top of page

«ПАЭМЫ ПІША САМО ЖЫЦЦЁ...»

 

ТВОРЧАСЦЬ

ІНТЭРВ'Ю

1975 ..............................

Нядаўна ў Мінску праходзіла Усесаюзная нарада пісьменнікаў і крытыкаў «Неўміручы подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне і савецкая літаратура». Карэспандэнт газеты «Літаратура і мастацтва» папрасіў Аркадзя Куляшова падзяліцца сваімі ўражаннямі аб гэтай нарадзе.

 

А. Куляшоў. У цэнтры Усесаюзнай нарады пісьменнікаў і крытыкаў стаялі пытанні, вызначаныя ў Пастанове ЦК КПСС «Аб 30-годдзі Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў». Нарада – жывы водгук на гэту пастанову. З усіх куткоў нашай краіны з’ехаліся выдатныя майстры слова, імёны і творы якіх добра вядомы савецкаму чытачу. Пісьменнікі абмяркоўвалі праблемы адлюстравання гістарычнай перамогі нашага народа, вялі зацікаўленую гаворку аб мінулым, сённяшнім і будучым літаратуры.

 

Карэспандэнт. Якія з гэтых праблем вы лічыце галоўнымі?

А. Куляшоў. Маюцца на ўвазе праблемы творчага парадку. А калі так, то адказ на пытанне не можа быць адназначным.

Праблем, якія стаяць перад літаратурай, многа.

Чытаючы творы іншых пісьменнікаў і паэтаў, бачыш, што ў кожнага з іх – свае і вельмі важныя праблемы. Калі ж гаварыць у агульным плане, то творчасць павінна быць варта тых намаганняў, якія аддаў народ у імя гістарычнай Перамогі. А Перамога – гэта высакародныя ідэі, за якія праліваў кроў савецкі воін, з гонарам выканаўшы свой інтэрнацыянальны абавязак перад чалавецтвам.

У творчасці павінен біць пульс перадавых камуністычных ідэй, якія вызначаюць наш не менш напружаны і адказны час. «Нельга забываць, – падкрэсліваецца ў пастанове ЦК КПСС, – аб тым, што прырода імперыялізму не змянілася, што сілы рэакцыі і агрэсіі не склалі зброі і спрабуюць перашкаджаць станоўчым зменам у міжнародных адносінах. Растуць ваенныя бюджэты імперыялістычных дзяржаў, захоўваецца напружанасць у радзе раёнаў зямнога шара, не спыняюцца ідэалагічныя дыверсіі супраць сацыялістычных краін». Толькі барацьба за трывалы мір на зямлі замацуе здабыткі сусветна-гістарычнай Перамогі над фашызмам, і літаратуры належыць у гэтай барацьбе не апошняя роля.

Міралюбівая, эканамічна і духоўна багатая Сацыялістычная Дзяржава – наша гордасць і гонар! Мы служым ёй і яе прагрэсіўным ідэалам. Задачы, якія стаяць перад яе песнярамі, і проста і высокапаэтычна выказаны (у свой час) Уладзімірам Маякоўскім: «...Я себя советским чувствую заводом, вырабатывающим счастье!..» Так, менавіта шчасце міру і працы для ўсёй нашай шматпакутнай планеты!

 

Карэспандэнт. Якія кнігі, прысвечаныя паказу гераізму савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, вам больш падабаюцца?

А. Куляшоў. Кніг, напісаных па жывому следу вялікіх падзей, нямала. Яны пісаліся насуперак вядомаму сцвярджэнню – калі гавораць гарматы, музы маўчаць.

Памяць Вялікай Айчыннай вайны незабыўная, і, магчыма, лепшыя творы пра гэты час яшчэ не напісаны. Думаючы аб новых творах пра Вялікую Айчынную вайну, пісьменнік павінен вывучаць не толькі ўжо створаныя аб ёй кнігі, але не ў меншай, калі не ў большай ступені, і кнігі аб грамадзянскай вайне. «Ціхі Дон» Міхаіла Шолахава напісаны даўно, і недарэмна кажуць, што вялікае бачыцца на адлегласці. Той, хто рызыкне аб днях Айчыннай вайны напісаць кнігу, вартую Вялікай Перамогі, напэўна, будзе вучыцца ў Шолахава шырыні і глыбіні ахопу гістарычных падзей, майстэрскаму спалучэнню аптымізму і трагедыйнасці, смеласці і праўдзівасці ў паказе складанага, суровага і вялікага часу.

Вобраз народа і яго натхняючай сілы – камісараў і радавых камуністаў – бясспрэчна, зойме сваё пачэснае месца ў такой эпапеі. I тут жа зноў творца яе не зможа не ўлічыць вопыт такіх шэдэўраў, як «Разгром» Фадзеева, «Жалезны паток» Серафімовіча, «Дума пра Апанаса» Багрыцкага.

 

Карэспандэнт. Хочацца яшчэ раз пачуць, якія падзеі натхнілі вас на стварэнне «Сцяга брыгады»? Я разумею, што ўражанняў у вас было шмат, і ўсё ж...

А. Куляшоў. Пытанне прыватнае. Тым не менш, хоць я і аўтар вамі названай паэмы, адказаць на яго мне не так проста.

Напісанню кожнай рэчы папярэднічаюць асабістыя ўражанні, эмоцыі і думкі, выкліканыя імі. А пасля ўжо, за думкамі, паступова нараджаецца ідэя таго ці іншага твора. Можна аднавіць у памяці ланцужок тых падзей і ўражанняў, што леглі ў фундамент рэчы, але для гэтага спатрэбілася б часу больш і заняло б гэта шмат месца ў газеце.

Якія падзеі? Вайна і тая акалічнасць, што з першых дзён яе я быў сведкам і ўдзельнікам усяго, што адбывалася вакол. Упэўнены, калі б не знаходзіўся ў радах Чырвонай Арміі, не бачыў франтавога жыцця-быцця, то «Сцяг брыгады» не быў бы напісаны. Памыляецца той, хто лічыць, што паэмы піша паэт. Іх піша жыццё. Мастак – толькі чулая скрыпка, якая адгукаецца на падзеі, а смычком па струнах водзіць усё ж такі бачанае, перажытае, выпакутаванае. Можа быць такое параўнанне не поўнае і не зусім дакладнае, але ў ім адно для мяне бясспрэчна: для творчасці няма больш важнай і неабходнай крыніцы, чым жыццё.

Куляшоў, А. «Паэмы піша само жыццё…» /

А. Куляшоў ; запісаў П. Шаўцоў // Літаратура і мастацтва. –

1975. – 28 сакавіка.

bottom of page