top of page

ДЗВЕ МАЕ "МАЛЕНЬКІЯ РАДЗІМЫ": 
АДНОЛЬКАВА РОДНЫЯ ДЛЯ МЯНЕ
ЎСХОДНІ
ЕЛАВЕЦ (НА ХОЦІМШЧЫНЕ) І ЗАХОДНІ РАМЕЛЬ 
(НА СТОЛІНШЧЫНЕ)

 

2001 .............

У ЕЛАЎЦЫ З КУЛЯШОВЫМІ


У літаратуразнаўчым эсэ «Лясному рэху праўду раскажу...», прысвечаным народнаму паэту Беларусі Аркадзю Аляксандравічу Куляшову, яго дачка Валянціна шмат разоў з удзячнасцю прыпамінае вёску Елавец, што на Хоцімшчыне. А гэта ж – мая «калыска»: тут я нарадзіўся, перажыў ваеннае ліхалецце, скончыў сямігодку.
Адсюль, з Елаўца, у Куляшовых была нянечка – Хрысціна Афанасенка. Яна дапамагала сям’і паэта гадаваць дзяцей. Менавіта ў зацішку Елаўца Аркадзь Куляшоў абдумваў многія вершы і паэмы, а некаторыя і запісаў, калі наведваўся да бацькоў. У першыя пасляваенныя гады ў Елавецкай сямігодцы настаўнічала яго маці – Кацярына Фамінічна Ратабыльская. Быў час, калі яна штодзень хадзіла з Хоцімска праз Альшоў (а гэта – радзіма паэта Пятра Прыходзькі) да Елаўца пешкам (транспарту ж аніякага не было!). Пяць кіламетраў да школы і столькі ж назад. У яе былі нязменныя спадарожнікі – настаўніцкая сумка з нашымі сшыткамі для праверкі і цапок-кіёк для смеласці. Тую сумку мы калі-нікалі падносілі да Белай горкі – кіламетра паўтара за вёску.
Пазней Куляшовы пасяліліся ў драўляным доміку пры школе. На той час школа і настаўніцкае жытло былі метраў за 400 ад вёскі. Наша хата стаяла самай крайняй, а значыць, і самай блізкай да школы і жытла Куляшовых. Дарослыя і мы, дзеці, па-суседску дапамагалі пажылым настаўнікам па гаспадарцы: тое-сёе паднесці-падвезці.
Памятаю, як аднойчы Аркадзь Аляксандравіч даў мне з братам «на цукеркі» па хрусткаму навюткаму рублю, на якія мы і купілі (балазе, крама была побач са школай) духмяных рознакаляровых «падушачак». О то была смаката! Водар таго ласунку, здаецца, адчуваю і сёння, хоць прайшло больш за паўстагоддзя…
Кацярына Фамінічна была чулай і ласкавай да нас, вучняў. Яна ніколі не павышала голасу, валодала прыроджаным педагагічным тактам (тое я зразумеў, калі сам стаў настаўнікам). Здаралася, пасля званка на ўрок каторы з хлапчукоў зіркне ў калідор і дасць каманду: «Палундра, Ратабылька ідзе!» – і клас заміраў. Мы яе любілі і паважалі як маці паэта. Яна выкладала ў нас матэматыку. Прызнаюся, не гарнулася мая душа да тых задачак і прыкладаў. Выратоўваў старэйшы за мяне на два гады брат Іван – вайна пасадзіла нас за адну парту восенню 1943 года, як толькі быў вызвалены Хоцімскі раён.
