top of page

Т.У. Мірошнікава

 

АРГАНІЗАЦЫЯ ДАСЛЕДЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ШКОЛЬНІКАЎ

ПА ВЫВУЧЭННІ БІЯГРАФІІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА:

МЕТАДЫЧНЫ АСПЕКТ

2019 ....

У артыкуле ідзе гаворка пра вывучэнне творчасці А. Куляшова ў непасрэднай сувязі з інфармацыяй не толькі пра месца, дзе ён нарадзіўся, але і пра месца, дзе жылі яго бацькі. Тлумачыцца, што арганізацыя і правядзенне вучнёўскай даследчай дзейнасці дапамагае не толькі лепш засвоіць праграмны матэрыял адносна асобы паэта, але і папулярызаваць яго творы сярод сучаснай грамадскасці.

 

Жаданне даследаваць жыве ў чалавеку ад самага нараджэння. Дзіця пазнае свет, дзякуючы гэтаму жаданню. Падрастаючы, чалавек не спыняецца ў пошуку, бо пытанняў менш не становіцца, а змяняюцца толькі спосабы пазнання рэчаіснасці ў залежнасці ад атрыманых навыкаў. Развіццё даследчых уменняў і навыкаў школьнікаў дазваляе зрабіць навучальны працэс для вучняў захапляльным, павышае цікавасць да прадмета. На ўроках літаратуры адводзіцца час на вывучэнне біяграфій пісьменнікаў. Выдатнай глебай для даследчай дзейнасці ў гэтым накірунку з’яўляюцца сувязі пісьменніка з жыхарамі пэўнай мясцовасці. Воляй лёсу жыццё Аркадзя Куляшова было звязана з Хоцімскам. На працягу многіх гадоў, да апошняга свайго дня, жылі ў Хоцімску бацькі паэта. Аркадзь Аляксандравіч даволі часта прыязджаў ці адзін, ці з сям’ёй да іх на адпачынак. У 8-ым класе пачынаецца знаёмства з асобай народнага паэта, і такія факты, безумоўна, выклікаюць цікавасць сярод вучняў г. п. Хоцімска. Адпаведна, узнікаюць пытанні, на якія настаўнік прапануе знайсці адказ самастойна. Так нараджаецца пошук...

З кім, апрача бацькоў, сустракаўся народны паэт? Ці знайшоў сяброў на Хоцімшчыне? Якім яго запомнілі людзі? Ці ёсць сярод хацімчан тыя, хто памятаюць Аркадзя Куляшова і яго бацькоў? Гэта пытанні, дзякуючы якім нарадзілася тэма работы даследчага характару “Малавядомыя старонкі біяграфіі Аркадзя Куляшова: Аркадзь Куляшоў і Хоцімск”.

У Хоцімску ёсць вуліца імя Аркадзя Куляшова. Бацькі паэта, Кацярына Фамінічна Ратабыльская і Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў, пахаваны на гарадскіх могілках. Але бацькоўскі дом, які наведваў сам паэт, вельмі сціпла затаіўся ў засені акацый і ніяк не выдае сябе. За домам наглядае пляменнік А. Куляшова (сын сястры Надзі) Віталь Маслоўскі, які штогод прыязджае з Мінска на лета. На жаль, нішто на вуліцы Камсамольскай (дзе і сёння стаіць дом) не нагадвае хацімчанам і гасцям Хоцімска пра народнага паэта. Таму большасць хацімчан не ведае, што калісьці тут жылі бацькі А. Куляшова. З той жа прычыны гэта выклікае недаўменне і ў вучняў, сярод якіх знайшліся тыя, хто палічыў, што гэта несправядліва і, каб выправіць гэту недарэчнасць, вырашыў даследаваць старонкі біяграфіі Аркадзя Куляшова, звязаныя непасрэдна з Хоцімскам, інфармаваць насельніцтва гарадскога пасёлка Хоцімска і Хоцімскага раёна аб былым блізкім суседстве знакамітага земляка і накіраваць увагу шырокага кола грамадскасці не толькі да яго творчасці, а да беларускай літаратуры ўвогуле, што асабліва актуальна зараз, у сітуацыі дзяржаўнага білінгвізму з відавочнай перавагай у паўсядзённым ужытку рускай мовы.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

2012 ..........................

