top of page

1980 ...............................

Янка Казека
ГІСТОРЫЯ АДНАГО ВЫДАННЯ
 

Даўно рупіла мне вярнуцца да гісторыі аднаго выдання твораў Аркадзя Куляшова. З таго часу засталіся лісты паэта. Яны і памогуць больш дакладна ўзнавіць некаторыя падрабязнасці гэтай гісторыі.

У чэрвені 1963 года А. Куляшоў звярнуўся ў Дзяржаўнае выдавецтва БССР, дзе я тады працаваў, з просьбай выдаць двухтомнік яго выбраных твораў. Адчуваў, што пасля цяжкай хваробы, якую нядаўна перанёс, яшчэ не хутка зможа пачаць працу над новымі вершамі і перакладамі.

Тады якраз рыхтаваўся да разгляду на калегіі Міністэрства культуры БССР праект нашага плана выданняў на 1964 год, і мы ўключылі ў гэты план яго двухтомнік.

Думалася, што такая прапанова асаблівых пярэчанняў нс сустрэне. Аж не. Запярэчылі прадстаўнікі кнігагандлёвых арганізацый. Аднак калегія вырашыла запланаваць двухтомнік паэта і прапанавала выдавецтву выпусціць яго як падарункавае выданне невялікім фарматам і памерам (16 аўтарскіх аркушаў). Было таксама выказана пажаданне, каб гэты двухтомнік і зместам адрозніваўся ад папярэдняга, каб у яго ўвайшлі новыя творы, якія паэт да сваей хваробы апублікаваў у перыядычным друку.

Пра ўсё гэта я напісаў А. Куляшову, які быў тады на Нарачы. Папрасіў яго хоць збольшага прыкінуць змест тамоў для анатацыі ў выдавецкім плане.

Адказваючы мне (адказ датаваны 4 жніўня 1963 года), А. Куляшоў прызнаўся, што яму мой ліст «бадзёрасці не прынёс», што такое змяншэнне памеру выдання наводзіць яго «на вельмі сумныя думкі». Ён спадзяваўся, што зможа ўключыць у двухтомнік усё лепшае з напісанага больш чым за трыццаць пяць гадоў літаратурнай працы. Была яшчэ адна прычына для засмучэннн. «Ты, пэўна, разумееш, – дзяліўся ён сваімі турботамі, – што гэта дало б мне рэальную магчымасць пасля цяжкай хваробы не думаць некаторы час аб такіх непрыемных рэчах, як заробкі. І наогул я не ведаю, як складзецца ў мяне жыццё-быццё, у тым ліку і служба, бо справа, як сёння высветлілася з электракардыяграмы, на папраўку пакуль што ідзе слаба».

Пазіцыя работнікаў кнігагандлю яго не здзівіла: тады ад іх часта – нават у друку – можна было пачуць размовы аб тым, што паэзія нібыта перастала карыстацца попытам у чытача. Справа была, вядома, не ў чытачы. Не ўмеючы, а то і не жадаючы па-сапраўднаму заняцца вывучэннем патрэб чытачоў, яны, дзе толькі можна было, стараліся перашкодзіць выданню паэтычных кніг, прапаноўвалі для іх самыя мізэрныя тыражы. А. Куляшоў расказаў у гэтым лісце, што на ўласным вопыце пераканаўся, як дрэнна распаўсюджваецца ў нас паэзія: нядаўна яму спатрэбілася паслаць знаёмым свой збор твораў, і нідзе ў мінскіх кнігарнях жонка не змагла купіць ніводнага камплекта. «А недзе на складах, абураўся ён, – марынуюцца ці соляцца тысячы экземпляраў».

Не выклікала энтузіязму ў паэта і прапанова наконт новых вершаў: «Мне прапануецца ўключыць у двухтомнік і новыя вершы, а я, прызнацца, спадзяваўся іх выдаць асобнай кніжкай. Гэтую кніжку прашу выдавецтва ўключыць у план 1964 года. Яна не будзе вялікай: 2-3 аркушы і то пры ўмове, што я за восень што-небудзь напішу. Але думаю, што ўсё ж гэта справа рэальная».