Брат мой быў дока ў матэматыцы, любімец Кацярыны Фамінічны. Яшчэ дома я нярэдка спісваў у яго гатовыя рашэнні. Аднойчы не паспеў, а настаўніца і выклікала якраз мяне да дошкі. Я самохаць схапіў братаў сшытак і задужа жвава «развязаў» задачу, у якой па трубах нешта налівалася-вылівалася. Ведаючы мае сціплыя здольнасці, яна паглядзела «мой» сшытак і сказала:
– Штосьці, Конанавіч (далібог, па-суседску яна велічала брата і мяне імем па бацьку, бо апошняга добра ведала), твой почырк як дзве кроплі вады падобны на братаў? – I працягвала: – Сядай, сёння я табе не пастаўлю адзнаку, хоць работа і вельмі добрая.
Я нізка схіліў галаву, маўчаў. Як казаў брат, мае вушы тым часам нагадвалі рака ў кіпені.
Той урок далікатнасці і чалавечнасці маці Аркадзя Куляшова стаў для мяне эталонам настаўніцкай этыкі на ўсё жыццё. Затое як трыумфавала маё дзіцячае сэрцайка, калі на ўроку пісьма «Лабачэўскі» скошваў вока на мой сшытак і «злізваў» часта беспамылковы тэкст дыктанта! Дарэчы, брат пазней скончыў на Урале Кізелаўскі горны тэхнікум, у Ленінградзе – горны інстытут, дзе ой як спатрэбіліся матэматычныя веды, закладзеныя шаноўнай Кацярынай Фамінічнай Ратабыльскай. Для мяне ж на філалагічных факультэтах Баранавіцкага настаўніцкага інстытута і Брэсцкага дзяржаўнага педінстытута тыя дакладныя навукі, на першы погляд, былі неабавязковымі...
Хоцімскі раён Магілёўшчыны быў вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў у ліку першых на Беларусі – у верасні-кастрычніку 1943 года. Яшчэ грымела вайна, а ў Ёлаўцы мы, дзеці, ужо сядзелі за школьнымі партамі. Затым была вучоба ў Хоцімскай сярэдняй школе. Тры гады штодзень тэпалі мы з Віктарам Івандзікавым па маршруце нашай былой настаўніцы Кацярыны Фамінічны: Елавец – Альшоў – г. Хоцімск, потым – назад. І толькі ў марозныя зімовыя дні і ў бездараж школа ўладкоўвала нас на кватэру (па-сённяшняму – у інтэрнат). Мы кватаравалі ў ваколіцы Хоцімска па другі бераг Бесядзі пры дарозе і кірунку да станцыі Камунары (дзве апошнія ўласныя назвы ўвекавечаны Аркадзем Куляшовым у вершах «Мая Бесядзь» і «Станцыя Камунары»). Памятаю, як гаспадыня – лагодна пажылая жанчына – даглядала нас, расказвала пра свайго пляменніка-вайскоўца, паказвала яго фотакартку ў ваеннай форме. Хвалілася, што той піша вершы. Адкуль было ведаць, што мне пашанцавала сустрэцца з роднай цёткай яшчэ аднаго земляка-паэта – Пятра Фёдаравіча Прыходзькі? Бо калі ў дзяцінстве Аркадзя Куляшова як паэта мы ўжо ведалі, то ў 50-х гадах пра Пятра Прыходзьку – анічога. А ў цёткі апошняга, Наталлі Ігнаццеўны, мы з сябрам і кватаравалі. Так і сталі маімі «хроснымі» маці і цётка двух слынных беларускіх паэтаў – Аркадзя Куляшова і Пятра Прыходзькі, за што я ўдзячны на ўсё жыццё гэтым сціплым слаўным жанчынам...