К.Д. Варанько

 

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ (1914–1978)

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.

Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.

 

Мала хто не ведае сёння гэтыя радкі з песні I. Лучанка «Алеся», у аснову якой пакладзены верш «Бывай...», напісаны ў 1928 г. чатырнаццацігадовым юнаком, а на час з’яўлення песні ўжо сталым беларускім паэтам, аўтарам соцень вершаў і дзясяткаў паэм Аркадзем Куляшовым. Яркі прадстаўнік паэзіі савецкай эпохі беларускай літаратуры А. Куляшоў быў адным з самых таленавітых і шырока вядомых беларускіх паэтаў XX стагоддзя. Выдатны майстар слова, мастак высокай культуры, ён у сваёй творчасці выявіў лёс цэлага пакалення, да якога належаў і сам.

Сын вясковых настаўнікаў на Магілёўшчыне (вёска Саматэвічы), ён пачаў пісаць вершы яшчэ ў школе. У 1926 г. на старонках клімавіцкай акруговай газеты «Наш працаўнік» быў надрукаваны першы верш Куляшова «Ты, мой брат», а ў 1930 г. у шаснаццацігадовым узросце ён выдаў свой першы зборнік вершаў «Росквіт зямлі», прыхільна сустрэты крытыкай. Пасля была вучоба ў Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце і плённая паэтычная праца. З’явіліся новыя зборнікі вершаў і паэм – «Па песню, па сонца!..», «Медзі дождж» (абодва – 1932) і іншыя, якія расказвалі пра тое, што аўтар асабіста добра ведаў. Этапным творам А. Куляшова, які сведчыў аб сталасці паэта, стала яго паэма «Хлопцы апошняй вайны» (1940). У гэтай паэме, а таксама іншых творах другой паловы трыццатых гадоў выяўляецца прадчуванне набліжэння вайны.

У 1941 г. паэзія А. Куляшова, карэспандэнта армейскай газеты «Знамя Советов», адпавядала самаму высокаму грамадзянска-патрыятычнаму прызначэнню. Да лепшых старонак беларускай паэзіі перыяду вайны належаць яго вершы «Млынар», «Балада аб чатырох заложніках», «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Камсамольскі білет», «Маці», «Балада аб знойдзенай падкове» і інш. У 1942 г. была напісана, а ў 1943 г. у часопісе «Знамя» пабачыла свет паэма А. Куляшова «Сцяг брыгады» – першы буйны твор аб Вялікай Айчыннай вайне ва ўсёй савецкай літаратуры. «Мы зразумелі тады, – казаў, успамінаючы сябра, балкарскі паэт Кайсын Куліеў, – што беларуская літаратура ўзбагацілася творам высокай паэзіі, а Беларусь набыла сапраўднага, вялікага паэта!» У 1946 г. твор быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. У ваенны час паэт напісаў таксама такія значныя творы, як «Прыгоды цымбал» (1943–1944) і «Дом № 24» (1944).

Паэзія А. Куляшова пасляваеннага дзесяцігоддзя развівалася ў рэчышчы тагачаснага літаратурнага працэсу, але і тады яна вызначалася інтэлектуалізмам, які разам з палымяным грамадзянскім пафасам вылучаў яе з агульнай плыні. З-пад пяра паэта выйшлі такія паэмы, як «Новае рэчышча» (1948, Дзяржаўная прэмія СССР 1949), «Простыя людзі» (1949), «Толькі ўперад» (1950), «Грозная пушча» (1955). За дзве апошнія, а таксама за паэму «Песня аб слаўным паходзе» (1935–1951) і вершы ў перыёдыцы паэт атрымаў у 1968 г. прэмію Ленінскага камсамола Беларусі. У гэтых і іншых творах знайшлі адбітак прыкметы свайго часу, рысы савецкага ідэалагічнага мыслення.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

С.І. Альшук

 

ФАРМІРАВАННЕ ЎМЕННЯЎ САМАСТОЙНАЙ

НАВУКОВА-ПОШУКАВАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

ПРЫ ВЫВУЧЭННІ ТВОРЧАСЦІ А. КУЛЯШОВА

2006 .............

