top of page

З КРЫНІЦ МАЛЕНСТВА:
САМАТЭВІЧЫ - РАДЗІМА А. КУЛЯШОВА

 

2000 ......................

Быў пылам я ў імклівым карагодзе

Гадоў, трухой і зернем на таку,

Хацеў бы век, які ўжо на зыходзе,

Забраць мяне з сабой, а я руку

Гарачую працягваю прыродзе –

3 дваццатага ў трыццатае стагоддзе.

 

Давайце паразважаем, ці мог роздум паэта, што знайшоў сваё адлюстраванне ў радках верша «Завея лісцяў..», выглядаць востра актуальным у 1963 г., у часе яго напісання? А можа, ён здаваўся некаторым «адцягненым» і «штучным», як вершы паэта пра Космас у трыццатыя?

Невыпадкова, мабыць, зборнік філасофскай лірыкі «Новая кніга», адкуль узятыя гэтыя радкі (і які выклікаў захапленне Аляксандра Твардоўскага), не атрымаў Дзяржаўнай (тады Ленінскай) прэміі за 1964 г., на якую вылучаўся ад Беларусі. Не атрымаў пісьменнік яе і пасмяротна, у 1978, як і не стаў Героем Сацыялістычнай працы. I, хоць у аснове гэтых жыццёвых няўдач ляжалі вядомыя сёння інтрыгі «сабрата па пяры», факты адлюстроўваюць тыповую сітуацыю: у ёй заўсёды апынаецца творца, які па дасканаласці свайго майстэрства і глыбіні мыслення абганяе свой час.

Паэт маштабу Аркадзя Куляшова выклікае цікавасць да сябе як да асобы, бо без разумення чалавека нельга глыбока асэнсаваць яго творчасць. Паняцце «творчая асоба» ў гэтым сэнсе шырэйшае за паняцце «творчасць». У духоўны пантэон нацыі творца ўваходзіць як постаць.

Каб зразумець чалавека, трэба ведаць умовы фармавання яго духоўнага свету, якое прыпадае на дзяцінства.

«Колькі б нам потым ні набягала дзясяткаў, яны не могуць напоўніць гэтага ангара [дзяцінства], у які залятаюць па ўспаміны, як вучэбныя аэрапланы па бензін. Іншымі словамі, гэтыя гады ў нашым жыцці складаюць частку, якая пераўзыходзіць цэлае», – пісаў Барыс Пастарнак.

Куляшоў прытрымліваўся той самай думкі і па-мастацку афарыстычна замацаваў яе ў радках уступу да паэмы «Далёка да акіяна» (1971):

Выток і рэк і шляхоў адзіны:

Ад непрыкметнае ручаіны

Паходзяць плыні

рэк паўнаводных,

Шляхі –ад рэчышчаў пешаходных...

Жыццё – шляхоў і рэк падабенства:

Рух падарожны распачынае

Юнацтва наша з крыніц маленства..

Аркадзь Куляшоў прыйшоў на свет 6 лютага 1914 г. на ўсходняй ускраіне Беларусі – у мястэчку Саматэвічы.

Сам ён часцей за ўсё называў Саматэвічы «Самацеевічамі» ці «Саматэевічамі», таму, відаць, што яму, як і іншым, не давалася этымалогія назвы. Адказ на гэтае пытанне прапануе публікацыя М. Аўсеенкі ў часопісе «Маладосць» (№ 9 за 1964 г.), прысвечаная, дарэчы, куляшоўскаму юбілею. У артыкуле «Мая Бесядзь» ён піша: «Калісьці, дакладна ніхто не ведае, на пагоркавым узбярэжжы ракі Чарнавуткі пасялілася некалькі сем’яў. То былі, можа, вандроўнікі якія, а мо і надзельнікі, што купілі ў пана кавалак зямлі. Ім гэтае месца спачатку не спадабалася, яны пакінулі яго і падаліся далей. А праз колькі часу падаліся назад.

Старажылы, заўважыўшы іх, казалі:

– Вунь самыя тыя...

Адсюль, нібыта, і назва Саматэвічы».

Што, апрача водару старасветчыны, данесла да нашых часоў прыгожая легенда?