РОДНЫ РАМЕЛЬ


Потым лёс звязаў маё дарослае жыццё з Брэстчынай, з вёскай Рамель. Яна размешчана на Пагарынскай Століншчыне: 46 кіламетраў ад нас да райцэнтра, 294 – да Брэста, 52 – да чыгуначнай станцыі Гарынь. Гэта цэнтральная сядзіба Рамельскага сельскага Савета (якім цяпер кіруе старшыня Мірон Шпакевіч) і калгаса «Беларуская ніва» (старшыня Мікалай Ажог).
Ёсць у Рамлі сваё аддзяленне сувязі, прыгожы Дом культуры, бібліятэка, сярэдняя школа, два культавыя збудаванні, два магазіны і кафэ, камбінат бытавога абслугоўвання, фельчарска-акушэрскі пункт.
Адкуль пайшла назва вёскі – дакладна невядома. Паводле адной з версій, з ліку яе першых насельнікаў быў Рамуль, прозвішча якога з пакалення ў пакаленне (з 1452 года) пад уплывам моўных фактараў трансфармавалася і дало назву нашай вёсцы. Паводле дакументаў Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Беларусі, вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Свідрыгайла аддаў гэтае паселішча ў прыватнаўласніцкае карыстанне розных шляхецкіх сем’яў: Бальдзвін-Рамультаў, Дашкевічаў, Кнобельсдорфаў, Пашкевічаў, Ранчынскіх, Шпігановічаў і іншых. Пазней вызначыліся рамельскія памешчыкі Гняўчынскія, Юневічы, Наркуцкія, сямейны клан Копцаў.
Ніколі не жылося соладка ў Рамлі працаўнікам-сялянам: іх душыла беззямелле, апроч уціску ўласных паноў яны плацілі дзяржаве падушную подаць, выконвалі рэкруцкую павіннасць. У 20–30-х гадах XX стагоддзя вяскоўцы зведалі тут і нацыянальны – польскі – прыгнёт.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй у Рамлі размясціўся сельскі Савет, прымаліся захады па стварэнні калгаса. Ды перашкодзіла вайна. З прыходам захопнікаў пачалося прыгнечанне і рабаванне насельніцтва. Прымусова былі вывезены ў Нямеччыну 23 жыхары сяла, у тым ліку 15 дзяцей. Рамельцы ваявалі з ворагам на фронце, у партызанскіх атрадах, вялі падпольную работу. Гітлераўцы расстралялі сям’ю рамельскага «бацькі Міная» – партызана Пятра Пракопавіча Дораха – жонку і чацвёра дзяцей ад 3 да 11 гадоў, дашчэнту спалілі сядзібу.
У рэспубліканскай кнізе «Памяць. Беларусь» занатаваны для нашчадкаў тры запісы аб Рамлі пра тыя страшныя гады:
– пра помнік-стэлу 77 землякам – ахвярам вайны;
– пра абеліск Пятру Дзмітрыевічу Дземку – участковаму міліцыянеру-падпольшчыку, па-зверску закатаванаму эсэсаўцамі ў ліпені 1941 года. (Дарэчы, імем патрыёта названа вуліца, на якой я цяпержыву.);
– пра абеліск Васілю Мікалаевічу Уроднічу – партызану, які загінуў на тэрыторыі вёскі ў лістападзе 1943 года. (Дарэчы, яго сын, Уладзімір Васілевіч Уродніч – вядомы беларускі мастак). Імем Васіля Уродніча таксама названа адна з вуліц вёскі.
У 1947 годзе ў Рамлі быў створаны калгас, які трыццаць гадоў узначальваў Іван Сямёнавіч Гваздзюкевіч. Пры ім былі праведзены значныя меліярацыйныя работы, пабудаваны дыхтоўныя аб’екты сацкультбыту, жывёлагадоўчыя фермы, птушкафабрыка. Птушніца Леаніда Якаўлеўна Дубейка-Талецкая выбіралася дэпутатам і нават намеснікам Старшыні Вярхоўнага Савета БССР, а брыгадзір паляводчай брыгады Міхаіл Васілевіч Сядляр за высокія ўраджаі збожжавых быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.
Апошнія паўтара дзясятка гадоў калгас «Беларуская ніва» ўзначальвае дбайны кіраўнік – Мікалай Іванавіч Ажог. Гаспадарка наша – адна з перадавых не толькі ў раёне, але і ўвогуле на Брэстчыне. Нездарма на першых Рэспубліканскіх «дажынках» у Століне Прэзідэнт краіны А.Р. Лукашэнка назваў Мікалая Ажога ў ліку лепшых хлебаробаў Беларусі. Далібог, шчодрая ніва «Беларускай нівы»! У 2000 годзе тут было атрымана з кожнага гектара па 50 цэнтнераў зерневых, 440 – кукурузы, кармавых і цукровых буракоў адпаведна 850 і 480 цэнтнераў, рапсу – па 23 цэнтнеры.
Старанна працуюць мае аднавяскоўцы і ў першым годзе новага стагоддзя.
Рамель расце, добраўпарадкуецца: тут будуюцца прыгожыя дамы (нават двухпавярховыя) сучаснага дызайну. У вёсцы цяпер 1186 жыхароў (як паведамілі мне ў сельсавеце, летась памерлі 12 жыхароў, нарадзіліся 17 немаўлят, выехалі 2, а вярнуліся на пастаяннае пражыванне – 6 чалавек). Так што вёсцы не пагражае знікненне з геаграфічнай карты Беларусі. Ды і не дзіва: нядаўна, напрыклад, у шматдзетнай сям’і Казеняў – Любові Аляксееўны і механізатара Барыса Якаўлевіча – нарадзілася васемнаццатае дзіця! Хочацца, каб хлопчык Коля (а ў будучым Мікалай Барысавіч Казеня) дажыў да 100-гадовага ўзросту і прачытаў аб гэтым маім пажаданні ў часопісе «Беларусь».
У Рамлі не толькі добра працуюць, але і належным чынам адпачываюць. Нашаму дзіцячаму танцавальнаму калектыву «Ніва» (кіраўнік – сямейны дуэт Алы і Васіля Ільінскіх) нададзена званне народнага. Яго «кракавяк тройкамі», «Рамельскія прытупы і кадрыля», «Эскадрон» і іншыя заліхвацкія танцы выклікаюць пачуццё захаплення не толькі ў гледачоў Століншчыны, але і ў жыхароў Брэста і польскай Бяла-Падляскі, суседніх Расіі і Украіны. Ужо ў гэтым годзе ў рамельскім Доме культуры адбыліся дзве сустрэчы са сталічнымі славутасцямі: спачатку да нас завіталі кампазітар Ігар Лучанок з салістам Іванам Краснадубскім, крыху пазней – Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча на чале з мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам хору – народным артыстам краіны, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі, кавалерам ордэна Францыска Скарыны прафесарам Міхасём Дрынеўскім.