Праблема самастойнасці і творчай актыўнасці асобы займае важнае месца ў фарміраванні свядомасці і светапогляду школьнікаў. Літаратуры належыць асаблівая роля ў выхаванні моладзі, падрыхтоўцы да самастойнай дзейнасці.

У апошнія дзесяцігоддзі акрэсліўся новы падыход да класіфікацыі і ацэньвання самападрыхтоўкі і творчай дзейнасці вучняў. Асаблівая ўвага надаецца самастойнай працы даследчага і пошукавага характару, мэтай якой з’яўляецца працэс атрымання новых ведаў, уменняў, а таксама фарміравання дадатных матываў навучання. Настаўніцкі вопыт і меркаванні школьнікаў пра літаратуру пераконваюць, што асабліва цікава для вучняў тое, што скіроўвае да самастойных пошукаў і адкрыццяў.

Такі погляд на значэнне самастойнай даследча-пошукавай дзейнасці знайшоў сваё адлюстраванне ў методыцы выкладання літаратуры. У працах вучоных і настаўнікаў-практыкаў звяртаецца ўвага, што даследчая і пошукавая дзейнасць асабліва прадуктыўная пры вывучэнні мастацкіх твораў на ўроках літаратуры. Даследча-пошукавая дзейнасць можа быць рэалізована «не толькі ў самастойных работах вучняў у загадзя падрыхтаваных каментарыях да тэкста, экскурсійных матэрыялах, паведамленнях, дакладах, але і ва ўсім выкладанні: у лекцыях настаўніка, у гутарках, у калектыўных разважаннях над творам, у семінарах, дыспутах, інтэграваных уроках, уроках-блоках, заліках, практыкумах і г.д.» [2, с. 3]

Дасягненне самага высокага ўзроўню самастойнай навукова-пошукавай дзейнасці магчыма толькі пры ўмове правільнай арганізацыі ўсёй пазнаваўчай працы школьнікаў. Актыўнымі лічацца такія формы навучання, пры якіх ёсць высокая ступень самастойнасці вучняў, здзяйсняецца індывідуальны падыход, развіваюцца творчыя здольнасці.

Для таго, каб школьнікі маглі самастойна, на творчым узроўні назапашваць веды, яны павінны ведаць і ўмець, як гэта рабіць. Інакш кажучы, вучняў «трэба вучыць пазнаваўчай дзейнасці, узбройваць іх вучэбна-пазнаваўчым апаратам» [3, с. 89]. У старшых класах узнікае патрэба ў самастойнасці, у павышанай адказнасці за выбраную справу, у рэалізацыі сваіх магчымасцей для творчых здольнасцей. Вышэйшым паказчыкам самастойнасці з’яўляецца ўменне самім школьнікам фармуляваць пытанне (праблему) да вывучаемага матэрыялу і ўменне даць на яго поўны, доказны адказ.

Методыку арганізацыі самастойнай навукова-пошукавай дзейнасці старшакласнікаў можна прэзентаваць на прыкладзе вывучэння творчасці А. Куляшова перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Заняткі па вывучэнні лірыкі А. Куляшова перыяду Вялікай Айчыннай вайны настаўнік можа правесці ў форме ўрока-канферэнцыі або ўрока-семінара, на якіх патрабуецца значна больш самастойнасці, чым на звычайным уроку. Гэта даволі складаная творчая праца, якая выконваецца дома ці на папярэдніх некалькіх уроках.

