top of page

БАЦЬКОЎСКАЯ ХАТА.
Якое дачыненне мае Аркадзь Куляшоў да Хоцімска?

 

2020 ..............

Агульнавядома, што Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 г. (24.01.1914) у вёсцы Саматэвічы Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (цяпер – Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці) у сям’і вясковых настаўнікаў. У сувязі з гэтым узнікае лагічнае пытанне: якое ж дачыненне мае Аркадзь Куляшоў да Хоцімска?

Зацікавіўшыся гэтым, Вольга Завадэўка і Дзмітрый Чамахуд, вучні 9-га класа сярэдняй школы № 2 Хоцімска, пачалі збіраць інфармацыю, якая датычылася сувязі народнага паэта з Хоцімскам, правялі некаторыя даследаванні.

Сталася так, што лёс знітаваў яго і з хоцімскай зямлёй. Бацькі паэта пасля разводу раз’ехаліся па розных школах. Тут, на Хоцімшчыне, у вёсцы Елавец з верасня 1926 г. жыла і працавала настаўнікам яго маці Кацярына Фамінічна Ратабыльская. У пачатку 1930 гадоў сюды з Кісялёўкі пераехаў і бацька паэта Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў. Сям’я ўз’ядналася.

Наведваючы школьны музей А. Куляшова ў вёсцы Новыя Саматэвічы, вучні заўважылі, што галерэю экспанатаў адкрывае фотаздымак хаты ў Хоцімску на вуліцы Камсамольскай, 11. Ці не выпадковасць гэта? Не. Будынак дома ў Хоцімску – гэта экспанат, да якога мае непасрэдныя адносіны Аркадзь Куляшоў. Дом – сведчанне клопату сына пра бацькоў. Гэты факт распаліў яшчэ большую цікавасць да вывучэння малавядомых старонак біяграфіі А. Куляшова.

Як высветлілася, у 2018 годзе хаце споўнілася 70 год. Цяперашні гаспадар зрабіў ёй новы дах. Але, на жаль, нішто на вуліцы Камсамольскай да восені 2019 года не нагадвала хацімчанам і гасцям Хоцімска пра народнага паэта. Таму большасць грамадзян не ведала, што калісьці тут жылі бацькі А. Куляшова.

Паэт неаднаразова прыязджаў да бацькоў, калі вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме і беларускім педагагічным універсітэце. Калі стварыў уласную сям’ю, Аркадзь Аляксандравіч ужо радзей, але ўсё ж наведваўся ці то адзін, ці то з сям’ёй да родных. Тут жыў ён са сваёй сям’ёй у лета 1938 года. У кнізе «Лясному рэху праўду раскажу» дачка народнага паэта, вядомая літаратуразнаўца Валянціна Куляшова піша: «Так, напрыклад, сваю прэмію 1946 года бацька пусціў на тое, каб пабудаваць дом бацькам замест спаленага немцамі, у той час як гэтыя грошы не былі лішнімі і ў нашай сям’і, якая толькі пачынала абжывацца ў кватэры на Беларускай, 4, да таго ж чакала папаўнення. А калі ўлічыць і тое, што бацька яшчэ не ачуняў пасля хваробы, дык можна сабе ўявіць, што я не перабольшваю.

Неўзабаве сям’я дзеда перайшла ў новы дом, а будачка – маленькі часовы дамок – засталася стаяць у глыбіні саду як напамін бяды, а на будучае – сховішча для паэтаў. У гэтай будачцы любіў працаваць мой бацька, калі пасля вайны прыязджаў у Хоцімск адведаць бацькоў. Тут была напісана паэма «Новае рэчышча» і шэраг вершаў».

Знаёмства з гісторыяй дома Куляшовых-Ратабыльскіх адбылося дзякуючы пляменніку А. Куляшова (сыну сястры Надзі) Віталю Іванавічу Маслоўскаму. Вось што ён піша: «Сядзіба, на якой збудавана хата, была прыдбана маім дзедам Куляшовым Аляксандрам Мікалаевічам яшчэ да вайны. У 1935 годзе купіў ён яе ў спадара Смаршчкова Мікалая Майсеевіча, ураджэнца Клятнянскага раёна Бранскай вобласці. З сядзібай майму дзеду адышлі невялікі драўляны дамок, некаторыя гаспадарчыя пабудовы і вялікі сад.

