top of page

Нэлі Зігуля

СЯДЗІБА З ГІСТОРЫЯЙ
 

2023 ..........................................

Вядома, што Аркадзь Куляшоў нарадзіўся ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна, але другой яго радзімай, якая аб’яднала ўсю куляшоўскую сям’ю, стаў менавіта Хоцімск. Вось гэты сціплы жоўтага колеру будынак, дзе жылі бацькі Аркадзя Аляксандравіча і куды ён наведваўся ўсялякі раз, калі прыязджаў на радзіму. Дом надзейна хаваецца ад цікаўных вачэй у зялёнай гушчы, адразу яго нават і не прыкмеціш. Але пераблытаць яго ні з якім іншым немагчыма. На сцяне вісіць памятная дошка з выявай Аркадзя Куляшова і яго вершаванымі радкамі.

У гасцях у Куляшова

Прызнаюся, не спадзявалася сустрэць тут каго-небудзь з радні Куляшова. Ведала, што ёсць пляменнік паэта Віталь Іванавіч Маслоўскі, які жыве ў Мінску. Але так супала, што ён якраз прыехаў у Хоцімск адпачыць разам са сваёй жонкай Наталляй Мікалаеўнай. Клімат тут гаючы. Шмат зелені і цішыні...

Адчыніла брамку і паклікала гаспадароў. Ніхто не адгукнуўся, і я зайшла ў дом. Адчыніла дзверы і застыла на парозе. Такое ўражанне, што перанеслася як мінімум на 60 гадоў назад. Мэбля савецкіх часоў, сціплыя шпалеры, фіранкі на вокнах, беленая печка. І вельмі шмат святла. А дзе ж людзі?

Гаспадары хутка знайшліся, а калі даведаліся, што да іх завітаў прадстаўнік адной са старэйшых і паважаных газет краіны, узрадаваліся. Віталь Маслоўскі адразу ж прапанаваў перайсці на родную мову. Маўляў, на ёй зручней успамінаць пра жыццё вядомага беларускага паэта.

На сцяне – вялікая колькасць сямейных фатаграфій. У цэнтры – зусім яшчэ маладыя бацька і маці Аркадзя Куляшова. Жанчына – рэдкая прыгажуня, ёсць у ёй нешта арыстакратычнае.

– Кацярына Фамінічна Ратабыльская сапраўды з дваранскага роду, – удакладняе пляменнік. – Яе дзед служыў у арміі і ўдзельнічаў у турэцкай вайне. Пасля таго, як вярнуўся, атрымаў дваранскае званне. Прозвішча паходзіць ад словазлучэння «быць на раці». На жаль, фота самога Фамы Кузьміча Залесец-Ратабыльскага не захавалася. Але бабуля вельмі на яго падобная.

Кацярына Ратабыльская пазіруе разам са сваім першынцам – Аркадзем. Гэта адно з першых фота будучага паэта. Ён стаіць апрануты ў доўгую кашулю. У пісьменніка Алеся Бадака ёсць кніга, дзе ён піша пра жанчын, дзеці якіх сталі знакамітымі. І гэты партрэт ён размясціў якраз на вокладцы сваёй кнігі. Пераводжу вочы на здымак побач. На ім партрэт Аляксандра Мікалаевіча Куляшова. Ён таксама прыгажун, з гарачым адкрытым позіркам. Нядзіўна, што маладая настаўніца, якая прыехала пасля паспяховага заканчэння царкоўна-прыходской школы працаваць у вёску Стараселле, закахалася ў калегу.

– Бабуля родам з Крычаўскага раёна, дзядуля – з Мсціслаўскага, а ў Касцюковіцкім у іх утварылася сям’я і нарадзіўся Аркадзь, – расказвае Віталь Іванавіч. – Яго паэма «Далёка да акіяну» пра дзеда. На гэты твор яго, дарэчы, Аляксандр Твардоўскі натхніў. Там усё пра яго дзяцінства, юнацтва, пра бацькоў. Кацярына Ратабыльская была з вялікай сям’і, дзе выхоўвалася шмат дзяцей. Яе маці рана памерла, бацька болей не жаніўся, усіх дзяцей падняў на ногі сам. Бабуля расказвала, што, калі папрасіла благаславенне на шлюб, ён сказаў: «Бог таксама любіў, вось і вы любіце адзін аднаго – такое маё благаславенне».

 

Ваеннае ліхалецце

Першая маёмасць у Хоцімску ў Куляшовых з’явілася яшчэ да вайны.