Галоўная мэта такіх урокаў фарміраваць уменне самастойна працаваць, шукаць рашэнне праблемы. Надзвычай сур’ёзная і грунтоўная падрыхтоўчая праца да ўрока-канферэнцыі, або ўрока-семінара пачынаецца яшчэ тады, калі клас толькі прыступае да вывучэння той тэмы, па якой плануецца правесці ўрок. Звычайна заняткі пачынаюцца ўступным словам настаўніка, у якім акцэнтуецца ўвага на праблеме, што будзе вырашацца на ўроку. Можна ўступнае слова даручыць падрыхтаваць вучням. Затым ідзе галоўная частка абмеркаванне рэфератаў і дакладаў. У заключным слове настаўнік робіць вывады, у якіх адзначаюцца дасягненні ўдзельнікаў, ацэньваецца работа кожнага. Дадатны бок прапанаваных заняткаў у тым, што, па-першае, вучні праяўляюць жаданне самастойна вывучыць тэму, знайсці адказы на пытанні, па-другое: яны знаёмяцца з шэрагам крытычнай літаратуры і маюць уласны пункт гледжання на асобныя меркаванні: па-трэцяе, школьнікі авалодваюць уменнямі правільна і з дасведчанасцю задаваць пытанні тым, хто выступае па пэўнай навуковай праблеме.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

2005 ......................................

А. І. Бельскі

 

АКАДЗЬ КУЛЯШОЎ

Паэзія Аркадзя Куляшова (1914–1978) увайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры XX стагоддзя. «Новая кніга», якая ўбачыла свет у 1964 г., стала па-сапраўднаму наватарскай і засведчыла якасна новы перыяд у творчасці паэта. Зборнікі «Сасна і бяроза» (1970) і «Хуткасць» (1976) грунтоўна замацавалі за ім адно з галоўных месцаў у літаратуры.

Нарадзіўся будучы народны паэт Беларусі 6 лютага 1914 г. у вёсцы Саматэвічы, што ў Касцюковіцкім раёне на Магілёўшчыне. Яго бацькі працавалі настаўнікамі ў школе. Паэтычны дар абудзіўся ў хлопчыка вельмі рана. У дванаццаць гадоў на старонках Клімавіцкай акруговай газеты «Наш працаўнік» ён надрукаваў свой першы вершаваны твор. А ў 1928 г., калі юнаму паэту было чатырнаццаць гадоў, у часопісе «Полымя» з’явіўся верш «Бывай...». Гэты твор быў народжаны першымі і шчырымі пачуццямі да вельмі прыгожай дзяўчыны – Алесі Карыткінай. Вобраз першага кахання жыў у сэрцы А. Куляшова ўсё жыццё, і таму ён неаднойчы згадваў Алесю ў сваіх паэтычных творах, вяртаўся да раней напісаных радкоў, шліфаваў іх, даводзіў да філіграннасці гучання. Верш «Бывай...» стаў шэдэўрам выдатнага паэта і цудоўнай песняй (музыку напісаў Ігар Лучанок):

 

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.

Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.

 

Закончыўшы ў 1928 г. сямігодку, А. Куляшоў пайшоў вучыцца ў Мсціслаўскі педтэхнікум. Тут ён пасябраваў з Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам, якія таксама пісалі вершы, былі паэтамі-маладнякоўцамі, упэўнена ўваходзілі ў літаратуру. Яны ў сваім асяродку захапляліся творчасцю Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, цікавіліся рускай і сусветнай паэзіяй: чыталі такіх паэтаў, як Аляксандр Блок, Ганна Ахматава, Мікалай Асееў, Марыя Цвятаева, Барыс Пастарнак, Уладзіслаў Бранеўскі, Юльян Тувім, Фрыдрых Шылер, Ёган Вольфганг Гётэ і інш. Знаёмства з паэтычнымі кірункамі і набыткамі іншых літаратур узбагачала творчы досвед і духоўны свет маладых людзей.

