top of page

ВІЕЦЦА ДЫМ НАД КОМІНАМ...
 

2014 ..............................

Месца нараджэння Аркадзя Куляшова, як добра вядома, – мястэчка Саматэвічы, што ў Касцюковіцкім раёне, на Магілёўшчыне. Пасля Чарнобыльскай аварыі Саматэвічы апынуліся ў зоне адчужэння, яны пераселены. А жыццёвыя шляхі-дарогі неаднойчы прыводзілі А. Куляшова і ў суседні з Касцюковіцкім Хоцімскі раён.
Паэт неаднаразова бываў як у самім Хоцімску, дзе працяглы час (больш як 50 гадоў) жылі яго бацькі, так і ў недалёкіх ад райцэнтра вёсках (Ялавец, Альшоў, Бяседавічы, Язапоўка), дзе ў розныя гады настаўнічала яго маці Кацярына Фамінічна Ратабыльская.
Дагэтуль у гарадскім пасёлку Хоцімск захаваўся дом на вуліцы Камсамольскай.
А на сядзібе памянёнага дома ў глыбіні саду, які вырошчваў і даглядаў яшчэ да вайны бацька паэта Аляксандр Мікалаевіч, стаіць «будачка», дзе сям’я жыла пасля вайны, у час якой хата згарэла.
«Будачка», як усе яе звалі, прыкметная тым, што служыла А. Куляшову рабочым кабінетам – тут ён напісаў паэму «Новае рэчышча», адзначаную Дзяржаўнай прэміяй СССР.
Сядзіба, на якой збудавана хата, была прыдбана маім дзедам Аляксандрам Мікалаевічам яшчэ да вайны. У 1935 годзе купіў ён яе ў спадара Мікалая Майсеевіча Смарчкова. 3 сядзібай майму дзеду адышлі невялікі драўляны дамок, некаторыя гаспадарчыя пабудовы і вялікі сад.
Пасля вайны быў пабудаваны новы дом. У звестках з «Летапісу жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова» за 1946 год знаходзім пацвярджэнне, што паэт, які прайшоў цяжкімі ваеннымі дарогамі, зведаў на сабе, як апынуцца без даху над галавой, пастаянна турбуецца пра бацькоў, непакоіцца, каб дапамагчы ім у будаўніцтве новай хаты. У тым годзе А. Куляшову была прысуджана Сталінская прэмія першай ступені за паэму «Сцяг брыгады», і атрыманыя грошы пайшлі на будаўніцтва.
Менавіта тады А. Куляшоў стварыў свой вобраз хаты, якая дае прытулак людзям, увасабляе аднаўленне разбуранага вайной жыцця людзей на вызваленай зямлі. Пра гэта ў 1946 годзе быў напісаны верш «Дом».

Яшчэ вокны ягоныя 
Небам зашклёны.
А ўжо здаецца,
Што выгляд змяніўся ягоны.
Гэткім зрабіўся ён,
Што нават хмарка, і тая
Стала над домам
I далей плысці не жадае,
Стала над ім нерухома,
А людзям здаецца,
Што гэта з коміна
Дым першы віецца.

У 1948 годзе новая хата была пабудавана. Шмат хто за мінулыя больш як 60 гадоў жыў, выхоўваўся пад яе дахам, шмат хто мог бы сказаць, што менавіта ёй абавязаны сваім станаўленнем. А хрэстаматыйны верш «Я хаце абавязаны прапіскаю...» створаны А. Куляшовым акурат 50 год таму. У назве, у першым радку галоўнае месца займае слова «хата» – сімвал, збіральны вобраз роднага, блізкага, цёплага гнязда, куды з радасцю вяртаешся пасля доўгіх дарог.
3 мэтай увекавечання памяці народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова Савет Міністраў БССР у 1978 годзе прыняў пастанову, дзе прызначалася надаць імя Куляшова Магілёўскаму дзяржаўнаму педінстытуту, Саматэвіцкай сярэдняй школе і адной з вуліц горада Мінска. Вуліца гэтая знаходзіцца ў Заводскім раёне, якраз у тым напрамку, якім паэт заўсёды ехаў па Магілёўскай шашы ў свой крынічны край. Добра, што гэта зроблена. Але подпіс на памятнай шыльдзе на будынку № 2/70 выкананы на рускай мове. Чаму?
Хата ж у Хоцімску, на вуліцы Камсамольскай, стаіць і да гэтага часу – трохі абноўленая, пафарбаваная. Магу сказаць, што і я абавязаны гэтай хаце прапіскаю. Мы, цяперашнія гаспадары, даглядаем яе, не пакідаем дом бацькоў паэта і дзядоў нашых.
Віецца дым над комінам... Жыве хата. Жыве памяць пра паэта! Людская памяць.

Маслоўскі, В. Віецца дым над комінам... / Віталь Маслоўскі //

Літаратура і Мастацтва. — 2014. — 11 красавіка. — С. 8.

bottom of page