top of page

НАД ЦІХАЙ БЕСЯДДЗЮ

 

1995 ........................................

Кожны раз вясной ці ўлетку, калі павее цёплым ветрыкам, на схіле свайго веку мне хочацца хоць яшчэ разок пабываць на сваёй малой радзіме – там, дзе прайшлі мае маленства і юнацтва. Гэта – мой прыбеседскі край, а дакладней – вёска Альшоў, што ляжыць каля Хоцімска, непадалёку ад мяжы з Расіяй.

Мясцовасць тут незвычайна прыгожая. Вёскі стаяць адна каля адной уздоўж старадаўняга Варшаўскага шляху. Вакол шырокія палеткі, цяністыя гаі, сасновыя бары. Людзі пасяліліся побач з прыгажуняй Беседдзю. Тут яе вярхоўе. Сярод лугавой і лясной прасторы, у засені лазовых кустоў, бярэ яна свой выток на Смаленскай зямлі. Ціхая плынь яе працягваецца далей на паўднёвы ўсход, зліваецца з паўнаводным Сожам каля старажытнай Веткі на Гомельшчыне. А далей прыгажун Сож сустракаецца з магутным Дняпром.

Пра Беседзь пісалі Аляксей Русецкі, Іван Чыгрынаў, Леанід Левановіч, Васіль Хомчанка, іншыя пісьменнікі, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў. Але лепей і вобразней за ўсіх, мне здаецца, апеў яе наш знакаміты зямляк, народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў. У вершы «Мая Беседзь», напісаным яшчэ ў даваенны час, ён увасобіў яе вобраз у непарыўнай сувязі з усёй беларускай прыродай.

З надзеяй гляджу на крыніцу спатканую,

Хачу, каб яна разлілася ракой...

Не Волгай магутнай,

Не нават Камаю, –

Хоць Беседдзю, пгго на радзіме маёй.

Мая родная вёска Альшоў, у якой я нарадзіўся і вучыўся чатыры гады ў пачатковай школе, тады была за два кіламетры ад Хоцімска, а цяпер амаль цалкам злілася з ім. Калі ў апошні раз прыязджаў сюды да стрыечнай сястры Гашкі (больш у мяне з родзічаў тут нікога не засталося), я ўжо не пазнаў селішча. Пабудаваны новыя хаты, двухпавярховыя катэджы. А калісьці гэта была вёска, якая быццам пад адной саламянай страхой працягнулася больш чым на пяць кіламетраў.

Вучоба ў пачатковай школе запомнілася мне на ўсё жыццё.З тымі гадамі звязана ўсё самае светлае, лепшае, што можа быць у дзяцінстве ў кожнага чалавека і застаецца ў душы на ўвесь век, да канца жыцця. Але найболей запомнілася мне мая першая настаўніца Кацярына Фамінічна Ратабыльская. З ёй звязаны і першыя ўрокі роднай мовы, літаратуры, прыродазнаўства, і першыя спробы напісаць уласны верш пасля сустрэчы з сынам настаўніцы, тады ўжо вядомым маладым паэтам, яшчэ студэнтам Мсціслаўскага педтэхнікума Аркадзем Куляшовым.

Дзякуючы Кацярыне Фамінічне і яе сыну я з маленства, з самых ранніх гадоў палюбіў родную мову, літаратуру, прыроду, родны край. Калі ўжо вучыўся ў старэйшых класах, заўсёды заходзіў да Кацярыны Фамінічны, хата якой стаяла на беразе ціхай рачулкі Альшоўкі пад старымі ліпамі. А гэта рачулка ўпадае ў Беседзь. Сюды вельмі часта, асабліва ўлетку, прыязджаў Аркадзь Куляшоў з сям’ёй – жонкай Аксанай Фёдараўнай, дачкой Валяй і сынам Валодзем. Помніцца, як аднойчы ў 1938 годзе я прыйшоў да іх у госці са сваім старэйшым братам Прохарам, які сябраваў з Аркадзем Куляшовым. Тады я ўпершыню прачытаў свае вершы вядомаму паэту, і ён зрабіў мне шмат заўваг, даў парады, якія засталіся ў памяці на ўсё жыццё. Але ў гэтым артыкуле я хачу ўсю ўвагу аддаць сваёй першай настаўніцы, ад якой пачуў упершыню ў жыцці самае дарагое слова – Радзіма.

Апошняя сустрэча з Кацярынай Фамінічнай адбылася ўлетку 1989-га года, калі ёй было ўжо дзевяноста шэсць гадоў.

– О, Пятрусь прыехаў! – Яна адразу пазнала мяне. – Заходзь, даражэнькі, заходзь. Зараз пачастую цябе тваражком. У мяне яшчэ кароўка ёсць. А вось бачыш, які агарод?.. – Кацярына Фамінічна столькі выказала ў адну хвіліну слоў радасці, што, здавалася, ручайку гэтых шчырых пачуццяў не будзе канца...

Я акінуў уважлівым позіркам прысядзібны ўчастак, на якім раслі агуркі, памідоры, цыбуля, шмат іншай агародніны, стаялі густыя разгалістыя яблыні, грушы, згінаючыся пад цяжарам даспяваючых пладоў.

– I хто ж гэта ўсё даглядае, апрацоўвае? – спытаў я ў Кацярыны Фамінічны.

– А хто ж тут можа даглядаць? – без крыўды адказала яна. – Усё сама, сваімі рукамі. Улетку прыязджае дачка Надзя з Мінска, дапамагае. А вясной сама ўскапаю, угною, пасею, пасаджу...