Па-першае, дакладна паказана месца, дзе спыніліся тыя вандроўнікі. Гэта правы, бо высокі (у легендзе «пагоркавы») бераг ракі Чарнавуткі, прытока Бесядзі. А чаго варта адна толькі назва «Чарнавутка», першапачаткова, мабыць, «Чорна вутка».

Тое месца ў Саматэвічах, дзе нарадзіўся Аркадзь Куляшоў, сапраўды знаходзіцца на правым беразе Чарнавуткі, якая працякае за хатай яго бацькоў. Гэтая хата, наколькі мне вядома, будавалася як карчма ці заезны двор і ўжо ў момант прыходу на свет малога Аркадзя налічвала багата гадоў. Аляксандр Мікалаевіч, бацька паэта, называў лічбу 200. Што да майго бацькі, то ў паэме «Далёка да акіяна» ён называе іншы час: «Хата будавалася / Перад той вайной...». Разыходжанне тлумачыцца тым, што бацькі паэта пасяліліся тут толькі ў 1913, прыехаўшы ў Саматэвічы настаўнічаць.

Хата займала, можна сказаць, «стратэгічнае» месца. Яна стаяла на перасячэнні шляху з ракой, ля моста цераз Чарнавутку. Пабудова нагадвала доўгі прастакутнік, што выцягнуўся ўздоўж ракі, на якую выходзіла глухая сцяна. Супрацьлеглая сцяна глядзела ў двор, уваходныя дзверы знаходзіліся пасярэдзіне. Насупраць іх у вялікіх, падобных да пакоя сенцах, стаяла неабдымная печ з вялікімі палацямі. Двое дзвярэй вялі ў правую і левую палавіны хаты. Пра век будыніны сведчыла таўшчэзнае бярвенне, з якога яна была складзена. Уздоўж «параднай» сцяны хаты, на ўсю яе даўжыню, цягнулася адкрытая галерэя; насціл пад дахам з дранкі трымаўся на круглых драўляных падпорах.

Мне не давялося пабачыць гэтага дома. У 1952 г., калі я ўпершыню трапіла ў Саматэвічы, ён ужо быў перабудаваны новымі гаспадарамі, ад старога будынка застаўся толькі матэрыял – тое самае таўшчэзнае бярвенне, якое кепска стасавалася з новай маленькай хаткай. Аднак я бачыла макет бацькавай роднай хаты ў Касцюковіцкім краязнаўчым музеі. Дыярама была зроблена паводле малюнка, які Аркадзь Куляшоў накідаў для дырэктара музея Ламінскага, калі ў 1977 г. (апошні раз!) наведаў сваю радзіму. Як хацелася бацьку, каб засталася памяць пра родную хату і пра прысады – ліпавую алею, што вяла да школы!

Бацькава пачуццё да роднай хаты было такім, што ў адухоўленай істоты магло выклікаць узаемнасць. На такія разважанні наводзіць здарэнне, якое мела месца падчас апошніх бацькавых адведзін сваёй радзімы. У той паездцы ён быў з зяцем Валерыем, які сядзеў за рулём легкавушкі. У дзень ад’езду яны заседзеліся ў бацькавага любімага настаўніка, Сцяпана Андрэевіча Брыліянтава. Валерый ужо пачынаў хвалявацца, каб не заблудзіцца, бацька супакоіў яго, заўважыўшы, што ведае тут кожны кусток.

Нарэшце рушылі. Ехалі памалу, курылі, вялі нетаропкую гаворку, аж раптам зразумелі, што збіліся з дарогі. Калі выехалі на нейкае поле ці луг, убачылі далёкі агеньчык.

– Ну вось і нейкае жытло, – сказаў бацька.

– Там і распытаем. Папятляўшы па лузе, намацалі каляіну. Праз колькі часу ўбачылі людзей – маладую пару.

– Дзе мы? – спыталіся ў іх гора-вандроўнікі.

– Дзе? Ля моста Куляшова! – прагучала ў ад каз.

– Дык гэта Саматэвічы! – выгукнулі мы са здзіўленнем і радасцю, – расказваў мне потым бацька і вочы яго свяціліся шчасцем. – Ведаеш, Валя, Саматэвічы не хацелі мяне адпускаць...

Трэба дадаць, што «куляшоўскім» называлі той самы мост, які знаходзіўся побач з бацькавай хатай. На ім яшчэ з часоў юнацтва паэта захаваўся надпіс: «Аркадзь Куляшоў красну шапачку знайшоў!».

