Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
КУЛЯШОЎ
У ШКОЛЕ
РАСПРАЦОЎКІ ЎРОКАЎ
ЦЫКЛ УРОКАЎ ПА ВЫВУЧЭННІ ЖЫЦЦЯ І ТВОРЧАСЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА
(X клас)
Л.В. Лаўрэенка,
настаўніца Хаціслаўскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна
Мэты: пазнаёміць з асноўнымі фактамі жыццёвага і творчага шляху А. Куляшова; стварыць умовы для асэнсавання творчай спадчыны паэта; развіваць інтэлектуальна-пазнавальныя здольнасці вучняў, навыкі і ўменні самастойнай працы; выхоўваць мастацкі густ вучняў, цікавасць да беларускай паэзіі.
Абсталяванне: вучэб. дапам. па беларус. літаратуры для X класа (2009), зборнікі твораў А. Куляшова, каляровы партрэт паэта.
Тып: урок-праект.
Эпіграф:
...Я, ўпарты, не кіну пачатае справы,
Каменне крышу,
Разграбаю пяскі,
Пад кпіны аматараў лёгкае славы
Капаю рэчышча ўласнай ракі.
А. Куляшоў. «Мая Бесядзь».
Ход урока
-
Арганізацыйны момант.
II. Уступнае слова настаўніка.
Настаўнік. Аркадзь Куляшоў належыць да класікаў беларускай літаратуры, першых велічынь у ёй. Творчасцю паэта захаплялася і захапляецца не адно пакаленне. Талент А. Куляшова неабсяжны нават тымі дзвюма стыхіямі, якія знайшлі сваё ўвасабленне ў яго паэзіі – ракой Бесяддзю і бязмежным акіянам. А. Куляшоў – аўтар знакавай у беларускай літаратуры «Новай кнігі», іншых паэтычных зборнікаў, шэрагу паэм. Творчасць паэта можна падзяліць на тры асноўныя перыяды: даваенная лірыка, паэзія часу Вялікай Айчыннай вайны, вершы і паэмы пасляваенных дзесяцігоддзяў.
Паэзія А. Куляшова ўзнёслая і вобразная, інтэлектуальная і філасофская. Паэт быў глыбока адданы сваёй галоўнай справе жыцця – паэзіі. Нездарма, напэўна, і такі зварот аўтара да яе:
...Не ты мяне абрала – вязень твой
Абраў цябе на тэрмін пажыццёвы.
Сённяшні ўрок дапаможа нам адказаць на наступныя пытанні:
• Якім быў Куляшоў-паэт і Куляшоў-чалавек?
• Якія матывы і вобразы складаюць аснову паэтычнай творчасці А. Куляшова?
• Што найбольш хвалявала лірычнага героя паэта?
III. Абарона праектаў.
Клас загадзя быў падзелены на групы. Кожнай з груп была паведамлена тэма для самастойнай працы з біяграфічнай, крытычнай і даведачнай літаратурай.
Першая група. «Жыццяпіс Аркадзя Куляшова».
Другая група. «Паэзія А. Куляшова 1930-х гадоў».
Трэцяя група. «Творчасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».
Чацвёртая група. «Далягляды паэзіі А. Куляшова пасляваеннага часу».
Пятая група. «Музычны лёс твораў А. Куляшова».
Прыкладныя выступленні вучняў
Першая група. Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў нарадзіўся ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці 6 лютага 1914 года. Бацькі будучага паэта былі вясковымі настаўнікамі. Мовай зносін у сям’і была беларуская. У сваёй аўтабіяграфіі А. Куляшоў адзначаў, што цікавасць да вершаў 9 і спроба іх напісання з’явілася вельмі рана, прыблізна ў сем гадоў. Васьмігадовым хлопчыкам зацікавіўся творчасцю М. Ю. Лермантава. Менавіта тады канчаткова вырашыў узяцца за пяро. Купалаўская «Жалейка» стала першай кніжкай, прачытанай будучым аўтарам на беларускай мове.
У 1928 годзе ў клімавіцкай газеце «Наш працаўнік» быў надрукаваны першы верш А. Куляшова на беларускай мове. У тым жа 1928 годзе юнак паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, дзе ў той час вучыліся Змітрок Астапенка і Юлі Таўбін, таленавітыя паэты-маладнякоўцы. Сяброўства з гэтымі людзьмі мела станоўчы ўплыў на сталенне Куляшова як паэта. У 1930 годзе ён пераехаў у Мінск, дзе паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Але перыяд творчага станаўлення паэта працягваўся нядоўга.
У чэрвені 1941 года А. Куляшоў пакінуў разбураны фашысцкай бамбардзіроўкай Мінск. Хутка паэт уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі. Пад Ноўгарадам закончыў ваенна-палітычнае вучылішча і быў накіраваны ў газету «Знамя Советов». Са снежня 1943 года і да самага вызвалення рэспублікі Куляшоў працуе ў Беларускім штабе партызанскага руху.
Пасля вайны Аркадзь Аляксандравіч узначальваў калектыў штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З 1958 па 1967 год працаваў начальнікам сцэнарнага аддзела, а потым галоўным рэдактарам на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1967 года паэт займаўся толькі літаратурнай дзейнасцю.