пушкіна і Някрасава. (...)

<...>

Нарэшце, як адкрыццё, як прасвятленне – «Краіна Муравія» Аляксандра Твардоўскага.

Я ніколькі не перабольшу, калі скажу, што, як паэт, сваім нараджэннем я абавязаны менавіта гэтаму твору. «Краіна Муравія» не толькі па-новаму дала магчымасць асэнсаваць блізкі мне свет народнага жыцця, але і з’явілася штуршком, які вывеў мяне з творчага тупіка.

<...>

24 чэрвеня 1941 года пакінуў разбураны фашысцкай бамбардзіроўкай, ахоплены пажарам Мінск. Пеша прайшоў горкі шлях ад Мінска да Оршы. Цягніком даехаў да Калініна, дзе добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. З Калініна быў пасланы ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам, а адтуль накіраваны на службу ў армейскую газету «Знамя Советов».

У жніўні і верасні 1942 года, знаходзячыся на фронце, напісаў паэму «Сцяг брыгады». Глыбокай восенню гэтага ж года прачытаў паэму Аляксандру Трыфанавічу Твардоўскаму, думкай якога, па зразумелай прычыне, я асабліва даражыў. Паэма Твардоўскаму спадабалася, і ён тут жа паслаў яе Міхаілу Васільевічу Ісакоўскаму. У пачатку 1943 года паэму ў перакладзе М. В. Ісакоўскага надрукаваў часопіс «Знамя».

12 кастрычніка 1962 г.

Каментарый

Скупыя аўтабіяграфічныя звесткі пісьменніка ўдала дапаўняюць яго паэмы «Далёка да акіяна» і «Маналог», урыўкі з успамінаў сяброў і блізкіх, якія мы прапануем ніжэй. Асабліва цікавыя звесткі пра жыццё і творчасць славутага песняра, які сам надзвычай сціпла ацэньваў сваю ролю ў слоўным мастацтве Беларусі, знаходзім у кнізе дачкі паэта Валянціны Аркадзьеўны, у шматлікіх яе публікацыях у перыядычных выданнях.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

1980 ................

М. Слесарава

 

НЕКАТОРЫЯ ПЫТАННІ ПАТРЫЯТЫЧНАГА

ВЫХАВАННЯ ДЗЕСЯЦІКЛАСНІКАЎ У ПРАЦЭСЕ ВЫВУЧЭННЯ БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ

(Аркадзь Куляшоў. Паэма «Сцяг брыгады»)

Перыяд разгорнутага будаўніцтва камунізму ў нашай краіне характарызуецца ўсё ўзрастаючай роляй ідэйна-палітычнага выхавання падрастаючага пакалення. У Справаздачным дакладзе XXV з’езду КПСС Л. І. Брэжнеў адзначыў, што «ўсталяванне ў свядомасці працоўных, перш за ўсё маладога пакалення, ідэй савецкага патрыятызму і сацыялістычнага інтэрнацыяналізму, гордасці за Краіну Саветаў, за нашу Радзіму, гатоўнасць стаць на абарону заваёў сацыялізму было і застаецца адной з важнейшых задач партыі».

Калі ўлічыць, што ў нашым сацыялістычным грамадстве ўдзельная вага моладзі, якая выступае актыўнай сілай у камуністычным будаўніцтве, пастаянна ўзрастае, то становіцца зусім зразумела, чаму так неабходна выхоўваць падрастаючае пакаленне ў духу вернасці ідэалам камунізму, любові і адданасці сваёй Радзіме.

Уся наша сацыялістычная рэчаіснасць садзейнічае выхаванню маладога пакалення ў духу савецкага патрыятызму і сацыялістычнага інтэрнацыяналізму, але вядучая роля ў гэтай справе па праву належыць школе, бо зразумела, што асновы высокаадукаванай, палітычна граматнай асобы закладваюцца ў школьныя гады.