У 1931 г. малады паэт паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. А за год да гэтай падзеі выйшаў яго першы зборнік «Росквіт зямлі» (1930). У хуткім часе ўбачылі свет яшчэ некалькі кніжак А. Куляшова – «Па песню, па сонца!..», «Медзі дождж» (абедзве – 1932), паэмы «Аманал» (1933) і «Гарбун» (1935). У многіх вершаваных творах А. Куляшова адчуваюцца дыханне і рытмы свайго часу, выяўляецца радасць юнацкіх пачуццяў і рамантычных парыванняў у светлае заўтра. Аптымізм і мажор валадараць у радках паэта, які, зразумела, за чыстую манету прымаў тагачасныя ідэалагічныя заклікі ды ўстаноўкі. Драматычная праўда даваеннай рэчаіснасці, калі панавала атмасфера страху і недаверу, адбываліся рэпрэсіі, ішло рассяляньванне вёскі, заставалася па-за яго ўвагай. I таму не ўсё з напісанага вытрымала выпрабаванне часам.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

2005 .............

Мікола Мішчанчук

 

«ХАЧУ НЕСПАКОЙНАЮ ХМАРАЙ ГРЫМЕЦЬ...»

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ. НОВЫЯ

ПРАГРАМНЫЯ ТВОРЫ

 

Перадваенны перыяд творчасці Аркадзя Куляшова быў вельмі плённы. Паэт вызваліўся з палону рытарычнай паэзіі, веры ў непарушнасць абвешчаных Кастрычнікам ідэалаў і звярнуўся да агульначалавечых ісцінаў, зацікавіўся адвечнымі праблемамі жыцця і творчасці, юнацтва і сталасці, праўды і маны. Вершы «Плыла, цалавалася хмара з зямлёй...», «Магілёўская хмарка», напісаныя ў 1940 г., сведчаць пра такі зрух у творчасці мастака слова.

Паэта найперш хвалявала творчасць, яе прызначэнне, лёс мастака, які можа быць спакойны, лёгкі, быццам лёс воблакаў, што плывуць за хмарай і дзівяцца на сваю прыгажосць у «шкле завадзяў», або неспакойны, грымотны, што не ведае стомы. Да гэтай ідэі падвёў нас аўтар двума апошнімі чатырохрадкоўямі (катрэнамі). Іх можна лічыць узорам аратарскай, урачыстай, грамадзянскай паэзіі. Яны – гімнавыя, одавыя, гучаць не менш выразна і моцна, чым колішнія оды Гарацыя, Дзяржавіна, Пушкіна, Лермантава, нашага Купалы:

 

Хачу неспакойнаю хмарай грымець,

Маланкамі ўвесь апавіты,

Каб цяжка адразу было зразумець

Ці вокам акінуць, які ты.

Спакою не ведаць ні ноччу, ні днём

I не прыставаць у знямозе,

Вялікай любові дажджом

I агнём

Зямлю цалаваць па дарозе.

 

Звернем увагу на тое, што кампазіцыйная частка верша лірычная, аўтар самавыяўляецца ў ёй, выказвае свой бунтоўны, патрыятычны настрой, прыпадабняецца да хмары, спавітай агнём маланак, велізарнай, нястомнай, бясконцай у руху наперад. Параўнальна з ранейшым фальклорным разуменнем, паэт лічыў агонь не жахліва спапяляльнай з’явай, а такой, што дорыць жыццё. Як і дождж. Дождж і агонь у суполлі выступаюць двух-адзіным сімвалам любові да зямлі, да ўсяго жывога. Вялікую нагрузку тут нясе эпітэт «неспакойная» (хмара). Настрой урачыстасці створаны алітэрацыяй гука «р» у першым чатырохрадкоўі. Вершаваны памер – чатырох- і трохстопны амфібрахій – таксама «працуе» на высокую ідэю: пераходам інтанацыі ад павольнай да больш паскоранай ствараецца ўражанне глыбіні аўтарскага перажывання, перамяшчэння ў прасторы хмары, нібы жывой істоты.