У вайну хата згарэла, а новая хата, гэты самы дом на вуліцы Камсамольскай у Хоцімску, быў пабудаваны пасля вайны. Вось з тых пасляваенных часоў і пачынаецца гісторыя новай хаты».

Як паэт А. Куляшоў стварыў свой вобраз хаты, якая дае прытулак людзям, увасабляе сабой аднаўленне разбуранага вайной жыцця людзей на сваёй роднай, вызваленай зямлі. Менавіта пра гэта і быў напісаны ў тыя часы верш «Дом» (1946 г.). Мара паэта пра хату паступова збываецца. Дом будзе збудаваны. Паэт верыць і спадзяецца на шчаслівы лёс дома.

Нарэшце ў 1948 годзе новая хата пабудавана, зарэгістравана і мае сваіх жыхароў, гаспадароў.

...Быў ў вёсцы Трасціно бібліятэкар-краязнаўца Міхась Ласоўскі, дзякуючы намаганням якога ў сельскай бібліятэцы сабраны кнігі з аўтографамі празаікаў і паэтаў: Аркадзя Куляшова, Аляксея Пысіна, Міколы Ткачова, Пятра Прыходзькі, Івана Новікава, Кастуся Кірэенкі, Паўла Кавалёва, Івана Чыгрынава, Аляксея Русецкага, Віктара Карамазава, Аляксея Зарыцкага, Васіля Хомчанкі, Паўла Пруднікава, Івана Бурсава, Канстанціна Губарэвіча, Міколы Аўрамчыка.

Вядома, што 3 ліпеня 1972 года Аркадзь Куляшоў наведаў Трасцінскую сельскую бібліятэку. Гэта стала сапраўднай падзеяй у культурным жыцці вёскі. Вось як пра гэту сустрэчу піша сельскі бібліятэкар Міхаіл Ласоўскі:«Незабыўнай засталася наступная сустрэча. 3 ліпеня 1972 года быў у мяне звычайным працоўным днём. У сярэдзіне дня ў бібліятэцы я расстаўляў на паліцах кнігі. Калі ж свой позірк, адарваўшы ад кніг і паліц, накіраваў на нечаканага наведвальніка, то вачам сваім не паверыў. Нават разгубіўся. Да мяне з працягнутай да поціску рукой і ўсмешкай на твары падыходзіў наш зямляк, народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў: «Атрымаў ваша пісьмо з просьбай даслаць у бібліятэку свае новыя кнігі з аўтографамі. Едучы да бацькоў у Хоцімск, вырашыў выканаць вашу просьбу і зрабіць чытачам бібліятэкі падарунак». Сеўшы за стол, паважаны госць напісаў нам на сваіх нядаўна выйшаўшых з друку кнігах «Сцяг брыгады» і «Сасна і бяроза» аўтографы: «Трасцінскай сельскай бібліятэцы ў дні яе 50-годдзя ад аўтара-земляка. А. Куляшоў 3 ліпеня 1972 г. Вёска Трасціно».

Вядомы і такі факт: у чарговы раз наведаўшыся да Міхася Ласоўскага ў вёску Трасціно, Аркадзь Куляшоў, «заўважыўшы цеснату кутка, дзе месцілася сельская бібліятэка, як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР звярнуўся да кіраўнікоў сельскага Савета:

– Абмяркуйце пытанне аб будаўніцтве памяшкання бібліятэкі і дашліце сваё хадайніцтва на маё імя. Я паспытаю дапамагчы, каб і ў вашай вёсцы бібліятэка была размешчана ў добрым памяшканні.

Так для бібліятэкі ў Трасціно быў адбудаваны зборнашчытавы дом, абліцаваны сілікатнай цэглай, з вадзяным атапленнем і лямпамі дзённага асвятлення».

Цікавы яшчэ такі факт: Галіну Паўлаўну Ласоўскую (жонку бібліятэкара-краязнаўцы), як і Пятра Прыходзьку, у свой час вучыла ў школе маці народнага паэта Аркадзя Куляшова Кацярына Фамінічна Ратабыльская.

Цікавасць вучняў падагравалі размовы са зводнай сястрой паэта Антанінай Аляксандраўнай Пырх (Куляшовай), якая жыве ў Хоцімску. Яна былая настаўніца, зараз на заслужаным адпачынку. У Антаніны Аляксандраўны ёсць сямейны фотаархіў. Яна клапатліва захоўвае памяць пра сваю сям’ю.