Заблудзіўшы, вандроўнікі пад’ехалі да моста з другога боку. Іх вярнулі сюды агеньчыкі роднай хаты...

Хату, аб каторай я

Памяць берагу,

Я з самой гісторыяй

Параўнаць магу,

3 дробнаю дзяржаваю,

Дзе няпэўны лад,

Дзе за гучнай славаю

Крочыць заняпад.

Хата, лічыў Аркадзь Куляшоў, – гэта выток паняцця «радзіма», гэта яе першы круг з тых, на якія падзяляецца працэс асваення жыцця.

Родная хата дала будучаму паэту выключна, я б сказала – неверагодна многа, калі зважаць на час яго прыходу ў свет. У пару Аркадзевага дзяцінства тут яшчэ панавала цёплая атмасфера гнязда, заснаванага на каханні. Да таго ж гэта было гняздо сельскай інтэлігенцыі, якое яшчэ жыло тым, што вось-вось павінна было адысці ў нябыт, – набыткамі рускай, пераважна дваранскай, культуры XIX – пачатку XX ст. Вось што расказаў сам Куляшоў пра сваё першае знаёмства з літаратурай у артыкуле «Тры сустрэчы з Лермантавым»:

«...калі верыць успамінам маіх бацькоў, знаў Лермантава я літаральна з калыскі, з таго самага моманту, калі сярод іншых цацак і забавак увага мая спынілася на хатнім альбоме. То быў альбом пісьменнікаў – дадатак да часопіса «Пробуждение», які выпісвалі мае бацькі – вясковыя настаўнікі. Добра і нават багата аформлены, ён, можна сказаць, пазнаёміў мяне з гісторыяй рускай літаратуры ў асобах. Хутка я безпамылкова адрозніваў Жукоўскага ад Пушкіна, Лермантава ад Някрасава, Тургенева ад Талстога, Горкага ад Леаніда Андрэева. Чамусьці асаблівай маёй увагай, любоўю і прызнаннем карысталіся Пушкін і Лермантаў. Яны адразу і цвёрда ўвайшлі ў мой калысковы лексікон. Не таму, вядома, што я ўжо тады прадчуваў нялёгкі лёс перакладчыка іх твораў на беларускую мову. Жарты жартамі, але, як знаць, можа б, і іншай была мая будучая любоў і цяга да літаратуры без гэтага завочнага знаёмства».

Народжаны на духоўнай мяжы стагоддзяў, Аркадзь Куляшоў ужо не мог уліцца ў працэс будаўніцтва гэтай культуры – ламаліся яе апоры, масава знікалі стваральнікі і носьбіты. Але ён паспеў стаць яе выхаванцам, што падвяло надзейны падмурак пад яго будучую ўласную творчасць. Перш за ўсё як высокай планкі крытэрыяў. Гэта не значыць, што сам ён адразу пачаў пісаць на ўзроўні класікаў, але ўзорам для яго назаўсёды сталі іх творы і ўрэшце яны сфармавалі майстэрства Куляшова. Так паступова закладваліся ўмовы з’яўлення ў культуры паэта, які стаў летапісцам сваёй эпохі.

На этапе фармавання эмацыйнага свету дзіцяці мастацкае слова ў выглядзе казкі праходзіць другім планам, а на пярэднім непадзельна пануе музыка. Паэтавы бацькі былі музычна адоранымі людзьмі, мелі добрыя галасы і музычны слых. Можна сказаць, што яны не спявалі толькі тады, калі вялі ўрокі ў школе. Маці спявала і з сярпом у руцэ, і падчас хатняй працы. Надышоў, праўда, момант, калі з жывым песенным майстэрствам стаў спаборнічаць грамафон:

 

Песні грамафонныя

У вячэрні час

Пад трубой зялёнаю

Зноў збіралі нас,

Зноў гучалі згадкаю

Зборышчаў былых,

Дзе – за самапрадкаю –

Напявала іх

Маці нам, – за пяльцамі

Альбо за шытвом, –

Гэткім, як у Вяльцавай,

Срэбным галаском...