Канкрэтных меркаванняў пра змест двухтомніка ў гэтым лісце А. Куляшоў не выказаў. Яму хацелася больш пэўна ведаць думку выдавецтва аб яго агульным памеры. «Шаснаццаць аркушаў для двухтомніка вельмі бедна, –зазначыў ён, – бо такога выдання я не ўяўляю сабе без наступных рэчаў: 1) «Хлопцы апошняй вайны», 2) «Сцяг брыгады», 3) «Прыгоды цымбал», 4) «Дом № 24», 5) «Простыя людзі», 6) «Новае рэчышча», 7) «Толькі ўперад», 8) «Песня аб слаўным паходзе», 9) «Грозная пушча». А калі да гэтага дадаць вершы, то ўжо не 11 тысяч радкоў будзе, а самае малое 15. Але ці зможа тут пайсці насустрач мне выдавецтва? I калі зможа, то ў якіх памерах?»

Улічваючы пажаданне аўтара, у выдавецтве вырашылі павялічыць памер яго двухтомніка прыкладна да 22-23 аркушаў. Была ўпэўненасць, што згоду кіраўніцтва Галоўвыда і Міністэрства культуры на такое павелічэнне атрымаем. Я адразу паведаміў пра гэта А. Куляшову. Папрасіў яшчэ раз узважыць мэтазгоднасць уключэння ў двухтомнік новых вершаў. Мне здавалася, што так будзе лепш, што новыя творы выклічуць большую цікавасць чытача да выдання.

Праз некалькі дзён з Нарачы прыйшоў ліст, датаваны 9 жніўня 1963 года. Ён засмуціў мяне. А. Куляшоў паведамляў, што стан яго здароўя рэзка пагоршыўся і цяпер яму цяжка займацца якімі-небудзь справамі. «Надзвычайная нервовая ўзбуджанасць і павышэнне крывянога ціску часова выбілі мяне з каляіны, – пісаў ён. – Відаць, я зрабіў памылку: рана пачаў цікавіцца сваімі справамі...»

А далей у лісце гаворка пайшла пра справы: «Калі выдавецтву зараз трэба назвы твораў, якія павінны ўвайсці ў двухтомнік, то арыентуйся на спіс, які я табе даслаў у папярэднім лісце – вершы старыя і новыя. «Грозную пушчу» ў змесце я пакіну, бо лічу яе асноўнай з маіх работ, можа быць, толькі аднясу яе ў другі том» (падкрэслена аўтарам ліста. – Я.К.).

Больш дакладны змест паабяцаў прыслаць, як толькі крыху ачуняе.

Наступны ліст (ад 31 жніўня 1963 года) быў кароткі. У ім А. Куляшоў паведаміў, як ён вырашыў размясціць матэрыял у тамах і што новыя вершы дашле да 1 снежня, пацікавіўся, калі трэба здаваць у набор рукапіс двухтомніка.

Прыйшлі з Нарачы яшчэ два яго лісты – адзін не датаваны (на штэмпелі мядзельскага паштамта дата 10.9.63) і другі ад 19 верасня 1963 года. Датычылі яны ў асноўным практычных пытанняў, звязаных з падрыхтоўкай выдання.

У першым, не датаваным, лісце, А. Куляшоў спачатку адказаў на маё запытанне, каму лепш даручыць уступны артыкул. «Я быў бы не супраць, – раіў паэт, каб яго зрабіў Бярозкін, які многа пісаў пра маю творчасць і да вайны, і пасля яе». А далей ліст быў даволі вялікі – падрабязна выклаў свае меркаванні наконт зместу двухтомніка і анатацыі да яго. «Паколькі двухтомнік выбраных твораў, – пісаў ён, – то я і лічу, што ў яго павінна ўвайсці сапраўды выбранае, тым больш, што выходзіць ён да пяцідзесяцігоддзя».