Савецкая школа, такім чынам, заклікана вырашаць важнейшыя праблемы, звязаныя з выхаваннем вучняў. Гэтаму садзейнічае змест большасці вучэбных прадметаў, але асаблівую ўвагу трэба звярнуць на літаратуру. Вялікім выхаваўчым патэнцыялам валодае і беларуская літаратура. Яна, па словах Л. I. Брэжнева, «мае магутныя вытокі: гераізм беларускага народа, яго беззапаветную адданасць Айчыне, глыбокі патрыятызм».

Творы нашых пісьменнікаў, асабліва перыяду Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўляюць сабой багаты матэрыял не толькі для навучання, але і для выхавання і развіцця пачуццяў савецкага патрыятызму ў школьнікаў. Яшчэ Якуб Колас пісаў: «На гераічных учынках няхай вучацца дзеці стойкасці, адданасці сваёй савецкай Радзіме і народу».

Важную ролю ў справе патрыятычнага выхавання адыгрываюць паэтычныя творы. Паэзія наогул з’яўляецца адным з важнейшых сродкаў маральна-палітычнага выхавання вучняў. Асабліва гэта датычыць твораў Аркадзя Куляшова, прасякнутых глыбокім грамадзянскім пафасам, гарачай любоўю да Радзімы, ідэямі дружбы паміж народамі. А розныя метадычныя прыёмы, выкарыстаныя ў працэсе навучання, дапамогуць не толькі глыбока засвоіць змест твораў пісьменніка, але і акажуць уплыў на фарміраванне і далейшае развіццё патрыятычнай свядомасці вучняў. I гэта вельмі істотна, бо такія два моманты, як навучанне і выхаванне, – адзінае цэлае, непарыўнае, таму і разглядаць іх варта ў адзінстве.

Пачынаючы вывучэнне вершаваных твораў у старэйшых класах, настаўніку неабходна памятаць, што гэтыя класы – новы этап у эстэтычным развіцці вучняў. У працэсе прачытання паэтычных твораў у старшакласнікаў назіраецца паслабленне эмацыянальна-вобразных і ўзмацненне інтэлектуальных перажыванняў. Юнацкая думка сканцэнтроўваецца па рашэнні філасофскіх і маральных праблем, і хоць аўтарскія пачуцці пастаянна застаюцца ў полі зроку вучняў, галоўную ўвагу прыцягваюць праблемы аб мэце жыцця, аб маральных прынцыпах, аб значэнні для чалавека Радзімы. Больш канкрэтнымі становяцца ў старэйшых класах адносіны да прачытанага вершаванага твора. Настаўнік жа не «кіруе», а як бы «накіроўвае» дзейнасць вучняў.

Перад пачаткам вывучэння творчасці Куляшова вучням X класа СШ № 60 г. Мінска было прапанавана адказаць на пытанні анкеты з мэтай высветліць, як старшакласнікі разумеюць паняцці патрыятызму, гераізму савецкіх людзей, што значыць для іх Радзіма, каго мы лічым сапраўдным інтэрнацыяналістам. Нягледзячы на тое, што пытанні не вельмі складаныя, адказы на іх былі далёка не здавальняючымі, адназначнымі. Так, большасць вучняў напісалі, што «патрыятызм і гераізм – паняцці ідэнтычныя», а «Радзіма – тое месца, дзе я нарадзіўся (нарадзілася)».

Такая з’ява абавязвае настаўнікаў-славеснікаў больш увагі ўдзяляць раскрыццю зместу вышэйназваных паняццяў у працэсе вывучэння як літаратуры наогул, так і менавіта творчасці Куляшова.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

1969 ................