Узгадваючы пра Аркадзя, Антаніна адзначае, што ён быў добрым братам і заўсёды клапаціўся пра яе, малодшую сястру. Напрыклад, калі яна вучылася ў Магілёўскім педвучылішчы, брат дапамагаў грашыма штомесяц. А яна ганарылася сваім братам і імкнулася быць годнай яго.

Трэба адзначыць і той факт, што бацькі паэта, Кацярына Фамінічна Ратабыльская і Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў, пахаваны на гарадскіх могілках.Тут, на хоцімскай зямлі, яны засталіся назаўсёды... Хоцімшчына стала другой радзімай не толькі для іх саміх, а і для некалькіх пакаленняў роду Куляшовых-Ратабыльскіх. I свой унёсак у развіццё Хоцімска яны зрабілі задоўга да аб’яўлення Года малой радзімы.

Напрыклад, Сяргей Маслоўскі, пляменнік А. Куляшова, у свой час, займаючы пасаду ў Міністэрстве культуры Беларусі, зрабіў нямала для адкрыцця ў Хоцімску раённага краязнаўчага музея.

Прааналізаваўшы сабраныя матэрыялы, вучні паставілі перад сабой пытанне: «А што можам мы, хацімчане, зрабіць для ўшанавання памяці народнага паэта, жыццё якога воляй лёсу было звязана з Хоцімскам?» Так, адна з вуліц пасёлка носіць імя паэта. У чытальнай зале раённай бібліятэкі памяці знакамітага земляка адведзены дзве палічкі... А на вуліцы Камсамольскай захавалася сапраўдная рэліквія – бацькоўскі дом паэта, пабудаваны па ініцыятыве і на сродкі Аркадзя Куляшова, але мала хто пра гэта ведае.

У выніку анкетавання вучняў старэйшых класаў былі адабраны наступныя прапановы па захаванні памяці аб сям’і народнага паэта ў Хоцімску: даць больш інфармацыі пра сям’ю А. Куляшова ў раённай газеце, правесці ў школе ці ў раённай бібліятэцы сустрэчу з людзьмі, якія былі знаёмыя з сям’ёй А. Куляшова, устанавіць на доме, дзе жылі бацькі А. Куляшова, шыльду з інфармацыяй аб былых гаспадарах дома.

На працягу года мы з вучнямі выступілі на старонках раённай газеты, на раённай, абласной, рэспубліканскай канферэнцыях работ даследчага характару, бралі ўдзел у раённай канферэнцыі «Хоцімшчына: мінулае і сучаснасць», міжнароднай канферэнцыі «Куляшоўскія чытанні», дзе знаёмілі грамадскасць з малавядомымі старонкамі біяграфіі паэта, звязанымі з Хоцімскам. 21 лютага да Дня роднай мовы на вуліцах гарадскога пасёлка праведзена акцыя «Вершы ў кішэні». Вучні нашай школы раздавалі жыхарам Хоцімска лістоўкі з вершамі Аркадзя Куляшова.

Ініцыятыўная група, якую ўзначаліла дырэктар ДУА «СШ № 2 г.п. Хоцімска» І.І. Задунайская, хадайнічала перад выканаўчым камітэтам аб ушанаванні памяці паэта ў гарадскім пасёлку.

I вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. 27 верасня 2019 года у рамках святкавання Дня горада адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі на доме, дзе жылі бацькі паэта. Прыемна адзначыць, што на адкрыцці прысутнічалі родныя паэта: сястра Антаніна Аляксандраўна і пляменнік Віталь Іванавіч Маслоўскі з жонкаю Наталляй Мікалаеўнай, а таксама намеснік старшыні грамадскага аб’яднання БСЖ Ермакова Н.А.

Дарэчы, Маслоўскія даўно ўжо сталічныя жыхары, але кожны год на лета яны прыязджаюць у Хоцімск і старанна даглядаюць хату Куляшовых. Да мінулага года ім удавалася захаваць і будачку ў канцы сада, у якой любіў, адгарадзіўшыся ад усіх, працаваць Аркадзь Куляшоў, дзе была напісана паэма «Новае рэчышча», задуманы многія іншыя творы.

Мы, хацімчане, ганарымся тым, што маем такога земляка, што хоцімская зямля натхняла яго на новыя творы, што яна дала вечны прытулак бацькам народнага паэта БССР Аркадзя Куляшова.

Мірошнікава, Т. Бацькоўская хата / Таццяна Мірошнікава //

Могилевская правда. – 2020. – 9 апреля. – С. 14.

bottom of page