– Дзед купіў хату ў 1935 годзе, – расказвае Віталь Іванавіч. – У вайну яна згарэла, як і шмат іншых на вуліцы Камсамольскай. Каб было дзесьці жыць, пабудавалі невялічкую хатку, як бабуля яе называла – будачку. Яна была ў глыбіні саду, мне маці паказвала тое месца. І ў кнізе «Памяць» Хоцімскага раёна пра гэта напісана. Будачкай называлася, таму што была маленькая па памерах, хаця і з печкай. Аркадзь Куляшоў расказаў, што сваю паэму «Новае рэчышча», за якую ў 1948-м атрымаў Сталінскую прэмію другой ступені, ён пісаў у той будачцы.

Ваенны перыяд у жыццёвай біяграфіі бацькоў Куляшова самы складаны і супярэчлівы.

– Усё, што было звязана з дзедам, абрасло легендамі, чуткамі, але Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў застаўся варты свайго звання настаўніка, – кажа суразмоўнік. – Ён быў біёлаг, працаваў шмат у якіх школах, займаўся медыцынскай справай. Бабуля расказвала, што падчас вайны, калі немцы рабілі сваю адміністрацыю, яны хацелі зрабіць дзеда старастам. Маўляў, чалавек вядомы, аўтарытэтам карыстаецца, да таго ж нямецкую мову ведае. Але бабуля хутка выправіла яго да сясцёр пад Крычаў. Успамінала, што потым дзеда з сынам Валодзем немцы адправілі ў Германію. Назад яны вярнуліся толькі пасля вайны.

 

Сямейны летапісец

Так у сям’і звалі Валянціну, дачку Аркадзя Куляшова. Прыгажуня, разумніца, яна скончыла Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. На сямейным фота, што вісіць на сцяне хоцімскай хаты, яна ўжо з першынцам Валодзем. Побач бацькі, яе браты Уладзімір і Аляксандр, хатняя работніца Ірына.

– Аксана Фёдараўна – жонка Аркадзя Куляшова – пражыла доўгае жыццё, яе не стала ў 2005-м, калі ёй было 96 гадоў, – расказвае Васіль Іванавіч. – Пайшлі з жыцця Аляксандр і Валянціна, з сям’і Аркадзя Куляшова застаўся толькі Валодзя, які нарадзіўся ў 1938 годзе. Ён маладзейшы за Валянціну на два гады. На жаль, апошнім часам нашы сувязі з ім абарваліся. Калі была жывая Валянціна, яна ўсіх нас неяк аб’ядноўвала.

Валянціна была асноўным летапісцам сям’і, паспела шмат што ў бацькі спытаць. Ужо пасля яго смерці склала альбом, прысвечаны яго жыццю і творчасці. Яна ж аўтар кнігі «Лясному рэху праўду раскажу», якая выйшла ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі».

– Там і пра Аляксандра Мікалаевіча Куляшова цікава напісана, – удакладняе Віталь Маслоўскі. – Некаторыя артыкулы пра сям’ю яна друкавала ў часопісе «Роднае слова». Шмат чаго расказала бабуля – пра сваю маладосць, пра калгасы. Яна была вельмі мудрая жанчына. Дзякуючы ёй, лічы, сям’я і захавалася, нягледзячы на ўсе перыпетыі.

 

Прэмію ўклаў у дом

Дом у Хоцімску быў пабудаваны пасля вайны, за грошы Дзяржпрэміі, якую Аркадзь Куляшоў атрымаў у 1946 годзе за паэму «Сцяг брыгады». Віталь Іванавіч успамінае, як яны жылі тут, калі ішла будоўля. Было не вельмі зручна, але якія ўсе былі шчаслівыя! Жылі прадчуваннем светлай будучыні. Дом атрымаўся прасторны, утульны, светлы – аж на 9 вокнаў. Грувасткай мэблі тут ніколі не было, усё досыць сціпла. І ад гэтага тут нават лягчэй дыхаць. Нашчадкі традыцыі не змянялі. У доме практычна ўсё так і засталося, як пры жыцці паэта. Нават аўра тая ж.