Грамафон песеннай настаўніцкай сям’і падарылі сёстры Галынскія, саматэвіцкія памешчыцы і мецэнаткі мясцовага маштабу, якія дбалі пра культуру і адукацыю насельніцтва. Гэта дзякуючы ім Аркадзь Куляшоў пазнаёміўся з беларускім мастацкім словам. Справа ў тым, што гэтыя мясціны вярнуліся ў склад Беларусі толькі ў 1926 г. I тады ў газеце «Клімавіцкі працаўнік» Аркадзь Куляшоў надрукаваў свой першы верш на беларускай мове. Пасля знаёмства са зборнікам Янкі Купалы «Шляхам жыцця» А. Куляшоў, які складаў першыя вершы па-руску, зразумеў, што паміж мовай яго паэтычнага куміра, Лермантава, і яго ўласнай існуе істотная розніца і што на гэтай мове таксама можна пісаць вершы, як гэта робіць Янка Купала.

Зборнік вершаў Янкі Купалы быў падараваны бацьку Аркадзя настаўнікам Саматэвіцкай школы, які з ласкі сясцёр Галынскіх вучыўся на курсах Чарняева ў Пецярбургу разам з Янкам Купалам.

Гэтыя дзве жанчыны, апошнія тут прадстаўніцы роду Галынскіх, здаўна мелі ўладанні на Магілёўшчыне. Мястэчка Саматэвічы таксама належала Галынскім і ў 1861 г. было перайменавана ў Дзмітраўск у гонар чарговага спадчынніка, Дзмітрыя Станіслававіча. Новае імя, як бачым, не прыжылося. Этымалагічна цьмяная назва Самацеевічы аказалася вельмі трывалай эмацыйна. У легендзе, з якой пачыналася наша гаворка пра бацькаўшчыну Аркадзя Куляшова, ёсць, мне здаецца, указанне на сапраўдную першапачатковую назву. Апошняя, як сведчыць легенда, паходзіць ад словазлучэння «самыя тыя». Мне сустракалася прозвішча Саматыевіч – яно, мабыць, і перадае даўнейшую назву. Яна гучала як Саматыевічы, але ўвесь час імкнулася да спрашчэння, пакуль не стала Саматэвічы.

Калі ўжо мы вярнуліся да легенды, то варта адзначыць, што яна ўтрымлівае звесткі – прыблізныя, праўда, і скупыя – пра час заснавання Саматэвічаў. Гэтую інфармацыю нясе ў сабе словазлучэнне «пасяліліся некалькі сем’яў».

Саматэвічы ўпершыню згадваюцца ў пісьмовых крыніцах у 1585 г. як сяло Крычаўскай воласці (і староства) Мсціслаўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Наступная згадка пра Саматэвічы адносіцца да 1795 г.: цяпер гэта сяло Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні, у якім 46 двароў і 220 жыхароў.

Гістарычныя звесткі пра бацькава роднае мястэчка падрыхтавала гісторык Валянціна Віталёва, зямлячка Аркадзя Куляшова. Мой бацька, на жаль, такой інфармацыяй не валодаў. Аднак старажытную прысутнасць чалавека на гэтай зямлі адчуваў інтуіцыйна. I не памыляўся. Археолагі знаходзілі і знаходзяць тут шматлікія стаянкі першабытнага чалавека. Гарадзішча, дарэчы, існуе і на Бесядзі, якраз там, дзе падлеткам любіў бавіць час Куляшоў.

А пазней, ужо калі быў студэнтам Мсціслаўскага педтэхнікума (1928–1930 гг.), паэт з захапленнем чалавека гістарычнага мыслення адкрываў для сябе ў старажытным Мсціслаўі жывыя доказы сувязі часоў. Адбітак гэтага духоўнага працэсу мы знаходзім у паэме «Далёка да акіяна» ў радках, прысвечаных гораду яго юнацтва:

А каб сам са змрочнае

Выбраўся імглы,

Зноў з гары Дзявочае

Глянуў на валы,

На будынак з вежамі,

Гулкі, як набат, –

Захлынуўся б вершамі,

Як паветрам, бард.

Услаўляў бы ратныя

Справы, меў калі

Горад не заштатнае

Месца на зямлі.

Вяртаючыся да гаворкі пра Саматэвічы, працытуем і ўсё астатняе з тых гістарычных звестак, якія амаль за тры дзесяцігодцзі працы ў архівах удалося сабраць бацькавай руплівай зямлячцы:

«У 1842 г. у Саматэвічах пабудавана праваслаўная Троіцкая царква.