БЕЛАРУСЫ - НАРОД ПАМЯРКОЎНЫ


Я – прыроджаны аптыміст. Таму не баюся «страшылак» некаторых скептыкаў пра нібыта магчымае выміранне беларускага этнасу. На жаль, яны ж, скептыкі, саромеюцца і спрадвечнага цудоўнага тэрміну «памяркоўны» ў дачыненні да беларусаў: лічаць яго амаль непрыстойным словам. А яно ж гучыць, бы тая класічная музыка. Удумаемся ў яго сэнс: «падатлівы, уступлівы, які лёгка прыстасоўваецца да іншых; які выяўляе мяккасць і цярплівасць, добразычлівасць; які прытрымліваецца сярэдняй лініі, не схільны да крайнасцей» (ТСБМ, т. 3, стар. 657, 1979 г.,). Дык хай браткі-беларусы застаюцца такімі і ў XXI стагоддзі, ды паважаюць-шануюць Бога не толькі на словах, а ў душы і сэрцы сваім. Бо на перакрыжаванні стагоддзяў некаторыя прыстасаванцы спекулююць у карыслівых мэтах святым імем Божым. Перакананы: толькі ў цеснай дружбе з братнім славянскім (найперш рускім і ўкраінскім народамі) беларусы будуць жыць заможна і шчасліва. З сівой гісторыі вядома: князёў ды княжычаў на Беларусі ворагі некалі лёгка перамагалі з-за іх удзельных, вузкамесніцкіх амбіцый ды інтарэсаў. Каб змяніць жыццё ў лепшы бок, лічу, патрэбны адзінства і кансалідацыя ўсіх здаровых грамадскіх сіл не на словах, а на справе. Бо раздор у грамадстве яшчэ ніколі да дабра не даводзіў і не давядзе – хутчэй, наадварот. Прыкладаў таму на памежжы Беларусі сёння больш чым трэба.
Нам, беларусам, варта часцей згадваць перадсмяротны зварот-наказ знакамітага чэшскага патрыёта Юліуса Фучыка, пакаранага смерцю гітлераўцамі: «Людзі, я любіў вас, будзьце пільнымі!». Беларускаму народу не патрэбна анархія, а патрэбна моцная, жыццяздольная дзяржаўная ўлада. Інакш войкнем, ды будзе позна. Сэрцам чытайма славуты твор вялікага жыццялюба Петруся Броўкі «Голас сэрца». Ён – пра тое, як трэба берагчы і цаніць найвялікшы дар прыроды і Бога – жыццё Чалавека. Дзеля гэтага нам патрэбна мірная стваральная праца. Хлапчуком я зведаў жахі Вялікай Айчыннай вайны, дарослым – трагедыю Чарнобыля. Трэцяга катаклізму не жадаю нікому з суайчыннікаў. Мы павінны жыць шчасліва!


