top of page

2009 ..........................................

НА РАДЗІМЕ ПАЭТА

 

Ёсць на ўсходняй Магілёўшчыне невялікая чыгуначная станцыя з прыгожай назвай – Камунары. Адсюль цягнікі везлі Аркадзя Куляшова ў блізкія і далёкія дарогі. Сюды вяртаўся паэт усё з тых жа блізкіх і далёкіх дарог…
А праз колькі вёрст ад Камунараў – вёска Саматэвічы, родны кут Аркадзя Куляшова. Тут у сям’і настаўнікаў ён нарадзіўся. Тут прайшло яго маленства, мілая, багатая на ўражанні пара. Менавіта тут былі нашаптаны хлопчыку, будучаму паэту, першыя паэтычныя радкі. Нашаптаны вярбовымі галінкамі, рачнымі хвалямі, жытнёвымі каласамі, палявымі кветкамі… Сціплая прыгажосць кранала ўражлівую душу асабліва моцна, асабліва глыбока.
Дом, дзе нарадзіўся Аркадзь Куляшоў, знаходзіўся на правым беразе ракі Чарнавуткі, якая працякае ў вёсцы, дзе жыў паэт.
Хата, лічыў Аркадзь Куляшоў, – гэта вытокі паняцця «радзіма», гэта яе першы круг з тых, на якія падзяляецца працэс жыцця.
На этапе фарміравання эмацыйнага свету хлопчыка мастацкае слова ў выглядзе казкі праходзіла другім планам, а на першым была музыка. Бацькі паэта былі музычна адоранымі людзьмі, мелі добрыя галасы і музычны слых. Можна сказаць, што яны не спявалі толькі тады, калі вялі ўрокі ў школе. Маці спявала з сярпом у руцэ і падчас хатняй працы. Песеннай настаўніцкай сям’і падарылі сёстры Галынскія грамафон. Сёстры дбалі пра культуру і адукацыю насельніцтва. Гэта дзякуючы ім А. Куляшоў пазнаёміўся з беларускім мастацкім словам. Ён стварыў шмат твораў, якія прысвяціў родным мясцінам, патрыятычных і лірычных. Іх мы вывучаем у школе, ведаем на памяць.
Памяць аб знакамітым земляку будзе яшчэ доўга жыць.
У 1984 годзе ў вёсцы Саматэвічы быў адкрыты музей імя А. Куляшова.
Чарнобыльская трагедыя не абмінула вёску Саматэвічы, жыхары былі вымушаны перасяліцца ў чыстую зону. І ў 1999 годзе да 85-годдзя з дня нараджэння А. Куляшова ў пасёлку Новыя Саматэвічы быў адкрыты музей. У музеі налічваецца 350 экспанатаў асноўнага фонду: асабістыя рэчы, Куляшоўская бібліятэка, фотаздымкі, партрэт маці Куляшова, музычны інструмент паэта – цымбалы, бюст Куляшова, віншавальныя тэлеграмы, ганаровыя граматы і іншыя. Кожны год музей Куляшова наведваюць шматлікія госці нашага аграгарадка. Мы ганарымся, што славуты паэт нарадзіўся ў нашай вёсцы, ён наш зямляк і мы яго нашчадкі.

Мякенькая, Т. На радзіме паэта / Таццяна Мякенькая /

Голас Касцюкоўшчыны. — 2009. — 7 лютага. — С. 2.

bottom of page