Першая частка верша складаецца з шасці катрэнаў, дзе апісваюцца падзеі, ствараецца ачалавечаны (прынцып метафарызацыі, у дадзеным выпадку – персаніфікацыі, ачалавечвання) вобраз хмары. Яна, падобна да міфалагічнай істоты Перуна, пасылае маланкі «на жытнія палі», імкнецца да шырэйшай ракі, каб усю сябе згледзець у яе люстры, злуецца, што не ўдаецца гэта зрабіць, і – з ранейшым непакоем – «у даль адплывае без згадкі». Найбольшы эфект пры ачалавечванні хмары дасягаецца метафарай «на цыпачкі стала» – гэткім чынам прыціхлая хмара хацела разгледзець сябе ў люстры ракі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

А.Н. Лемешонок

 

РАБОТА НАД ЛЕКСИКОЙ В СВЯЗИ С ПОДГОТОВКОЙ УЧАЩИХСЯ К НАПИСАНИЮ ТВОРЧЕСКИХ РАБОТ

НА МАТЕРИАЛЕ ПРОИЗВЕДЕНИЙ А.А. КУЛЕШОВА

2001 .......

Развитие творческих способностей учащихся – это очень трудоемкий процесс, который проявляется в самостоятельных наблюдениях учащихся над языком.

Мысль о необходимости развивать в детях самостоятельность наблюдений, накапливать живые впечатления и учиться оформлять их словесно последовательно развивалась в трудах многих методистов и лингвистов. Однако в школьной практике применяются творческие работы не очень часто. Мы работали нал различными видами творческих работ по произведениям А.А. Кулешова, что приобщало детей к знанию белорусской литературы и способствовало идейному, морально-этическому и эстетическому воспитанию и учащихся, и студентов.

Перед написанием творческих работ проводится подготовительная работа и роль лексической работы самая важная, т.к. знание раздела «Лексика» является одной из сторон обогащения словарного запаса учащихся, выполняет важную роль в формировании личности, помогает достичь выразительности как в устной, так и в письменной речи.

Глубина восприятия художественного текста в значительной мере зависит от понимания того, как строится текст, как раскрыта тема в нем, какие языковые средства и как использует их автор для эмоционального воздействия на читателя.

В системе работы над разделом «Лексика» и написании творческих работ, способствующих развитию мыслительной деятельности, огромное значение имеют: творческие диктанты, творческие сочинения, творческие списывания переводы текстов с белорусского языка на русский и др.

Например, творческий диктант по тексту стихотворения А. Кулешова «Березка». Творческий диктант – это один из видов грамматических упражнений. Он направлен на овладение самыми разнообразными грамматическими категориями и правилами орфографии.

Интересен он и тем, что одновременно с разрешением орфографических задач позволяет развивать и речь учащихся, пополнять их словарный запас новыми словами.

Творческий диктант по тексту стихотворения имеет и свои особенности: текст стихотворения как средство коммуникации рассматривается в четырех основных аспектах – содержательном, функционально-стилевом, структурном и грамматическом. Учитель читает текст, делая паузу на том месте, где учащиеся должны заменить слово березка местоимением, где это возможно. Следующее творческое задание – заменить глаголы прошедшего времени глаголами настоящего, где это возможно. Такой вид работы развивает мыслительную деятельность и творческие способности учащихся.

Не менее важной является и работа над творческим сочинением-описанием по воображению. Можно провести такую работу по второму стихотворению А. Кулешова «Березу посадил я при дороге». Дети любят мечтать. У них живое воображение. При этом проявляется их начитанность, стремление заглянуть не только в прошлое, но и в будущее, которое представляется загадочным, многообещающим. Этот вид работы целесообразно проводить в связи с работой над отдельными видами описаний. Детям предлагается ряд вопросов, помогающих им вообразить березку, какой она была молодой и пышной, и как она изменилась, и как изменится через сорок – сорок пять лет. Какой вы себе представляете березку, когда ее только посадили? А теперь? Каким вы себе представляете молодого человека, посадившего эту березку? Каким вы представляете себе будущий парк со множеством берез, посаженных вашим поколением? и т.д.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

1995 ...........