У 1864-м – адкрыта народнае вучылішча.

3 1867-га тут праводзілася два кірмашы ў год».

Бацька згадваў кірмаш, які праводзіўся на Іллю – 2 жніўня. Для яго гэта была падзея. На кірмаш з’язджаліся нават з Чарнігаўшчыны і Браншчыны. Ішоў бойкі гандаль, а карчма гудзела ад гамонак і спеваў. Моладзі таксама было чым заняць сябе: апроч іншага, тут працавала карусель. Хвіліны, праведзеныя на каруселі, на ўсё жыццё зрабіліся для Аркадзя Куляшова сімвалам шчасця, бо, як і працэс творчасці, выклікалі адчуванне палёту. Гэты вобраз – сінонім шчасця – праходзіць праз усю творчасць паэта. Верш пад назвай «Карусель» быў напісаны ў лютым 1939 г. У ім адбіліся ўражанні лета 1938 г., якое юнак правёў на Хоцімшчыне, у Ялаўцы, і адкуль прыйшоў на кірмаш у Саматэвічы.

На гэтым кірмашы Аркадзь зноў сустрэўся з Алесяй, якая ўсё жыццё існавала ў яго паэтычным уяўленні як вобраз першага кахання (ён закахаўся ў дзяўчыну з першага позірку, калі ў 1925 г. бацька Алесі прыехаў па нейкай справе разам з дачкой да бацькоў Аркадзя. Ёй было 13, а яму – 11 гадоў). Верш «Карусель» А. Куляшоў пісаў напярэдадні свайго дваццаціпяцігоддзя. Самы росквіт жыцця! Пік замілавання да кожнай яго прывабнай дэталі. Вось некалькі строфаў гэтага верша:

Мы адны з ёй. 3 нашых – больш нікога.

Той жа рып гармоняў, бубнаў гром.

Тая ж з кірмаша пад гай дарога.

–    Што ж, пайшлі?

–    Пайшлі...

І мы ідзём.

Сем гадоў не бачыліся – раз,

Замуж выйшла,

Добра ладзіш з мужам;

Дзе ж ты, карусель ? За ўсё адкружым,

Як усё кружылася за нас.

Добры дзень, знаёмыя мясціны,

Карусель,

Крылатая душа!..

Гай шумлівы, гоман кірмаша,

Печанага хлеба водар кмінны.

Сюжэт як быццам і мінорны, чуецца нават усхліп душы, параненай весткаю пра шчасце былой каханай з другім (у алагічных радках «Дзе ж ты, карусель?»), але агульны тон – мажорны, як настрой героя ў цэлым. Сумная навіна ўжо не засціць свету, як колішняя ростань з Алесяй у вершы «Бывай!». З замілаваннем глядзіць ён на шумлівы гай, яго слых песціць змалку знаёмы гоман кірмашу, са смакам удыхаецца кмінны пах вясковага хлеба.

Доўжачы гісторыю Саматэвічаў, спынімся на наступных датах. 1886 г.: 523 жыхары, 94 двары, праваслаўная царква, касцёл, валасное праўленне, школа, бальніца, вятрак, заезны дом, 6 крамаў, вінакурня.

1888 г.: мястэчка Саматэвічы (яно ж Дзмітраўск) – уласнасць Дзмітрыя Станіслававіча Галынскага, ужо цэнтр воласці, які налічвае 97 двароў, мае Гайдукоўскае паштовае аддзяленне і 744 жыхары.

Галынскія... Я ўжо згадвала сясцёр Галынскіх. Яны, дарэчы, пэўны час вучылі і малога Аркадзя, але больш дакладных звестак пра гэта ў нас няма.

Галынскія, мабыць, адыгралі значную ролю ў лёсах Магілёўскага краю, калі нават у біяграфіях продкаў Аркадзя Куляшова, прычым з абодвух бакоў, гэтае прозвішча сустракаецца неаднойчы. Мяркуйце самі: Кацярына Фамінічна Ратабыльская, маці паэта, нарадзілася ў вёсцы Галынка Магілёўскай губерні; яго прапрадзеда па бацькавай лініі, арганіста па прозвішчы Мільта, прывёз на Беларусь Галынскі; Кацярына Фамінічна нарадзіла сына Аркадзя не ў роднай Галынцы, а ў чужым для яе на той час месцы. Для яе. Але... не для Галынскіх: Саматэвічы здаўна былі іх прыватным уладаннем.