Ул. Брандабоўскі

 

ПА  ПЕСНЮ, ПА  СОНЦА

(Вывучэнне творчасці А. Куляшова ў 10-м класе)

Аркадзь Куляшоў прыйшоў у нашу паэзію ў сярэдзіне дваццатых гадоў. Гэта былі гады імклівай сталасці беларускай творчай моладзі, яе пошукаў свайго месца «ў рабочым страі» і набыцця той «звонкай сілы», якая патрэбна «атакуючаму класу». Такія якасці адразу становяцца прыкметай паэзіі Аркадзя Куляшова, які ідзе «ў слаўныя шэрагі сініх блуз», каб сваім адданым паэтычным словам служыць краіне і апяваць яе поспехі ў сацыялістычным будаўніцтве. Малады паэт называе сябе адным з людзей новага прызыву. I мы не выпадкова ўспомнілі тут словы Уладзіміра Маякоўскага, чыя паэзія была компасам маладой савецкай літаратуры: сапраўды, А. Куляшоў таксама адчувае сябе «рэвалюцыяй мабілізаваным і прызваным».

Аб гэтым сваім адчуванні шчыра і горача піша паэт у вершы, які даў назву аднаму з самых яго цікавых першых зборніка – «Па песню, па сонца». Узаемасувязь з Радзімай, з яе велічнымі планамі выяўляецца тут вобразна і глыбока лірычна:

 

Скажаш: – Iдзі!..

I я буду ісці!..

Вера твая ў маім целе...

Пагрукаеш ты ў аконца і скажаш:

– Па песню, па сонца!..

Дарога палотны пад ногі сцеле,

I я іду па сонца, па песню

I мэту сваю здзейсню.

 

Дыяпазон яго паэтычных інтарэсаў ахоплівае жыццё калгаснай вёскі і сацыялістычнага горада, тэмы вайны і міру, спрадвечныя праблемы жыцця і смерці, кахання і нянавісці, вернасці і здрады. З першых зборнікаў і па сённяшні дзень герой А. Куляшова неўтаймавана пазнае жыццё і імкнецца прыняць самы актыўны ўдзел у яго пераўтварэнні. I мэту лірычнага героя нельга аддзяліць ад мэты аўтара.

Дзесяцікласнікі ўжо маюць пэўнае ўяўленне аб творчасці А. Куляшова. З курса сёмага класа ім вядомы некаторыя біяграфічныя звесткі, верш часоў Вялікай Айчыннай вайны «Камсамольскі білет» і твор «Плыла, цалавалася хмара з зямлёю». Абодва вершы ўдала спалучаюцца таму, што ў адным з іх своеасаблівая паэтычная праграма, а ў другім – яе здзяйсненне ў гераічным вобразе камсамольца, які вышэй за ўсё ставіць чалавечую годнасць савецкага маладога чалавека, героя карчагінскай загартоўкі.

Каб вучні лепш зразумелі сутнасць першых вершаў і паэм А. Куляшова, неабходна напомніць аб тых пастановах ЦК нашай партыі, якія вызначалі шляхі развіцця савецкай літаратуры ў 1925 і 1932 гадах, аб асноўных літаб’яднаннях, якія былі ў той час, аб стварэнні Саюза пісьменнікаў Беларусі, у які А. Куляшоў быў прыняты ў 1934 годзе, калі ў яго актыве былі зборнікі «Росквіт зямлі», «Па песню, па сонца», «Медзі дождж» і такія паэмы, як «Крыўда», «Аманал», «Гарбун», «Людзі прагнуць», «Мы жывём на граніцы». Выконваючы камсамольскія даручэнні, А. Куляшоў не раз бываў у вёсцы, і не як просты сузіральнік, а як прапагандыст і арганізатар новага жыцця, якое, у сваю чаргу, уладарна ўваходзіла ў яго паэзію. Аб юнацтве краіны і юнацтве паэта расказваюць яго вершы «Таварыш Алесь», «На ўборцы сена», «На лузе ўначы», з якіх паэт і яго аднагодкі паўстаюць перад намі як людзі, што «песцяць сонечнае заўтра» нашай Радзімы. У сувязі з гэтымі творамі настаўнік робіць кароткае паведамленне аб паэме «У зялёнай дубраве» і зборніку «Мы жывём на граніцы», у цэнтры якога паэмы «Баранаў Васіль» і «Песня аб разведчыках». Акцэнт на гэтыя творы неабходна зрабіць таму, што работа над імі была той загартоўкай, тым разгонам, які спатрэбіўся паэту ў 1941 годзе.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page