top of page

ПАЭМА "СЦЯГ БРЫГАДЫ"
 

сцяг брыгады.png

"Першапачатковае знаёмства з паэмай А. Куляшова "Сцяг брыгады" – адно з самых яркіх і дарагіх для мяне ўспамінаў ваеннага часу. Я, як і другія таварышы, па ўласным вопыце якія ведалі цяжкасці франтавых умоў працы, дзіву даваўся, як у гэтых умовах чалавек знайшоў час і сілы напісаць такую вялікую рэч, якая не магла нават ісці ў залік яго працы ў газеце, так як была на іншай мове.

Паэма гэта была голасам сэрца, поўнага болю за родную беларускую зямлю, плачам па ёй і гарачай светлай веры ў яе сілы да барацьбы, у яе вызваленне. I гэты голас прагучаў яшчэ тады, калі не толькі ўся Беларусь знаходзілася пад гнётам нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але і многа рускай зямлі на ўсход ад яе..."

А. Твардоўскі

 

"Я памятаю, як у блакадным Ленінградзе Павел Кабзарэўскі чытаў мне паэму Аркадзя Куляшова "Сцяг брыгады". І я, прадзіраючыся праз падманлівае падабенства моў… бачыў у гэтай святой трагедыйнасці перамогу Беларусі і перамогу Ленінграда. Гэта быў Цуд з вялікай літары. Гэта быў цуд пранікнення паэзіі ў самую святую сутнасць народнай душы, у яе сімвалы… Такой паэма засталася для мяне назаўсёды".

М. Дудзін

 

"Дзесьці ў канцы 1943-га года ў Чарнагорыю, дзе мы вялі цяжкія баі, савецкі самалёт даставіў пазарэз патрэбныя нам боепрыпасы і медыкаменты – і тое і другое ў нас катастрафічна скончылася. Гэта быў высокі акт баявога братэрства. Але разам з боепрыпасамі і медыкаментамі аказалася некалькі новых савецкіх кніг аб вайне, у тым ліку – паэма Куляшова "Сцяг брыгады" ў перакладзе Ісакоўскага. Паэма літаральна ашаламіла мяне. Я чытаў яе і перачытваў шмат разоў, чытаў таварышам па зброі, якія трохі разумелі рускую мову, а для тых, што не разумелі, асобныя мясціны сам перакладаў на сербскую. Гэта была паэзія, якая радніла нас з савецкімі братамі – радніла ў нянавісці да фашыстаў і верай у перамогу, паэзія, якая прыдавала нам духоўнай мовы і сілы".

Р. Зогавіч, чарнагорскі паэт

 

"На стварэнне паэмы "Сцяг брыгады" натхнілі вайна і тая акалічнасць, што з першых дзён яе я быў сведкам і ўдзельнікам усяго, што адбывалася вакол. Упэўнены, калі б не знаходзіўся ў радах Чырвонай Арміі, не бачыў франтавога жыцця-быцця, то "Сцяг брыгады" не быў бы напісаны. Памыляецца той, хто лічыць, што паэмы піша паэт. Іх піша жыццё. Мастак – толькі чулая скрыпка, якая адгукаецца на падзеі, а смычком па струнах водзіць усё ж такі бачанае, перажытае, выпакутаванае. Для творчасці няма больш важнай і неабходнай крыніцы, чым жыццё".

А. Куляшоў

bottom of page