1909 г.: у Саматэвічах 144 двары і 1006 жыхароў.

Усе нашы новыя веды пра Саматэвічы ствараюць вобраз іх незаштатнага мінулага. Адначасова статыстыка паказвае, што лепшыя часы жыцця Саматэвічаў якраз тыя, калі лёс спыніў свой выбар на гэтым мястэчку як на калысцы будучага паэта, прыпадаюць на пачатак стагоддзя.

Галоўнае, што меў у дзяцінстве Аркадзь, – гэта воля. Лясныя сцежкі ў грыбных і ягадных мясцінах, пастухоўскія вогнішчы, коні; начлегі пад адкрытым небам, на сенавалах, лугах і лясных палянах; шматкіламетровыя вандроўкі з сябрамі... I ўсюды над табой – купал неба. I зорны россып на ім.

Вечарамі бацька вельмі любіў глядзець на зоры. Нават з акна кабінета. Неба, зацягнутае хмарамі, яго засмучала. Як нізкая столь у пакоі. Зоры жывуць нават у яго літаратурных вобразах: «засілі (ад слова «сіло» больш позняе – «сілок») іх, ноч, каўшом зорнае Мядзведзіцы!» – гэта пра закаханых у паэме «Далёка да акіяна».

Сялянскай працы бацька не любіў. Яна, трэба думаць, прыгнятала яго духоўна. Яму было гадоў шэсць, калі на просьбу маці дапамагчы ёй выбіраць бульбу сын адказаў:

– Я лянуюся...

– А ты працуй, працуй, сынок, і ахвота сама прыйдзе!

I хоць потым сын занёс параду маці ў скарбонку важных жыццёвых урокаў, – бульбу тады выбіраць не стаў, а, лежачы ў баразне, «дивився на небо», як герой украінскай песні, якую так любіў спяваць Аркадзеў бацька, Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў.

Знамянальна, што маці не абразілася, а сын засвоіў урок: усё сваё жыццё ў паэзіі ён працаваў з матчынай руплівасцю.

Не буду гаварыць пра змрочныя бакі бацькавага дзяцінства. Ён сам расказаў пра іх у аўтабіяграфічнай паэме «Далёка да акіяна». А калі б не расказаў – мы б здагадаліся, ведаючы, што нарадзіўся паэт «у год вайны». У куляшоўскім лёсе ўсё працавала на прызванне – паэзію. Спрацавала і безнагляднае, па сутнасці, дзяцінства: стварыла прастору саманазірання.

Факт свайго прыходу на свет у год пачатку першай імперыялістычнай вайны бацька ўспрымаў як фатум і ўсё жыццё насіў пры сабе манету з датай: 1914.

Такія дробязі магчыма не заслугоўвалі б ніякай увагі, калі б не адметная духоўная прырода будучага паэта:

«Аднойчы я ішоў у Ялавец да сваіх бацькоў. Гэта было перад досвіткам. Яшчэ месячнае жоўтае святло залівала жытняе поле, а ад рэчкі ўжо слаўся перадранішні туман. Цяпер ужо не памятаю, пра што тады думаў, але раптам адчуў, паверыў, што ўсё здзейсню ў жыцці, усё, што захачу, што задумаў. I гэта была такая лёгкая, аж расхліствала душу, і імклівая, быццам прыўзнімала ад зямлі, упэўненасць»,

 

расказваў карэспандэнтцы «Известий» Аркадзь Куляшоў у дзень, калі яму споўнілася шэсцьдзесят. Спыняюся на гэтым факце духоўнай біяграфіі паэта, каб звярнуць увагу на фенаменальна моцную эмацыйную памяць Куляшова.

1986 г.: У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (26.04.1986) жыхары вёскі выселены.

Калі жонка паэта, мая маці, Аксана Фёдараўна Куляшова даведалася пра скрушны лёс Саматэвічаў, яна ціха, нібы самой сабе толькі, выказала блюзнерскую, на першы погляд, думку:

– Як добра, што Аркадзь не дажыў да гэтых часоў...

