Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
КУЛЯШОЎ
У ШКОЛЕ
РАСПРАЦОЎКІ ЎРОКАЎ
АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ. ВЕРШ «НАД СПАЛЕНАЙ ВЁСКАЙ»
(урок у VI класе)
М. I. НАВУМЧЫК,
настаўнік-метадыст, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь
М э т а: садзейнічаць асэнсаванню вучнямі трагічнага зместу твора, усведамленню жахлівай праўды і вынікаў мінулай вайны.
З а д а ч ы: зацікавіць асобай паэта, пазнаёміць з некаторымі звесткамі з яго жыцця і творчасці; асэнсаваць тэму і ідэю верша, вызначыць яго мастацкія асаблівасці, узбагачаць слоўнікавы запас шасцікласнікаў, развіваць іх звязнае маўленне; садзейнічаць выхаванню памяці пра мінулае роднага краю, падзеі Вялікай Айчыннай вайны; абуджаць пачуццё адказнасці за будучыню сваёй Радзімы.
А б с т а л я в а н н е: вучэб. дапам. па беларус. літаратуры для 6-га кл. (2022), партрэт Аркадзя Куляшова, выстава зборнікаў паэта, карта спаленых вёсак Беларусі (выяву вялікага памеру гл. па (QR-кодзе).
Э п і г р а ф:
Дрэвы забылі пра буры і страты,
Раны свае загаіла зямля.
Толькі нічога забыць не змагла ты,
Памяць мая!..
Максім Танк.
Х о д у р о к а
-
Арганізацыйны момант.
-
Праверка дамашняга задання.
-
Засваенне новых ведаў.
-
Слова настаўніка.
Н а с т а ў н і к. Сёння мы будзем вывучаць верш класіка беларускай літаратуры. Цікавы факт: бацька яго меў далёкія італьянскія карані, прадзед – сын арганіста-італьянца.
Ён працаваў па 16 гадзін у суткі і прывык да такога рытму жыцця. Паэтычныя радкі выспявалі ў одуме. Запісваў іх толькі тады, калі верш прыйшоў цалкам. Тады садзіўся за машынку і друкаваў яго тэкст. Пасля сябе пакінуў каля 30 кніг паэзіі.
Паэт меў дачыненне да развіцця беларускага кіно: быў галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм», удзельнічаў у напісанні і стварэнні сцэнарыяў кінафільмаў «Чырвонае лісце», «Першыя выпрабаванні», «Запомнім гэты дзень».
Каб даведацца, пра каго ідзе гаворка, неабходна разгадаць рэбус, у якім зашыфравана прозвішча паэта.