ЗАПАВЕТНЫЯ СЛОВЫ


У мяне ёсць два запаветныя словы: Маці і Мова. Гэта два святыя словы. Пра маці і пра мову можна гаварыць бясконца.
Маці...
Ты была і застанешся да скону дзён маіх самым дарагім для мяне Чалавекам. Твой голас, твае самотныя песні і сёння чуюцца мне, ужо сталаму чалавеку. Дакараю сябе, што твой «меньшанькі» (нас было ў цябе шасцёра) любімчык недастаткова атуляў цябе ўвагай пры жыцці. Вось ужо 33 гады сумую па табе і без цябе. I ўсе гэтыя гады, чытаючы ў класе вучням згаданую вышэй цудоўную паэму Петруся Броўкі, тыя двухрадкоўі пра маці паэта, спаленую фашыстамі ў Асвенцыме, глытаў даўкі камяк запозненай любові і ўдзячнасці табе, маёй матулі.
Беражыце ж, нашы спадкаемцы з новага стагоддзя, сваіх маці пры іх жыцці!
Мова...
Яна ад маці. I дарма некаторыя легкадумна з адценнем скепсісу прамаўляюць «матчына мова». А яна ж і ёсць матчына-бацькоўская. Палюбіў яе пявучасць і мілагучнасць з дзіцячай калыскі, з Елавецкай сямігодкі. Спазнаваў яе чароўнасць у Хоцімскай сярэдняй школе, Баранавіцкай і Брэсцкай педагагічных навучальных установах. Звыш чатырох дзясяткаў гадоў вучыў дзяцей любіць і шанаваць родную мову. Ганаруся: многія з маіх былых вучняў сталі настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры. Веру, што ў новым стагоддзі ад Хоцімска (усходняга фарпоста краіны) да заходняга Брэста мова нашая будзе пачуваць сябе не Папялушкай, а Гаспадыняю – Паняю.
Любіце ж Маці сваю, сваю Мову!

...Я багаты: маю ажно дзве маленькія Радзімы – Елавец (Хоцімшчына) і Рамель (Століншчына). Пры першай магчымасці спяшаюся ў вёску майго дзяцінства і юнацтва – Елавец. Выйшаўшы з вагона на станцыі Камунары, аўтобусам дабіраюся да Хоцімска.
Вось і вясной 2000-га прайшоўся паўз тыя веснічкі, ля якіх не раз сустракала мая настаўніца Кацярына Фамінічна свайго любага сына Аркадзя. Цяпер у двары – цішыня. Няма сярод нас Маці і Сына Куляшовых. Без іх сумуюць засыпаныя страшэнным чарнобыльскім попелам журботныя Саматэвічы («...А непаўторны родны кут паэта ператварыўся ў зону для варон», як піша ў новым вершы «Варонняя зона» Пятро Прыходзька) і ціхмяная Бесядзь, задуменны Елавец і патрыярхальны Хоцімск. Быў уражаны: у райцэнтры няма краязнаўчага музея! Пахвальна, што мае землякі-хацімчане выштукавалі такую царкву-ляльку, якіх мала на Беларусі. Але ж і музею мясцовая вертыкаль павінна адшукаць годнае памяшканне, тым больш, што яго добрую палову маглі б заняць экспанаты пра двух выдатных паэтаў Айчыны – Аркадзя Куляшова і Пятра Прыходзьку. Дзякуй, сустрэчныя мяне «суцешылі», параіўшы наведаць школьны музей...
Так і жывуць успамінамі пра мінулае, клопатамі пра сённяшняе, надзеяй на лепшае заўтра мае дзве маленькія Радзімы: усходні Елавец і заходні Рамель.
Паразумення і міру ў новым стагоддзі зычу вам, Елавец і Рамель, і табе, мая сінявокая прыгажуня-Беларусь!

Раманенка, Л. Дзве мае «маленькія Радзімы» :

аднолькава родныя для мяне ўсходні Елавец (на Хоцімшчыне)

і заходні Рамель (на Століншчыне) : [аб радзіме А. Куляшова і яго маці

К. Ф. Ратабыльскай] / Л. Раманенка // Беларусь. — 2001. — № 10. — С. 18—19.

bottom of page