М. Міхайлаў

 

ТВОРЫ А. КУЛЯШОВА Ў ДЗІЦЯЧЫМ ЧЫТАННІ

Мы жывём у час кардынальных змяненняў ва ўсіх сферах грамадства, калі створаныя чалавецтвам традыцыі, ідэалы разбураюцца, фундамента новага не закладзена, праект яго народы не прымаюць, бо ён нішчыць усё чалавечае ў чалавеку.:

З гэтай пазіцыі я разглядаю пастаўленае пытанне аб выхаванні культуры пачуццяў у школе, ВНУ, працоўных калектывах, сям’і, выхаванне новага чалавека мастацтвам слова на прыкладзе твораў народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова.

Усе гэтыя віды работы над мастацкай літаратурай у школе ўваходзяць у паняцце «дзіцячае чытанне», якое з’яўляецца ступенькай да адказнага звання «культурны чытач». У дзіцячае чытанне ўваходзяць творы не толькі спецыяльна напісаныя для дзяцей (гэта дзіцячая літаратура), але напісаныя і для дарослых, калі яны адпавядаюць патрабаванням дзіцячай літаратуры.

Творчасць Аркадзя Куляшова дае шырокія магчымасці для вырашэння выхаваўчых і адукацыйных задач, якія стаяць перад нашым народам. У ёй адлюстравана паэтычная гісторыя барацьбы, змагання і цяжкіх перамог савецкага народа праз чалавечыя характары, праз лёс герояў.

У асобе Аркадзя Куляшова беларуская літаратура мае мастака-аналітыка, псіхолага, пісьменніка, які валодаў багатай творчай фантазіяй, паэтычным бачаннем свету, тонкім адчуваннем слова, што сваімі кнігамі ўзбагачае як літаратуру для дарослых, так і літаратуру для дзяцей і юнацтва.

Яго паэзія глыбока лірычная, кранаючая за сэрца; перажыванні, сугучныя перажыванням іншых людзей, блізкасць да народнай паэзіі, рамантычны струмень мяккасць і даверлівасць у адносінах да чытача, блізкасць да жыцця, багатая літаратурная мова – усё гэта даступна юнаму чытачу.

У гэтым вялікая заслуга паэта ад народам, перад дзецьмі – надзеяй і будучыняй краіны.

Кніга – чытач – пісьменнік. Цікавая, спрадвечная сувязь. Зборнікі афарызмаў, апісанняў лёсу кніг. Культурны чытач аб гэтым павінен паведаць.

З усіх цудаў на зямлі, створаных рукамі і галавой чалавека з’яўляецца кніга. Усім добрым, што ёсць у мяне, я абавязаны кнігам. (М. Горкі).

«Кнігу ствараюць двое: пісьменнік і чытач, – кажа Самуіл Маршак. А мы дапаўняем: – і настаўнік».

Падобнае ж выказванне нямецкага філосафа: «Кніга – гэта люстра. А калі ў яго глядзіцца малпа, то з яго не можа выглянуць воблік апостала» (Георг Міхтэнберг, 1749–1799).

Поэзию любят красивые люди.

Поэзия делает землю красивой.

                    Б. Куняев «Поэзия»

Асноўныя творы Куляшова даваеннага перыяду – гэта нізка вершаў «Сонечнае заўтра» (1931), паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Антон Шандабыла» (1934), «Баранаў Васіль», нізка «Юнацкі свет» (1939-41), паэма «У зялёнай дуброве». Многія вершы славяць працу, людзей працы, радасць жыцця. Паэма «Хлопцы апошняй вайны» (1940), вершы «Бацька», «Ранак», зборнік «Мы жывём на граніцы» (1939) трымалі і трымаюць сёння сэрцы і розум чытачоў на баявым узводзе»: за радасць і шчасце трэба змагацца.

