top of page

ГОД ПАЭТА

 

ТВОРЧАСЦЬ

ІНТЭРВ'Ю

1970 ....................................................

Ёсць, мусіць, нешта аднолькавае ў паводзінах, думках і адчуваннях людзей напярэдадні Новага года. От хоць бы сабе гэта. У пярэдадзень яркага, з зыркімі ёлачнымі агнямі свята ўсе мы становімся крыху дзецьмі: трапечацца, жыве ў душы наіўна-радаснае жаданне і вера ў тое, што калі не ў гэтую дзівосную ноч, калі Стары год перадае ключы Новаму, дык пазней, але абавязкова здарыцца, збудзецца ў нашым жыцці нешта незвычайнае, доўгачаканае, запаветнае. Згадзіцеся, што гэта сапраўды так, што гэтае шчымліва-салодкае прадчуванне не дае сну ў навагоднюю ноч не толькі падлетку, але і паважнаму, самавітаму дзядзьку з сівымі скронямі.

Альбо іншае возьмем. Хто б і якога ўзросту ні быў чалавек, – рабочы, калгаснік, вучоны, інжынер, урач, настаўнік, студэнт, нават школьнік, – усёроўна аднолькава ў кожнага перад Новым годам ёсць неадольная патрэба азірнуцца назад, акінуць вокам зробленае ці здзейсненае за год, што адыходзіць у нябыт, а заадно – памарыць пра тое, што будзе, што прынясе год надыходзячы.

Ну, а паэт? Чалавек, які надзелены шчаслівай і пакутнай здольнасцю ўлоўліваць людскія трывогі і радасці, сэрца якога абыймае свет?

Аказваецца, і ён падуладны гэтаму чароўнаму і ўсемагутнаму ўплыву навагодняга свята. Бо вось жа – наша гаворка з народным паэтам Аркадзем Куляшовым пачалася менавіта з гаворкі пра тое, якім быў для яго адыходзячы год, чым ён запомніўся, якім плёнам лёг на паліцы кнігарань і бібліятэк. А чаму? Ды, пэўна, не ў апошнюю чаргу таму, што гаворка наша адбывалася, можна сказаць, у перадапошні дзень старога (хоць, чамусьці, і шкада яго так называць) года.

Аркадзь Аляксандравіч здымае з паліцы тры даволі ёмістыя, у прыгожых супервокладках томікі і гаворыць:

– Вось самы кароткі адказ на пытанне аб тым, якім быў для мяне тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят дзевяты год. На кожнай з гэтых кніжак стаіць менавіта гэтая дата. Але ж, – дадае ён з ледзь улоўнай усмешкай, – да кожнага з гэтых сімпатычных томікаў я маю толькі некаторае дачыненне.

Толькі некаторае?!

Бяру і гартаю гэтыя сапраўды сімпатычныя томікі. Генры Лангфэла. «Спеў аб Гаяваце». М.Ю. Лермантаў. «Выбраная паэзія». I.П. Катлярэўскі. «Энеіда». На шмуцтытулах значыцца: пераклаў (з англійскай, з рускай, з украінскай) Аркадзь Куляшоў. Ага, дык вось што, аказваецца, меў паэт на ўвазе, калі гаварыў пра «некаторае дачыненне»...

Аркадзь Куляшоў – адзін з выдатнейшых сучасных нашых (не толькі беларускіх, а ўвогуле савецкіх) паэтаў. Я не ведаю, ці знойдзецца ў нашай надзвычай чытацкай краіне хоць адзін аматар паэзіі, які б не захапляўся куляшоўскай паэзіяй – празрыстай па сваім вобразным складзе, класічна-адточанай і меладычнай па гучанні, глыбока-філасофскай па думках, дзівосна багатай і разнастайнай па інтанацыях, настрою, пачуццях, чароўна-магутнай па сіле ўздзеяння на людскія душы і сэрцы. Вось толькі некаторыя творы паэта, якія не страцілі і ніколі не страцяць свайго значэння, творы, якія сталі каштоўным, неацэнным душэўным набыткам мільёнаў людзей, творы, якія ўвайшлі ў скарбніцу лепшых паэтычных узораў, – «Прыгоды цымбал», «Сцяг брыгады», «Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Балада аб чатырох заложніках», «Камуністы», «Маналог»... Усе яны даўно сталі хрэстаматыйнымі ў самым высокім значэнні гэтага слова. Прытым дарэчы будзе заўважыць, што многія з іх сталі хрэстаматыйнымі тады, калі аўтарў іх не было яшчэ і трыццаці.

Ну, а пераклады? Гэта таксама неад’емная, надзвычай важная і надзвычай вялікая частка працы паэта. Пра гэта хораша сведчыць апошні чатырохтомнік Аркадзя Куляшова, у якім упершыню сабраны лепшыя ягоныя пераклады за многія гады работы на гэтай патрэбнай, хоць і не заўсёды ўдзячнай, ніве. Сведчаннем гэтаму і тры важкія томікі куляшоўскіх перакладаў, выдадзеныя ў 1969 годзе выдавецтвам «Беларусь». А што датычыцца «некаторага дачынення», дык гэта, несумненна, толькі – ад сціпласці паэта. Бо дачыненне гэтае не некаторае, а самае непасрэднае. А для нас, беларускіх чытачоў Лангфэла, Лермантава, Катлярэўскага, і таго больш. Менавіта дзякуючы нашаму паэту, яго самаадданай працы, яго магутнаму таленту мы маем шчаслівую асалоду чытаць гэтыя цудоўныя скарбы сусветнай паэзіі на роднай мове, спазнаць усю іх глыбіню і мастацкую вартасць. Адзін пераклад «Спеву аб Гаяваце» – гэтага неўміручага твора, які ўжо больш сотні гадоў зачароўвае і хвалюе чытачоў магутнасцю паэтычных малюнкаў, першароднай свежасцю вобразаў, глыбінёй думкі – найвялікшы подзвіг.

