top of page

ЭТАПЫ ВЯЛІКАГА ШЛЯХУ

 

ТВОРЧАСЦЬ

ІНТЭРВ'Ю

1977 ....................................

Ці не першымі творамі народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, якія ўвайшлі ў свядомасць «дзяцей ваеннага часу», былі вершы, незвычайныя па свайму трагізму і сіле эмацыянальнага напружання – «Балада аб чатырох заложніках», «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Камсамольскі білет»…

Іначай як з «ваеннага» боку мы не маглі тады ўваходзіць у свет паэзіі. Паэзія, створаная ў самым пекле схваткі з фашызмам, па гарачых слядах гістарычных падзей, тлумачыла, паказвала ў новым святле перажытае ў дні ліхалецця і ўзнімала да разумення таго, што перажыў народ, як ён выстаяў і перамог у жорсткай барацьбе.

Потым мы яшчэ не раз хадзілі дарогамі вайны, зноў як бы глядзелі ў твар ворагу, смерці, але ўжо больш дарослыя, узбагачаныя вопытам герояў паэмы «Сцяг брыгады», паэмы-казкі «Прыгоды цымбал»; разам з паэтам прад’яўлялі рахунак вайне і фашызму, чытаючы паэму «Дом № 24» і іншыя творы.

Але ж быў яшчэ малавядомы, а то і зусім невядомы свет паэзіі Куляшова даваеннага, «мірнага». I ён паступова адкрываўся, уражваючы па кантрасту жыццярадаснасцю «юнацтва песні аб светлай долі», кіпеннем адлюстраванай у вершах стваральнай працы, шчасцем жыць пад мірным небам Радзімы, закахацца недзе «на сотай вярсце», бегчы, радуючыся, за першым на вёсцы трактарам – увасабленнем прагрэсу і шчаслівых перамен у жыцці людзей.

Перачытваючы зборнікі вершаў і паэм А. Куляшова той пары – «Росквіт зямлі», «Па песню, па сонца!..», «Медзі дождж», «Аманал», «Мы жывём на граніцы», сапраўды адчуваеш, што паэт, як адзначыў В. Бечык, жыў тым, чым жыла краіна, – «героікай Кастрычніка і грамадзянскай вайны, пафасам грамадскіх перамен, усталяваннем новых прынцыпаў і формаў чалавечых узаемаадносін».

Пазней, з апублікаванай аўтабіяграфіі паэта, мы даведваемся, што ён у той час быў – чым далей, тым болей – незадаволены сабой. То была адзнака росту А. Куляшова як паэта і грамадзяніна, гэта сведчыла аб творчай сталасці, якая прыйшла да яго к пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Вайна правяла рэзкую эмацыянальную мяжу паміж творчасцю даваеннай і творчасцю ваеннага часу А. Куляшова, падзяліла яе на два першыя вялікія этапы. Гэта – два вельмі розныя па настрою, па светаўспрыняццю, па глыбіні і скіраванасці думак і пачуццяў светы, якія, аднак, нельга ўявіць сабе адзін без аднаго. Усё, чаго дасягнуў паэт у мастацкім асваенні рэчаіснасці да вайны, абставіны жыцця скіравалі ў рэчышча барацьбы, і слова яго вылілася ў радкі глыбока драматычных, праніклівых да глыбіні душы, высокамастацкіх балад і вершаў, напісаных у дні вайны – тых, якія і ўводзілі нас, «дзяцей ваеннага часу», у свет паэзіі А. Куляшова.

Вайна мабілізавала, сканцэнтравала талент паэта. Яна не магла не паўплываць на ўсю яго далейшую творчасць, яе характар, эмацыянальны лад. І справа тут, вядома, не толькі ў акалічнасцях асабістага лёсу; у большай меры, мабыць, аказала ўплыў тое, што перажыў, праз якія выпрабаванні прайшоў увесь народ наш.

Паэзія А. Куляшова мужная, адчувальная да супярэчнасцей жыцця, глыбока філасафічная. «У суровы век жыву сурова, жыць інакш не здолеў бы зусім», – гэтыя словы паэта не трэба разумець як вытлумачэнне лініі паводзін у побыце, яны хутчэй гавораць пра маральна-этычную пазіцыю ў творчасці, пра меру патрабавальнасці да слова, якога ад яго чакаюць людзі, якому ён ведае цану.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page