У лютым 1964 года А. Куляшову спаўнялася пяцьдзесят гадоў. Да яго юбілею і прымяркоўваўся выпуск двухтомніка выбраных твораў. «Спадзяюся, –  жартаваў паэт, – што тут вы (выдавецтва) з аўтарам з прычыны такога выпадку канфліктаваць не будзеце».

На Нарачы ён збіраўся прабыць яшчэ месяцы два-тры, таму ўсе дэталі падрыхтоўкі выдання ўзгадняў па пошце. У гэтым лісце, адказваючы, мабыць, на маю прапанову, пісаў: «Я катэгарычна супраць таго, каб у двухтомнік увайшлі «Крыўда» і «Антон Шандабыла», бо гэта рэчы, па сутнасці, вучнёўскія. Калі што і даваць з ранняга перыяду, дык гэта толькі вершы ды і то нямнога, а так радкоў 1000 з 1927 на 1938 год. Вершы я адбяру сам. З вершаў пазнейшага перыяду таксама я адбяру толькі тыя, якія лічу найлепшымі, не больш дзвюх тысяч радкоў і, нарэшце, вершы з «Новай кнігі» 1100 радкоў. З паэм я лічу патрэбным уключыць «У зялёнай дуброве» (у дапрацаваным, у асноўным скарочаным, выглядзе), «Хлопцы апошняй вайны», «Сцяг брыгады», «Простыя людзі», «Новае рэчышча» – усе гэтыя рэчы і вершы ранняга і пазнейшага перыяду павінны скласці першы том». Новыя вершы, паэмы «Толькі ўперад», «Песня аб слаўным паходзе» і вершаваная хроніка «Грозная пушча» прызначаліся для другога тома. «У такім выглядзе, – гаварылася ў лісце, – двухтомнік будзе складацца сапраўды з выбраных твораў... Карыстаючыся тым, што са здароўем стала лепш, я з 1 верасня займаўся гэтай прыкідкай і цяпер складаю двухтомнік і думаю, што хутка, можа з аказіяй, перашлю табе рукапіс».

Рукапіс сапраўды неўзабаве паступіў у выдавецтва. А. Куляшова вельмі цікавіла, як будзе аформлена выданне, і я паведаміў яму прапановы мастацкага рэдактара. Фармат 70X108 1/32 паэту спадабаўся. «Я прапаную, – напісаў ён 19 верасня 1963 года, – нават меншы фармат, якім выдадзена «Грозная пушча» вамі ў гэтым годзе – 60X90        1/32, для вершаў гэта яшчэ лепшы памер». Спадабалася яму вёрстка ў зборніку яго паэзіі, выдадзеным у Балгарыі, і ён папрасіў гэтак жа вярстаць вершы ў двухтомніку: «12 радкоў (тры страфы) на першай старонцы з пераносам іншых на другую і трэцюю старонкі». Ён разумеў, што пры такой вёрстцы пойдзе больш паперы, але хацеў, каб кнігі выглядалі прыгажэй, бо, на яго думку, «прыгожая вёрстка – гэта прываба для чытача, якому, як ні кажыце, абрыдлі яшчэ і стандартныя выданні». На жаль, аддзелы мастацкага і тэхнічнага афармлення не палічыліся з гэтай просьбай паэта.

У свет двухтомнік выйшаў у 1964 годзе, калі выдавецтва мела ўжо назву «Беларусь». Выйшаў ён агульным памерам больш за 23 аркушы, быў прыгожа аформлены і карыстаўся добрым попытам у чытача. Як і пажадаў аўтар, прадмову для яго «Вобраз чалавека, вобраз часу» – напісаў Р. Бярозкін. А. Куляшоў вельмі строга падышоў да адбору твораў. Змясціў зусім небагата вершаў даваеннага часу. Не ўключыў паэм «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24», якія спачатку меркаваў надрукаваць у двухтомніку. Асобны раздзел у другім томе склала яго славутая «Новая кніга».

Казека, Я. Гісторыя аднаго выдання / Я. Казека //

Літаратура і мастацтва. – 1980. – 5 верасня. – С. 5.

bottom of page