Сам жа паэт гаворыць пра ўсё гэта, зноў-такі, сціпла:

– Зрабіў тое, што хацелася зрабіць. З усіх трох кніжак найцяжэй, мусіць, было з лермантаўскай. Лермантаў – мая даўняя і глыбокая любоў, яшчэ з дзяцінства. I такая ж даўняя мара – перакласці яго на родную мову. Спрабаваў рабіць сёе-тое яшчэ да вайны, але – загубіла вайна. Вярнуўся да Лермантава зноў у пасляваенныя гады. Кажу найцяжэй таму, што Лермантаў – увесь хрэстаматыйны. У гэтым, менавіта, і заключалася галоўная цяжкасць, дакладней, – галоўная небяспека. Была боязь таго, што пераклады шмат страцяць у параўнанні з творамі, якія кожны ведае з маленства, з якімі кожны паспеў зрадніцца ў моўнагукавой і вобразна-сэнсавай стыхіі рускага верша.

Аркадзь Аляксандравіч узяў у рукі томік выбранай паэзіі вялікага рускага паэта, любоўна пагладзіў вокладку:

– Не самому гаварыць пра тое, як удаліся мне пераклады. Скажу толькі, што водгукі крытыкі прыязныя, як кажуць, станоўчыя.

– З любасцю, з вялікім душэўным хваляваннем, – працягваў Аркадзь Аляксандравіч, – перакладаў я і «Спеў аб Гаяваце». Тут было крыху іншае: трэба было прымусіць загаварыць на роднай мове адзін з найцяжэйшых – па складанай вобразнасці, інтанацыі, увогуле па ўсёй паэтычнай структуры – твораў сусветнай паэзіі, які таксама вабіў мяне даўно. А на пераклад «Энеіды» Катлярэўскага, акрамя поклічу ўласнага сэрца (роднасць паэмы Катлярэўскага з нашымі «Тарасам на Парнасе» і «Энеідай навыварат»), мяне падштурхнулі і сябры-ўкраінцы – якраз напярэдадні 200-годдзя з дня нараджэння вялікага ўкраінскага паэта. Перакладаць «Энеіду» было і лёгка, і цяжка. Лёгка, бо паэма, як я ўжо гаварыў, блізкая нам, беларусам, сваім пафасам, сваімі думкамі, усім сваім гучаннем. Паэма і цяпер хвалюе чытача, бо яна сведчанне вялікай любві паэта да ўсяго народнага, яго веры у непераможнасць народнага розуму і «мужыцкай праўды», у лепшую будучыню працоўнага чалавека. А цяжка... Цяжка, як цяжка пераліваць нанова, па законах сваёй роднай мовы і паэтыкі, любыя іншамоўныя паэтычныя радкі, няхай сабе і напісаны яны на блізкай і зразумелай мове. Зрэшты, блізкасць моў не аблягчае, а, хутчэй, абцяжарвае работу перакладчыка.

Загаварылі пра тое, што гэтыя тры томікі, натуральна, плён не аднаго года, што аб’ядноўвае іх, відаць, толькі адна дата выхаду ў свет. Аркадзь Аляксандравіч усміхаецца:

– Канечне! Плён года – гэта толькі намінальна. Пашчасціла так, што яны аказаліся памечаныя адным годам. А працаваў я над імі і летась, і пазалетась. Бадай, толькі над «Энеідай» працаваў і ў гэтым, 1969 годзе.

– Значыць, Аркадзь Аляксандравіч...

– Так, напісаў паэму. Паэму пра суровае дзяцінства свайго пакалення, пра дзяцінства, якое заспела рэха рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, якое праходзіла ў нялёгкія паслякастрычніцкія гады, пра тое, як маё пакаленне ішло да юнацтва. Называецца паэма – «Вытокі». Друкавацца будзе недзе ў сярэдзіне будучага года ў «Полымі» – ці то ў майскай, ці то ў чэрвеньскай кніжках. Пісаліся і вершы, якія ўвойдуць у новую кнігу. Але пра ўсё гэта гаварыць яшчэ ранавата і ніякавата – усё гэта са мной, усё гэта яшчэ толькі маё, калі не лічыць некалькіх сяброў.

Апошнія дні года, мусіць, ва ўсіх людзей вельмі насычаныя і клапатлівыя – прыспешвае ці то стары, ці то новы год. Аркадзю Аляксандравічу часта звоняць, гаворка наша раз-пораз перапыняецца. Таму задаю апошняе традыцыйнае навагодняе пытанне – наконт планаў на будучы год. Аркадзь Аляксандравіч разводзіць рукамі:

– Пра рэчы, якія ўжо напісаны, і то гаварыць няёмка. А што ж тады сказаць аб планах? Ёсць думка і ахвота працаваць над працягам паэмы. Пакуль што баюся гаварыць, ці то гэта будзе працяг «Вытокаў», ці то асобная паэма – паэма пра юнацтва. Галоўнае – каб хапіла часу, сілы і здароўя.

Менавіта гэтага, развітваючыся, пажадаў я Аркадзю Аляксандравічу ў новым годзе.

Куляшоў, А. Год паэта / А. Куляшоў ; запісаў М. Гіль //

Літаратура і мастацтва. – 1970. – 1 студзеня.

bottom of page