– Закончылі будаўніцтва і падпісалі дакументы на хату ў 1947 годзе, – успамінае суразмоўнік. – Аркадзь прыязджаў сюды часта, калі ехаў на сваю малую радзіму ў Саматэвічы. Потым вяртаўся да бацькоў у Хоцімск. Машына ў яго была «Перамога» і асабісты вадзіцель – франтавік Ілья Мікалаевіч Арцемік, у свой час, здаецца, вазіў Янку Купалу. Калі ездзілі мыць машыну, нас, дзяцей, набівалася ў салон колькі магло залезці. Адлегласць 300 метраў, але ж праехаць на такой машыне было крута. Наогул, калі дзядзька Аркадзь прыязджаў, было свята для ўсіх. У дзяцінстве ў яго было захапленне лавіць ракаў. Ён быў майстар іх прыгатаваць. Калі мы падраслі, рыхтаваліся да яго прыезду загадзя, лавілі ракаў, а калі знянацку прыязджаў, хадзілі на рынак і куплялі адразу вядро. Варылі па-свойму, шмат крапівы кідалі, каб пах адбіць. І ўмелі пасаліць. Потым усе садзіліся вакол стала і выварочвалі ракаў проста на стол. Самае смачнае ў ракаў – так званая шыйка. Аркадзь Аляксандравіч сядзеў і з задавальненнем высмоктваў яе.

Асабіста мне запомнілася, як ён прыязджаў на пачатку лета і спяшаўся ў лес слухаць зязюлю. Яе можна было б пачуць і тут, але ён ехаў у Варвараўскі лес. Ён не далёка, па дарозе на Расію ў бок Суража. Пазней, калі я падрос і ўсё стала на філалагічныя рэйкі, я зразумеў, чаму ён так рабіў. «Згадай усё, што сэрцу міла, / Што сэрцу дорага было, / Забудзь, што ўсё адгаманіла, / Адкукавала, адышло ...» Гэта было тое, што ён перажыў.

 

Домік з вокнамі ў сад

Віталь Маслоўскі вырас у гэтым доме, але нават і не меркаваў, што будзе яго ўладальнікам.

– Калі дзеда не стала, хата была запісана на бабулю, – расказвае Віталь Іванавіч, як стаў спадчыннікам. – Аркадзь Аляксандравіч меў свае планы на гэты дом, але хутка таксама пайшоў з жыцця. Дзед памёр у 1977 годзе 1 лістапада, а праз некалькі месяцаў не стала і Аркадзя. І тады бабуля вырашыла перадаць спадчыну сваёй дачцэ Надзеі – маёй маці. Але так склаліся абставіны, што запісваць на яе хату яна не стала, а падарыла мне. Я тут нарадзіўся і кожнае лета сюды прыязджаў. У мяне ў пасляваенным Хоцімску было шмат сяброў. У 50-м пайшоў у школу, памятаю, як мы тут жылі пасля вайны, як усё будавалася. Калі хата мне дасталася, мы ўсё рабілі для таго, каб і яна, і сад былі дагледжаныя. Хацелі зрабіць тут нешта мемарыяльнае. Да 100-годдзя Куляшова пісаў ліст у райвыканкам, каб нейкі мемарыяльны знак паставілі. Але нешта не атрымалася. Дзядуля і бабуля пахаваныя на мясцовых могілках. Пакуль былі сілы, даглядаў. У нас там наогул шмат радні пахавана. Але апошнім часам стала цяжка ўсюды паспець. Жонка зусім хворая стала, два гады наогул не хадзіла. Ды і я ўжо не хлопчык, 80 гадоў як-ніяк. Усё пайшло на спад гады тры таму. Тут яшчэ цётка жыла, сястра Аркадзя Куляшова – Антаніна Аляксандраўна, цяпер ёй 93 гады. Працавала тут у школе-інтэрнаце. Закончыла Магілёўскае педвучылішча, Аркадзь ёй дапамагаў вучыцца. Сёння яна ў Забялышыне ў доме састарэлых. У 92 гады яшчэ сама завіхалася, а цяпер засталася там. Калі была жывая маці Аркадзя Куляшова, да яе студэнты прыязджалі, дапамагалі як шэфы. Але сувязь ужо даўно перарвалася.

Напаследак Віталь Маслоўскі запрашае мяне ў цяністы сад, пасаджаны рукамі яго дзеда. Яблыні і ў цяперашні час шчодра кормяць сваіх гаспадароў. А яшчэ тут знаходзіцца дзедаў калодзеж. Доўгі час сямейства брала ваду з жураўля, але далекавата было хадзіць. І дзед прапанаваў пашукаць ваду ў садзе. Суразмоўнік кажа, што ніякая іншая вада не ідзе ў параўнанне з той, якая ў дзедавым калодзежы. Празрыстая, як сляза, і вельмі смачная.

 

Зігуля, Н. Сядзіба з гісторыяй / Нэлі Зігуля // Звязда. – 2023. – 15 жніўня. – С. 13.

bottom of page