Перажываючы трагедыю Чарнобыля, мы нават і дапусціць не маглі, што бацька прадчуваў трагічны лёс сваёй радзімы і нават замацаваў сваё бачанне ў перадсмяротнай нізцы вершаў. Вершы, іх чатыры, знаходзіліся сярод папер, якія прывезлі з Нясвіжа разам з іншымі ягонымі рэчамі.

Без гэтых апошніх вершаў творчасць Аркадзя Куляшова не была б, мне здаецца, завершанай. Два з іх («Попел» і «Карусель») маюць непасрэднае дачыненне да бацькавых змрочных прадчуванняў. Перш чым працытаваць некалькі строфаў з доўгага верша «Карусель», дазволю сабе звярнуць увагу на саму назву. Мы ўжо згадвалі верш 1939 г. з аналагічнай назвай. Гэтыя два вершы набываюць нейкую новую якасць у творчасці Аркадзя Куляшова, нібы закальцоўваючы яе:

Дзе ж вы, дзе, майго дзяцінства коні,

Паскакалі без мяне куды вы?

Больш не чутна за спіной пагоні...

Дзе спынілі вы свой бег імклівы?

Эх, негадаваны, незвычайны

Мой табун! Майго маленства коні, –

3 памяці выходзьце, як са стайні,

Вось ён, цукар на маёй далоні.

Ухапіцца б мне рукой за грыву,

На сядло б ускочыць мне з разгону

І ляцець пад музыку імкліва,

I кружыцца б гэтак – аж да скону.

Каб плылі ў вачах гарачна плямы –

І нічога больш ужо не трэба!

Ты ляціш над полем, над лясамі

І над гарадамі – проста ў неба.

Проста ў неба, што яшчэ не знае

Наслання, якое гібель сее.

Толькі старажытныя, былыя,

Нібы жыта, зоры палавеюць.

«Насланнё, якое гібель сее» – хіба можна больш дакладна сказаць пра радыеактыўны попел, што асеў на радзіму паэта з чарнобыльскіх хмараў?

Апошнія два радкі гэтай страфы маюць у рукапісе два варыянты. Гэты – першы. Другі гучыць так:

Дзе адна зара, зара другая,

Нібы жыта ў полі палавее.

Гэта апошні варыянт, але, у плане гаворкі пра Бацькаўшчыну паэта, першы ўяўляецца мне цікавейшым.

Коні масці вараной, мышастай,

Не знікайце гучнаю чаргою.

Прыпыніся, мой табун грывасты,

І хутчэй вазьмі мяне з сабою.

Праплывае міма пабрацімства,

Коні, коні дыхаюць гарача.

Каруселі кружаць, а дзяцінства

Убаку стаіць маё – і плача.

Ёсць нешта па-куляшоўску містычнае ў тым, што мы пазнаёміліся з новымі вершамі паэта ў юбілейныя дні, якія ён мог бы святкаваць разам з намі.

Васьмідзесяціпяцігоддзе Аркадзя Куляшова прыпала на апошні год XX стагоддзя. Чалавецтва – на падвойнай мяжы: стагоддзяў і тысячагоддзяў. Гэтая рэальная для рамак яго жыцця мяжа заўсёды прыцягвала да сябе ўвагу паэта – чалавека касмічнага светаадчування:

Век наш! Калі ты перадасі

Колас атручаны – коласу,

Разам з рукамі – наручнікаў звон,

Маску сваёй двухаблічнасці, –

Знай, мы парушым нябожчыцкі сон,

Трун і крыжоў акалічнасці,

Выйдзем, табой затаптаныя ў пыл,

Спаленыя ў крэматорыі,

З брацкіх магіл і не брацкіх магіл –

Грукаць у дзверы гісторыі!

У асобе Аркадзя Куляшова XX стагоддзе дало беларускай культуры паэта, які, як кожны геніяльны творца, працаваў на далёкую перспектыву і таму мае шанц пераступіць мяжу свайго стагоддзя і апынуцца ў трэцім тысячагоддзі разам з нашчадкамі – аматарамі яго паэзіі.

 

Куляшова, В. З крыніц маленства: Саматэвічы — радзіма А. Куляшова /

Валянціна Куляшова // Роднае слова. — 2000. — № 8. — С. 99—103.

bottom of page