Праз некалькі хвілін мы сядзелі за сталом у прасторным пакоі хаты-пяцісценкі, якую пабудаваў маці адразу пасля вайны яе сын. Мая жонка Валянціна Якаўлеўна, якая таксама прыйшла са мной у госці да Кацярыны Фамінічны, не можа ёю налюбавацца, проста ў захапленні ад бадзёрасці гаспадыні і яе гасціннасці. А Кацярына Фамінічна ўсё паўтарае: «Ешце, ешце, частуйцеся». Яна паставіла на стол дамашні сыр, тварог са смятанай, падала фасолевы суп, толькі што звараны ў рускай печы.

Мы гаманілі пра ўсё, што было перажыта намі за доўгія гады.

Яна добра бачыць, чытае без акуляраў. Хутка прабегла вачамі невялічкую, надрукаваную ў «ЛіМе», паэму «Калыска паэта», якую я прысвяціў памяці Аркадзя Куляшова і прывёз ёй на памяць. Кацярына Фамінічна ўспамінала сваіх вучняў, якіх яна вучыла ў пачатковых школах у вёсках Альшоў, Елавец, а затым у Хоцімскай сярэдняй школе. Каго не магла прыпомніць – я дапамагаў ёй. З адной толькі вёскі Альшоў, якая налічвала ў трыццатыя гады больш за тысячу жыхароў, мы назвалі некалькі чалавек, зараз вядомых ва ўсім нашым краі дзеячаў навукі, культуры, вайскоўцаў. Сярод іх – доктар біялагічных навук, прафесар Прохар Іванавіч Жукаў, які жыве і працуе ў Мінску; Міхаіл Башлыкоў – былы лётчык, герой Вялікай Айчыннай вайны; Віктар Лепікаў – былы рэдактар Клічаўскай раённай газеты, зараз пенсіянер, і многія іншыя. Успаміналі мы і тых, з кім разам ішлі па жыцці і каго ўжо няма сярод нас.

– А ведаеш, Пятрусь, – прамовіла раптам Кацярына Фамінічна, – хацела б я напісаць кнігу пра сваё больш чым паўстагадовае настаўніцтва. Ды вось вопыту не хапае...

– Дарагая мая настаўніца, – сказаў я ёй, – каб толькі назваць імёны і прозвішчы ўсіх вучняў, якіх вы вывелі на жыццёвую дарогу, атрымаўся б цэлы том.

– Гэта праўда, – згадзілася Кацярына Фамінічна. – А яшчэ варта напісаць кнігу пра тое, як трэба людзям любіць свой край, сваю прыроду і жыць з ёю ў згодзе. – Яна пачала з хваляваннем і роздумам гаварыць пра тое, што заўсёды трывожыла яе сэрца – пра адносіны людзей і асабліва мясцовых улад да навакольнага асяроддзя.

– Вы бачылі сёння нашу Беседзь, калі ішлі да мяне? – у голасе яе пачуліся трывожныя ноткі. – Мост пабудавалі, а вось раку забрудзілі так, што балюча глядзець. Помніш, Пятрусь, якія тут былі глыбокія віры? Напэўна ж, не раз купаўся ў Беседзі? А зараз усё заплыло цінай, пакрылася плесенню. У раку сплывае ўвесь бруд. I нікому да гэтага аніякай справы. А можна ж было правесці суботнік. Выйшлі б усе хацімчане. I я пайшла б. Пачысцілі б рэчку хоць у цэнтры мястэчка. Ці ж такую бачыў нашу Беседзь Аркадзь Куляшоў, калі пісаў пра яе? Забываюць людзі не толькі мову, але і ўсё тое добрае, што звязвала нас усіх з даўніх часін з роднай зямлёю.

Кацярына Фамінічна згадала гады майго маленства. А я расказаў ёй, як аднойчы яшчэ ў далёкім 1928-м годзе, калі мне пайшоў дзевяты год, я ўпотай ад усіх выкапаў у школьным гадавальнічку, які даглядала настаўніца, дрэўца – невысокую яблыньку, прынёс яе дамоў і пасадзіў у дзедавым садку. I вось праз столькі гадоў я сяджу перад сваёй першай настаўніцай, як перад роднай матуляй, і прашу ў яе прабачэння за той учынак.

– Не перажывай, Пятрусь, – сказала Кацярына Фамінічна. – Яблыня вырасла, дабра людзям нарадзіла. А ты з маленства палюбіў прыроду і шмат пра яе напісаў вершаў. Я чытала твае кніжкі...

Гэта была наша апошняя сустрэча. У той жа год восенню Кацярыны Фамінічны Ратабыльскай не стала. Да канца сваіх дзён я буду ўдзячны сваёй настаўніцы. Усё, чаму яна мяне вучыла з першых дзён у школе, – не забылася, дало плён.

Гэты аповяд хочацца закончыць радкамі з верша Аркадзя Куляшова:

Я хаце абавязаны прапіскаю –

Калыскаю, падвешанай пад столь.

Я маці абавязан кожнай рыскаю,

Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю –

Усім, чым працы абавязан стол...

Да гэтых слоў можна дадаць толькі адно: усім сваім жыццём я абавязаны Бацькаўшчыне.

Прыходзька, П. Над ціхай Беседдзю / П. Прыходзька //

Родная прырода. — 1995. — № 4. — С. 23—24.

bottom of page