Аркадзь Куляшоў напісаў 18 паэм. У іх гісторыя, сённяшняе, будучыня не толькі беларусаў – усіх народаў свету. Здзіўляе і зараз усіх даследчыкаў творчасці А. Куляшова незвычайнае светаадчуванне, бачанне свету, чалавечай думкі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

1970 ..........................

В. Гудовіч

 

ПАЭЗІЯ МУЖНАЯ І ГЕРАІЧНАЯ

Народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў з поўным правам можа заявіць: «Мая біяграфія ў маіх творах», – бо ў яго творчасці на першым плане ўдумлівая і разважлівая паэзія, насычаная героікай, надзённасцю і патрыятычнымі пачуццямі.

Знамянальна і тое, што паэзія Аркадзя Куляшова яднае ў адзіным патрыятычным парыве прадстаўнікоў розных пакаленняў; паэт штодзённа ў думках аб маці-Радзіме, аб лепшых яе людзях, у марах аб лёсе наступных пакаленняў.

Ужо з першага друкаванага твора дванаццацігадовага хлопчыка «Ты мой брат» відаць, што пачынаючага паэта хвалявалі складаныя грамадскія пытанні, пытанні новага жыцця і еднасці рабочых і сялян у агульнай справе будаўніцтва свайго лепшага лёсу.

 

На полі я ару, мяшаю,

А плуг, тапор мне робіш ты.

Абодва волю маем,

Бо ёсць мы родныя браты.

 

Вопыт падказвае, што вывучэнне жыццёвага і творчага шляху Аркадзя Куляшова мэтазгодна пачаць лекцыйным урокам па наступнаму плану:

1.  Жыццё, вытокі творчасці і пачатак літаратурнай дзейнасці Аркадзя Куляшова.

2.  Агляд творчасці паэта да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

3.  Некаторыя асаблівасці паэзіі Аркадзя Куляшова.

Неабходна прапанаваць вучням, каб яны занатавалі ў сшыткі па літаратуры не толькі план урока, але і асобныя пытанні і фармуліроўкі.

Першая кніжка вершаў 16-гадовага паэта «Росквіт зямлі» (1930) ужо сведчыла пра з’яўленне ў літаратуры арыгінальнага паэтычнага голасу, па-юнацку шчырага і непасрэднага, удумлівага і разважлівага. Кніга ахоплівала шырокае кола надзённа-гістарычных тэм: гераічнае мінулае нашага народа, рэвалюцыя, грамадзянская вайна, мірнае будаўніцтва, авеянае пафасам сцвярджэння сацыялістычнай рэчаіснасці.

Аднак паэту яшчэ не хапала жыццёвага вопыту для глыбокага асэнсавання шматграннага жыцця нашай краіны ў дакладнай паэтычнай форме. Гераічны пафас новага жыцця нярэдка падаецца ў неакрэсленых рамантычных вобразах, асоба паэта і яго лірычны герой часта выступаюць у ролі сузіральнікаў, старонніх гледачоў.

У зборніку «Па песню, па сонца» (1932 г.) індывідуальнасць аўтара больш акрэсліваецца, канкрэтызуецца ідэйная задума твораў, лірычны герой больш сур’ёзны і разважлівы. Паэт як бы пасталеў, узмужнеў і ўсвядоміў сваю асабістую ролю ў грамадскім жыцці.

У 1932 годзе Аркадзь Куляшоў выдае яшчэ адзін зборнік твораў «Медзі дождж». У ім змешчан і першы эпічны твор Аркадзя Куляшова – паэма «Крыўда», у якой раскрываюцца жахі імперыялістычнай вайны і несправядлівасці капіталістычнага свету.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page